Дом належаў багатай сям’і магілёўскіх купцоў Аношкаў і як адзін з лепшых у горадзе быў прадстаўлены губернскімі ўладамі для пражывання аўстрыйскаму імператару Іосіфу ІІ, што прыбыў у Магілёў для сустрэчы з расійскай імператрыцай Кацярынай ІІ у маі 1780 г. З 1815 да 1917 года ў будынку размяшчаўся Магілёўскі дваранскі сход. З архіўных дакументаў вядома, што прадстаўнікі роду Бялыніцкіх-Біруляў звярталіся ў Сход для пацвярджэння свайго шляхецтва. Сярод іх згадваецца і Каятан Вітавіч, дзед мастака. Такім чынам, будынак мае дачыненне да старадаўняга шляхецкага роду Быляніцкіх-Біруляў, вядомага з канца XVI ст.
Рашэнне аб адкрыцці ў Магілёве філіяла Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, прысвечанага найбуйнейшаму пейзажысту ХХ стагоддзя, ураджэнцу Магілёўскай губерніі Вітольду Каятанавічу Бялыніцкаму-Бірулю (1872–1957), было прынята ў 1977 г. Паколькі дом у маёнтку Крынкі каля Бялыніч, дзе нарадзіўся мастак, не захаваўся, для размяшчэння музея быў абраны двухпавярховы асабняк – помнік архітэктуры канца XVII ст. У 1977–1979 гг. адбывалася рэканструкцыя будынка, у ходзе якой быў надбудаваны 3-ці паверх. Па загаду Міністэрства культуры БССР ад 15 сакавіка 1979 г., у сувязі з завяршэннем рэстаўрацыйных работ, пачалася праца па камплектаванні штата, добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі і стварэнне экспазіцыі музея. Мемарыяльны музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі як філіял Дзяржаўнага мастацкага музея БССР быў адкрыты 24 снежня 1982 г. На час адкрыцця філіяла мастацкі музей меў у сваіх фондах амаль пяцьсот жывапісных твораў В.К. Бялыніцкага-Бірулі, сабраных дырэктарам Дзяржаўнай мастацкай галерэі, заслужаным дзеячам мастацтваў БССР А.В. Аладавай. Для экспазіцыі магілёўскага музея В.К. Бялыніцкага-Бірулі былі адабраны ўнікальныя экспанаты: прадметы пластыкі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, мэбля, асабістыя рэчы, перададзеныя ўдавой мастака Аленай Аляксееўнай. Аднак за 30-гадовы перыяд існавання маральна і фізічна састарэла музейная экспазіцыя, прыйшлі ў непрыдатны стан шматлікія камунікацыі будынка. У 2013 г. будынак быў зачынены на капітальны рамонт. Адкрыццё новай экспазіцыі музея В.К. Бялыніцкага-Бірулі пасля рэстаўрацыі адбылося 1 верасня 2018 г. Дзякуючы праведзенаму капітальнаму рамонту музей набыў сучасны дызайн, залы былі абсталяваны новай мэбляй, мультымедыйным абсталяваннем, сістэмай клімат-кантролю і пылавыдалення.
Пастаянная экспазіцыя музея “Мастацтва В.К. Бялыніцкага-Бірулі першай паловы ХХ стагоддзя”, якая размясцілася ў 4-х залах другога паверха, павінна даць уяўленне пра жыццё і творчасць мастака. Яе музейная прастора фарміруе ў гледача разуменне характэрных асаблівасцяў мастацкага почырку мастака, дае ўяўленне аб асноўных этапах яго жыцця, якія прыйшліся на дзве эпохі – час існавання Расійскай імперыі і СССР. У экспазіцыі прадстаўлены жывапісныя творы В.К. Бялыніцкага-Бірулі – вялікія палотны і эцюды; асабістыя рэчы мастака, што знаходзіліся раней на яго дачы “Чайка” ў Цвярской губерні і ў маскоўскім доме, – дакументы, узнагароды, творы пластыкі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Больш за сорак карцін і эцюдаў, размешчаных у светлых прасторных залах, знаёмяць з творчасцю выбітнага жывапісца, выдатнага майстра лірычнага пейзажу. Вытокі таленту Бялыніцкага-Бірулі ляжаць, безумоўна, у роднай Беларусі, яе прыродзе, някідкая прыгажосць якой, немудрагелістасць матываў, мяккія спакойныя фарбы назаўсёды ўвайшлі ў душу мастака і вызначылі своеасаблівасць яго мастацтва, увесь эмацыянальны лад яго твораў. Пэндзлю Бялыніцкага-Бірулі належаць па-майстэрску напісаныя краявіды зімы, лета, залатой восені. Але больш за ўсё яго хвалявала веснавая прырода, яе абуджэнне ад зімовай спячкі, першая зеляніна і буйны росквіт. Звяртаючыся да пэўнага пейзажнага сюжэта, майстар імкнуўся перш за ўсё перадаць стан прыроды, які залежыць ад пары года, часу сутак, сонечнага святла, перадаць тыя эмоцыі, што адчувае чалавек, маючы зносіны з прыродай. У 1912 г. Вітольд Каятанавіч набыў участак зямлі ў Цвярской губерні на беразе возера Удомля і пабудаваў дом з майстэрняй. Сваю невялікую сядзібу ён назваў “Чайка”. З “Чайкай” звязана вялікая частка творчага і асабістага жыцця майстра. Менавіта тут былі створаныя шматлікія палотны жывапісца, у тым ліку і яго вядомая карціна “Час цішыні. Возера Удомля” (1911), змешчаная ў экспазіцыі. Значная частка экспазіцыі прадстаўлена творамі савецкага часу. У 1920-я і 30-я гады, захоплены тым новым, што адбываецца вакол, Бялыніцкі-Біруля шмат ездзіць па краіне. Тройчы – у 1933, 1935 і 1937 гг. – ён пабываў у Запаляр’і. Аб гэтых паездках сведчаць карціны экспазіцыі. Нягледзячы на тэматычную аснову гэтых твораў, у іх пераважае лірыка-паэтычны пачатак, што ідзе ад таленту мастака, яго светаўспрымання. У экспазіцыі знаходзяцца палотны “Пачатак вясны” (1910), “Блакітнай вясной” (1942), “Прыйшла вясна” (1951), эцюды з выявай помнікаў рускага драўлянага дойлідства – “Дзевяцігаловая драўляная царква”, “Вёска Зачацце” (усе – 1944). У іх – прыгажосць роднай зямлі і пакланенне культурнай спадчыне народа. Менавіта так у гады Вялікай Айчыннай вайны мастак-грамадзянін выказаў сваю адданасць Радзіме, бязмежную любоў да яе. В. К. Бялыніцкі-Біруля – адзін са стваральнікаў жанру мемарыяльнага пейзажа. У яго працах – выявы памятных месцаў, звязаных з жыццём вядомых дзеячаў рускай гісторыі і культуры Л.М. Талстога, А.С. Пушкіна, П.І. Чайкоўскага і інш. У музеі гэты бок творчасці мастака прадстаўлены эцюдамі “Міхайлаўскае. Домік няні А.С. Пушкіна Арыны Радзівонаўны”, “Святагорскі манастыр. Магіла А.С. Пушкіна”, “Трыгорскае. Бяроза ля ракі Сораць” (усе – 1936), “Клін. Сад П.І. Чайкоўскага. Пасля вясновага дажджу”, “Клін. Дом П.І. Чайкоўскага” (усе – 1942). Паэтычнасць і лірызм карцін, музычнасць іх жывапіснага рашэння сугучныя адухоўленай паэзіі Пушкіна і музыцы Чайкоўскага. 1947 год быў асабліва значным у творчай біяграфіі В.К. Бялыніцкага-Бірулі: яму прысвоілі званне народнага мастака РСФСР (званне народнага мастака БССР ён атрымаў пасля 1944 г.), яго абралі сапраўдным членам Акадэміі мастацтваў СССР. Важнай падзеяй года быў прыезд Вітольда Каятанавіча ў Беларусь упершыню за шмат гадоў. З мая і да сярэдзіны чэрвеня мастак жыў і працаваў на Белай дачы ў наваколлі Мінска. Тут ён напісаў некалькі дзясяткаў эцюдаў, што сталі асновай цыкла карцін, прысвечаных Беларусі, сярод іх – “Беларусь. Пачатак лета”, “Беларусь. Зялёны май”, эмацыянальны змест якіх падпарадкаваны галоўнай думцы аўтара: жыццё святкуе, яно перамагло смерць, разбурэнні. Мемарыяльная экспазіцыя мастака В.К. Бялыніцкага-Бірулі размешчана ў залах другога паверха. У выставачных залах першага і трэцяга паверхаў знаходзяцца часовыя экспазіцыі, праходзяць лекцыі, творчыя сустрэчы і майстар-класы.
Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі займае асаблівае месца ў культурнай прасторы Магілёва. На новым этапе свайго жыцця, які пачаўся пасля рэканструкцыі ў 2018 г., ён паспеў стаць значным выставачным і культурным цэнтрам рэгіёна. Музей з’яўляецца сучаснай мастацкай галерэяй, якая адпавядае ўсім патрабаванням сусветных стандартаў для размяшчэння выставачных праектаў самага высокага ўзроўню. Музейная пляцоўка – месца, дзе праводзяцца розныя мерапрыемствы: канцэрты класічнай музыкі, танцавальныя вечары, кінасеансы шэдэўраў сусветнага кіно і на г. д. Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве шукае і знаходзіць новыя варыянты свайго развіцця і ўдасканалення, пазіцыяніруючы сябе як культурны і адукацыйны цэнтр з інтэрактыўным асяроддзем, што фарміруе эстэтычную годнасць і добры густ.