Сучаснасць і гісторыя

У цэнтры Мінска, на вуліцы Леніна, 20, знаходзіцца Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь (Дзяржаўная карцінная галерэя БССР з 1939 да 1957 года, Дзяржаўны мастацкі музей БССР з 1957 па 1993 год) – найбуйнейшы ў краіне збор беларускага і замежнага мастацтва. У экспазіцыі, філіялах і фондасховішчах знаходзіцца больш за трыццаць тысяч твораў, якія фарміруюць амаль трыццаць разнастайных калекцый і складаюць два галоўныя музейныя зборы: збор нацыянальнага мастацтва і збор помнікаў мастацтва краін і народаў свету.

1939

Заснаванне

Афіцыйная гісторыя музея бярэ пачатак 24 студзеня 1939 г. – згодна з Пастановай урада Савета Народных Камісараў БССР у Мінску стваралася Дзяржаўная карцінная галерэя Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (ДКГ БССР). Яна размясцілася ў пятнаццаці залах будынка Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы – былая дарэвалюцыйная пабудова мінскай жаночай гімназіі па вул. К. Маркса, 29 (у цяперашні час на будынку змешчана памятная дошка). Акрамя аддзелаў жывапісу, скульптуры і графікі, у Галерэі спецыяльнай пастановай быў арганізаваны аддзел мастацкай прамысловасці.

вул. К. Маркса 29, дзе з 1939 па 1941 гг. размяшчалася ДКГ БССР
вул. К. Маркса 29, дзе з 1939 па 1941 гг. размяшчалася ДКГ БССР

Даваенны перыяд працы Галерэі пад кіраўніцтвам Мікалая Пракопавіча Міхалапа (1886–1979), вядомага беларускага мастака-кераміста – час інтэнсіўнага фарміравання мастацкіх калекцый. За такі кароткі тэрмін супрацоўнікі паспелі шмат зрабіць па зборы экспанатаў: былі вывезены і ўзяты на ўлік самыя каштоўныя творы культавага мастацтва ў цэрквах і касцёлах, сабраны вялікія фонды жывапісу, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Мікалай Пракопавіч Міхалап
Мікалай Пракопавіч Міхалап
Дырэктар Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР (1939–1941)

Дзякуючы намаганням дырэктара і рабоце нешматлікіх суцпрацоўнікаў напярэдадні вайны фонды Галерэі налічвалі 2711 твораў, з якіх 400 знаходзіліся ў экспазіцыі пятнаццаці залаў. 

Асновай мастацкай калекцыі Галерэі склалі творы з аддзелаў выяўленчага мастацтва гістарычных музеяў Мінска, Віцебска, Магілёва і Гомеля. Некалькі работ са сваіх фондаў падаравалі Траццякоўская галерэя і Рускі музей, Музей выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна і Дзяржаўны Эрмітаж. У калекцыю новай галерэі ўвайшлі і творы вядомых рускіх савецкіх мастакоў.

Пасля ўз’яднання ў верасні 1939 г. заходнебеларускіх зямель з БССР у Карцінную галерэю паступілі творы з нацыяналізаваных сядзіб і замкаў Заходняй Беларусі, у тым ліку і частка калекцыі палаца князёў Радзівілаў у Нясвіжы. Такім чынам калекцыя папоўнілася багатым зборам слуцкіх паясоў, французскіх габеленаў XVIII ст., партрэтнага жывапісу XVI–XIХ стст.

1941–1944

Падзеі, якія адбываліся ў Мінску ў 1941 г. у Карціннай галерэі, сведчаць аб тым, што гэты збор цікавіў немцаў і прылічваўся да шэрага вялікіх і каштоўных.

У гады акупацыі

У пачатку 1941 г. фонды ДКГ БССР налічвалі ўжо 2711 твораў, з якіх 400 знаходзіліся ў экспазіцыі. Наперадзе была доўгая праца па апісанні і вывучэнні кожнага помніка, стварэнні каталога музейнай калекцыі.

Аднак багатаму збору мастацкай галерэі ў Мінску не наканавана было доўгае жыццё. У першыя дні вайны лёс усяго збору склаўся трагічна. За кароткі прамежак часу ён знікне бясследна. Калекцыю рыхтавалі да эвакуацыі, але не здолелі выратаваць – не вывезлі. У поўным складзе і ў поўнай захаванасці мастацкі збор у Мінску паўстаў перад заваёўнікамі.

Вядома, што напярэдадні шырокамаштабных ваенных дзеянняў у Еўропе нацысцкі ўрад склаў спецыяльную праграму па канфіскацыі культурных і мастацкіх каштоўнасцей у заваяваных краінах. У адпаведнасці з гэтай праграмай ствараюцца розныя грамадствы і арганізацыі, па заданні якіх спецыялісты высокага рангу выязджаюць у розныя краіны як турысты і даследчыкі для складання спісаў найбольш каштоўных калекцый і прадметаў, якія падлягаюць канфіскацыі. Улікам каштоўнасцей на ўсходніх тэрыторыях займалася генеральнае пасрэдніцтва “Усход”, яно ж здзяйсняла загады аб канфіскацыях.

 

Падзеі, якія адбываліся ў Мінску ў 1941 г. у мастацкай галерэі, сведчаць аб тым, што гэты збор цікавіў немцаў і прылічваўся да шэрага вялікіх і каштоўных.

Першыя нямецкія часці толькі злёгку пагаспадарылі ў галерэі. Затым у Мінску з’явіліся дзве важныя асобы – Г. Пасэ і К. Мюльман. Першы з іх – дырэктар Дрэздэнскай галерэі і асобы ўпаўнаважаны па стварэнні асабістага музея Гітлера на яго радзіме, у Лінцы. К. Мюльман – асоба ўпаўнаважаны па ўліку культурных і мастацкіх каштоўнасцей на ўсходніх тэрыторыях. Былі ў горадзе і прадстаўнікі таварыства “Спадчына”, якое ўзначальваў Гімлер. Жадаючых прысвоіць мінскія калекцыі было вельмі многа, і паміж імі існавала саперніцтва. Лепшыя прадметы прыкладнога мастацтва і палотны, як сведчаць дакументы, былі канфіскаваныя Г. Пасэ, каштоўныя калекцыі адпраўлены ў рэйх і ў Кёнігсберг. Да верасня 1941 г. збор мастацкай галерэі быў практычна страчаны. У гэты час гаўляйтэр Вайсрутэніі (так звалася Беларусь) В. Кубэ скардзіўся А. Розенбергу, што Мінск пазбавіўся мільённых каштоўнасцей, бо “каштоўныя палотны, мэбля XVIII–XIX стст., вазы, вырабы з мармуру, гадзіннікі і г. д. СС аддаў на разрабаванне вермахту”. Шмат чаго было вывезена ў невядомым напрамку, сёе-тое засталося ў нямецкіх арганізацыях у Мінску: установах, афіцэрскіх клубах, казіно і г. д. 

Збор Дзяржаўнай карціннай галерэі перастаў існаваць, і яго страту можна назваць незаменнай. Лёс значнай часткі даваеннага збору ДКГ дагэтуль невядомы. Пошук яго абцяжараны адсутнасцю інвентару – каталога даваенных экспанатаў музея. У “Вопісе музейных каштоўнасцей, вывезеных гітлераўцамі ў Германію і ў краіны яе саўдзельнікаў і знішчаных у выніку разбойніцкіх дзеянняў” 1944 года, складзенай музейнымі супрацоўнікамі па актах перадач і некалькіх каталогах даваенных выставак, значацца 223 творы рускага жывапісу, 32 – заходнееўрапейскага, мэбля з “Сіняй спальні” Аляксандра II у Зімовым палацы, 60 абразоў XVI–XVIII стагоддзяў, 89 твораў скульптуры, 48 слуцкіх паясоў, 480 прадметаў рускага фарфору, 800 – заходнееўрапейскага, 30 прадметаў старажытнага ўрэчскага шкла, 200 “посцілак” ручной працы беларускіх ткачых, сотні твораў беларускіх мастакоў канца XIX – першай трэці XX стагоддзя.

Пасля вайны была вернута толькі невялікая частка твораў (каля 500 экспанатаў), якія знаходзіліся напярэдадні вайны на выставах у РСФСР (напрыклад, бюст князя П. А. Румянцава-Задунайскага працы Ф. Шубіна), або знойдзеных савецкімі салдатамі ў канцы вайны ў г. Кёнігсбергу і іншых гарадах Усходняй Прусіі (калекцыя партрэтаў з Нясвіжа) і спустошаным Мінску (“Шахцёр з лямпачкай” М. Касаткіна, “Восень” І. Левітана, “Раніца вясны” У. Кудрэвіча апынуліся кінутымі фашыстамі ў недабудаваным будынку ЦК КПБ). Штосьці фашысты проста не асілілі вывезці з-за вялікай вагі. Так, ацалелі тры вялікія драўляныя скульптуры Аляксандра Грубэ і выкананы з мармуру “Меркурый” Дж. дэль Нера – вольная копія з твора дацкага майстара Торвальдсена.

1944

Аднаўленне

Другі этап гісторыі музея звязаны з 33-гадовай падзвіжніцкай дзейнасцю заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, дырэктара Галерэі з 1944 г. Алены Васільеўны Аладавай (1907–1986), якая была супрацоўніцай даваеннай Карціннай галереэі.

Алена Васілеўна Аладава
Алена Васілеўна Аладава
Дырэктар Дзяржаўнай карціннай галерэі (1944–1977)

Яна ўспрымала ўзнаўленне збору справай свайго жыцця і аддавала ўсе сілы на аднаўленне згубленай калекцыі.

Нягледзячы на тое, што даваенны будынак Галерэі ацалеў, пасля вызвалення Мінска ўстанову размясцілі ў васьмі часовых памяшканнях Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды, 23. Дзякуючы энергіі і запалу нешматлікіх першых супрацоўнікаў, якія самазабыўна працавалі, музей літаральна “паўстаў з попелу”. Па-першае, ізноў дапамаглі музеі Расіі: Дзяржаўны музей імя А.С. Пушкіна перадаў некалькі карцін заходнееўрапейскіх майстроў, Дзяржаўны Рускі музей – тры пейзажы А. Куінджы, збор тыражнай рускай графікі з дуплетнага фонду, пейзаж А. Багалюбава і парадны партрэт імператрыцы Кацярыны II з былога збору Смольнага інстытута высакородных дзяўчат. 

Па-другое, нягледзячы на пасляваенную разруху, урад рэспублікі вылучаў немалыя сродкі на куплю твораў для Галерэі. Карыстаючыся парадамі мастацтвазнаўцаў І. Грабара і А. Фёдарава-Давыдава, вядомых мастакоў А. і П. Корыных, У. Фаворскага, П. Канчалоўскага, А. В. Аладавай удалося набыць творы рускага мастацтва высокага класа з прыватных збораў спявачкі Лідзіі Русланавай (43 работы), балерыны Кацярыны Гельцэр, акцёра Івана Масквіна, мастака-рэстаўратара Івана Крайтара, многіх вядомых калекцыянераў Масквы і Ленінграда. У выніку атрымалася, што калекцыя рускага мастацтва (больш за 5 тысяч экспанатаў) па паўнаце і цэласнасці магла сапернічаць са шматлікімі расійскімі музеямі.

Акрамя папаўнення калекцыі рускага мастацтва, пры А. В. Аладавай і дзякуючы яе намаганням музей актыўна набываў творы вядомых беларускіх мастакоў – А. Бембеля, З. Азгура, Я. Зайцава, майстроў малодшага пакалення – М. Данцыга, Л. Шчамялёва, М. Савіцкага, І. Басава. З прыватных збораў у музей патрапілі творы мастакоў XIX – пачатку XX стагоддзя – С. Заранкі, Н. Сілівановіча, А. Гараўскага, І. Хруцкага, Ф. Рушчыца, С. Жукоўскага, В. Бялыніцкага-Бірулі.

У сваю чаргу збор рухомых помнікаў старажытнабеларускага і народнага мастацтва для фарміравання калекцыі беларускага мастацтва ХІІ–ХVІІІ стст. пачаўся у 1946 г. шляхам навуковых экспедыцый. Папоўнілі музейную калекцыю і знойдзеныя на былым Архірэйскім падворку ў Мінску, дзе да вайны размяшчаўся Беларускі дзяржаўны музей, цудам ацалелыя абразы – у тым ліку і шэдэўры беларускага іканапісу “Нараджэнне Маці Божай” Пятра Еўсяевіча з Галынца 1649 г., “Параскева” і “Узнясенне” XVI стагоддзя. 

 

пл. Свабоды, 23, дзе з 1944 па 1956 гг. размяшчалася ДКГ БССР
пл. Свабоды, 23, дзе з 1944 па 1956 гг. размяшчалася ДКГ БССР

У 1945 годзе была арганізавана навуковая бібліятэка па мастацтву, у якой збіраліся ўсе каталогі мінулых і сучасных беларускіх выставак. Папаўненне калекцыі ішло няспынна і плённа. Калі ў 1946 годзе колькасць музейнага фонду склала 317 твораў, то ўжо напрыканцы 1940-х гадоў калекцыя налічвала звыш 1 500 музейных прадметаў. У лістападзе 1947 года адкрылася пастаянная экспазіцыя, якая месцілася ў пяці залах другога паверха Дома прафсаюзаў. Пад сховішча адводзіліся пакоі на трэцім паверсе. Прадстаўленых пасля вайны плошчаў хутка стала недастаткова, Галерэя востра адчувала патрэбу ў пашырэнні прасторы. 

У горадзе, які яшчэ быў у руінах, А. В. Аладава дабілася дазволу на будаўніцтва асобнага будынка для Галерэі. 

Праектаванне новага збудавання было даручана маладому архітэктару, франтавіку Міхаілу Іванавічу Бакланаву (1914–1990).

Пра першапачатковую ідэю архітэктара можна меркаваць па акварэльным эскізе 1949 года, які захаваўся. Бакланаў вырашыў праект у традыцыях рускага ампіру – характэрнай тэндэнцыі “трыумфальнай” архітэктуры канца 1940 – пачатку 1950-х гг. Двухпавярховы асабняк з шэрагам паўцыркульных вокнаў і порцікам з лёгкімі каланадамі планавалася размясціць на ўзвышшы, на рагу вуліц Леніна і Кірава, фасадам на Ульянаўскую. Да яго праз ступеньчатыя тэрасы зялёных газонаў вяла шырокая лесвіца. Будучы музей, па задуме архітэктара, павінен быў мець урачысты святочны выгляд.

Аднак месца будаўніцтва музея перанеслі на невялікі ўчастак на вул. Леніна з ужо сфарміраванай забудовай. Ад ідэі “палаца-храма мастацтваў” прыйшлося адмовіцца на карысць больш строгага і манументальнага рашэння з масіўным фасадам, упрыгожаным скульптурнымі рэльефамі і алегорыямі “Жывапісу” (аўтары – браты Марк і Лейба Раберманы) і “Скульптуры” (аўтары – Сяргей Адашкевіч і Павел Белавус). Франтон вянчае скульптура Андрэя Бембеля “Слава”. За суровым рэпрэзентатыўным фасадам адкрываецца ўрачыстая каланада параднага вестыбюля.

Будаўніцтва будынка па вул. Леніна, 20. 1955 г.
Будаўніцтва будынка па вул. Леніна, 20. 1955 г.

Уваходзін прыйшлося чакаць восем гадоў. Будаўніцтва Карціннай галерэі з дзесяццю прасторнымі заламі, размешчанымі на двух паверхах, і ўмяшчальнай галерэяй было завершана ў 1957 годзе. Будынак М. Бакланава стаў адным з першых музейных будынкаў у гісторыі савецкай архітэктуры. 

Будаўніцтва па вул. Леніна, 20. 1956 г.
Будаўніцтва па вул. Леніна, 20. 1956 г.
1957

У новым будынку

Пастановай Савета Міністраў БССР №423 ад 10 ліпеня 1957 года Дзяржаўная карцінная галерэя БССР была перайменавана ў Дзяржаўны мастацкі музей БССР, а ўрачыстае адкрыццё новага музейнага будынка адбылося 5 лістапада 1957 г. Калекцыя музея ў тыя гады ўжо дасягнула даваеннай колькасці і налічвала каля трох тысяч твораў рускага, савецкага і беларускага мастацтва.

Вестыбюль музея. 1957 г.
Вестыбюль музея. 1957 г.

Наяўнасць паўнавартаснага спецыялізаванага будынка ў 1960-я гады адкрыла перад музеем новыя перспектывы: павялічыліся плошчы пастаяннай экспазіцыі, з’явілася магчымасць прынімаць выставы высокага класа з саюзных дзяржаў і краін сацыялістычнага лагера. І гэтыя гады сталі выбуховымі ў культурным жыцці Мінска і Беларусі ў цэлым. Дзяржаўны мастацкі музей наведалі творы Яна Матэйкі з музеяў Польшчы, прыкладное мастацтва Кітая XVII–XIX стст. з Дзяржаўнага Эрмітажа, творы рускага мастацтва XVIII–XX стст. з Траццякоўскай галерэі, творы мастацтва Галандыі і Фландрыі XVII ст., творы французскага мастацтва XVII–XIX стст. з Эрмітажа і Дзяржаўнага музея выяўленчых мастацтваў імя А.С. Пушкіна.

60-я гады ў гісторыі музея вызначаюцца не толькі прывазнымі выставамі, але і дарамі вядомых гасцей. У Беларусь з Францыі прыязджае ўраджэнка Віцебшчыны, жонка вядомага мастака Фернана Лежэ мастачка Надзея Хадасевіч-Лежэ. Наведванне Дзяржаўнага мастацкага музея насіла не толькі характар візіту ветлівасці. Вядомая беларуска прыехала з падарункамі – унікальнымі рэпрадукцыямі карцін заходнееўрапейскіх жывапісцаў, злепкамі скульптур з Луўра, арыгінальнай керамікай Пікаса і ўласнымі супрэматычнымі кампазіцыямі. Апошнія патрапілі ў музей толькі ў 1980-я гады, яны доўга захоўваліся дома ў Алены Аладавай, бо для Савецкай Беларусі гэта было занадта авангарднае мастацтва і дырэктара маглі абвінаваціць у патуранні фармалізму.

У экспазіцыі музея. 1957 г.
У экспазіцыі музея. 1957 г.
1970

Росквіт музея

1970-я – пачатак 1980-х гадоў – пік выставачнай дзейнасці музея. Калекцыя беларускага сучаснага жывапісу і графікі з фондаў Дзяржаўнага мастацкага музея падарожнічае па краінах сацыялістычнай садружнасці. Мінчане, у сваю чаргу, знаёмяцца з сусветнымі шэдэўрамі на выставах заходнееўрапейскага мастацтва са збору А. Хамера (1973), з музеяў Польшчы (1974), скарбамі Дрэздэнскай галерэі, творамі М. К. Рэрыха (1975), амерыканскім жывапісам з музеяў ЗША (1976) і з Метраполітэн-музея (1978), польскім партрэтам XVI–XVIII стагоддзяў з польскіх збораў, выставай аўтапартрэта ў рускім і савецкім мастацтве, заходнееўрапейскім жывапісам з Нацыянальнай галерэі Прагі (1979), ліёнскімі тканінамі з музеяў Францыі (1981).

З 1977 па 1997 год, пасля сыходу на пенсію А. В. Аладавай, на чале музея быў мастак-графік, заслужаны дзеяч мастацтваў Юрый Аляксандравіч Карачун (1931–1997). Як старшыня беларускага аддзела міжнароднай асацыяцыі музеяў ICOM ён прыклаў шмат намаганняў у справе аховы помнікаў беларускай гістарычнай спадчыны, планамернай рэстаўрацыі Мірскага замка і набыцця ім статусу філіяла музея.

Юрый Аляксандравіч Карачун
Юрый Аляксандравіч Карачун
Дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея БССР (1977 –1997)

Ён прыклаў шмат намаганняў у справе аховы помнікаў беларускай гістарычнай спадчыны, планамернай рэстаўрацыі Мірскага замка і набыцця ім статусу філіяла музея.

У наступныя два дзесяцігоддзі музей ператвараецца ў буйны музейны комплекс з некалькімі філіяламі: Мазырскай раённай карціннай галерэяй у вёсцы Гурыны (1978), Музеем народнага мастацтва ў Раўбічах (1979), Музеем В. К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве (1982), сядзібным домам XIX ст. у Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе (1986), архітэктурным комплексам Гальшанскага францысканскага кляштара XVI–XVIII стагоддзяў (1989), Замкавым комплексам “Мір” XVI–XX (1992). 

Калекцыя музея расла: за дваццаць гадоў (1970–1990) яна папоўнілася амаль на дзесяць тысяч экспанатаў. Музейным прадметам ужо цесна ў старым бакланаўскім будынку. Экспазіцыйныя залы першага паверха даводзілася прыстасоўваць пад сховішчы, ахвяруючы экспазіцыяй сучаснага беларускага мастацтва. З-за недахопу экспазіцыйных плошчаў музей змушаны паказваць толькі малую частку сваёй калекцыі.

З 1985 г. вялося праектаванне, а ў 1993 годзе пачалося будаўніцтва новага корпуса музея – прыбудовы да асноўнага будынка (архітэктар В.С. Бялянкін). У 1989 годзе музею быў перададзены жылы будынак па вуліцы Кірава, 25, дзе размясціўся лекторый, архіў (з 1994 года), навуковыя аддзелы і службы музея.

1990

Буйны навуковы, культурны і асветніцкі цэнтр Беларусі

Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі пасля распаду СССР у 1991 годзе змяніла статус музея і яго культурную палітыку: з 1993 года ўстанове надаецца высокі статус Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

У 1990-х гадах музей – буйны навуковы, культурны і асветніцкі цэнтр Беларусі з уласнай багатай навуковай бібліятэкай і архівам. З 1989г. у музеі пачалі працаваць рэстаўрацыйныя майстэрні з сектарам фізіка-хімічных даследаванняў.

У экспазіцыі музея. 1990-я гг.
У экспазіцыі музея. 1990-я гг.
У экспазіцыі музея. 1990-я гг.
У экспазіцыі музея. 1990-я гг.
У экспазіцыі музея. 1990-я гг.
У экспазіцыі музея. 1990-я гг.
У экспазіцыі музея. 1990-я гг.
У экспазіцыі музея. 1990-я гг.
У экспазіцыі музея. 1990-я гг.
У экспазіцыі музея. 1990-я гг.
У экспазіцыі музея. 1990-я гг.
У экспазіцыі музея. 1990-я гг.

З 1998 года дырэктарам музея становіцца Уладзімір Іванавіч Пракапцоў (нар. у 1953 г.) – мастак-жывапісец, кандыдат мастацтвазнаўства, заслужаны дзеяч мастацтва Рэспублікі Беларусь. З яго прыходам актывізавалася праца па ўсіх напрамках музейнай дзейнасці – міжнародныя выставачныя і выдавецкія праекты, папаўненне калекцыі, рэстаўрацыйная справа і г. д. Але самая галоўная і стратэгічная ідэя дырэктара У.І. Пракапцова, у якую мала хто верыў, – стварэнне музейнага квартала, мэтай якога з’яўлялася не толькі “разгрузіць” музей, але і стварыць сучасную музейную інфраструктуру з найноўшымі тэхналогіямі, новымі экспазіцыямі і фондасховішчамі, сувенірнай крамай і арт-кафэ і г. д. за кошт далучэння да музея і прыстасавання суседніх будынкаў вакол галоўнага корпуса музея.

Уладзімір Іванавіч Пракапцоў
Уладзімір Іванавіч Пракапцоў
Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь з 1998 па 2023 год

З яго прыходам рэалізавана ідэя стварэння музейнага квартала з сучаснай інфраструктурай, новымі экспазіцыямі і фондасховішчамі.

У 1999 годзе музей наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка, які не толькі падтрымаў гэтую ідэю, але і патранаваў далейшае развіццё музейнага комплексу. З гэтай мэтай Кіраўніком дзяржавы ў 1999 і 2010 гадах падтрымліваецца ідэя аб перадачы будынкаў па вул. Леніна, 22 і К. Маркса, 24, дзе пачалася актыўная праца па іх рэстаўрацыі, прыстасаванні і музеефікацыі ў адзіны музейны комплекс.

У 2006 годзе Кіраўнік дзяржавы ва ўрачыстай абстаноўцы адкрыў новы корпус – прыбудову музея, якая дазволіла значна пашырыць пастаянныя экспазіцыі старажытнабеларускага мастацтва, мастацтва Заходняй Еўропы, мастацтва краін Усходу і беларускага мастацтва XX–XXI стст., што размясціліся ў новым корпусе з найноўшымі тэхналогіямі: клімат-кантролем, святлом і г. д., а таксама убраць з экспазіцыйнай залы І паверха асноўнага корпуса фондасховішчы ў сучасны дэпазітарый з клімат-кантролем і размясціць там экспазіцыю мастакоў – ураджэнцаў Беларусі XIX–XX стст., на ІІ паверсе ў 5-ці залах размясціць экспазіцыю толькі рускага мастацтва XVIII–XX стст. Зараз здаецца неверагодным, але з 1993 да 2006 года ўся музейная экспазіцыя ў месцілася пяці залах!

У экспазіцыі музея. 2000-я гг.
У экспазіцыі музея. 2000-я гг.
У экспазіцыі музея. 2000-я гг.
У экспазіцыі музея. 2000-я гг.
У экспазіцыі музея. 2000-я гг.
У экспазіцыі музея. 2000-я гг.
У экспазіцыі музея. 2000-я гг.
У экспазіцыі музея. 2000-я гг.

На пачатку XXI стагодзя адчынілі дзверы для наведвальнікаў яшчэ два музейныя філіялы ў Мінску – Мемарыяльны музей-майстэрня З. Азгура (1999) і “Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва Беларусі першай паловы ХIХ ст.” (2000). Але галоўнай ідэяй музейнай палітыкі У. І. Пракапцова з’яўлялася канцэнтрацыя фізічных, навуковых намаганняў і дзяржаўных фінансавых сродкаў на музейным комплексе і асноўных профільных філіялах музея. 

З гэтай нагоды на баланс мясцовых органаў улады перадаюцца і становяцца самастойнымі ўстановамі пяць з васьмі філіялаў музея у розных рэгіёнах краіны – у вёсках Гурыны Гомельскай вобласці, Гальшаны Гродзенскай вобласці, замкавы комплекс у гарадскім пасёлку Мір, у Мінску – сядзібны дом у Лошыцы і музей народнага мастака СССР і БССР Заіра Азгура. 

На працягу 23 гадоў пад кіраўніцтвам У. І. Пракапцова і з удзелам супрацоўнікаў музея вялася актыўная рэстаўрацыя філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – Замкавага комплексу “Мір” XVI–XX стст. У 2010 годзе была паспяхова завершана рэстаўрацыя і музеефікацыя гэтага аб’екта ЮНЕСКА, які адкрыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка. З 2011 года Мірскі замак мае статус самастойнай установы культуры рэспубліканскага значэння.

На сённяшні дзень філіяламі застаюцца толькі тры музеі – “Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя” ў г. Мінску, Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах Мінскага раёна і Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі ў г. Магілёве. У 2018 годзе пасля 5-гадовай рэстаўрацыі магілёўскі філіял адчыніў свае залы для наведвальнікаў.

У экспазіцыі музея. 2000-я гг.
У экспазіцыі музея. 2000-я гг.
У экспазіцыі музея. 2000-я гг.
У экспазіцыі музея. 2000-я гг.
У экспазіцыі музея. 2000-я гг.
У экспазіцыі музея. 2000-я гг.
У экспазіцыі музея. 2000-я гг.
У экспазіцыі музея. 2000-я гг.

На сучасным этапе музеем актыўна і рознабакова ажыццяўляецца выставачная дзейнасць, у тым ліку на міжнародным узроўні. Установа прадастаўляе асобныя экспанаты ці групы экспанатаў для выставачных праектаў у замежных музеях, а таксама ў сваіх сценах знаёміць беларускіх наведвальнікаў са зборамі вядучых музеяў свету (Вялікабрытанія, Германія, Індыя, Іспанія, Італія, Карэя, Кітай, Латвія, Літва, Ліхтэнштэйн, Польшча, Францыя, Японія). Вялікую цікавасць у наведвальнікаў нязменна выклікаюць праекты, прывезеныя ў Мінск з музеяў Расіі. 

У ліку найбольш значных замежных праектаў апошняга часу з удзелам Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь можна узгадаць выставы беларускай арыгінальнай графікі, беларускага і рускага жывапісу, жывапісу Беларусі і рускай графікі на выставе, прысвечанай 150-годдзю Віленскай мастацкай школы (Мастацкі музей Літвы, 2017), “Шэдэўры Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” (Нацыянальны мастацкі музей Кітая, Пекін, 2017–2018), “Архіп Куінджы. Магія святла” (Дзяржаўная Траццякоўская галерэя, Масква, 2018–2019), “Шагал, Малевіч, Лісіцкі. Рускі авангард у Віцебску (1918–1922)” (Нацыянальны цэнтр культуры і мастацтваў Ж. Пампіду, Парыж, Францыя, 2018); (Яўрэйскі музей, Нью-Ёрк, ЗША, 2018–2019), “Рэрых і Літва” (Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны музей-інстытут сям’і Рэрыхаў, 2019), “Ілья Рэпін” (Дзяржаўная Траццякоўская галерэя, Масква, 2019), “Сяргей Вінаградаў” (Музей рускага імпрэсіянізму, Масква, 2020), “Свет дзяцінства ў рускім выяўленчым мастацтве” (Дзяржаўны гісторыка-мастацкі і літаратурны Музей-запаведнік “Абрамцава”, 2021), “Юрый Піменаў” (Дзяржаўная Траццякоўская галерэя, Масква, 2021), “Спакой і радасць” (Цэнтральная выставачная зала “Манеж”, Санкт-Пецярбург, 2021–2022), “Збор Марозавых. Шэдэўры жывапісу” (Фонд Louis Vuitton, Парыж, 2021–2022).

Асаблівую цікавасць уяўляюць замежныя выставы старажытнабеларускага мастацтва, якія Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь прадставіў у найбуйнейшых еўрапейскіх музеях з 2014 па 2019 г.: “Іканапіс Беларусі ХVII–ХVIII стст.” з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (Гістарычны музей, Будапешт, Венгрыя, 2014; Музей імя Я. Дам’яніча, Сольнак, Венгрыя, 2014; Фонд калекцыі Бажо, Кечкемет, Венгрыя); “Апосталы і прарокі. Беларускія абразы ХVII–ХVIII стст.” (Музей Эль Грэка, Таледа, Іспанія, 2016–2017); “Іканапіс Беларусі ХVII–XXI стст.” з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (Музеі Ватыкана, Пінакатэка, Ватыкан, 2016); “Іканапіс Беларусі XVII–XIX стст. з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” (Нацыянальны музей Ліхтэнштэйна, Вадуц, Ліхтэнштэйн, 2019).

Падобныя выставачныя праекты праводзіліся музеем і раней, але насілі адзінкавы характар (Іспанія, 1999–2000; Італія, 2004–2005). Толькі ў апошнія гады гэта стала мэтанакіраванай палітыкай выставачнай дзейнасці музея.

Як усякі жывы арганізм музей бесперапынна расце, папаўняючы свае фонды. Збор беларускага і рускага мастацтва, заходнееўрапейскага, мастацтва краін Усходу, сучаснага беларускага мастацтва, нумізматыкі, рэпрадукцый, плаката і інш. налічвае (на 1 мая 2022 года) 33 тысячы 812 твораў, што захоўваюцца ў 29 калекцыях.

Музей вядзе актыўную выдавецкую дзейнасць – “100 шэдэўраў Нацыянальнага мастацкага музея”, “500 шэдэўраў Нацыянальнага мастацкага музея”, падрыхтваны два тамы альбомаў “Нацыянальны мастацкі Музей Рэспублікі Беларусь”. Працягваецца выданне кніг з серыі “Славутыя мастакі з Беларусі” (выдадзена больш за 40 альбомаў), выходзяць каталогі асобных калекцый (напрыклад, “Італьянскае выяўленчае мастацтва XVI–XX стагоддзяў”), матэрыялы штогодовай Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Аладаўскія чытанні”.

У 2021 распачата шматтомная серыя альбомаў-каталогаў, якія прадстаўляюць асобныя музейныя калекцыі. У выдавецтве “Беларусь” выйшаў першы том – “Іканапіс і алтарны жывапіс Беларусі XVI – пачатку XIX стагоддзя”. Завяршаецца праца над другім томам “Народнае мастацтва Беларусі”.

2021

Новыя карпусы

17 снежня 2021 года дзякуючы ўвазе Кіраўніка дзяржавы А. Р. Лукашэнкі пасля некалькіх гадоў будаўніча-рэстаўрацыйных работ музейны комплекс дапоўнілі яшэ два прыстасаваных будынкі – Рэстаўрацыйны корпус па вул. Кірава, 25 і Выставачны корпус па вуліцы К. Маркса, 24. Апошні звязаны з гістарычным будынкам і прыбудовай да музея светлай шкляной галерэяй.

У Выставачным корпусе на двух паверхах – 4 залы агульнай плошчай 846 квадратных метраў з новым сучасным дызайнам (А. Матросава, дызайн-студыя “Астула”), новым выставачным абсталяваннем (40 вітрын, 230 подыумаў, 44 выставачныя стэнды, 12 банкетак) і магчымасцю ў дзвюх залах выкарыстання верхняга асвятлення. Дарэчы, рэжысуру святла на выстаўках забяспечваюць 437 свяцільняў нідэрландскай кампаніі Signity Filipps Lighting. Індывідуальнае падсвятленне кожнага экспаната вырашаецца сістэмай кіравання асвятленнем DALI. Для стварэння камфортнага мікраклімату выкарыстаны 8 італьянскіх кандыцыянераў. Выставачны корпус мае асобны ўваход і дазваляе наведаць 4 выстаўкі, якія мяняюцца штомесяц.

Адкрыццё выставачнага корпуса на вул. К. Маркса, 24. 2021 г.
Адкрыццё выставачнага корпуса на вул. К. Маркса, 24. 2021 г.
Адкрыццё выставачнага корпуса на вул. К. Маркса, 24. 2021 г.
Адкрыццё выставачнага корпуса на вул. К. Маркса, 24. 2021 г.

Таксама тут знаходзіцца выяўленчая студыя плошчай 50 м2 для правядзення інтэрактыўных музейных заняткаў і праграм, майстар-класаў, лекцый і семінараў.

Для дэпазітарыя пабудавана 8 спецыялізаваных музейных фондасховішчаў агульнай плошчай 817 м2. У іх размешчаны сховішчы часовых паступленняў (60 м2), прыкладнога і народнага мастацтва (120 м2), сховішчы рускага (74 м2) і беларускага жывапісу (563 м2), што дае магчымасць істотна палепшыць існуючыя ўмовы захоўвання музейных прадметаў.

14 памяшканняў рэстаўрацыйных майстэрняў размешчаны на другім і трэцім паверхах Рэстаўрацыйнага корпуса і займаюць агульную плошчу ў 1398 м2. Структурна гэта 4 майстэрні сектара рэстаўрацыі алейнага жывапісу, 4 майстэрні сектара рэстаўрацыі старажытнабеларускага мастацтва, 4 майстэрні сектара рэстаўрацыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у тым ліку: майстэрні рэстаўрацыі тканін, вырабаў з металу, вырабаў з дрэва, фарфору і керамікі. У агульным карыстанні знаходзіцца майстэрня для пакрыцця прадметаў лакам і майстэрня рэстаўрацыі буйнафарматных твораў.

Новыя рэстаўрацыйныя майстэрні на вул. Кірава, 25. 2021 г.
Новыя рэстаўрацыйныя майстэрні на вул. Кірава, 25. 2021 г.

У новыя памяшканні па вул. Кірава, 25 перавезена музейная бібліятэка. У прасторнай чытальнай зале і асобным кнігасховішчы з сучасным абсталяваннем (мабільнымі стэлажамі, мэбляй, асвятленнем і клімат-кантролем) змешчана 40 тысяч кніг і перыядычных выданняў. Устаноўка аўтаматызаванай інфармацыянай бібліятэчнай сістэмы (1С:Біблятэка) дазволіць стварыць электронны каталог, які значна спросціць пошук кніг і артыкулаў па навуковых тэмах. 

Нарэшце музей стаў даступным для людзей з абмежаванымі магчымасцямі: у Выставачным корпусе есць айчынныя магілёўскія ліфты, зручныя для пажылых наведвальнікаў і тых, хто перамяшчаецца на калясках, спецыяльна абсталяваныя санвузлы вялікай плошчы, пандусы, электрычны пад’ёмнік. 

Акрамя гэтага, 25 карцін пастаяннай экспазіцыі музея апісаны метадам аўдыядыскрыпцыі для невідушчых наведвальнікаў, 15 карцін маюць аўдыя-, відэагід на мове жэстаў для людзей з абмежаваннямі па слыху.

На першым паверсе Выставачнага корпуса працуе музейны магазін-кнігарня з вялікім выбарам густоўных сувеніраў і літаратуры па мастацтве, дзе заўсёды гучыць спакойная музыка і праз некаторы час можна будзе выпіць кубачак кавы. 

Мастацкі музей – гэта не толькі карціны, гэта яшчэ і людзі, дзякуючы намаганням якіх у розныя перыяды гісторыі ствараюцца новыя экспазіцыі, арганізуюцца выстаўкі, выдаюцца кнігі і каталогі, папаўняюцца, захоўваюцца, даследуюцца, рэстаўрыруюцца і прапагандуюцца творы мастацтва. Зараз калектыў музея налічвае 270 супрацоўнікаў розных спецыяльнасцей (на 1 мая 2022 года), сярод якіх 62 навуковых супрацоўнікі. Яны годна працягваюць традыцыі сваіх старэйшых музейных калег.

У XXI стагоддзе Нацыянальны мастацукі музей Рэспублікі Беларусь уступіў з перспектывамі далейшага развіцця і ператварэння ў сучасны навукова-асветніцкі і метадычны, рэстаўрацыйны цэнтр з даследчым патэнцыялам і выставачным комлексам. 

Наперадзе – рэстаўрацыя яшчэ двух карпусоў музея – гістарычнага і адміністрацыйнага будынкаў па вул. Леніна, 20 і Леніна, 22, якія з’яўляюцца помнікамі гісторыка-культурнай каштоўнасці сярэдзіны XX стагоддзя 2-й і 3-й катэгорыі, уладкаванне музейнага дворыка. Гэта адказная задача – завяршэння перабудовы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь у вялікі музейны комплекс – справа сённяшняга і наступнага пакаленняў музейных работнікаў. 

Паслугі, кошты і мерапрыемствы музея ў раздзеле

  • Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні