Да 100-годдзю Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча

Да 100-годдзю Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

У 2021 годзе адзначаецца сто год з дня заснавання Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча – першага беларускага нацыянальнага музея, які сваёй асноўнай мэтай ставіў збор, захаванне і папулярызацыю найперш беларускай гісторыі, культуры і мастацтва.

Іван Луцкевіч, выбітны беларускі дзеяч першай паловы ХХ стагоддзя, перадаўшы сваю ўласную калекцыю старажытнасцяў Беларускаму навуковаму таварыству ў Вільні, тым самым паклаў пачатак стварэнню музея, які ў сваім зборы меў творы жывапісу, скульптуры, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, археалагічную, этнаграфічную і нумізматычную калекцыі, адзенне, мэблю, бібліятэку рукапісаў і старадрукаў.

За кароткі час свайго існавання, з 1921 да 1945 года, музей стаў цэнтрам беларускага культурнага жыцця Вільні і ўсёй Заходняй Беларусі, гуртаваў вакол сябе дзеячаў нацыянальнага адраджэння міжваеннага перыяду, у музеі арганізоўваліся не толькі экскурсіі, ён таксама выступаў пляцоўкай для правядзення лекцый, творчых сустрэч і адукацыйных праграм.

Трагічныя падзеі Першай сусветнай вайны, пазней і Вялікай Айчыннай прывялі да змен дзяржаўных граніц і палітычных улад, што стала прычынай ліквідацыі музея і падзелу яго калекцыі паміж Беларуссю і Літвой. Найбольшая і самая каштоўная частка музейных прадметаў засталася ў Літве, у Беларусь патрапілі нешматлікія прадметы, якія, на думку ліквідацыйнай камісіі, мелі непасрэднае дачынне да культуры і гісторыі беларускага народа.

Сёння музейныя прадметы, архіў і бібліятэка Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.

Выставачны праект мае на мэце рэпрэзентаваць (у межах сучасных беларускіх збораў) багатую і разнастайную калекцыю Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча. Экспазіцыйная прастора дае магчымасць пазнаёміцца з сакральным мастацтвам (іконы, скульптура, металічныя абразкі і крыжы), беларускім жывапісам і графікай ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, калекцыяй археалогіі, этнаграфіі, нумізматыкі, баністыкі і сфрагістыкі.

  • Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні