Залаты век беларускага іканапісу. XVII стагоддзе

Залаты век беларускага іканапісу.  XVII стагоддзе

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

Беларускія абразы, сакральная мастацкая спадчына XVII стагоддзя – важнага стагоддзя ў гісторыі беларускай царквы – упершыню прадстаўлены ў такім маштабным выставачным праекце.

Больш за 120 абразоў, створаных у другой палове XVI, на працягу ўсяго XVII і на мяжы XVII–XVIIІ стст., прадаставілі на выставу чатыры беларускія музеі: Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Музей старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь і Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е. Р. Раманава. Сярод гэтых твораў ёсць як вядомыя шэдэўры – гонар музейных збораў старажытнабеларускага мастацтва, так і значная колькасць абразоў, якія раней не былі вядомыя шырокаму колу гледачоў. Гэта абразы, што былі раскрыты беларускімі рэстаўратарамі на працягу апошніх гадоў, пазбаўлены шматслойных запісаў і прадстаўлены гледачам у сваім сапраўдным абліччы; абразы, рэстаўрацыя якіх яшчэ не завершана, і абразы, ад якіх захаваліся толькі рэшткі, асобныя фрагменты жывапісу, але прысутнасць іх у экспазіцыі вельмі важная для раскрыцця галоўнай канцэпцыі гэтага выставачнага праекта, а менавіта – паказу таго, як фарміраваўся і развіваўся на працягу XVII ст. новы, самабытны стыль беларускага іканапісу. 

Новая мастацкая стылістыка з’явілася ў выніку пераўтварэння поствізантыйскай мастацкай традыцыі, уласцівай творам беларускага і ўкраінскага іканапісу папярэдніх стагоддзяў. Новае, рэнесанснае, пераасэнсаванне іканапіснага канона ўзнікла ў выніку сплаўлення мясцовай іканапіснай традыцыі з фармальнымі запазычваннямі (разьбяныя фоны, накладныя дэкаратыўныя рамы, святлоценявая мадэліроўка твараў) з еўрапейскага, найперш нямецкага (гданьскага і сілезскага) алтарнага жывапісу XVII ст. 

У XVII ст. беларускія майстры-іканапісцы былі звязаны з абодвума адгалінаваннямі царквы ўсходняга абраду – праваслаўным і ўніяцкім. Як выразна паказваюць творы выставы, стылявыя адрозненні паміж праваслаўным і ўніяцкім іканапісам у Беларусі ў XVII ст. не былі істотнымі. Намаганнямі ўсіх беларускіх мастацкіх цэнтраў – гарадоў і мястэчак, манастырскіх асяродкаў і царкоўных брацтваў Брэста, Пінска, Дзісны, Друі, праваслаўных Магілёва, Слуцка і Давыд-Гарадка, а таксама беларускіх пісьменнікаў-тэолагаў і таленавітых іканапісцаў, вядомых і невядомых па імёнах, ананімных майстроў былі сфарміраваны глыбокая духоўная насычанасць і мастацкая дасканаласць беларускага абраза XVII ст. Усё гэта дае падставу ўспрымаць беларускія абразы як адно з найвялікшых дасягненняў беларускай мастацкай спадчыны, самабытны і велічны ўнёсак беларусаў у скарбонку сусветнай мастацкай культуры. XVII стагоддзе сапраўды стала “залатым векам” беларускага духоўнага ўздыму – пісьменства, друкарства, усіх відаў мастацтва і, безумоўна, іканапісу.

Стваральнікі выставы імкнуліся паказаць на ёй як мага больш шырока і паслядоўна разнастайнасць, мастацкую і вобразную дасканаласць беларускага іканапісу, максімальна наблізіць экспазіцыю да той структуры, у якой знаходзіліся вялікія храмавыя абразы ў сваёй першаснай мастацка-духоўнай, сакральнай прасторы цэркваў. Кананічная структура размяшчэння абразоў у храме, сфарміраваная ўсходнехрысціянскай царквой на працягу стагоддзяў, дасягнула ў XVII ст. свайго найвышэйшага росквіту ў структуры шмат’яруснага іканастаса, раўназначна важнага як для храмаў, што будаваліся праваслаўнымі, так і для тых цэркваў, якія прынялі ўнію. Таму на выставе шырока прадстаўлены комплексы твораў, складзеныя з паклонных і храмавых абразоў намесных ярусаў страчаных іканастасаў. 

Галоўныя з гэтых ікон намеснага чына іканастаса – абраз Хрыста, міласэрнага Вучыцеля і Збавіцеля, і абраз Маці Божай з Дзіцем. Паміж гэтымі абразамі знаходзіліся галоўныя іканастасныя дзверы – “царская брама”, што ў розных лакальных варыянтах было адлюстравана ў фарміраванні экспазіцыі. 

Адметнасці дэісусных (апостальскіх) ярусаў іканастасаў беларускіх цэркваў XVII ст. прадстаўлены на выставе шэрагам захаваных фрагментаў гэтых чыноў – выявамі басаногіх апосталаў, вучняў Хрыста, і настаўнікаў верных.

Абразы святочнага яруса, які найчасцей размяшчаўся ў беларускіх цэрквах у XVII ст. паміж намесным і апостальскім чынамі іканастаса, дэманструюць рэдкія захаваныя невялікія святочныя абразы з цэркваў Брэста, Слуцка і Магілёва. Унікальным прыкладам захаванага святочнага яруса беларускага іканастаса з’яўляецца комплекс, складзены з 24 абразоў з царквы Нараджэння Маці Божай мястэчка Шарашова, што паміж Ружанамі і Пружанамі. На выставе гэты ансамбль дэманструецца ў той паслядоўнасці размяшчэння абразоў, якая, верагодна, была ў першапачатковай структуры шарашоўскага іканастаса, да яго пераробак у XVIIІ і ХІХ стст.

Вывучэнне архіўных матэрыялаў і стылістычны аналіз помнікаў дазволіў стваральнікам выставы прапанаваць новае датаванне комплексу абразоў шарашоўскага іканастаса апошняй чвэрцю XVII – першай чвэрцю XVIIІ ст. Дзякуючы праведзеным рэстаўрацыйным работам і мастацвазнаўчым даследаванням было зменена і раней прынятае датаванне шэрага іншых твораў выставы. Плённае супрацоўніцтва чатырох беларускіх музеяў у стварэнні гэтай экспазіцыі дало магчымасць сабраць і прадэманстраваць разам творы, якія першапачаткова знаходзіліся ў адным ансамблі, адной царкве, былі выкананы адным і тым жа майстрам, але ў наступныя стагоддзі былі раскіданы па іншых месцах. 

Экспазіцыя выставы складаецца з чатырох раздзелаў. Першы, уводны, раздзел знаёміць з генезісам і эвалюцыяй стылю беларускага іканапісу XVII ст., тыпалагічнай разнастайнасцю беларускіх абразоў: намесныя абразы (паклонныя і храмавыя абразы святых і свят), кананічныя іканапісныя выявы на царскіх варотах, іконы са святочнага яруса іканастаса, іконы цокальнага яруса іканастаса – рэдкі сюжэт “Усекнавенне галавы Іаана Хрысціцеля”. Каб вызначыць тыя стылявыя змены, якія адбыліся ў беларускім іканапісе ў XVII ст., у пачатку экспазіцыі змешчаны шэраг абразоў ранейшага, XVI ст., што паходзяць з брэсцкага Палесся і Галіцыі. Унікальныя прыклады незахаванай іканапіснай спадчыны XVII ст. Паўночна-заходняй, Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі прадстаўлены абразамі, якія паступілі ў музейныя зборы з Мастоўскага раёна Гродзеншчыны, Дзісны, і Вілейшчыны. У параўнанні з размешчанымі побач з імі абразамі з Усходняга і Заходняга Палесся, з Пінска, Слуцка і Баркалабаўскага праваслаўнага манастыра на Магілёўшчыне (абраз “Нараджэнне Хрыстова”) гэтыя ўнікальныя абразы сведчаць пра шырокую рэгіянальную разнастайнасць беларускага іканапісу XVII ст., наяўнасць сярод яго помнікаў як твораў вельмі высокага мастацкага ўзроўню – абраз вялікапакутніцы Параскевы з жыційнымі клеймамі, датаваны 1642 годам, так і твораў, моцна звязаных з традыцыямі папярэдняй эпохі, – абразы Спаса і Маці Божай Адзігітрыі з Жыткавічаў (1640).

Наступны раздзел выставы (другая зала) знаёміць з найбольш значнымі і буйнымі на Беларусі цэнтрамі іканапісання – Магілёвам і Слуцкам, з помнікамі, якія паходзяць з праваслаўных цэркваў Слуцкага княства і суседніх, звязаных са Слуцкам тэрыторый, з праваслаўных палескіх храмаў. Мастацкая спадчына Слуцка вызначаецца адметнасцю іканапіснага тыпажу, дасканаласцю выканання. Самыя раннія беларускія абразы (пачатак – першая трэць XVII ст.), якія ўжо ў поўнай меры дэманструюць рысы новага рэнесанснага стылю беларускага іканапісу, былі створаны менавіта ў Слуцку: абраз “Узнясенне Гасподне” пачатку XVII стагоддзя, іконы Спаса і Маці Божай Адзігітрыі (першапачаткова знаходзіліся ў адным са слуцкіх праваслаўных храмаў), ікона вялікапакутніцы Параскевы (у пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь). Раннія творы іканапісу Магілёва не захаваліся. Магілёўскія абразы сярэдзіны – канца XVII ст. выразна дэманструюць адметны стыль магілёўскіх майстроў-іканапісцаў, іх высокае жывапіснае майстэрства. Блізкія да магілёўскага іканапісу па стылістыцы змешчаны ў гэтай жа зале абразы мсціслаўска-крычаўскага рэгіёна – самай усходняй часткі Беларусі.

У трэцяй зале паказаны абразы Брэста і суседняй з брэсцкім рэгіёнам Століншчыны – Пагарыння і Давыд-Гарадка. Тут шырока прадстаўлены творы так званага “маларыцкага майстра”. Насамрэч яго трэба называць “брэсцкім майстрам”, адным з вядучых, найбольш таленавітых і прадуктыўных мастакоў-іканапісцаў Брэста сярэдзіны XVII стагоддзя. Ён стварыў вялікую колькасць абразоў для цэркваў Брэста, для праваслаўных брэсцкіх манастыроў Нараджэння Маці Божай і Сімяона Стоўпніка, для многіх цэркваў брэсцкага Палесся і Валыні. На выставе творы гэтага майстра і блізкіх яму мастакоў утвараюць цэласную стылёвую групу з адметнай манерай жывапісу, малюнкаў разьбяных фонаў, агульнай кампазіцыйнай структурай твораў. Брэсцкі майстар выканаў унікальны помнік – ікону “Пакроў”, датаваную 1649 г., якая мае мемарыяльны характар, праслаўляе святога пакутніка беларускай праваслаўнай царквы Афанасія Брэсцкага. У гэтай жа зале змешчаны творы яшчэ аднаго таленавітага невядомага майстра. Умоўна названы даследчыкамі “рухчанскім” альбо “столінскім майстрам”, гэты мастак ствараў іконы ў 1640-я гг., працаваў на Пагарынні, Століншчыне і суседніх землях украінскага Палесся і Валыні. 

Заключны раздзел выставы прысвечаны творам беларускага іканапісу апошняй трэці XVII ст., адраджэнню і высокаму ўздыму беларускага іконапісання, перарванага страшэннымі падзеямі сярэдзіны стагоддзя – казацкімі войнамі, маскоўскім нашэсцем, шведскім “патопам”. Розныя напрамкі і розны ўзровень мастацкага майстэрства дэманструюць прадстаўленыя ў гэтым раздзеле комплексы абразоў. Майстры шарашоўскага іканастаса старанна захоўваюць у апошняй чвэрці XVII ст. традыцыю, складзеную ў другой чвэрці XVII ст. у іканапісе Рэчы Паспалітай, на беларускіх і ўкраінскіх зямлях. Прадстаўленым на выставе двум ярусам шарашоўскага іканастаса адпавядаюць створаныя гэтымі ж майстрамі шарашоўскі алтарны абраз Трох Свяціцеляў і ікона “Нараджэнне Хрыстова” з Пружан. Новы якасны ўзровень іканапіснага мастацтва ў спадчыне Пінска паказаны выдатнымі творамі майстра Георгіуса. Выкананыя ім абразы Збавіцеля і Маці Божай Адзігітрыі адзначаны ўласцівасцямі партрэтнага жывапісу, найвышэйшым жывапісным узроўнем, віртуознасцю. Постаці Хрыста і Божай Маці з Дзіцем падаюцца на яго творах “жывымі, адухоўленымі спагадай і таямнічасцю”. 

У супрацьлегласць гэтаму напрамку, дзе пераважала “партрэтная” дасканаласць вобраза, – комплекс твораў, які рэканструіруе на выставе структуру іканастаса тыповай вясковай царквы Заходняга Палесся канца XVII – пачатку XVIIІ ст., характарызуе адметнасці іканапісання давыд-гарадоцка-столінскага рэгіёна, вызначаецца спрошчанасцю, лінеарнасцю жывапісу пры адначасовай манументальнай выразнасці вобраза, узведзенага да ўзроўню сакральнага знака. 

Завяршэннем экспазіцыі з’яўляюцца пяць абразоў з іканастаса Успенскай царквы жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра. Гэтыя творы былі выкананы ў апошняй чвэрці XVII ст. невядомым высокаадукаваным віленскім ці гданьскім майстрам. У яго творчасці апірышча на іканапісныя традыцыі ўсходнехрысціянскай царквы павязана з традыцыяй касцёльнага алтарнага жывапісу, пераасэнсаваннем вопыту вроцлаўскіх майстроў, якія працавалі ў Гданьску і яго наваколлі ў першай палове XVII стагоддзя.

Абразы жыровіцкага іканастаса, выключна важныя для гісторыі беларускага мастацтва, паступілі ў збор музея дзякуючы садзейнічанню і блаславенню экзарха Беларускай Праваслаўнай Царквы, мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта (1935–2021). Светлай памяці гэтага вялікага прадстаяцеля беларускай царквы прысвечана дадзеная экспазіцыя.

Выстава падрыхтавана аддзелам старажытнабеларускага мастацтва музея, куратары – Алена Карпенка і Любоў Сысоева. 

Ідэя, навуковая і мастацкая канцэпцыі выставы – Юрый Піскун. 

Работа выставы працягнецца 
да 24 ліпеня 2022 года

  • Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні