Бібліятэчны сектар
Загадчык – Занкавец Вольга Віктараўна
Вядучы бібліятэкар – Баранава Таццяна Валянцінаўна
Тэл.: +375 (17) 327 71 67
E-mail: biblioteka@artmuseum.by
220030, г. Мінск, вул. Леніна, 22
Бібліятэка Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – структурнае падраздзяленне, якое выконвае функцыі спецыяльнай бібліятэкі: з’яўляецца навуковай базай даследчай, метадычнай і фондавай работы музея.
Асноўная задача бібліятэкі – забеспячэнне прафесійных патрэб спецыялістаў музея і іншых карыстальнікаў для навукова-даследчай, рэстаўрацыйнай, экспазіцыйна-выставачнай, адукацыйнай, асветніцкай і выдавецкай дзейнасці.
Фонд бібліятэкі налічвае 40 тысяч адзінак кніг і перыядычных выданняў. Асобна вылучаны наступныя калекцыі:
- каталогі выстаў Беларусі і іншых краін;
- каталогі персанальных выстаў мастакоў;
- калекцыя рэдкіх кніг;
- калекцыя паштовак;
- калекцыя перыядычных выданняў;
- калекцыя газетных выразак.
Камплектаванне бібліятэчнага фонду ў першую чаргу арыентавана на вывучэнне і даследаванне калекцый музея – старажытнабеларускага і сучаснага беларускага мастацтва, рускага мастацтва і мастацтва краін Заходняй Еўропы і Усходу.
Бібліятэка Нацыянальнага мастацкага музея даступная для навуковых супрацоўнікаў музеяў Беларусі, мастацтвазнаўцаў, культуролагаў, дзеячаў мастацтва, выкладчыкаў, аспірантаў і студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, якія могуць карыстацца чытальнай залай бібліятэкі з дазволу адміністрацыі музея.
Архіў
Вядучы архівіст – Радзівонава Наталля Генадзьеўна
Вядучы архівіст – Хоміч Таццяна Уладзіміраўна
Тэл.: + 375 (17) 363 61 17
Адрас: 220030, г. Мінск, вул. Леніна, 22, каб. 302
Архіў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – неад’емная частка музея, якая захоўвае яго гісторыю ў дакументах, фотаздымках, творчых матэрыялах. Па сутнасці, архіў фарміруе летапіс музея. У дакументах, якія прымаюцца архівам на пастаяннае захоўванне ад навуковых аддзелаў музея, супрацоўнікаў і прыватных асоб, адбіваюцца ўсе асноўныя вехі гісторыі музея: стварэнне, пасляваеннае адраджэнне і развіццё, сучасны стан.
Задача архіва складаецца ў тым, каб назапасіць, улічыць, папоўніць музейны фонд каштоўнымі крыніцамі культурнага і навуковага значэння, якія маглі б вычарпальна расказаць пра жыццё і дзейнасць музея і захаваць для будучага гэты гістарычны багаж.
Архіў з’явіўся ў структуры музея ў 1994 годзе. Яго стваральнікам і нязменным захавальнікам доўгі час з’яўлялася Валянціна Фёдараўна Баслык. За 25 гадоў карпатлівай працы было сабрана і апрацавана больш за 10 000 архіўных спраў, сабраны каштоўныя навуковыя картатэкі і калекцыі асабістых дакументаў вядомых беларускіх мастакоў, мастацтвазнаўцаў, навуковых супрацоўнікаў музея і яго першых дырэктараў: М. П. Міхалапа, А. В. Аладавай, Ю. А. Карачуна.
Навукова-тэхнічная апрацоўка дакументальных матэрыялаў, якія паступаюць у архіў з навуковых аддзелаў музея, ад прыватных асоб, патрабуе ўважлівага вывучэння і ўседлівасці. Сучасныя патрабаванні ў дакументазнаўстве вызначаюць неабходнасць наяўнасці спецыяльных ведаў і навыкаў работы з дакументамі, профільнай адукацыі. У сваёй працы супрацоўнікі архіва карыстаюцца нарматыўна-прававымі актамі Рэспублікі Беларусь і метадычнымі рэкамендацыямі Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
У архіве музея захоўваюцца наступныя дакументы:
- арганізацыйна-распарадчыя па асноўнай дзейнасці музея: загады, планы, справаздачы, пратаколы пасяджэнняў навуковых саветаў, матэрыялы канферэнцый, семінараў, “круглых сталоў” і інш.;
- па асабовым складзе: асабістыя справы супрацоўнікаў музея, уліковыя карткі, загады па асабовым складзе і інш.;
- негатывы і фатаграфіі, відэа- і аўдыёкасеты, слайды: калекцыі музея, справаздачы пра творчыя экспедыцыі і значныя мерапрыемствы культурнага жыцця;
- матэрыялы выстаў розных гадоў, якія сталі часткай гісторыі: каталогі, буклеты, прэс-рэлізы, эксплікацыі, афішы, водгукі наведвальнікаў і г.д.;
- асноўную частку архіўнага фонду складаюць дакументы з асабістых архіваў і калекцый вядомых мастакоў, мастацтвазнаўцаў, навуковых супрацоўнікаў і дырэктараў музея. Многія з іх прысвяцілі большую частку свайго жыцця справе вывучэння і прапагандзе мастацтва. У архіве захоўваюцца аўтарскія рукапісныя тэксты артыкулаў, даследаванняў, атрыбуцыі, з якіх пасля склаліся сур’ёзныя даследчыя работы: манаграфіі, раздзелы энцыклапедый, аўтарытэтныя атрыбуцыі і каталогі;
- навукова-даведачны апарат прадстаўлены ў выглядзе 16 картатэк па розных напрамках дзейнасці музея.
Гісторыя Нацыянальнага мастацкага музея, а разам з ёй і гісторыя архіва працягваюцца. Архіўныя дакументы запатрабаваны ў дзейнасці навуковых супрацоўнікаў музея для напісання мастацтвазнаўчых артыкулаў, даследаванняў, стварэння экспазіцый выстаў.
Матэрыяламі архіва з дазволу адміністрацыі музея могуць карыстацца таксама супрацоўнікі іншых устаноў, аспіранты, студэнты і выкладчыкі навучальных устаноў краіны, пісьменнікі, мастакі, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі.