Барыс Аракчэеў. Да 100-годдзя з дня нараджэння мастака

Барыс Аракчэеў. Да 100-годдзя з дня нараджэння мастака

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Выставачны корпус

3 30 мая 2026 года ў выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь пачне працу юбілейная выстава “Барыс Аракчэеў. Да 100-годдзя з дня нараджэння мастака”.

Мастак і педагог, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Францыска Скарыны Барыс Уладзіміравіч Аракчэеў (1926–2013) – прызнаны майстар рэалістычнага мастацтва, чый жывапіс стаў неад’емнай часткай беларускага выяўленчага мастацтва другой паловы XX стагоддзя. Спадчына мастака ўключае буйныя праграмныя сюжэтна-тэматычныя карціны, шматлікія пейзажы, вытанчаныя кветкавыя нацюрморты.

Вайна пакінула глыбокі след у душы Барыса Аракчэева і стала важнай часткай яго мастацкіх твораў (“Нашы прышлі”, “Партызанскія завірухі”, “Ішлі эшалоны” і інш.). У той жа час шэраг маштабных тэматычных палотнаў жывапісца раскрывае пасляваеннае мірнае працоўнае жыццё. Гэта карціны “Даяркі” (1965), “Хлеб” (1969), “Гарачая пара” (1970), “У родным краі” (1975), “Жніво” (1976). Манументальнасць вобраза, веліч і сіла чалавека – галоўнае, што раскрывае мастак у сваіх палотнах, якім уласцівыя мастацкія асаблівасці “суровага стылю”.

Геаграфія пейзажаў Барыса Аракчэева даволі шырокая, ён шмат ездзіў на пленэры па Беларусі і Расіі, бываў у курортным пасёлку Хоста, дзе маляваў ландшафты палёў і рэк; натхнялі яго вёскі і гарады, сярод якіх Будзілава, Крывічы, Павязынь, Пабярэжжа, Лагойск, Ракаў, Турбанава і Тутаеў, што на Яраслаўшчыне. Выкананыя на натуры эцюды, эскізы, малюнкі мастак ствараў хутка, з лёгкасцю ўжываючы розныя графічныя тэхнікі – аловак, вугаль і сангіну, туш, падліўку і пастэль, каляровыя алоўкі і васковую крэйду, акварэль і гуаш.

Славутасці Мінска і мілыя сэрцу майстра старыя дворыкі, паркі, скверы захаваны яго таленавітым пэндзлем у шматлікіх гарадскіх краявідах. Часам яны прасякнутыя лірыкай і паэзіяй, радзей – экспрэсіўныя і дынамічныя. Але заўсёды кампазіцыйна прадуманыя, пластычныя і насычаныя колерам. 

Нацюрморты з бэзам – асобная старонка творчай спадчыны мастака. Выкананыя алеем і акварэллю, яны простыя па кампазіцыі, але напоўнены каларыстычнымі эфектамі, свежасцю, прыгажосцю пластычных аб’ёмаў, мігаценнем фарбаў. Святочнае гучанне кветкавым нацюрмортам Барыса Аракчэева надаюць яркі і радасны каларыт, складаная фактура, пастозная манера пісьма.

На юбілейнай выставе будуць экспанавацца творы жывапісу і графікі са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” і калекцыі сям’і мастака.

Выстава працуе да 6 ліпеня 2026 года.

іншыя выставы
Я слухаў мора
Я слухаў мора

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава дзіцячых творчых работ «Мы малюем Магілёў»
Выстава дзіцячых творчых работ «Мы малюем Магілёў»

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі

Гармонія свету неглюбскіх ткачых
Гармонія свету неглюбскіх ткачых

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Чарнобыль: 40 гадоў сузірання
Чарнобыль: 40 гадоў сузірання

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь