Два стагоддзі моды ў Мастацкім

Два стагоддзі моды ў Мастацкім

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

7 сакавіка 2026 года ў 14:00 у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20; ніжнія залы) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы «Два стагоддзі моды ў Мастацкім».

Выстава «Два стагоддзі моды ў Мастацкім» з прыватнай калекцыі Таццяны Фядосавай ахоплівае амаль два стагоддзі развіцця касцюма – ад XIX да XXI – і прапануе гледачу паглядзець на гісторыю грамадства праз прызму моды. У чатырох залах экспазіцыі прадстаўлена эвалюцыя культурных і сацыяльных працэсаў з другой паловы XIX стагоддзя да нашых дзён, увасобленая ў касцюмах і аксесуарах.

Раскошныя ўборы, абутак, упрыгожанні і парфумерыя выступаюць своеасаблівымі дакументамі эпохі: яны фіксуюць трансфармацыю густаў, нормаў паводзін і каштоўнасных арыенціраў розных пакаленняў. Кожнае дзесяцігоддзе раскрываецца праз характэрныя сілуэты, матэрыялы, канструктыўныя рашэнні і дэкаратыўныя дэталі, што дазваляе прасачыць, якім чынам глабальныя гістарычныя падзеі, эканамічныя крызісы, мастацкія плыні і навукова-тэхнічны прагрэс уплывалі на эстэтыку і функцыянальнасць касцюма.

Экспазіцыя дэманструе моду не толькі як сферу мастацкай творчасці, але і як дакладны індыкатар часу, што адлюстроўвае дынаміку грамадскіх змен.

На выставе прадстаўлена мноства рэдкіх і ўнікальных экспанатаў. Самая ранняя сукенка з калекцыі Таццяны Фядосавай датуецца 1850-мі гадамі, у той час як самая позняя была створана зусім нядаўна – у майстэрнях сучасных дызайнераў. Гонарам збору калекцыянеркі з’яўляецца парадная аксамітавая сукенка 1880-х гадоў з багатым дэкорам з пацерак, а таксама футурыстычныя мадэлі мінімалістычных 1960-х гадоў. У экспазіцыі можна ўбачыць сукенку галівудскай кінадзівы Кэй Фрэнсіс 1930-х гадоў і два сцэнічныя строі шведскай джазавай спявачкі Монікі Сэтэрлунд – удзельніцы конкурсу “Еўрабачанне” 1963 года.

Экспазіцыю выставы «Два стагоддзі моды ў Мастацкім» дапаўняюць творы скульптуры, прадметы мэблі і жывапісныя работы – пераважна партрэты – са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка. Гэтыя творы раскрываюць касцюм у яго натуральным культурным кантэксце – як выразны атрыбут часу, індыкатар сацыяльнага статусу і ўвасабленне эстэтычнага ідэалу, зафіксаванага мастакамі розных эпох. 

У залах экспазіцыі дэманструюцца як творы айчынных майстроў, так і работы прадстаўнікоў еўрапейскай і расійскай мастацкіх школ XVIII–XXI стагоддзяў. Творы Сяргея Заранкі, Мікалая Багданава-Бельскага, Аляксея Тыранава, майстроў еўрапейскай школы XVIII–XIX стагоддзяў разам з карцінамі беларускіх мастакоў – Зоі Літвінавай, Мікалая Бушчыка, Аляксандра Кішчанкі і іншых аўтараў – спрыяюць фарміраванню цэласнага мастацкага кантэксту эпох, адлюстраваных у касцюме, дазваляючы ўспрымаць яго як культурны знак часу, сведчанне сацыяльнага статусу і мастацкае ўвасабленне ідэалаў свайго стагоддзя.

Выстава «Два стагоддзі моды ў Мастацкім» будзе экспанавацца з 7 сакавіка па 31 ліпеня 2026 года ў галоўным корпусе музея (вул. Леніна, 20; ніжнія залы).

Набыць квіток
іншыя выставы
Крыху пяшчоты
Крыху пяшчоты

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Кветкі для паненкі. Шоўкавы дзённік
Кветкі для паненкі. Шоўкавы дзённік

Музей Дом Ваньковічаў

Зміцер Сурыновіч. Акварэль. Выбранае
Зміцер Сурыновіч. Акварэль. Выбранае

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Часовая мінералагічная петраграфічная экспазіцыя з фондаў ГА “БелГТ” пад назвай “Халодны камень, ёсць у цябе душа!..”
Часовая мінералагічная петраграфічная экспазіцыя з фондаў ГА “БелГТ” пад назвай “Халодны камень, ёсць у цябе душа!..”

Музей Дом Ваньковічаў