Сонечная карціна. “Першая песенька” Антона Бархаткова (1915-2001)
Да Міжнароднага жаночага дня
Як нараджаюцца шэдэўры? Часам выпадкова, а часам доўга, нават пакутліва. “Першая песенька” Антона Бархаткова – з апошніх, хоць здаецца, што намалявана яна лёгка, на адным дыханні.
Карціна была задумана мастаком як прысвячэнне і знак падзякі сваёй жонцы Соф’і Кузьмінічны Кавалёвай (1919 – 1983), з якой мастак пазнаёміўся, наведваючы ў Маскве сям’ю сябра, які загінуў на фронце. Убачыўшы яго сястру, закахаўся з першага погляду. У 1945 годзе яны пажаніліся.
Соф’я, скончыўшы курс у Маскоўскім інстытуце тэатральнага мастацтва (вучылася ў вядомага тэнара Андрэя Лабінскага) як спявачка аперэты і атрымаўшы размеркаванне ў Омскі тэатр, адмовілася ад кар’еры актрысы дзеля мужа і сям’і. Яна пераехала ўслед за мужам у Мінск і ўсё жыццё працавала настаўніцай музыкі. Спявала на радыё, а пасля нараджэння трох дзяцей музіцыравала дома для сяброў і сваёй сям’і. Мастак вырашыў прысвяціць ёй карціну. Першапачаткова ён намаляваў яе парадны партрэт ля раяля.
Раяль – сямейная рэліквія (было выраблена ўсяго 5 экзэмпляраў) быў падораны яе бацьку, які прабіўся з сялян у дырэктара банка ў Арэнбургу, на яго юбілей рабочымі арэнбургскага завода. Шмат гадоў у сям’і не было сваёй хаты, але з кватэры на кватэру сям’я пераязджала разам з гэтым старадаўнім французскім інструментам, адзіным яе пасагам. Потым мастака, відавочна, натхніў пастановачны фотаздымак жонкі і яе вучаніцы буйным планам, зробленым для нейкай газеты.
Карціна была распачатая ў Мінску ў іх здымнай кватэры. Але паступова задума змянілася. Кардон да гэтага незавершанага палатна ён прывёз на Акадэмічную дачу ў Калінінскую вобласць (былую Цвярскую губернію), дзе на працягу двух месяцаў працягваў сваю работу далей. “Акадэмічка”, як называлі яе мастакі, дзе была завершана карціна, была і домам творчасці, і курсамі павышэння кваліфікацыі, і месцам адпачынку і зносін мастакоў з розных рэспублік. Тут кожны быў і настаўнікам, і вучнем. У ідэальных для таго часу ўмовах мастакі працавалі два месяцы, вынікам чаго павінна быць намалявана карціна, якую прымала аўтарытэтная камісія вядомых маскоўскіх жывапісцаў.
Некалькі мастакоў працавалі ў адной майстэрні, бачылі, як ідзе працэс стварэння карцін кожнага. І калі вобраз і поза настаўніцы былі знойдзены Бархатковым адразу, то над абліччам маленькай вучаніцы прыйшлося памучыцца.
Ён намаляваў некалькі эцюдаў з юных вучаніц сваёй жонкі ў музычнай школе № 5 у Мінску, якая знаходзілася недалёка ад дома мастака на вуліцы Харкаўскай (цяпер Панамарэнка). Але ўсё было не тое, сухавата, непераканаўча.
Мастак паменшыў узрост мадэлі. У выніку за раялем сядзіць 6-7 гадовая дзяўчынка, уважліва ўглядаючыся ў ноты. Яе вобраз доўга не даваўся Антону Бархаткову.
Якраз тут спатрэбіліся яму парады старэйшых, больш вопытных калег, сваіх аднакурснікаў – братоў-жанрыстаў Сяргея і Аляксея Ткачовых (там называлі іх проста “Ткачы”), якія вучылі, як палепшыць і палегчыць кампазіцыю, як надаць свячэнне пейзажу за акном, як насыціць прастору прамяністым паветрам. Мастак з падзякай прымаў усе парады старэйшых калег, якія маглі паправіць нешта ў карціне, прайсціся па ёй пэндзлем.
На першапачатковых эцюдах відаць, што Бархаткоў задумаў зімовы пахмурны пейзаж за акном, але неўзабаве зразумеў, што патрэбна менавіта вясновая сонечная раніца. Верагодна, паслухаўшы парады калег, намаляваў на раялі букецік кветак у празрыстай вазе і насцеж расчыніў акно, змяніўшы тым самым настрой карціны з лірычнага на мажорны.
У коскі дзяўчынкі ўплецены чырвоны банцік. Гэта таксама не выпадкова, прадуманы важны каляровы акцэнт.
Заўважым, што ногі дзяўчынкі не дастаюць да педалей раяля. Яна робіць яшчэ першыя крокі ў музыцы, выконваючы немудрагелістую дзіцячую песеньку, хутчэй за ўсё, са знакамітага ў той час падручніка “Школа ігры на фартэпіяна” пад рэдакцыяй прафесара Маскоўскай кансерваторыі А. Н. Мікалаева, якая змяшчае просценькія народныя песенькі, у лік якіх уваходзіла і беларуская народная “Перапëлачка”. Твар яе засяроджаны, настаўніца (ці мама) рашуча адлічвае такт.
Асаблівы эфект карціне надае краявід за акном, кучавыя воблакі на сінім небе, сонечныя блікі на падлозе. Гэтыя дэталі робяць карціну амаль імпрэсіяністычнай, вельмі свежай. Вядома, гэта маскоўскі варыянт пленэрызму, у духу “Саюза рускіх мастакоў”, які Бархаткоў засвоіў ад сваіх настаўнікаў – Д. Мачальскага і В. Бялыніцкага-Бірулі, і якому вучыўся на Акадэмічнай дачы. Неба за акном, па расказах мастака, доўга не давалася яму, а яно адыгрывае ў карціне вялікую ролю. Антону Бархаткову дапамог парадамі вядомы мастак з Чэбаксар Мікалай Аўчыннікаў. Для неба і краявіду яны доўга падбіралі бялілы – не цынкавыя, а больш цеплыя свінцовыя. Прынцып калектыўнай творчасці на Акадэмічнай дачы пасля быў пацверджаны і братамі Ткачовымі, якія расказалі сыну мастака Ігару Бархаткову многія нюансы ўзаемадапамогі мастакоў.
Па парадзе Ткачовых Антон Бархаткоў замаляваў масіўную кніжную шафу за спіной дзяўчынкі, якая ўцяжарвае інтэр’ер, а жонка мастака параіла яму дабавіць бра, каб запоўніць пустэчу на сцяне. Як асвятляльны прыбор бра было таксама прыметай наладжанага побыту савецкіх людзей.
Карціна атрымалася. Пасля адабрэння вядучымі савецкімі мастакамі на Акадэмічнай дачы работа была прадстаўлена на Усесаюзнай выставе ў Маскве ў лістападзе 1957 года.
У снежні 1957 года карціна была набыта Дзяржаўным мастацкім музеем БССР, яго славутым дырэктарам Аленай Васільеўнай Аладавай. Алена Васільеўна добра ведала Бархаткова па Маскве, калі малады Антон, студэнт Сурыкаўскага інстытута, быў намеснікам дырэктара выставы, прысвечанай 25-годдзю БССР. Гэта была першая набытая музеем карціна 42-гадовага мастака. У 1959 годзе яна пабывала на міжнароднай выстаўцы ў Бухарэсце.
Цікава, што ў кнізе музейных паступленняў за 1957 год карціна была зафіксавана пад назвай “Першыя поспехі”. Але неўзабаве, па сведчанні сына мастака Ігара Бархаткова, майстар змяніў назву на больш нефармальную, лёгкую, запамінальную – “Першая песенька”. Пад гэтай назвай карціна і ўвайшла ў гісторыю беларускага мастацтва.
Карціна дакладна трапіла ў настрой і атмасферу эпохі ранняй “адлігі”, перадаючы радасць мірнага жыцця, шчаслівае дзяцінства. Вядома, у ёй яшчэ адчуваецца інэрцыя перадзвіжніцкага жывапісу, але зусім сышла “буржуазнасць” сюжэта. Гэта сацыялістычны рэалізм, крыху сентыментальны, з чалавечым тварам.
Вядома, карціна адлюстроўвае не тое, што было насамрэч, а тое, як павінна было быць. У гэтым заключаўся асноўны прынцып сацыялістычнага рэалізму, росквіт якога і азначае гэты твор.
Пасля вайны мінула 12 гадоў. Жыццё наладжвалася, адбудоўваліся разбураныя гарады, у Маскве прайшоў Міжнародны фестываль моладзі.
Пасляваеннае пакаленне, чый побыт быў бедны, мела патрэбу ў гэтым вобразе ідэалу – сонечнага пакоя, расчыненага ў сад, і музыкі на старым раялі. Простая бытавая, нават крыху наіўная сцэна сцэна стала для гледачоў камертонам мірнага шчаслівага жыцця, якое наступіла пасля жудасных гадоў вайны.
У пастаянную экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея карціна трапіла толькі ў 2006 годзе, але праз 20 гадоў ужо ўспрымаецца як класіка ХХ стагоддзя. Хоць Бархаткаў быў вядомы як тонкі лірык- пейзажыст, што прынесла яму ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтвай Беларусі, вядомасць яму прынес менавіта гэты жанравы твор.
Ён сам тры разы паўтарыў яе на замову (у адным варыянце «забыўся» напісаць педалі раяля), а ў 1970-м яе капіраваў харкаўскі мастак Анатоль Наседкін (1924 – 1994), з-за чаго ў Расіі часам узнікае блытаніна з аўтарствам. Але гэта толькі лепшае сведчанне народнага прызнання. Як і парафраз з яе на вокладцы дзіцячага часопіса "Вясёлка".
Тэкст і складанне – вядучы навуковы супрацоўнік Надзея Усава.
Вялікая ўдзячнасць за дапамогу мастаку Лаўрэату спецыяльнай прэміі Прэзідента Рэспублікі Беларусь Ігару Бархаткову, Валянціне Вайцэхоўскай, за рэдагаванне – Арцему Лапіцкаму, Кацярыне Анціпавай.
Пры ўдзеле: Кацярыны Урбановіч, спецыяліста па маркетынгу.