Загрузка...
eng ru by
 
беларускае мастацтва XIX ст.

Мастацтва Беларусі ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя адлюстравана ў асноўнай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і ў яго філіялах – “Музей Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХІХ стагоддзя” ў Мінску і “Музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі” ў Магілёве. Невялікі (каля 500 твораў) склад дадзенага раздзела абумоўлены тым, што ў выніку другой сусветнай вайны большасць твораў мастацкай спадчыны Беларусі, калекцыі многіх музеяў загінулі. Творы мастакоў ХІХ стагоддзя рупліва збіраліся музеем як шляхам паступлення вернутых з Германіі беларускіх даваенных збораў, так і шляхам закупак з прыватных калекцый Масквы, Пецярбурга і іншых гарадоў Расіі.

Спецыфіка фарміравання гэтай калекцыі музея ў многім абумоўлена гістарычнымі абставінамі развіцця мастацкай культуры Беларусі ў ХІХ стагоддзі.

Далучаная ў канцы XVIII стагоддзя ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай да Расійскай імперыі, Беларусь стала ўскраінай вялізнай дзяржавы, дзе прыгняталіся любыя праявы нацыянальных культурна-асветніцкіх рухаў. У 1840 годзе, як вынік паражэння вызваленчага паўстання 1831 года, было забаронена нават ужыванне назвы Беларусь. Яна стала афіцыйна іменавацца “Паўночна-Заходнім краем”.

У 1831 годзе быў закрыты Віленскі універсітэт – галоўны цэнтр мастацкай адукацыі і для Беларусі і для Літвы, была забаронена магчымасць атрымання мастацкай адукацыі за межамі Расійскай імперыі. Адзіным месцам, дзе маглі набыць прафесійную падрыхтоўку мастакі – ураджэнцы Беларусі, – сталі мастацкія ўстановы Пецярбурга і Масквы.

Менавіта з гэтых прычын спадчына мастакоў ХІХ стагоддзя – ураджэнцаў Беларусі – уключаецца ў кантэкст мастацкай гісторыі Расіі, Польшчы, Літвы, вялікія калекцыі іх твораў ёсць у зборах нацыянальных музеяў у Варшаве і Кракаве, Літоўскага мастацкага музея ў Вільнюсе, Траццякоўскай галерэі ў Маскве. Тым не менш, творы мастацтва Беларусі ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь даюць магчымасць даволі грунтоўна паказаць непарыўнасць гістарычнага развіцця мастацтва краіны, пазначыць у постаці многіх выдатных прадстаўнікоў жывапісу і графікі Беларусі дадзенага стагоддзя.

У філіяле музея “Дом Ваньковічаў” на пастаяннай выстаўцы сядзібных партрэтаў дэманструюцца дваццаць твораў, выкананых у асноўным невядомымі мастакамі ў канцы XVIII – першай палове ХІХ стагоддзя. Яны захавалі многія прыкметы традыцыйнага “сармацкага партрэта” папярэдніх стагоддзяў адлюстраванні гербаў, разгорнутых тлумачальных надпісаў. Ёсць сярод сядзібных партрэтаў творы мяжы XVIII – першай паловы ХІХ стагоддзя, аўтары якіх вядомы, гэта Канстанцін Александровіч і Юзаф Пешка, Марцін Яблонскі і Клеменс Івашкевіч.

На жаль, няма ў зборы музея твораў Валенція Ваньковіча, мастака першай паловы ХІХ стагоддзя, які нарадзіўся і значную частку свайго жыцця правёў у Мінску. У доме, дзе некалі жыў брат мастака і дзе вельмі часта бываў сам Валенцій Ваньковіч, дэманструюцца ў пастаяннай экспазіцыі творы мастакоў – сучаснікаў Валенція Ваньковіча. Ян Рустэм, які займаў пасаду кіраўніка кафедры жывапісу Віленскага універсітэта пасля яе заснавальніка Францішка Смуглевіча, прадстаўлены тут “Партрэтам Станіслава Манюшкі”. Выхаванцы гэтай кафедры, сярод якіх быў і Ваньковіч – Ян Дамель і Кануцій Русецкі, маюць у экспазіцыі таксама па адным творы.

Мастацтва Беларусі першай паловы – сярэдзіны ХІХ стагоддзя выразна характарызуюць мастакоў Беларусі, якія шмат працавалі ў Расіі – Іосіф Аляшкевіч і Сяргей Заранка. Тры партрэтныя творы Аляшкевіча і два Заранкі з’яўляюцца аздобай музейнай экспазіцыі.

Асаблівую каштоўнасць у зборы музея, прысвечаным мастацтву Беларусі XIX стагоддзя, уяўляюць дваццаць пяць жывапісных палоцен Івана Хруцкага, якія дэманструюць усе перыяды яго творчага шляху, разнастайнасць яго мастацкіх інтарэсаў: не толькі нацюрморты, якія асабліва праславілі імя мастака, але і партрэты, партрэты ў інтэр’еры, жанравыя сцэны. Большую частку свайго жыцця Іван Хруцкі правёў у сваім маёнтку Захарнічы пад Полацкам, дзе з вялікім стараннем і замілаванасцю пісаў свае знакамітыя нацюрморты з кветкамі і садавінай, партрэты сваіх дзяцей і блізкіх людзей.

Да другой паловы ХІХ стагоддзя ў гісторыі мастацтва Беларусі з нашага музейнага збору належаць імёны такіх мастакоў, як Нікадзім Сільвановіч, чыё невялікае палатно “Салдат з хлопчыкам” сугучна праграмным пошукам школы Венецыянава, Іпаліт Гараўскі, чыё палатно “Ля крыжа. Смерць паўстанца“ з’яўляецца мастакоўскім праяўленнем грамадзянскай пазіцыі, водгукам на трагічны вынік вызваленчага паўстання, Тадэвуш Гарэцкі і Апалінарый Гараўскі.

Мяжу ХІХ–ХХ стагоддзяў адлюстроваюць твор Фердынанда Рушчыца “Ля касцёла”, пейзажныя творы і нацюрморты Станіслава Жукоўскага і вытанчана-паэтычныя пейзажы Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.

Жукоўскаму ўласцівы зварот да тэмы сядзібнага інтэр’ера і сядзібнага пейзажа. У “Настурках” (1915) інтэр’ер напісаны гучным інтэнсіўным колерам. У прыгажосці камода з чырвонага дрэва, вогненных настурках, рэальных і адбітых у люстэрку, – рамантычнае ўспрыманне мастаком духу старой сядзібы.

Бялыніцкі-Біруля – майстар лірычнага пейзажа. Калекцыя яго прац у музеі вялікая (460 твораў), яна адлюстроўвае ўсе этапы творчасці пейзажыста. Улюбёны матыў яго пейзажаў – вясновае абуджэнне прыроды. Гэты сюжэт мастак вар’іраваў шматразова, прасочваючы ўсе стадыі абнаўлення прыроды вясной.

 

Падчас святкавання Дня горада Мінска Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь адкрывае свае дзверы для мінчан і гасцей сталіцы 11 і 12 верасня з 11.00 раніцы да 03.00 ночы! больш ...
3 верасня 2010 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё выстаўкі «Зямля пад белымі крыламі». больш ...
12 верасня працягнецца святкаванне Дня горада ў сядзібе Ваньковічаў. больш ...
11 верасня з 12.00 да 16.00 у рамках святкавання Дня горада ў дворыку сядзібы Ваньковічаў больш ...
Падпісацца на рассылку Карта сайта На галоўную
< || >