“Уладзімір Дамарад. Мастак-ветэран”, прысвечана Дню Перамогі

Прац гэтага бабруйскага мастака, ветэрана вайны ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея было няшмат – усяго пяць.

У 2020 годзе сын мастака, мінскі пейзажыст Сямён Дамарад, падарыў музею яшчэ 14 графічных работ бацькі, якія мы прадстаўляем на гэтай выставе. 

Творчасць Уладзіміра Дамарадаі (1919-2005) непарыўна звязана з Бабруйскам. У яго жывапісных творах адлюстраваны многія падзеі, якія пакінулі след на абліччы горада, захаваны вобразы гараджан. Мастаком створана мноства цікавых твораў у жанрах тэматычнай карціны, часцей за ўсё сюжэтна звязаных з вайной; пейзажа, у тым ліку вобразы індустрыяльнага Бабруйска.

Хлеб партызанам
Хлеб партызанам
Уладзімір Дамарад
  • Папера, акварэль
Дамарад Уладзімір Аляксанлравіч
Дамарад Уладзімір Аляксанлравіч
1919 - 2005

Мастак нарадзіўся ў Бабруйску ў 1919 годзе, калі горад быў заняты польскімі войскамі. Яго alma mater – Віцебскае мастацкае вучылішча. У. Дамараду пашанцавала вучыцца ў такіх выдатных педагогаў, як Л. Лейтман, Ф. Фогт, В. Дзежыц, што стаялі ля вытокаў віцебскай акварэльнай школы. Па завяршэнні навучальнага курса, у 1939 годзе, быў накіраваны ў Бабруйскі калгасна-саўгасны тэатр, дзе ў даваенныя гады ўдзельнічаў у афармленні шэрага спектакляў.

З 1942 года У. Дамарад на фронце. Некаторы час быў снайперам, а пасля ранення пераведзены на камсамольскую работу. Пасля вяртання дадому зноў працаваў мастаком-пастаноўшчыкам, толькі ўжо ў Рускім тэатры Бабруйскай вобласці. Яшчэ адна старонка біяграфіі мастака – праца ў краязнаўчым музеі. У. Дамарад займаў пасаду захавальніка фондаў.

У красавіку 1948 года член Саюза мастакоў А. Астроўскі і У. Дамарад, які быў у той час кандыдатам у члены Саюза, сталі прадстаўнікамі мастакоў Бабруйскай вобласці на II з’ездзе Саюза мастакоў БССР, а затым займаліся стварэннем Таварыства мастакоў Бабруйскай вобласці – абласной секцыі Саюза. 

Мастакі-ветэраны
Мастакі-ветэраны
  • У цэнтры У.Дамарад

У. Дамарад актыўна дэманстраваў свае працы на шматлікіх выставах. Значную ўвагу гледачоў і крытыкі прыцягнула да сябе праца алеем “Ускладанне вянкоў на магілу Бахарава” – найбольшы творчы поспех мастака ў пасляваенныя гады. У той перыяд стварэнне вялікіх тэматычных карцін патрыятычнага зместу было агульнай тэндэнцыяй савецкага мастацтва, і У. Дамарад не застаецца ў баку ад гэтага працэсу. Карціна была паказана на Рэспубліканскай выставе 1953 года. Апошні раз яна выстаўлялася ў Цэнтральным Доме афіцэраў у Мінску ў 1953 годзе. Хутчэй за ўсё, была перададзена ў клуб вайсковай часці.

У першыя пятнаццаць пасляваенных гадоў У. Дамарад працуе ў розных тэхніках, аднак да канца 1950-х гадоў у яго творчасці прыкметна пераважае акварэль.

1960-я гады ў мастацкім жыцці Бабруйска мы разглядаем як новы самастойны перыяд, які атрымаў свой “твар”, у першую чаргу за кошт прытоку ў горад маладых сіл. Новыя мастакі паступова, крок за крокам, адціскалі сваіх старэйшых калег.

І толькі працы У. Дамарада сістэматычна працягвалі адзначаць на выставах журналісты і мастацкія крытыкі. Неабходна аддаць мастаку належнае. Ён здолеў прачуць “новы час”, адрэагаваць на яго. Мастак здабыў важны складнік сваёй творчасці, які спрыяў фарміраванню яго індывідуальнасці. Менавіта ў 1960-я гады віды Бабруйска, што адбудоўваўся, выкананыя ў акварэльнай тэхніцы ўжо сталага майстра, становяцца яго асноўнай тэмай на працяглы перыяд. Гэта найбольш распазнавальная частка творчасці і своеасаблівая візітная картка У. Дамарада.

Падлужжа
Падлужжа
Уладзімір Дамарад
  • 1967
  • Папера, акварэль

У 1969 годзе адбылася першая персанальная выстава, прымеркаваная да 50-годдзя мастака. Індустрыяльныя пейзажы Бабруйска дамінавалі ў экспазіцыі. Абраная тэма паказвала аўтара гледачу як летапісца, знаўцу гісторыі і мастака з выяўленым лагічным мысленнем. Індустрыяльныя пейзажы дэманструюць упэўнены прафесіяналізм, прытрымліванне традыцый віцебскай акварэльнай школы.

Бабруйская прыстань
Бабруйская прыстань
Уладзімір Дамарад
  • 1973
  • Папера, акварэль
Бабруйск. Новая прыстань
Бабруйск. Новая прыстань
Уладзімір Дамарад
  • 1971
  • Папера, акварэль
Прайсці налева
Прайсці направа

Маляўнічая гісторыя некаторых бабруйскіх прадпрыемстваў часта пачынаецца з пейзажаў з экскаватарамі і самазваламі на пустках, з закладаннем заводскіх карпусоў, з доўгімі комінамі кацельняў, з рэйкавымі пуцямі. Так ствараліся шынны камбінат, ЦЭЦ-2, машынабудаўнічы завод імя Леніна...

Асаблівую перавагу мастак аддаваў малюнкам прыстані з яе невялікімі судамі і баржамі, партовымі кранамі, з гарамі пяску і бярвення і заўсёды спакойнай роўняддзю ракі, якая пералівалася ўсімі фарбамі, як люстэрка, дзе адбіваліся світанкі і захад сонца з незлічонымі адценнямі вясны, лета і восені. Прыгажуня Бярэзіна ў яго карцінах паўстае нястомнай працаўніцай, што нясе сваімі водамі незлічоную колькасць плытоў да лесакамбіната, якому таксама прысвечана мноства работ. Мастак з уласцівай яму дбайнасцю і фатаграфічнай дакладнасцю малюе працэсы падачы лесу ў перапрацоўчыя цэхі.

Разліў на Бярэзіне
Разліў на Бярэзіне
Уладзімір Дамарад
  • 1968
  • Папера, акварэль

Творчыя перавагі У. Дамарада складваліся на працягу доўгага часу. Відаць, як фарміравалася яго індывідуальнасць, як ён знаходзіў сваю пазнавальную манеру. У тэматычных карцінах, у індустрыяльных пейзажах мы бачым мастака, які працуе ў стылявых рамках свайго часу. Гэта не аднасеансныя эцюды, а складаныя па кампазіцыі і тэхніцы выканання пейзажы-настроі.

Восень пад Бабруйскам
Восень пад Бабруйскам
Уладзімір Дамарад
  • 1998
  • Папера, акварэль (Дар Сямёна Дамарада)

У гэтых працах вылучаецца асабліва кранальнае стаўленне мастака да прастораў роднай Бабруйшчыны, захапленне дзівоснымі куткамі першароднай прыроды, відамі Бярэзіны з бязмежнымі паплавамі, прытокамі, азёрамі і старыцамі.

На рацэ Пціч
На рацэ Пціч
Уладзімір Дамарад
  • 1988
  • Папера, акварэль (Дар Сямёна Дамарада)

Работы выкананы з тыповай для У. Дамарада пастэльнай пяшчотай. Пейзажы Бабруйшчыны – гэта Радзіма, дарагія сэрцу мясціны, з чым звязана ўсё жыццё мастака, яны абуджаюць у душы святло і мяккасць, якія ён пераносіць у творы.

Нельга не сказаць пра дзіўную працаздольнасць майстра. З году ў год, з дня ў дзень да самага канца свайго жыцця мастак прыходзіў у майстэрню і працаваў. А вынікам упартай працы былі рэгулярныя персанальныя выставы, што праходзілі практычна кожныя пяць гадоў. 

Добры ўлоў
Добры ўлоў
Уладзімір Дамарад
  • 1987
  • Папера, акварэль (Дар Сямёна Дамарада)

Творчасць У. Дамарада – гэта доўгі шлях мастака, пройдзены са сваёй краінай, яе культурай, традыцыямі і ідэалогіяй. У шматлікіх карцінах бачна адлюстраванне гэтага шляху, жыццё Айчыны як у трагічныя перыяды, так і ў гады аднаўлення і развіцця эканомікі, для нашчадкаў захаваны вобразы людзей блізкіх і далёкіх, адкрыта прыгажосць і лірычнасць роднай прыроды. Незвычайны выбар мастаком асноўнай тэмы сваёй творчасці – індустрыялізацыя роднага горада. І напрыканцы дзесяцігоддзяў яго працы не толькі захавалі мастацкія вартасці, але і набылі гістарычную каштоўнасць, стаўшы маляўнічым сведчаннем прамысловага станаўлення роднага горада.

Ферма Малыя Баранікі
Ферма Малыя Баранікі
Уладзімір Дамарад
  • 1969
  • Папера, фламастар (Дар Сямёна Дамарада)

Тэкст Генадзя Благуціна
Бабруйскі мастацкі музей

 

З артыкула “Індустрыялізацыя Бабруйска ў творчасці Уладзіміра Дамарада”, Няфёдаўскія чытанні, 2020

  • Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні