У Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах мы прапануем наведвальнікам не толькі паглядзець калядны абрад, але і самім стаць яго ўдзельнікамі. Дапаможа нам у гэтым дзіцячы фальклорны гурт “Бараўлянская крынічка”. Як калісьці нашыя продкі на вячорках будзем танчыць традыцыйныя танцы ды гуляць у вясёлыя гульні.
Для таго, каб ад Калядаў у музеі засталіся не толькі яркія ўспаміны ды фотаздымкі, на майстар-класе па саломапляценні кожны з удзельнікаў самастойна зробіць каляднага анёла. Гэта стане цудоўным напамінам аб сустрэчы ў музеі. Анёлам можна ўпрыгожыць хатнюю навагоднюю ёлку.
Батлейка – традыцыйны беларускі народны лялечны тэатр, што расказваў гісторыю Нараджэння Хрыста і іншыя біблейскія гісторыі, звязаныя з ім. Нярэдка тэатр быў вандроўны, суправаджаўся спевамі. Гэта быў адзін з самых даступных спосабаў знаёмства з Бібліяй для простага люду. У традыцыйнай 2-павярховай батлейцы супрацоўнікі музея пакажуць спектакль “Раство”, што ў лёгкай форме распавядае біблейскую гісторыю нараджэння Ісуса Хрыста. Лялькі для спектакля створаны намаганнямі музейных мастакоў-рэстаўратараў і супрацоўнікаў.
І канешне, трапіўшы ў музей, экспазіцыя якога напоўнена скарбамі традыцыйнага мастацтва, нельга абысціся без экскурсіі. Навуковыя супрацоўнікі музея распавядуць пра тыя віды народнай творчасці, што з’яўляюцца асновай для фарміравання сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва.
У праграме:
- Знаёмства з музеем: кароткая экскурсія (20 хв.)
- Спектакль “Раство” ў традыцыйнай батлейцы (30 хв.)
- Майстар-клас па саломапляценні (45 хв.)
- Выступленне калядоўшчыкаў з майстар-класам па традыцыйных танцах і народным гульням. (45 хв.)
Кошт праграмы 24 руб. дарослыя, 18 руб. школьнікі
(Для арганізаваных груп больш за 30 чалавек: 21 руб. дарослыя, 15 руб. школьнікі)
Пряцягласць праграмы 2-2,5 гадзіны
Папярэдні запіс абавязковы па тэлефонах: +37517 5074469 і +37529 1353241 (Viber, WhatsApp)