"В гостиной истинно дворянской..."
У шэрагу праграм цыкла музейна-педагагічных заняткаў праграма "В гостиной истинно дворянской..." з’яўляецца працягам інтэр’ернай тэмы. Строгі архітэктурны інтэр’ер рускага ампіра і камерны партрэт пачатку ХІХ ст. знаходзяць тут арганічнае адзінства. Стрыжнем дадзенай праграмы з’яўляецца прастора параднай гасцёўні ў сядзібным доме Ваньковічаў, якая арганізуе ўнутры сябе ўсё, што ў ёй знаходзіцца, прычым арганізуе паводле законаў тагачаснага жыцця.
Наведвальнікам прадстаўляецца рэдкая магчымасць адчуць прысутнасць цеплыні ў адносінах да месца пражывання, прабывання чалавека, напоўненага вытанчанасцю і паэзіяй. Уяўленні, якія існуюць разрознена, аб’ядноўваюцца ў іх у адно цэласнае. 
Такім чынам, удзельнікі музейна-педагагічнага занятку аб’яднаны не толькі агульнай дзеяй, але і агульным духам, іх збірае разам інтэр’ер гасцёўні. Паступова перад імі паўстае карціна адушаўлёнага тагачаснага быту. І, нават фіксуюцца асаблівыя хвіліны жыцця пэўнага кола людзей, як, напрыклад, з’езд роду, вырашэнне пытання аб вучобе Вітольда Ваньковіча ў Оксфардзе, вяселле ўнучкі спадара Эдварда, Юліі і інш. Яны ўсведамляюцца як выключныя, “парадныя” альбо выбраныя эпізоды з жыцця роду Ваньковічаў.
Праграма адрасавана старшакласнікам і студэнтам.