Вангогісты Гаген

Архіў 2020

Патрыярх беларускага авангарда, дзядуля мінскага андэграўнду, парушальнік спакою, падзвіжнік дзіцячай творчасці, выдатная асоба 1970–1990-х гадоў… Усе гэтыя словы часцей за ўсё выкарыстоўваюць мастцтвазнаўцы і журналісты для характарыстыкі Віталя Чарнабрысава.
Аўтапартрэт
Аўтапартрэт
Віталь Чарнабрысаў
  • 1957
  • Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

З імем Чарнабрысава звязваюць нараджэнне альтэрнатыўнага руху ў Мінску і Беларусі ў канцы 1960-х гадоў. Воляй лёсу і незалежна ад свайго жадання ён, маргінальны мастак-самавук, стаў асобай гістарычнай у развіцці мастацкага жыцця ў Мінску. Адданны ідэалам “вольнага мастацтва”, ён даказаў гэта ўкладам свайго жыцця: для яго гэта не “ранні перыяд”, не гульні маладосці, а рэальны, свядома абраны нялёгкі лёс. У гэтым сэнсе ён, безумоўна, першы чысты і паслядоўны прадстаўнік андэграўнда – фанатык-адзіночка, дзівак-стоік, пачынальнік і каталізатар нетрадыцыйнага мастацкага руху на Беларусі ў часы хрушчоўскай адлігі ў канцы 1960-х і пачатку 1970-х гадоў. Год, праведзены ў Каўнасе ў тэхнікуме прыкладнога мастацтва імя Жукаса (1966), толькі ўмацаваў жаданне працаваць самастойна. 1967 год стаў пачаткам самастойнай творчасці. У 1968 годзе ён упершыню павёз свае творы на гэтак званую кватэрную выставу ў Ленінград – сталіцу андэграўнда. Піцер прыняў Чарнабрысава, мастака-самавука, як роўнага і дастойнага і назаўсёды пазбавіў яго комплексу непаўнавартасці аматара. Пытанне мастацкай адукацыі ніколі не ставілася ў андэграундзе на першы план. Ацэньвалі перш за ўсе мастацкую асобнасць і арыгінальнасць. “Карціны Чарнабрысава пахнуць зямлёй і агародам, чаго ў піцерскім мастацтве даўно няма”, – напісаў у каталогу яго сябра, пецярбургскі мастак і мастацтвазнаўца Міхаіл Іваноў.

Амаль два дзесяцігоддзі ён жыў на два гарады – Мінск і Ленінград, тры-чатыры разы на год ездзіў туды да сяброў-мастакоў. Функцыі гарадоў выразна дзяліліся: Піцер – горад творчых зносін і натхнення, Мінск – працы і самаадукацыі, пасля – “горад, для якога я нешта зрабіў”. Увесь гэты час Чарнабрысаў быў сувязным паміж піцерскім і мінскім авангардам. Там упершыню прапанавалі выставу ў музеі Фёдара Дастаеўскага, калекцыянеры пачалі набываць яго творы па 25–30 савецкіх рублёў за палатно (эцюд Канстанціна Сомава ў піцерскім антыкварыяце каштаваў тады 40 рублёў). Тым не менш у Мінску як мастака яго ведалі толькі блізкія сябры – Кірушчанка, Хобатаў, Маціевіч, Арцімовіч, Давідзенка, Хмызнікаў, якія былі частымі гасцямі ў двухпакаёўцы на вуліцы Якуба Коласа (цяпер – Лагойскі тракт), дзе заўсёды, карыстаючыся цярплівасцю інтэлігентных бацькоў, “таўклася” мастацкая тусоўка. Ён, як магніт, прыцягваў маладых мастакоў, выконваў для іх ролю своеасаблівага “гуру”. Вабіла цэласнаць яго жыццёвай праграмы: ён не спакушаўся на прынады афіцыёзу – грошы, кар’еру, славу. Да грошай увогуле адносіўся як дасродку “маментальнага “кайфу” і ўмудраўся жыць пры мінімальнай іх колькасці. Для астатніх ён быў хутчэй не мастаком, а фанатыкам-ідэолагам дзіцячай творчасці, прапагандыстам яскравага дзіцячага фармалізму.

Яшчэ ў 1968 годзе Віталь пачаў весці дзіцячую студыю пры ЖЭСе Савецкага раёна. Дзеці для яго – самыя таленавітыя мастакі, якія стаяць побач з любімымі Пікаса, Руо, Клее: “Якая розніца, колькі каму гадоў – 4 ці 80, калі ўсе мы – мастакі”. Чарнабрысаў вучыў без ціску на дзіця на лепшых прыкладах народнага мастацтва. Сёння – гэта вядомыя ісціны, тады гэтыя прынцыпы былі наватарскім эксперыментам.

К канцу 1990-х Чарнабрысаў цалкам адпавядаў уяўленню аб “мастаку сутарэнняў”: працаваў начным ахоўнікам, пажарным у Мастацкім музеі, потым дворнікам у Палацы мастацтваў. У мастацкае жыццё ўвайшоў як адзін з заснавальнікаў “БЛО” (кіраўнік Артур Клінаў) – мастацкага аб’яднання, якое яскрава прамільгнула ў Мінску ў 1980-х гадах. “Віталь добра ўмеў устаўляць мазгі: пад яго ўплывам я нават змяніў свой жанр, ад нефігуратыўнага мастацтва перайшоў да жывапісу, сэнсу”, – гаворыць мастак Артур Клінаў. У 1980-я меў устойлівую рэпутацыю адыёзнай фігуры – удзельніка тайных піцерскіх багемных тусовак, авагардыста і хіпі. Дапамагалі гэтаму ўяўленню касцюмы ў стылі “мілітары” колеру хакі, якія ён закупляў адразу некалькі і насіў доўгія гады (зручная ўніформа піцерскага аб’яднання маладых мастакоў “Міцькі”), заплечнік, набіты кніжкамі.

Начны порт (Памяці Аляксандра Грына)
Начны порт (Памяці Аляксандра Грына)
Віталь Чарнабрысаў
  • 2017

Зараз пра Віталя Чарнабрысава здымаюцца фільмы, тэлевізійныя перадачы, наладжваюцца яго выставы, выходзяць кнігі, ёсць артыкул у Вікіпедыі. Шмат мінскіх калекцыянераў маюць яго творы. У 2010 годзе прайшла першая яго персанальная выстава ў галерэі “Вільнюс”, затым галерэі Л. Шчамялеёва, “Ў”. Аднак вялікай персанальнай выставы ў музеі мастак так і не меў.

Гэта віртуальная выстаўка пакажа гледачу некаторыя з 27 твораў, што ён падараваў музею, у якім працаваў амаль 23 гады, яшчэ з часоў легендарнай Аладавай. Ездзіў у экспедыцыі па Беларусі, выконваў незлічоную мужчынскую працу, якой хапае ў музеі: грузіў, вешаў карціны, цягаў скульптуру… І чытаў кнігі па мастацтве, аналізаваў выставы. Дарэчы, Аладава аднойчы вызвала яго і вырашыла “прадзвінуць” – прапанавала паступаць у “Рэпінку” – Акадэмію мастацтваў у Ленінградзе. Віталь быў сур’ёзна напалоханы і неяк жартам адгаварыўся: “Мне гэта непатрэбна...”. І вось дачакаўся часу, калі стаў экпанентам музея, аб чым, напэўна, у маладосці і не марыў…

Манера яго жывапісу вызначылася адразу і не мянялася дзесяцігоддзямі. Экзатычна-вобразны тэатральны свет карцін Чарнабрысава сонечны, цёплы і іранічны, як мудрая народная казка. Ён населены вольнымі цыганамі, якія крадуць коней і нават месяц з неба; жыццярадаснымі цыганкамі; тоўстымі гетманамі з булавамі і маленькімі актрысамі-лялькамі ў пышных крыналінх з веерамі і чырвонымі ружамі; аголенымі вяселымі Пенелопамі, якія ляжаць у чаканні Адысея. Але ёсць і адваротны бок: бязногія інваліды ў самаробных калясах; маленькія людзі ў хісткіх лодках, якія з адчаем змагаюцца з жахлівымі хвалямі акіяна; старыя з палкамі (гэта тэма апошняга часу, калі самому яму стала цяжка хадзіць з-за траўмы нагі). Раўнавага свету.

Цыганка з майго табара
Цыганка з майго табара
Віталь Чарнабрысаў
  • 2014
  • Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Кожны сюжэт, тэма маюць бясконцыя варыяцыі – серыі, цыклы, сюіты твораў – лепшыя ці горшыя ў залежнасці ад настрою мастака. Карнавальнасць, тэатральны пачатак творчасці Чарнабрысава ідуць ад захаплення Пікаса; бясконцае самакатаванне пераробкамі і паляпшэннямі – ад любімага Руо. Дух іроніі і самапародыі пранізвае творчасць Чарнабрысава. Тут ён выступае тыповым рамантыкам і адначасова інсітным мастаком. Як і народныя прымітывісты часта ўжывае ў жывапісе малярныя фарбы і сланечнікавы алей (які ў безграшоўе быў ежай). 

Нацюрморт з рыбай
Нацюрморт з рыбай
Віталь Чарнабрысаў
  • 2015
  • Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Часта маляваў паверх купленых танных рэпрадукый у залачоных рамах, не надаючы ўвагі плямам ад фарбаў на раме – тыповая брутальная эстэтыка майстроў андэграўнда як рэакцыя на залакіраванае афіцыйнае мастацтва музеяў. Ад прымітыву, лубка ідуць і шматлікія заклікі – тэкставыя надпісы на яго карцінах:“ Не біце птушак!”, “Хутчэй лейся, лёгкае алегра!”.

Незлічоная серыя яго аўтапартрэтаў (больш за 300) – залатаносная жыла Чарнабрысава. Яны вылучаюцца асаблівай энэргетыкай і з’яўляюцца маніфестам творцы, самапаглыбленнем у розныя станы душы: “Аўтапартрэт с Сакратам і птушкай”, “Аўтапартрэт у вобразе цыгана”, “Аўтапартрэт з анёлам, які трубіць”, “Атурэчаны аўтапартрэт”…

Аўтапартрэт
Аўтапартрэт
Віталь Чарнабрысаў
  • 2000
  • Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Гарачы, напружаны, крыху скошаны позірк. Чорныя плямы пад вачыма. Нязменная “беламорына” ў роце. Патрабавальнасць да свету. Неўтаймаваная сіла і энергія. Для яго аўтапартрэт – і нарцысава люстэрка, і маскарад, і споведзь, і мара, і проста штодзённы экзерсіс, каб падтрымаць форму, – універсальны жанр на ўсе выпадкі жыцця. Чарнабрысаў – моцны каларыст. Часам яго аўтапартрэты набліжаюцца да знакамітых суцінскіх: той жа гратэск, цяга да жорсткага самапазнання.

Жывапіс Чарнабрысава, дынамічны, пастозны, пластычны, злеплены з густога, смачнага шматфарбавага рэчыва, вызначаюць як экспрэсіяністычны. “Я – вангогісты Гаген!”, – неяк сказаў ён пра сябе. Сам працэс напісання для яго – доўгая, часам пакутлівая праца: “Я доўга раблю карцінкі. Яны ў мяне адстойваюцца… Пакруціш у розным асвятленні – можна лепш зрабіць, хай яшчэ пачакае”.

Гэта было... тады...
Гэта было... тады...
Віталь Чарнабрысаў
  • 1976 - 2018

Такога жа няспешнага, асцярожнага падыходу патрабуе і праца з камянямі: “Камень хацелася рэзаць з дзяцінства. Я ж у Цянь-Шанях (у Фрунзе – Н. У.) нарадзіўся, а горы – вялікая справа”. Чарнабрысаў працуе толькі з цвёрдымі пародамі – гранітам, базальтам, кавалкамі мармуру. Адносіны з цвёрдым матэрыялам успрымае як сапраўднае адзінаборства: “Трэба папрацаваць, паўдзяўбаць яго, тады ён пачынае прыгажосць аддаваць.” Матэрыял шукае паўсюль і знаходзіць як грыбы: “Ідзеш па горадзе і збіраеш у мяшок… Асабліва яны прыгожыя пасля дажджу, яны тады больш характэрнымі робяцца”.

Камяні Чарнабрысава – гэта гульня асацыяцый, культуралагічных адсылак і намёкаў. Лаканічнымі дэталямі ён можа ўвасобіць стылі мінулага. Пры ўсёй прастаце іх патаемны сэнс зразумелы не ўсім, а толькі пасвячоным – аматарам старажытнага мастацтва. Чарнабрысаў фактычна становіцца сааўтарам прыроды і ператварае камяні ў своеасаблівыя “архаізмы” – архетыпы старажытных цывілізацый. Перад тым, як увасобіць у камяні вобраз, мастак доўга прыглядаецца да яго, круціць у руках, вызначаючы затоеную ў ім культурную прынадлежнасць. Затым – мінімальная апрацоўка толькі ўручную. Пазбаўленне ад лішняга. Пасля доўгай карпатлівай работы з’яўляюцца лікі – паганскія, асірыйскія, егіпецкія…

Рапсод
Рапсод
Віталь Чарнабрысаў
  • 1976
  • Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Вялікія камяні Чарнабрысаў апрацоўвае і ставіць усюды, дзе да іх праявяць цікавасць, маленькія – раздае знаёмым, каб захаваліся. Так паступова з’явіліся “сады камянёў” Чарнабрысава ў Гомелі, Дзяржынску, Смілавічах. Чарнабрысаў увогуле лёгка развітваецца з творамі, не шкадуе іх для падарункаў, асабліва для музеяў.

Торс
Торс
Віталь Чарнабрысаў
  • 2006
  • Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Бібліятэцы Мастацкага падаравана безліч рэдкіх кніг, у тым ліку і дарэвалюцыйных, Гомельскаму музею – графіка.

Чарнабрысаў-графік ужывае найпрасцешыя матэрыялы – тушь, пяро. Рука бегае па паперы хутка, беспамылкова, як бы гуляючы, як рэакцыя на пакутлівы працэс у скульптуры. Ад малюнкаў Віталя ідзе хваля жыццярадаснасці, маладой энэргіі і непасрэднасці, адчування жыцця як свята.

У бацькі грошы ёсць, а ён іх хавае ад дачкі... (Серыя "Вышыванкі")
У бацькі грошы ёсць, а ён іх хавае ад дачкі... (Серыя "Вышыванкі")
Віталь Чарнабрысаў
  • 2018
  • Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

“Ён адзін з нямногіх, хто жыў так, як хацеў”, – гавораць пра яго цяпер сябры. Мала знойдзецца мастакоў у Мінску, якія так ці іначай не адчулі б яго ўплыву… Іншая справа, што яго зорны час прыпаў на перыяд, калі ён вымушаны быць у грамадскім загоне. Але на самай справе ён быў і застаецца адной з цікавейшых асоб горада, а яго кватэра-майстэрня, у якой застыў час, – своеасаблівым музеем мінскага нонканфармізму. 

Нестар-летапісец
Нестар-летапісец
Віталь Чарнабрысаў
  • 2000
  • Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Сёння творы Чарнабрысава ёсць у многіх мінскіх дзяржаўных і прыватных зборах, асабліва якасныя – у зборах мастакоў Андрэя Плясанава і Ганны Балаш, якія даўно пачалі збіраць іх. Аднойчы наведалі майстэрню Ганны Балаш са старэйшай супрацоўніцай маскоўскага Дзяржаўнага музея імя А.С. Пушкіна І.Т. Нярсесавай, якую ўразілі яго карціны. “Ён сапраўдны геній, ён застанецца”, – прадракла яна.

Узыходзячае сонца
Узыходзячае сонца
Віталь Чарнабрысаў
  • 2008
  • Каля школы № 1 у Смілавічах

 

 

 

Надзея Усава – вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкга музея

Паводле артыкула ў часопісе “Мастацтва”, 1997, № 12

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30