Паважаны Уладзімір Іванавіч!
Ад імя калектыву Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і ад сябе асабіста сардэчна віншую Вас з 70-годдзем з дня нараджэння і адкрыццём юбілейнай персанальнай выставы “Пад знакам бясконцасці”, прысвечанай 25-годдзю Вашай дырэктарскай дзейнасці!
Чвэрць стагоддзя, 25 гадоў Вашага жыцця, непарыўна звязаны з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і яго развіццём. За гэты час рэканструяваны і пераўтвораны ў сучасныя выставачныя прасторы філіялы музея ў Магілёве і Раўбічах. Значна пашыраны межы вядомасці музея: з вялікім поспехам былі праведзены выставы ў Траццякоўскай галерэі і Расійскай акадэміі мастацтваў, музеях Ватыкана, Музеі Эль Грэка ў Таледа, у музеях Венгрыі, Ліхтэнштэйна і Кітайскай Народнай Рэспублікі. Дзякуючы Вашай ініцыятыве музей шчодра паказваў свае калекцыі на выставах у многіх музеях Расіі і Беларусі. І нарэшце, Вы самі стварылі Карцінную галерэю з карцін-падарункаў вядомых беларускіх мастакоў на сваёй малой радзіме – у Добрушы.
За гады Вашага кіраўніцтва фонды музея папоўніліся 15 тысячамі экспанатаў, у тым ліку ўнікальнымі – слуцкімі паясамі, саламянымі царскімі варотамі, калекцыяй абразоў, творамі народных мастакоў Беларусі і мастакоў Парыжскай школы. Неаднаразова музей станавіўся пераможцам конкурснай праграмы Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі” ў розных намінацыях, а музейнай супольнасцю Вы былі прызнаны лепшым кіраўніком музея ў рэспубліцы.
За гады Вашага кіраўніцтва музей заўсёды знаходзіўся ў пошуках новых творчых ідэй – выдавецкіх, мультымедыйных і інклюзіўных, якія абавязкова станавіліся паспяховымі праектамі; захоўваліся традыцыі, што назапашваліся гадамі; музей стаў пунктам прыцягнення для ўсіх аматараў высокага мастацтва. Дзякуючы Вашай нястомнай энергіі і арганізаванай рабоце, адказнасці і высокаму прафесіяналізму музей стаў гонарам усяго культурнага жыцця краіны, запатрабаваным турыстычным аб’ектам, аўтарытэтным цэнтрам навуковай думкі рэспублікі.
Шаноўны Уладзімір Іванавіч, прыміце нашы шчырыя віншаванні і пажаданні моцнага здароўя, невычэрпнага натхнення, новых творчых праектаў і перамог!
З павагай,
Генеральны дырэктар
Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь
Г.У. Конанава
8 жніўня 2023 г.
г. Мінск