Мэта стварэння студыі: выхаванне эстэтычна развітага члена грамадства, здольнага ўспрымаць прыгожае, які можа адстойваць сваю думку, які любіць сваю родную зямлю і яе культуру.
Задачы студыі:
• Навучыць дзяцей, якія прыходзяць у музей на заняткі, глядзець, слухаць, адчуваць і выказваць свае пачуцці словамі.
• Выхоўваць любоў да музея і цікавасць да музейнага экспаната, культуру паводзін у музейнай прасторы.
• Пазнаёміць дзяцей са светам мастацтва.
• Вучыць дзяцей выказваць свае пачуцці на паперы.
• Стварыць калектыў аднадумцаў.
Дзяцей сустракаюць пальчаткавыя лялькі Цюбік і Нязнайка, персанажы казкі М. Носава “Прыгоды Нязнайкі і яго сяброў”. Цюбік, умудроны вопытам мастак, знаёміць дзяцей з цудоўным светам мастацтва. Нязнайка, свавольны і непаслухмяны, задае каверзныя пытанні, актывізуючы ўвагу дзяцей і правакуючы іх на актыўнасць.
Навошта бацькі прыводзяць у музей малышоў, што яны чакаюць ад музейнага педагога, які жадае дапамагчы ім арыентавацца ў свеце музейных каштоўнасцей і ў свеце прыгожага ўвогуле? Гэтыя пытанні мы ставім перад бацькамі на першых занятках. Па выніках такога апытвання можна сцвярджаць, што бацькі жадаюць, каб дзеці не толькі атрымалі веды, навучыліся маляваць, але і ўмелі слухаць, думаць, выражаць свае думкі словамі, упэўнена адчуваць сябе ў любым калектыве, бачылі прыгажосць навакольнага асяроддзя, паважалі культурныя каштоўнасці.
Штотыднёва ў музей прыходзяць дашкольнікі з бацькамі, каб пагутарыць пра мастацтва ў залах музея, на выстаўках, у лекцыйных залах. Яны вучацца ўважліва глядзець творы мастацтва, слухаць педагога, разумець думкі мастака, фармуляваць свае пачуцці словамі, а затым выражаць свае ўражанні на паперы ў сваім уласным малюнку. З часам наведванне музея робіцца для дзіцяці патрэбнасцю, дзеці беражліва ставяцца да экспанатаў музея і да працы яго супрацоўнікаў.
У музеі дзеці разглядаюць творы мастацтва на асноўнай экспазіцыі, выбіраюць тое, што ім спадабалася больш за ўсё, спрабуюць сфармуляваць свае адчуванні словамі, а затым непасрэдна ў зале малююць яго. Свае эмоцыі яны перадаюць у малюнку, і ён ім становіцца бліжэйшым і больш дарагім, чым крыніца натхнення. Затым сярод мноства твораў яны вылучаюць і запамінаюць менавіта тыя, якія яны малявалі, доўга разглядалі.
Папярэдняя размова дапамагае ім сфармуляваць свае адчуванні словамі, і ім лягчэй выражаць іх на паперы. Маляванне для маленькага дзіцяці з’яўляецца найбольш даступным спосабам перадаваць свае пачуцці. Успрыманне мастацтва і ўласная творчасць дзіцяці непарыўныя. Яго работа адыгрывае велізарную ролю ў замацаванні адчуванняў, атрыманых ад убачанага.
Паездкі па Беларусі і за мяжу даюць магчымасць пашырыць уяўленні дзяцей пра архітэктурныя помнікі і пазнаёміць са скарбамі іншых музеяў. Падарожжы стымулююць пазнанне свету, убачанага і яшчэ не спазнанага. Яны даюць магчымасць сутыкнуцца з гісторыяй, пабываць у тых месцах, дзе жылі знакамітыя людзі, дакрануцца ў літаральным сэнсе да пабудоў, узведзеных шмат стагоддзяў назад. Такія паездкі робяць калектыў студыі яшчэ больш дружным, завязваюцца новыя кантакты, агульныя інтарэсы аб’ядноўваюць і дзяцей і бацькоў. Фарміруецца калектыў аднадумцаў, якім цікава разам глядзець творы мастацтва, пераадольваючы стомленасць, непазбежную ў доўгім і насычаным падзеямі падарожжы.
Касцюміраваныя святы і спектаклі, у якіх дзеці прымаюць удзел, служаць сродкам “пагружэння” дзіцяці ў вывучаемую эпоху і даюць выйсце іх творчым магчымасцям. Першае свята, што чакае дзіця, якое наведвае студыю, – навагодні касцюміраванны баль. Дзеці аказваюцца ў звычных для яго абставінах у новай якасці – казачнага героя. Яны па-новаму засвойваюць музейную прастору, іншымі вачамі глядзяць на знаёмыя творы мастацтва і ацэньваюць сябе з боку.
Займаючыся ў студыі некалькі гадоў, дзеці знаёмяцца не толькі з выяўленчым мастацтвам, але і з літаратурай разглядаемага перыяду. Касцюміраваныя святы з’яўляюцца своеасаблівым падвядзеннем вынікаў гэтых заняткаў. Выбраўшы героя, дзіця разам з бацькамі і педагогам спраўляе сабе касцюм адпаведнай эпохі, а педагог падбірае літаратурны тэкст ад першай асобы. Граючы ролю, дзіця нібы пераносіцца ў іншую эпоху. Даволі часта карнавалы звязаны з выстаўкамі ў музеі.
Вынікамі іх творчай дзейнасці з’яўляюцца перыядычныя выстаўкі ў холе музея. Адкрыццё выстаўкі – асаблівае свята для дзяцей. Незалежна ад таго, займаецца дзіця першы год ці некалькі, ён усе роўна ўбачыць на выстаўцы свой твор. На цырымоніі адкрыцця гучаць віншаванні, выступаюць музыканты, уручаюцца падарункі і пасведчанні юнага мастацтвазнаўцы дзецям пасля трох гадоў заняткаў.
Праводзіцца штогадовае анкетаванне дзяцей і бацькоў, якія наведываюць студыю. Гэта дае магчымасць сцвярджаць, што дзеці-студыйцы іншымі вачыма глядзяць на свет, у іх устойлівая цікавасць да музея, мастацтва ўвогуле, літаратуры, музыкі, гісторыі, археалогіі. Музей становіцца для іх другім домам, яны ўсюды гавораць: “Мой музей!”
Кіраўнік студыі “У госці да Цюбіка” – Вольга Яўгенаўна Брыгадная.