Колас, які глядзіць на нас…
Да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа
У духоўным жыцці беларускага народа Якуб Колас, па словах Ніла Гілевіча, “…з’ява незвычайная, непаўторная і… неабсяжная. З’ява, якую не ахапіць і самым шырокім паглядам, ва ўсе глыбіні якой не пранікнуць і самым праніклівым узіраннем”. Не дзіва, што асоба пісьменніка, у якой сканцэнтраваліся мудрасць і духоўны вопыт цэлага народа, нязменна прыцягвала сапраўдных творцаў: жывапісцаў, скульптараў, майстроў-графікаў.
У фондах Нацыянальнага мастацкага музея захоўваецца 9 жывапісных палотнаў, дзе адлюстраваны народны паэт. Прыжыццёвых партрэтаў у калекцыі няма, але ёсць работа, напісаная неўзабаве пасля смерці паэта майстрам, які быў асабіста знаёмы з Коласам. Размова ідзе пра народнага мастака Беларусі Валянціна Волкава.
У 1957 годзе, калі была створана рабочая група для арганізацыі Літаратурнага музея Якуба Коласа і яго дырэктар Даніла Міцкевіч звярнуўся да старэйшых мастакоў з просьбай напісаць партрэты для экспазіцыі, В. Волкаў быў адным з першых, хто на гэтую просьбу адгукнуўся. У фондах Мастацкага захоўваецца варыянт таго партрэта, падораны музею сынам і дачкой мастака ў 1971 г.
Работа стваралася па фотаздымках апошніх гадоў жыцця пісьменніка. В. Волкаў абапіраўся таксама на ўласныя ўспаміны. Мастак звяртаецца да вобраза, максімальна знаёмага яму самому: Колас першай паловы 1950-х, сталы, мажны, засяроджаны і суровы, пісьменнік і навуковец. Строгі чорны касцюм, застыласць, нерухомасць позы, стрыманасць фарбаў. Мастак максімальна падкрэслівае грамадскую значнасць песняра. Перад намі сур’ёзны, аўтарытэтны чалавек з багатым жыццёвым досведам.
Пэўная спроба адысці ад выявы класіка “ў гадах” назіраецца ў партрэце работы народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага, дзе перад намі паўстае рамантычны вобраз Якуба Коласа. За аснову партрэта былі ўзятыя фотаздымкі сярэдзіны 1920-х гг. У той момант пісьменнік знаходзіўся ў самым росквіце сваіх жыццёвых і творчых сіл. Ужо пабачылі свет дзве яго знакавыя паэмы – “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, у 1926 г. Якуба Коласа ўганароўваюць званнем народнага паэта Беларусі. Мастаку ўдалося не толькі перадаць дакладныя знешнія характарыстыкі, але і выявіць унутраны свет творцы – чалавека ўдумлівага, разважлівага, мудрага.
Імя Якуба Коласа нязменна прамаўляецца разам з імем Янкі Купалы. Сам Колас пра свайго сябра і паплечніка заўсёды гаварыў з цеплынёй і павагай, аднак адзначаў, што яны з ім “не спарышы, як малюецца ў крытыцы”. Пры гэтым дадаваў, што, можа, гэта і нядрэнна, як іх недзе ўспрымаюць як адну істоту, злепленую з дзвюх палавінак, бо, “злажыўшы разам усё, што напісалася адным і другім, паўнейшы вобраз нашага краю ўяўляецца”.
Гэтую роўнасць, агульную значнасць для Беларусі славутых пісьменнікаў падкрэслівае на сваім палатне “Сейбіты” Міхаіл Савіцкі. Аўтар узводзіць вобразы Янкі Купалы і Якуба Коласа да ўзроўню святых, найвялікшых прарокаў нашай зямлі, сейбітаў беларускай мовы і літаратуры. Як малітоўныя тэксты глядзяцца запісаныя ў кнізе і скрутку ўрыўкі з іх твораў, якія пісьменнікі трымаюць у руках. З літаратурнай спадчыны Коласа М. Савіцкі выбірае верш “На новай зямлі”, дзе ярка выяўляецца адзін з цэнтральных вобразаў творчасці паэта – вобраз дарогі.
Славутыя песняры паўстаюць побач на яшчэ адной рабоце са збору Нацыянальнага мастацкага музея – “Слова аб Беларусі” Уладзіміра Стэльмашонка. Каларыт карціны ўзнаўляе ў памяці вышытыя рушнікі, даматканыя дываны. Якуб Колас у касцюме, пры гальштуку, з выданнямі сваіх самых вядомых паэм “Новая зямля” і “Сымон-музыка” ў руках адлюстраваны на фоне радкоў з вершаў “Свайму народу”, “Народам СССР” і “Песняй вітаю я вас”.
Менавіта пэндзлю У. Стэльмашонка належыць ці не самы выразны і самы лаканічны “Партрэт Якуба Коласа”. Працуючы над гэтым творам, мастак скарыстаўся традыцыямі праваслаўнага жывапісу, фактычна стварыўшы ікону, якой, па сутнасці, і быў народны паэт. Велізарны маштаб фігуры Коласа, нейтральны фон, пэўная графічнасць выявы робяць паэта падобным да іканапіснага біблейскага прарока, які ідзе па роднай зямлі. Шырокі капялюш, ссунуты на патыліцу, стварае ўражанне німба, сялянская кашуля, у якую апрануты герой, падобная на хітон, а світка – на гімацій. У карціне шмат разоў, пачынаючы з самага верху і ўніз, паўтораны матыў кола – сімвала нябёсаў, Божай абіцелі. Іканапісны лад падкрэсліваецца і выкарыстаннем побач з алейнымі тэмперных фарбаў, якімі пераважна і пісалі абразы.
Цікавасць беларускіх мастакоў да жыцця і творчасці Якуба Коласа заўсёды была вельмі высокай, але, натуральна, асабліва ўзрастала ў юбілейныя гады. У 1982 г. да 100-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа была арганізавана рэспубліканская выстаўка “Песняры зямлі беларускай”, на якой сваю работу “Мой родны кут…” прадставіў мастак Алесь Ксяндзоў. У якасці назвы выбраны найбольш вядомыя радкі песняра – пачатак паэмы “Новая зямля”. Родны кут Якуба Коласа – гэта Стаўбцоўшчына, дарагія сэрцу паэта мясціны – Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Смольня, гэта і родная хата, якая заўсёды чакае з дарогі. Для напісання карціны мастак, відавочна, карыстаўся здымкамі Коласа 1920-х гг. – пісьменнік прадстае перад намі дастаткова маладым, хударлявым чалавекам.
Асоба песняра працягвае натхняць мастакоў і ў ХХІ стагоддзі. Так, у 2007 г. пабачыў свет трыпціх “Якуб Колас” заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Кожуха. Пісьменнік тут паўстае ў незвычайным вобразе, зусім не такім, якім мы прывыклі бачыць яго на старонках падручнікаў. Гэта не сур’ёзны, поўны важнасці прадстаўнік беларускай культуры, не грамадскі дзеяч, не навуковец, а ў першую чаргу – творца, якога мы заспелі акурат у момант натхнення, роздуму, стварэння новых літаратурных радкоў.
У партрэце няма нічога паказнога, вонкава эфектнага, бо мастака прыцягвае ўнутраная сканцэнтраванасць пісьменніка на творчым працэсе. Дзякуючы фантазіі У. Кожуха, мы можам адчуць абаяльнасць жывога класіка.
Адлюстраванне літаратурнага класіка – гэта справа заўсёды пачэсная, прыцягальная, але разам з тым даволі складаная. Партрэты Якуба Коласа са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – гэта не толькі класічныя выявы пісьменніка, што маюць на мэце паказаць усю веліч і моц фігуры песняра, але і, так бы мовіць, нестандартныя, незвычайныя погляды на народнага паэта, якія характарызуюцца нечаканасцю псіхалагічнага вырашэння партрэта, даюць нам магчымасць зірнуць на класіка з іншага боку, адчуць жывую пульсацыю яго натуры.
Настасся Трафімчык – вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь
Больш падрабязна пра вобраз народнага паэта Беларусі Якуба Коласа ў жывапісных творах са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь чытайце ў лістападаўскім нумары часопіса “Роднае слова” .
Часопіс “Роднае слова”