Віталь Канстанцінавіч Цвірка. Да 110-годдзя з дня нараджэння

Віталь Канстанцінавіч Цвірка.  Да 110-годдзя з дня нараджэння

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Выставачны корпус

16 сакавіка 2023 года ў выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (вул. К. Маркса, 24) пачынае працу выставачны праект “Віталь Канстанцінавіч Цвірка. Да 110-годдзя з дня нараджэння”. У экспазіцыі будуць прадстаўлены творы жывапісу і графікі са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, а таксама з прыватных калекцый.

Віталь Канстанцінавіч Цвірка нарадзіўся 14 лютага (1 лютага па старым стылі) 1913 года ў вёсцы Радзеева Буда-Кашалёўскага раёна (Гомельская вобласць). Прафесійную адукацыю Віталь Канстанцінавіч Цвірка (1913–1993) атрымаў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме, потым у Маскоўскім дзяржаўным мастацкім інстытуце. Вучыўся ў такіх мэтраў, як Сяргей Герасімаў, Георгій Ражскі, Пётр Пакаржэўскі. У 1946 годзе Віталь Цвірка ўступіў у Саюз мастакоў БССР. З 1947 года пачынаецца яго выкладчыцкая дзейнасць у Мінскім мастацкім вучылішчы, потым у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (зараз – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), рэктарам якога Віталь Канстанцінавіч з’яўляўся ў 1958–1960 гадах. Многія з яго вучняў сталі вядомымі жывапісцамі, якія нясуць сваё непаўторнае слова ў мастацтве, кожны са сваім індывідуальным, вядомым почыркам: гэта Леанід Шчамялёў, Дзмітрый Алейнік, Барыс Аракчэеў, Мікалай Казакевіч, Георгій Паплаўскі, Іван Рэй і інш. 

Віталь Цвірка звяртаўся да шматлікіх жанраў: інтэр’ер, партрэт, сюжэтна-тэматычная карціна, нацюрморт, але безумоўным фаварытам у яго творчасці стаў пейзаж, дзе мастак раскрыў сябе па-сапраўднаму ярка, магутна і ўсебакова. Панарамнасць кампазіцыі, свабодная жывапісная манера пісьма, шырокі, тэмпераментны мазок, насычанасць колеравай палітры, кантрастнасць – асноўныя рысы, уласцівыя яго работам у жанры пейзажа. Мастак перадае някідкую прыгажосць беларускай прыроды, напаўняючы простыя матывы то лірыка-паэтычным гучаннем, то надзяляючы багатырскай моцай быліннага эпасу, а нярэдка і злучаючы іх – камернасць і эпічнасць – у адзіным палатне-гімне роднай зямлі.

Мастак вёў вельмі актыўную выставачную дзейнасць у Беларусі і за яе межамі. Быў удастоены ганаровых званняў “Народны мастак БССР” (1963), “Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР” (1967), узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў і медалём Францыска Скарыны.

Творы Віталя Канстанцінавіча Цвіркі захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, краязнаўчых музеях Беларусі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, прыватных калекцыях. 

 

Куратары выставы – Наталля Буракоўская, навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь; Паліна Гарашчэня, малодшы навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Выстава працягнецца да 4 чэрвеня 2023 года

  • Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні