Філіял «Музей «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя»

Філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Музей «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХIХ стагоддзя» быў адкрыты ў 2000 годзе да 200-годдзя з дня нараджэння мастака Валенція Ваньковіча на былой Валоскай вуліцы Верхняга горада ў Мінску.
Музей «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХIХ стагоддзя»
Музей «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХIХ стагоддзя»

Тэрыторыя сучаснага комплексу пачала засяляцца яшчэ ў канцы ХVI ст., а ў другой палове XVII ст. тут быў пабудаваны каменны будынак, скляпы якога ў цяперашні час знаходзяцца пад паўночнай часткай сядзібнага дома. Для рэстаўрацыі архітэктурна-планіровачнае рашэнне выканана ў 1979–1980 гг. Спецыялізаваным навукова-рэстаўрацыйным аб’яднаннем «Белрэстаўрацыя» Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (аўтары І.Н. Дорахава і А.Я. Кандратаў), сама рэстаўрацыя здзяйснялася ў 1980–1997 гг. Спецыяльнымі навукова-рэстаўрацыйнымі вытворчымі майстэрнямі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Аўтары праекта ставілі сабе мэтай зрабіць гэту сядзібу, як і ў XIX ст., цэнтрам музычнага і культурнага жыцця, аднавіўшы флігель упраўляючага, дзе меркавалася праводзіць літаратурна-мастацкія выстаўкі і вечары камернай музыкі, а таксама зрабіць агароджу з уязной брамай. 

Флігель упраўляючага, ад якога да моманту работы над праектам заставаўся толькі стары падмурак, адноўлены ў 2008 годзе, у ім знаходзіцца офіс турыстычнай фірмы, тады ж адноўлена брама з агароджай, праведзена добраўпарадкаванне. У 2010 годзе ў двары сядзібы ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя «Раніца мастака» работы скульптара У.І. Слабодчыкава – выкананая ў бронзе фігура Валенція Ваньковіча, які з палітрай і пэндзлем выйшаў насустрач сябрам.  

У 2016 годзе завяршылася рэстаўрацыя гаспадарчага корпуса, у якім спачатку знаходзіліся стайні і карэтная (цяпер рэстаран «Грай»). Такім чынам архітэктурнае аблічча старадаўняй гарадской шляхецкай сядзібы адноўлена цалкам. План экспазіцыі задуманы і выкананы супрацоўнікамі Нацыянальнага мастацкага музея на чале з І.М. Паньшынай, у тыя гады намесніка дырэктара па навуковай рабоце. Меркавалася аднавіць некаторыя інтэр’еры, размясціць сядзібныя партрэты асобнай галерэяй і стварыць мемарыяльныя залы, прысвечаныя жыццю і творчасці мастака Валенція Ваньковіча (12.05.1800 – 12.05.1842). 

У экспазіцыі музею
У экспазіцыі музею

У мемарыяльных залах музея экспануюцца ксеракопіі архіўных дакументаў пра В. Ваньковічаў і яго род, фотаздымкі і каляровыя рэпрадукцыі партрэтаў яго пэндзля, падораныя філіялу цяперашнімі іх уладальнікамі: Нацыянальным музеем у Варшаве (праз Польскі Інстытут у Мінску), Літоўскім мастацкім музеем і Міністэрствам замежных спраў Беларусі (здымкі зроблены ў Парыжы), а таксама жывапісныя копіі (напрыклад, «Аўтапартрэт» Ваньковіча, каля 1840, польскага мастака Рышарда Прымке). Акрамя гэтага экспануюцца сапраўдныя жывапісныя творы іншых мастакоў першай паловы XIX стагоддзя, сучаснікаў Ваньковіча: партрэты «Аляксандра Манюшкі» (1816) Яна Рустэма, «Марыі Міцкевіч» (1856) Тадэвуша Гарэцкага, «Зінаіды Дзівавай» (1841) Ксаверыя Канеўскага; нацюрморты 1830-х гг. Івана Хруцкага, карціны «Вербная нядзеля» (1847) Кануція Русецкага, «Павел I вызваляе Тадэвуша Касцюшку» (1820-я) Яна Дамеля і прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (кніжная шафа, люстра і мармуровы гадзіннік ХVIII – пачатку ХIХ ст.). У дадатак да экскурсійнага рада ў 1990 г. А.М. Кашкурэвічам створаны дзве гравюры – «Наваколлі Вільні. Сніпішкі» (з хромалітаграфіі І.Ф. Хруцкага) і «Парыж. Опера» (з афорта Эрнста Лефеўра). 

У экспазіцыі музею
У экспазіцыі музею
У экспазіцыі музею
У экспазіцыі музею
У экспазіцыі музею
У экспазіцыі музею

Наступная тэматычная экскурсія праводзіцца па інтэр’ерах музея. Адноўлена першапачатковая калідорна-анфіладная сістэма будынка і інтэр’еры некаторых памяшканняў. Грунтуючыся на выяўленчым і літаратурным матэрыяле, атрымалася ўзнавіць абсталяванне кабінета і параднай гасцінай, “чайнага” пакоя. Самы вялікі пакой у сядзібе служыў параднай гасцінай. Ваньковічы і іх шматлікія сябры калекцыяніравалі творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, жывапіс еўрапейскіх і мясцовых мастакоў. Гарнітур арэхавага дрэва 1830-х гг. – утульны куток гасцінай. Люстэрка дазваляе пашырыць прастору залы. Усе рэчы ў гасцінай – творы мастацтва: наборнага дрэва камод і авальны столік, лямпа ХIХ ст., мармуровыя скульптуры: «Дантэ Аліг’еры» працы італьянскага майстра пачатку ХIХ стагоддзя і «Пацалунак Амура», вольная рэпліка французскага скульптара сярэдзіны ХIХ ст. са знакамітага твора Антоніа Кановы. Гэтая скульптурная група мае непасрэднае дачыненне да ўбрання дома Ваньковічаў, бо яна была выяўлена (1950-я гады XX стагоддзя) у зямлі на тэрыторыі сядзібы. У астатніх пакоях панскага дома, і мемарыяльных і тых, у якіх дэманструюцца сядзібныя партрэты, таксама прысутнічаюць прадметы ўбрання: сапраўдныя люстры, кандэлябры, творы з фарфору, мэбля XVIII – першай паловы XIX стагоддзя. 

У экспазіцыі музею
У экспазіцыі музею
У экспазіцыі музею
У экспазіцыі музею
У экспазіцыі музею
У экспазіцыі музею

У трох залах жылой часткі панскага дома размясцілася партрэтная галерэя, якая ўключае 20 сядзібных партрэтаў, прызначаных выключна для родных, для сваіх нашчадкаў. Прадстаўнікі розных слаёў шляхты – ад магнатаў да дробнамаянтковай, іх жонкі і дзеці назаўжды застылі на гэтых палотнах. Партрэты лагічна ўваходзяць у канцэпцыю музея і істотна дапаўняюць уяўленне пра касцюм, прычоскі, побыт канца ХVIII – першай паловы ХIХ ст. 

Валенцій Вільгельм Ваньковіч
Валенцій Вільгельм Ваньковіч

Валенцій Вільгельм Ваньковіч – адзін з нямногіх беларускіх мастакоў ХIХ ст., які не толькі пакінуў след у культуры сваёй Бацькаўшчыны, але і атрымаў вядомасць далёка за яе межамi. Ён нарадзіўся 12 мая 1800 г. у маёнтку Калюжыцы Ігуменскага павета Мінскай губерні ў сям’і спадчыннага павятовага суддзі Мельхіёра Ваньковіча і Схаластыкі Гарэцкай, сястры апальнага пасля 1830 г. паэта Антона Гарэцкага. Ваньковічы звязаны роднаснай сувяззю са шматлікімі шляхецкімі родамі Беларусі – Ордамі, Корсакамі, Малеўскімі, Міцкевічамі, Манюшкамі, Тавяньскімі. Як і шматлікія мясцовыя маладыя дваране пачатку XIX ст. Ваньковіч вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1811–1818) (з 1813 – факультэт вольных навук Полацкай Акадэміі), затым на аддзяленні літаратуры і прыгожых мастацтваў (1818–1824) Віленскага ўніверсітэта. Ваньковіч робіць копіі з карцін старых майстроў, піша партрэты блізкіх і сяброў па ўніверсітэце, пасля – вядомых паэтаў і грамадскіх дзеячаў: Т. Зана, Э. Ромера, А. Э. Адзінца, Ю. Корсака, А. Міцкевіча, Г. Кіслінга, Ф. Малеўскага, А. Тавяньскага. За выдатныя поспехі рашэннем Савета Віленскага ўніверсітэта на сродкі ўніверсітэта ён накіраваны ў Імператарскую Акадэмію мастацтваў у Пецярбургу. З 3 лютага 1825 г. Валенцій – студэнт Акадэміі мастацтваў. За малюнкі з натуры атрымлівае спачатку другую, а затым і першую сярэбраныя медалі, за конкурсную праграму «Подзвіг кіяўляніна ў 988 годзе» (1827) атрымлівае 2-і залаты медаль і права на трохгадовае пенсіянерства за мяжой. Паездка не ажыццявілася, універсітэт не змог яе прафінансаваць. 1828 год прыносіць Ваньковічу вядомасць – на выстаўцы ў Акадэміі мастацтваў ён паказвае партрэт Адама Міцкевіча («Міцкевіч на скале Аю-Даг»), які стаў пасля хрэстаматыйным, нашмат перажыўшы свайго стваральніка. У Пецярбургу Ваньковіч збліжаецца са шматлікімі рускімі і польскімі дзеячамі культуры. Піша партрэты піяністкі М. Шыманоўскай, паэтаў А. Пушкіна, П. Вяземскага, У. Жукоўскага. У лютым 1829 г. Ваньковіч вяртаецца на радзіму ў Мінск. У яго дзве майстэрні – у Малой Сляпянцы і ў Мінску, дзе ён працуе разам з сябрам Чэславам Манюшка. Піша партрэты бацькі, сястры Станіславы Гарноўскай, Дамініка Манюшкі, жонкі Анелі з дзецьмі, дзядзькі Антона Гарэцкага, слонімскага прадвадзіцеля дваранства Войцэха Пуслоўскага і членаў яго сям’і. За партрэты, «пісаныя з натуры», Акадэмія мастацтваў 21 верасня 1832 г. удастоіла яго звання «прызначанага», прапанаваўшы на званне «сапраўднага акадэміка» напісаць шматфігурную кампазіцыю з фігурамі ў поўны рост. Складаная палітычная абстаноўка пасля 1830 г. і жаданне ўбачыць сучасны стан еўрапейскага мастацтва падахвочваюць Ваньковіча ў ліпені 1839 г. пакінуць Мінск. Ён працуе і выстаўляецца ў Берліне, Дрэздэне, Мюнхене, а 15 верасня 1841 г. прыязджае ў Парыж і спыняецца ў сям’і Міцкевічаў. Ён хворы, але, нягледзячы на хваробу, працягвае працаваць. Піша палатно «Апафеоз Напалеона», абразы «Евангеліст Іаан» і «Св. Клара». Хвароба прагрэсіруе, і 12 мая 1842 г., прадыктаваўшы сябру Адаму Міцкевічу завяшчанне, ён памірае «пасля поўдня», у росквіце сіл. Мастак паспеў напісаць мноства твораў, з якіх захавалася толькі невялікая частка ў музеях і прыватных зборах Англіі, Францыі, Італіі, Польшчы, Літвы, Расіі – і ніводнага на радзіме. Пахаваны Ваньковіч 14 мая 1842 г. у Парыжы на манмартрскіх могілках Сен-Дэні.

Дваранскія сядзібы, як і магнацкія рэзідэнцыі, адыгралі вялікую ролю ў развіцці беларускай культуры ХVIII – першай паловы XIX ст. Пры слабым развіцці гарадоў, сядзібы з іх шматтысячнымі бібліятэкамі, вялізнымі архівамі, аматарскімі тэатрамі, аркестрамі, сямейнымі галерэямі, з калекцыямі мастацкіх твораў еўрапейскіх і мясцовых майстроў выконвалі функцыі культурна-асветніцкіх цэнтраў. Такіх цэнтраў на тэрыторыі Беларусі было нямала.

За бягучымі выставамі і мерапрыемствамі філіяла сачыце ў навінах на нашым сайце!

частыя пытанні

Дзе я магу прыпаркаваць аўтамабіль?

Бліжэйшыя парковачныя месцы знаходзяцца ўздоўж вул. Карла Маркса (паркоўка платная)

Ці можна знаходзіцца ў музеі ў верхнім адзенні?

Правілы наведвання музея не прадугледжваюць наведванне экспазіцыі ў верхнім адзенні. Яго неабходна пакінуць у гардэробе.

З якімі рэчамі знаходзіцца ў музейных залах нельга?

Усе сумкі, заплечнікі і пакеты памерам больш за 30х40х20 см, а таксама, парасоны неабходна здаць у гардэроб ці пакінуць у камеры захоўвання. Бутэлькі з вадой праносіць на экспазіцыю нельга, піць ваду можна ў вестыбюлі ці музейным кафэ на першым паверсе.

Ці можна наведваць экспазіцыю музея з дзіцячай каляскай?

Так, мы рады наведвальнікам узроставай катэгорыі 0+. 

Ці ёсць зніжкі на набыццё ўваходнага білета для пенсіянераў?

Ільготы (зніжка 50% на ўваходныя білеты) для людзей пенсійнага ўзросту ў музеі прадугледжаны ў першы панядзелак кожнага месяца.

Якія ўмовы створаны для наведвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі?

Для бесперашкоднага вывучэння экспазіцыі на верхніх паверхах у музеі ёсць спецыяльны пад’ёмнік. Калі ён неабходны для Вашага візіту ў музей, калі ласка, патэлефануйце адміністратару экскурсійнага бюро: +375 17 397 01 63,  +375 25 667 78 19.

У экспазіцыі новага корпуса знаходзяцца спецыяльныя карціны і скульптуры для тактыльнага вывучэння, абсталяваныя гукавым запісам з падрабязным апісаннем твораў.

Ці існуе ў музеі дзень бясплатнага наведвання?

Першы панядзелак месяца – дзень ільготнага наведвання (зніжка 50% на ўваходныя білеты).

Ці ёсць у музеі аўдыягід?

Паслуга аўдыягіда аплачваецца пры наведванні ў сувенірным кіёску музея. Аўдыягіды па пастаяннай экспазіцыі музея даступныя на беларускай, рускай, англійскай і кітайскай мовах.

Як мне трапіць на экскурсію?

У экскурсійным бюро адбываецца запіс арганізаваных груп ад пяці чалавек і індывідуальных экскурсій (груп да пяці чалавек).

Запісвацца неабходна як мінімум за тыдзень да меркаванага візіту па  тэлефонах: +375 17 397 01 63,  +375 25 667 78 19

У рамках акцый і спецыяльных мерапрыемстваў музей нярэдка наладжвае зборныя экскурсіі па ўваходным білеце ў музей.

  • Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні