якая аб’яднала творы беларускіх мастакоў, скульптараў і майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ХХ–ХХІ стст. з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Работы перадаюць аблічча марозных прастораў і звязаных сюжэтна-тэматычных вобразаў у розных сэнсавых і жанравых інтэрпрэтацыях.
Экспазіцыя раскрывае складаны і шматгранны вобраз зімы:
ад ілюстрацыі стану замірання і глыбокага сну навакольнага свету, які вядзе да немінучага ператварэння, у работах В. Цвіркі, А. Бараноўскага, Б. Казакова, да візуальнага ўвасаблення кантрасту паміж жыццёвай сілай чалавека, якому неабходна дзеянне, і прыродным зацішшам марозных прастораў у творах А. Кроля, М. Манасзона, У. Пасюкевіча, Ю. Палякова і В. Юдзіцкага. Чалавек перастае быць проста сузіральнікам: сваёй прысутнасцю ён парушае маўклівае адзіноцтва заснежанай прасторы, здымаючы з яе ледзяныя аковы. Так зіма ператвараецца ў сапраўдны маніфест цеплыні і стварэння супраць халоднасці і абыякавасці. Імкнучыся выкраіць крупінкі цяпла і радасці ў халоднай цішыні, чалавек напаўняе гэты час гукам, рухам і колерам. Адсюль нараджаецца шчырае імкненне да святла як сімвала надзеі і веры ў цуд. Зіма раскрываецца ў стыхіі народных і сямейных свят – ад Калядных гулянняў да Новага года, адлюстраваных у творах Л. Шчамялёва і Т. Сакаловай.
Куратары часовай экспазіцыі – Анастасія Мянькоўская і Марыя Волас, малодшыя навуковыя супрацоўнікі аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХІ стст.