Армейскі цыкл Міхаіла Рагалевіча

Да Дня абаронцы Айчыны

Гэта невялікая віртуальная выстава, прысвечаная Дню абаронцы Айчыны, складаецца ўсяго з трох карцін выбітнага беларускага мастака Міхаіла Рагалевіча (1932–2010) і адной сямейнай фатаграфіі. Усе яны датуюцца 1980-мі гадамі ХХ стагоддзя.

Карціны належаць пэндзлю мастака, самабытнага па манеры пісьма і цікавага ўласным арыгінальным пераасэнсаваннем глабальнага свету праз пэўную няпростую гісторыю жыцця сваёй сям’і. У кожнай з яго карцін сучаснікі беспамылкова пазнавалі сябе. З наіўнасцю і цеплынёй народнага майстра Рагалевіч надае канкрэтным падзеям з жыцця сваёй сям’і характар народнага эпасу.

Сям’я для Рагалевіча была безумоўнай каштоўнасцю. Закаханасць, вяселле, нараджэнне і выхаванне дзяцей, іх сталенне, трагічны лёс бацькоў, уласныя ўспаміны аб дзяцінстве, адлюстраваныя ім у канкрэтных абставінах канкрэтнага пейзажа, горада і краіны, не становяцца тым не менш бытавымі або жанравымі карцінамі, а набываюць функцыю філасофскай рэфлексіі і абагульнення як асноўныя моманты чалавечага быцця, якое адлюстроўваецца з амаль біблейскім спакоем і мернасцю.

Такі і яго цыкл з трох карцін – прысвячэнне сыну-салдату: “Праводзіны ў армію” (1983, інтэрнэт-музей “Вытокі Нёмана. Уздзеншчына. Уздзенскі гісторыка-краязнаўчы музей”), “У вольную хвіліну” (1983, прыватны збор), “Наведванне” (1984, НММ РБ). Сына Вікенція мастак піша пачынаючы з яго нараджэння – немаўлём на руках маці, хлопчыкам, падлеткам. Гэта вельмі асабістыя лірычныя палотны, выкананыя з бацькоўскай пяшчотай, яркімі фарбамі, плаўнымі лініямі контуру фігур і падкрэслена мілавіднымі рысамі твараў, у якіх ёсць нешта няўлоўна паэтычнае ад вытанчаных персанажаў Амедэа Мадзільяні і мудрай прастаты, і наіўнасці народнага майстра.

Армейскі цыкл – сага аб пасталелым сыне – напісаны ў розны час і ўжо пасля заканчэння службы 18-гадовага Вікенція ў Савецкай арміі, якую ён праходзіў з 1981 па 1983 год. Карціны складаюць своеасаблівы трыпціх, хаця такім фармальна не з’яўляюцца.

Праводзіны ў армію
Праводзіны ў армію
Міхаіл Рагалевіч
  • 1983
  • Інтэрнэт-музей “Вытокі Нёмана. Уздзеншчына. Уздзенскі гісторыка-краязнаўчы музей”

Першая з напісаных карцін гэтага своеасаблівага трыпціха адлюстроўвае праводзіны ў армію, прычым з вядомым мінскім пейзажам і дэталямі побыту тых гадоў. Паказана плошча Мінска перад праваслаўным Свята-Духавым кафедральным саборам, тут побач знаходзіўся гарадскі ваенкамат. Бацькі і малодшая сястра Людміла ў вясновы дзень адпраўляюць сына і брата ў армію. Іх фігуры выглядаюць выразна і манументальна на фоне высокага сіняга неба.

Служба ў арміі заўсёды ўспрымалася як патрыятычны абавязак любога маладога чалавека, неабходны этап на шляху да мужчынскай сталасці, набыцця новага досведу, пераадолення фізічных выпрабаванняў. Коратка стрыжаны, у джынсах, з заплечнікам, юнак прымае апошнія настаўленні і бацькоўскі поціск рукі. У карціне шмат рэальных дэталяў: побач ужо чакае з брызентавым полагам грузавік, які павязе навабранцаў; салдат рапартуе камандзіру аб гатоўнасці ехаць. З аповеда сястры вядома, што яе брат пачаў службу ў Нясвіжы, у вучэбнай часці войскаў сувязі.

Найбольш лірычнай з’яўляецца карціна, якая паказвае кранальны вобраз маладога салдата ў акопе, які на каленях піша ліст маці. Побач на зямлі ляжыць букецік рамонкаў і валошкаў, відавочна, сабраны салдатам у полі. Гэтая дэталь ізноў паказвае непарыўную ўяўную сувязь сям’і падчас расстання.

У вольную хвіліну
У вольную хвіліну
Міхаіл Рагалевіч
  • 1983
  • Прыватны збор, Мінск

Пасля прыняцця прысягі салдат і іх бацькоў, што прысутнічалі на гэтым важным мерапрыемстве, адпускалі ў горад у аднадзённае звальненне. Там жа, у нясвіжскім у фотаатэлье, была зроблена і гэтая фатаграфія на памяць. Але акрамя фактычнай фіксацыі, як жывапісны дадатак з’явілася і рамантычная карціна “Наведванне” (1984).

Сям’я Рагалевічаў
Сям’я Рагалевічаў
  • 1981
  • З архіва дачкі мастака

Зірніце, як рэальныя людзі змяніліся на гэтай карціне Рагалевіча. Выявы бацькоў ідэалізаваныя і апаэтызавыныя, яны выглядаюць больш хупава і значна маладзей сваіх гадоў. На стале стаяць прывезеныя хатнія прадукты, бацька і маці літаральна прыпалі да сына, не могуць адарваць ад яго рук. Сям’я расстаецца на два доўгія гады, і неспакой бацькоў натуральны і зразумелы: сын упершыню адрываецца ад іх так надоўга. Але сам салдат спакойны, як абярэг ён трымае ў руках яблык з бацькоўскага саду. Гэта сімвал бацькоўскага дома і пераемнасці пакаленняў.

Вядома, якую знакавую ролю адыграла для Рагалевіча тэма квітнеючага і пладаноснага яблыневага саду, “райскага саду” яго сям’і, у які ён вярнуўся пасля заканчэння вайны, уцёкшы з дзіцячага дома.

Пасля часць, у якой служыў Вікенцій, была пераведзена ў Германію, і службу ён скончыў ужо ў гэтай краіне, паспяхова вярнуўся ў родную хату і атрымаў працоўную спецыяльнасць.

Аўтабіяграфічная гісторыя, сродкамі жывапісу расказаная Міхаілам Рагалевічам, інтэрпрэтуе армейскую тэму з пункту гледжання сям’і і выклікае цікавасць не толькі жывапіснай вартасцю, але шчырай асобаснай інтанацыяй, мінімальнай публіцыстычнасцю. Таму гэты цыкл застанецца актуальным на доўгія гады.

Наведванне
Наведванне
Міхаіл Рагалевіч
  • 1984
  • Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

 

Складальнік: Надзея Усава, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

 

Выказваем падзяку галерэі “Прадмесце” і дачцэ мастака Людміле Міхайлаўне Працкевіч за прадастаўленыя звесткі і фатаграфію з асабістага архіва

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30