У канцы 2021 года выйшаў першы том «Іканапіс і алтарны жывапіс Беларусі XVI – пачатку XIX стагоддзя» (выдавецтва «Беларусь», ААТ «Паліграфкамбінат імя Я. Коласа»).
У 2022 годзе быў выдадзены наступны том – «Народнае мастацтва Беларусі XVI–XXI стагоддзяў» (выдавецтва «Беларусь», ААТ «Паліграфкамбінат імя Я. Коласа»).
24 сакавіка 2023 года ў рамках XXХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў LХII Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». Альбом «Народнае мастацтва Беларусі XVI–XXI стагоддзяў» – другі том адукацыйна-выдавецкага праекта «Нашы калекцыі» – быў удастоены дыплома I ступені ў намінацыі «За ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны».
У маі гэтага года кніга «Народнае мастацтва Беларусі XVI–XXI стагоддзяў» атрымала галоўны прыз на Міжнародным кніжным кірмашы «Кітап-Байрам» у Уфе – сталіцы Рэспублікі Башкартастан, Расія. На кірмашы былі прадстаўлены кнігі 206 выдавецтваў, з якіх 49 прыехалі асабіста.
У рамках Міжнароднай кніжнай выставы быў праведзены конкурс «Кніга года на зямлі Урал-батыра».
На конкурс паступіла больш за 80 заявак па 7 намінацыях больш як ад 20 выдавецтваў і арганізацый з рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан, Рэспублікі Кыргызстан.
Галоўны прыз форуму – спецыяльны прыз Кіраўніка Рэспублікі Башкартастан – упершыню ў выдавецкай справе Рэспублікі Беларусь атрымала выдавецтва «Беларусь» за кнігу «Народнае мастацтва Беларусі XVI–XXI стагоддзяў».
У альбоме ўпершыню прадстаўлены 253 ілюстрацыі з багатай калекцыі прыкладнога народнага мастацтва Беларусі – посцілкі, ручнікі, касцюмы, кераміка, разьба, роспіс па дрэве, саломапляценне. Тут можна ўбачыць рэдкія творы, якія маюць не толькі мастацкую каштоўнасць, але і даюць разуменне іх функцыянальнага прызначэння ў абрадах і традыцыях беларускага народа. Гэтыя творы дазваляюць сфарміраваць уяўленне аб своеасаблівасці традыцыйнай культуры беларускага народа і яго майстэрстве.
Аўтары артыкулаў і складальнікі чатырох раздзелаў альбома – супрацоўнікі музея Святлана Анэйка, Таццяна Андрыевіч, Дар’я Ільініч, Вікторыя Пракошына і навуковы кансультант выдання супрацоўніца Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук кандыдат мастацтвазнаўства Марыя Віннікава паказалі не толькі самыя архаічныя творы, але і іх далейшае стылістычнае развіццё і разнастайнасць. Асаблівая роля ў выданні належыць мастацкім фатаграфіям высокай якасці музейнай фоталабараторыі па кіраўніцтвам Дзмітрыя Казлова.
Узнагароду прадстаўніку выдавецтва «Беларусь» загадчыку аддзела рэкламы Анжэле Садоўскай уручыў Кіраўнік Рэспублікі Башкартастан Радзій Хабіраў.
Кнігі з серыі «Нашы калекцыі» можна набыць у музейным кіёску па вул. К. Маркса, 24.
Многія арыгіналы твораў народнага мастацтва, якія публікуюцца ў альбоме, запрашаем паглядзець у філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах.