У 1998 годзе яе з Акадэміі навук як адзінага ў Беларусі даследчыка, спецыяліста па графіцы 1920–1930-х гадоў запрасіў у музей дырэктар Уладзімір Іванавіч Пракапцоў. У 1997 годзе яна абараніла дысертацыю ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі “Мастацкае жыццё Беларусі. 1917–1932. Плакат, часопісная і газетная графіка”, сабраўшы ўнікальны і нікому невядомы матэрыял, які ўвайшоў у адпаведныя раздзелы 6-томнай “Гісторыі беларускага мастацтва”, выдадзенай у 1990-х гадах. Л. Д. Налівайка выявіла шматлікія прыклады “маладнякоўскай графікі”, агітацыйнага плаката (больш за 100 экзэмпляраў беларускага плаката ў расійскіх архівах), склала хронікі мастацкага жыцця Мінска, Гомеля, Віцебска, Смаленска, Вільні ў 1917–1991 гг. Яна была адказнай у музеі за вывучэнне вялізнага фонду беларускай тыражнай графікі ХХ стагоддзя, які налічваў тысячы твораў. У шырокае кола яе навуковых інтарэсаў уваходзіла вывучэнне экслібрысаў эпохі СССР, калекцыя якіх у нашым музеі вялізная – звыш 15-ці тысяч адзінак захоўвання, а таксама графікі мастакоў 1920–1930-х гадоў, біяграфіі якіх былі малавядомыя. Менавіта яна ўвяла ў навуковы зварот творчасць вядомых графікаў Паўла Гуткоўскага, Уладзіслава Стржэмінскага, Аляксандра Ахола-Вало, Мікалая Тарасікава.
За час працы ў музеі Людміла Дзмітрыеўна прыняла ўдзел у 12 навуковых канферэнцыях, падрыхтавала больш за 10 выстаў, напісала 120 артыкулаў, папоўніўшы і без таго вялізны спіс сваёй навуковай і навукова-папулярнай бібліяграфіі, які пры ўсім жаданні немагчыма апублікаваць, паколькі ён займае 40 старонак тэксту – цэлую брашуру. Яе артыкулы рэгулярна з’яўляліся ў часопісах “Мастацтва Беларусі”, “Роднае слова”, газетах “Літаратура і мастацтва”, “Культура”, “Вячэрні Мінск” і інш. Даволі часта Лідміла Дзмітрыеўна была ў супрацоўніцтве з былым выкладчыкам БТМІ, мастаком Яўгенам Феліксавічам Шунейкам, з якім сябравала да апошніх гадоў свайго жыцця. Многія гады была асабіста знаёма з доктарам мастацтвазнаўства Л. М. Дробавым, дапамагла апрацаваць яго бясцэнны архіў, перададзены ў 2008 годзе ўдавой у Нацыянальны мастацкі музей.
Людміла Дзмітрыеўна аддавала сябе працы спаўна, была, нягледзячы на праблемы са здароўем, надзвычай мабільнай, горача захопленай, адкрываючы ўсё новыя звесткі аб малавядомых мастаках, шчодра дзелячыся сваімі ведамі з калегамі. Прыкладам можа служыць адкрыты ёю арыгінальны феномен – мастак Аляксандр Ахола-Вало, фін па нацыянальнасці, які ў 1920-я гады працаваў у Мінску. Людміле Дзмітрыеўне ўдалося з’ездзіць да яго ў Фінляндыю па гранце Інстытута Расіі і Заходняй Еўропы ў г. Хельсінкі ў двухтыднёвую навуковую камандзіроўку і запрасіць ужо 90-гадовага майстра прыехаць у Мінск, пасяліўшы яго ў сябе ў кватэры ў Шабанах. Пра свае прыгоды ў Фінляндыі і зносінах з мастаком, якога многія лічылі фантазёрам, містыкам, чалавекам “не ад гэтага свету”, яна любіла з непараўнальным гумарам расказваць калегам. Сабраныя матэрыялы аб жыцці і творчасці майстра Л. Д. Налівайка перадала Цэнтру сучаснага мастацтва ў Віцебску.
Яе доўгачасовай і, на жаль, няздзейсненай марай было выданне альбома твораў Аляксандра Ахола-Вало, а таксама пераклад і выданне ў Беларусі яго навуковай містычнай працы, што, відавочна, стане задачай наступнага пакалення даследчыкаў. Іншай няздзейсненай справай быў збор архіва і адкрыццё для беларусаў імя выбітнага графіка Анатоля Мікалаевіча Тычыны, з жонкай якога яна сябравала. Людміла Дзмітрыеўна напісала некалькі артыкулаў і выдала альбом “Мой Мінск”, што прысвечаны творчасці Тычыны і адлюстроўвае яго паўвекавую працу над выявай Мінска. Сам мастак беспаспяхова дабіваўся і не змог зрабіць гэта пры жыцці. Марай Людмілы Дзмітрыеўны Налівайка было стварэнне каталога экслібрысаў Беларусі 1920–1930-х гадоў з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея нашай краіны. Яна толькі пачала карпатлівую працу, актыўна займаючыся прапагандай гэтага выміраючага жанру графікі, правёўшы некалькі выстаў экслібрыса ў музеі ў пачатку 2000-х.
Род Людмілы Дзмітрыеўна Налівайка паходзіць з Заходняй Беларусі. Яна нарадзілася ў Гродне ў 1940 годзе напярэдадні Другой сусветнай вайны ў сям’і былога дырэктара школы ў Беластоку, які ў 1939 годзе з сям’ёй пераехаў у Гродна. Усё дзяцінства і юнацтва Людмілы Дзмітрыеўны прайшлі ў гэтым горадзе, дзе яна, мастак пры Абласным драматычным тэатры, затым педагог адной са школ, пазнаёмілася з журналістам “Гродзенскай праўды” Васілём Быкавым і падтрымлівала сяброўскія адносіны з ім усё жыццё.
У 1963 годзе Людміла Дзмітрыеўна скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, у 1978–1984 гадах працавала і вучылася ў аспірантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. Як мастак удзельнічала ў дзвюх Усесаюзных і дзесяці рэспубліканскіх выставах; дзве яе графічныя работы – лінагравюра “Гродна” і акварэль “Інтэр’ер” – знаходзяцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Апошнія гады жыцця, ужо будучы на пенсіі, яна займалася роспісам па батыку, арганізоўвала шматлікія выставы ў сваім мікрараёне Шабаны, вяла ў мясцовай бібліятэцы гурток малявання, чытала лекцыі.
Светлая памяць аб светлым чалавеку застанецца
ў сэрцах яе калег, у гісторыі музея.