Да Дня Народнага Адзінства

“Партрэты Сергіевіча – мае сябры жывыя…” Партрэты мастака Заходняй Беларусі Пётры Сергіевіча ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

“Беларускі Матэйка”, мастак літасцю Божай, мастак “ад сэрца”, – так называлі Пётру Сергіевіча сучаснікі, заходнебеларуская інтэлігенцыя. Пётра Сергіевіч, як і Язэп Драздовіч, з кагорты першых нацыянальных мастакоў Заходняй Беларусі. Ён настолькі разнастайны ў сваёй творчасці, што часам не верыцца, што карціны належаць пэндзлю аднаго і таго ж мастака. 

 Аўтапартрэт
Аўтапартрэт
Сергіевіч П.А.
  • 1949
  • Палатно, алей

Найбольш цікавы Пётра не толькі ў сімвалічных карцінах 1920–1940-х гадоў, а галоўным чынам як партрэтыст, які стварыў вялізную галерэю вобразаў беларускай інтэлігенцыі ХХ стагоддзя. Ён напісаў 140 жывапісных і 160 графічных партрэтаў: і вядомых асоб беларускай інтэлігенцыі – Зоську Верас, Лявона Луцкевіча, Язэпа Драздовіча, Максіма Танка, і безліч землякоў-браслаўчан – сялян, настаўнікаў, святароў, дактароў, людзей юнацкага і сталага ўзросту. З 28 твораў, якія належаць музею, 27 – менавіта партрэты.   

Партрэт невядомай
Партрэт невядомай
Сергіевіч П.А.
  • 1951
  • Палатно, алей

Пётр (Пётра) Александравіч (Альфонсавіч) Сергіевіч нарадзіўся 10 ліпеня 1900 года на самым захадзе Беларусі – у вёсцы Стаўрова Дзісненскага павета Багінскай воласці Віленскай губерні Расійскай імперыі (зараз – Браслаўскі раён Віцебскай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. Выхоўвываўся з братам і сястрой без бацькі, які памёр, калі яму было 7 гадоў, таму дзяцінства было нерадасным: “Жыўшы кутнікамі, без сваёй гаспадаркі, мы пастаянна былі вымушаны шукаць кавалка хлеба на старане”, – пісаў пазней мастак у сваёй “Аўтабіяграфіі”, надрукаванай у 1993 годзе ў часопісе “Мастацтва”. Рана вызначылася яго цікавасць да мастацтва, якую падтрымала маці, аддаўшы яго ў дзяцінстве ў прытулак Яна Монтвіла ў Вільні. Настаўніца хваліла яго малюнкі, але грошы на школу хутка скончыліся, і Пётр перайшоў у фабрычную школу Плятэра каля Стаўрова.

 “Трымайся ўжо чагосьці аднаго”, – казала маці сыну, які спрабаваў у юнацтве зарабляць разнастайнай працай, каб дапамагаць сям’і: ездзіў у 1917 годзе ў Петраград на заробкі, працаваў і вучыўся на тэхнічных курсах пры фабрыцы каштоўных папер і ў мастацкай студыі Аляксандра Андрэева.

Усё сваё сталае творчае жыццё мастак правёў у Вільні, якая з 1922 па 1939 годстала належаць Польшчы. “Тут, у Вільні, беларускі дух”, – часта паўтараў Сергіевіч, які стаў вольнаслухачом мастацкага факультэта Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, а з 1920-х гадоў стаў сябрам беларускай студэнцкай супольнасці і пачаў падпісваць свае творы выключна па-беларуску, ператварыўшы свае імя Пётр у Пётра, Пятро. Дэканам факультэта прыгожых мастацтваў быў знакаміты Фердынанд Рушчыц, які, прагледзеўшы малюнкі Сергіевіча, не толькі прыняў яго вольнаслухачом, але і купіў яго малюнак Базыльянскіх муроў. На віленскім прадмесці Антокаль доўгія гады была гасцінная майстэрня Сергіевіча. Любоў да рэалістычнага партрэта ён узяў ад свайго непасрэднага настаўніка, вучня Ільі Рэпіна, Бенедыкта Кубіцкага.

Сергіевіч пазней захапіўся графікай і асабліва вытанчанай тэхнікай малюнкаў мастакоў італьянскага Рэнесансу – сангінай (“чырвоны мел”), любоў да якой прывіў яму іншы настаўнік – Людамір Сляндзінскі. Партрэты 1930-х гадоў – ад амаль фізіялагічнага падабенства ў мужчынскіх партрэтах (“Інжынер Дубяйкоўскі”, 1940) да лёгкай ідэалізацыі ў жаночых (Партрэт дзяўчыны”, 1938) – дэманструюць добра засвоеную культуру малявання, ёмкасць аркуша, уменне далікатна стылізаваць у духу Рэнесансу свае непасрэдныя жыццёвыя назіранні натуры, ператвараючы натурны малюнак у вытанчаны эстэтычны феномен. 

Але душа яго цягнулася да іншых арыенціраў: непасрэднасці і праўды жыцця, набліжанасці да людзей вёскі. “Нам трэба ісці ў народ, …трэба пазнаць сябе”, – пісаў Сергіевіч у часопісе “Калоссе” ў 1936 годзе. Сяляне, яго землякі, сталі галоўнымі героямі незлічонай колькасці партрэтаў і малюнкаў. 

“Сялянскі стрыжань”, як асаблівы канструктыўны падмурак творчасці Сергіевіча, пра які пісалі крытыкі, адчуваецца ў спалучэнні рамантызму, рэалізму і наіўнага экспрэсіянізму, што бачны і ў яго партрэтнай творчасці. 

Яму пашчасціла два тыдні ў 1938 годзе правесці ў пілігрымцы ў Італіі – у Рыме, Венецыі і Фларэнцыі – і паглядзець творы вялікіх мастакоў Рэнесансу. Пасля прыезду ён з захапленнем паказваў свайму сябру Максіму Танку набытыя за апошнія грошы шматлікія рэпрадукцыі і кнігі. Гэта кароткая вандроўка – глыток найвышэйшай культуры Адраджэння і вывучэнне фрэсак італьянскіх мастакоў эпохі кватрачэнта – дапамагла яму ствараць шматлікія манументальныя творы ўжо на мясцовай глебе, дзе вобразы святых ён пісаў з мясцовых сялян – самых бедных вернікаў парафіі. “Мэтра Сергіевіч — своеасаблівы, з ярка выражаным нацыянальным характарам мастак... Бачу на сцяне некалькі новых партрэтаў яго браслаўскіх землякоў, на тварах якіх выразна выпісана ix класавая прыналежнасць, a ў вачах мужыцкая ўпартасць, упэўненасць у сваіх сілах і вера ў лепшую будучыню”, – запісаў тады ў дзённіку Максім Танк.

Дзяўчына з Жодзішак
Дзяўчына з Жодзішак
Сергіевіч П.А.
  • 1937
  • Папера, аловак, вугаль
Партрэт інжынера-архітэктара Л. Дубяйкоўскага
Партрэт інжынера-архітэктара Л. Дубяйкоўскага
Сергіевіч П.А.
  • 1940
  • Папера, сангіна
Прайсці налева
Прайсці направа

На пачатку 1930-х гадоў Сергіевіч, апантаны знаўца і аматар беларушчыны, пачаў супрацоўнічаць з Беларускім музеем імя яго заснавальніка Івана Луцкевіча: у 1932 годзе ён ездзіў у Навагрудчыну ў экспедыцыю за экспанатамі для музея, у 1935 г. ажыццяўляў нагляд за працай скульптара Рафаіла Яхімовіча, якому даручылі зляпіць бюст Івана Луцкевіча па старым фотаздымку. Дарэчы, і сам ён у 1934 годзе выканаў вядомы графічны партрэт Луцкевіча, які стаў класічным. 

Пётра Сергіевіч ёсць жывапісец цалкам беларускі”, – прызнаваў крытык Ян Малецкі ў беларускім часопісе “Шлях моладзі”, ухваліўшы яго серыю партрэтаў “Беларускія народныя тыпы”. 

Партрэт Язэпа Драздовіча
Партрэт Язэпа Драздовіча
Сергіевіч П.А.
  • 1932
  • Папера таніраваная, аловак
Студэнт Дунін-Марцінкевіч
Студэнт Дунін-Марцінкевіч
Сергіевіч П.А.
  • 1932
  • Папера, аловак
Студэнт Клюкоўскі
Студэнт Клюкоўскі
Сергіевіч П.А.
  • 1932
  • Папера, сангіна
Партрэт Івана Луцкевіча
Партрэт Івана Луцкевіча
Сергіевіч П.А.
  • 1933
  • Папера, вугаль
Прайсці налева
Прайсці направа

У 1939 годзе пасля аб’яднання Савецкай Беларусі з Заходняй, якое мастак прыняў з захапленнем, творчасцю Сергіевіча зацікавіліся мінскія савецкія ўлады, у газетах з’явіліся рэпрадукцыі яго твораў. У 1941 годзе Саюзам мастакоў БССР планавалася правесці персанальную выставу Сергіевіча ў Мінску. “З устанаўленнем Савецкай улады для сп. Сергіевіча створаны ўсе умовы для творчай працы”, – пісаў кіраўнік Саюза мастакоў БССР І. Рубінштэйн. 

Але вайна і фашысцкая акупацыя перакрэсліла гэтыя планы. Сергіевіч вярнуўся на радзіму, на Браслаўшчыну, дзе працягваў працаваць творча над партрэтамі сялян (“за жыта і сала”), затым пераехаў у Вільню, дзе з 1944 года выконваў абавязкі “спецыяліста па беларускім мастацтве” і кансерватара ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча.

Казімір Блажэвіч
Казімір Блажэвіч
Сергіевіч П.А.
  • 1930
  • Папера, сангіна
Гр. Бых
Гр. Бых
Сергіевіч П.А.
  • 1935
  • Папера, аловак
Прайсці налева
Прайсці направа

Пасля заканчэння вайны творчы шлях майстра працягваўся ў Савецкай Літве, дзе ён пяць гадоў выкладаў на жывапісным факультэце Віленскай акадэміі мастацтваў, пасылаючы свае творы на рэспубліканскія выставы ў Мінск. Сергіевіч лёгка ўпісаўся ў новы для яго пануючы стыль сацыялістычнага рэалізму, хаця яшчэ па інерцыі яго творчасць нейкі час захоўвала старыя ідэалы заходнебеларускага рамантызму. Гэта далося яму адносна лёгка, без напругі, бо падмурак яго творчасці быў выразна рэалістычны. “Важна маляваць тое, што чалавека парывае, а не рабіць бяздушна не сваю работу” <…> Рэжу і перапісваю некаторыя свае старыя палотны, а ў асноўным буду нажымаць на партрэт“, – пісаў ён у лістах да мінскага мастака Мікалая Дучыца ў 1967 годзе. 

Асабістыя якасці майстра – цікавасць да любога чалавека, рэдкая душэўная эмпатыя – зрабілі яго выдатным партрэтыстам. Аптымістычны настрой і душэўная прыцягальнасць мастака спрыялі таму, што кожны з яго партрэтаў стаў прыкладам гуманістычных адносін да асобы, жадання знайсці і падкрэсліць у сваёй мадэлі самыя светлыя і лепшыя якасці. 

Сціпласць, прастата і шчырасць – асноўныя якасці яго творчага метаду”, – пісаў яго калега, мастак Уладас Дрэма.

Неўзабаве прыйшло прызнанне яго як партрэтыста і на радзіме. Адразу пасля заканчэння вайны Мастацкі музей набыў яго характарны партрэт “Партызан Федзя” (1946). Гэта стрыечны брат мастака, які ў гады вайны быў партызанам. З яго ў 1950-я гады Сергіевіч пісаў Кастуся Каліноўскага, пакуль не быў знойдзены аўтэнтычны фотаздымак. 

У 1962 годзе адбылася выстава Сергіевіча ў Дзяржаўным мастацкім музеі БССР. У 1970 годзе да 70-годдзя мастака выйшла манаграфія Арсена Ліса, з якім мастак сябраваў звыш дзесяці гадоў, а ў 1978 годзе адбылася яго вялікая выстава ў Палацы мастацтваў у Мінску. З той выставы шмат раскупіла карцін творчая інтэлігенцыя, а яго “Аўтапартэт” (1948) з пэндзлямі і палітрай і тры графічныя творы набыў Дзяржаўны мастацкі музей. Стары майстар успрымаўся легендай, паслухаць яго ўспаміны пра Драздовіча, Рушчыца да яго ў Вільню ў своеасаблівую пілігрымку ездзілі беларускія мастакі. “Ён адрозніваецца ад нас нейкай сапраўднай інтэлігентнасцю”, – лічыў пісьменнік Уладзімір Караткевіч. 

Партрэт Фёдара
Партрэт Фёдара
Сергіевіч П.А.
  • 1942
  • Папера таніраваная, аловак
Партызан Федзя
Партызан Федзя
Сергіевіч П.А.
  • 1946
  • Палатно, алей
Прайсці налева
Прайсці направа

Партрэтам Сергіевіча Максім Танк прысвяціў верш “Перад партрэтамі Пётры Сергіевіча” 

Партрэты Сергіевіча – мае сябры жывыя, 

Заўсёды гутараць са мной аб перажытым.

Дзе ўбачыш ты насы класічныя такія, 

Што за вярсту пах чуюць сакавіты.

Дзе ўбачыш вочы ты, што шчырасцю яснеюць

І вусы ў цеплыні ад смеху і махоркі, 

І рукі ў мазалях, якія так умеюць

Трымаць сякеру, плуг ці стан сваёй танцоркі.

Сягодня, калі круг сяброў маіх радзее,

Я ўдзячны дружа мой, што ты іх увекавечыў, 

Што з землякамі мне падарыў надзею

На новыя прыгоды і сустрэчы.

Паэт Максім Танк
Паэт Максім Танк
Сергіевіч П.А.
  • 1960
  • Палатно, алей

Да апошніх дзён мастак быў энергічны, як малады гарэў творчымі планамі. Ён працаваў над партрэтамі амаль да пачатку 1980-х, калі цяжка захварэў. Сергіевіч марыў, што ў яго майстэрні будзе Беларускі музей, нават захаваў шыльду ад былога Музея імя Луцкевіча. Сергіевіч памёр у 1984 годзе, пакінуўшы пасля сябе вялізную спадчыну: з 603 твораў, якія стварыў мастак на працягу свайго 84-гадовага жыцця (ён з юнацтва веў падрабязны спіс карцін у храналагічным парадку), большасць складаюць менавіта партрэты. 

Час расставіў свае акцэнты: Сергіевіч стаў сапраўдным народным беларускім мастаком па змесце і форме сваёй творчасці, тэматыцы і тыпажы галоўных герояў.

Надзея Усава – вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкга музея

  • Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні