27 лютага 2026 года а 17-й гадзіне на вялікай галерэі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “Шляхамі часу. Да 90-годдзя з дня нараджэння мастака” – рэтраспектывы жывапісу заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кавалера ордэна Францыска Скарыны, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, ганаровага члена Расійскай акадэміі мастацтваў Мікалая Апанасавіча Апіока.
Мікалай Апіок належыць да той часткі старэйшага пакалення мастакоў, якая працягвае актыўна працаваць над новымі творамі. На рэтраспектыўнай выставе будуць прадстаўлены работы, выкананыя больш чым за 60 гадоў жыцця ў мастацтве, з 1969 па 2025 год. Творчасць Мікалая Апіока – мужная і адначасова паэтычная – прыцягвае шырынёй ахопу гісторыі беларускага народа і значных падзей сучаснасці. Вайна і мір, чалавечыя лёсы, гістарычныя асобы, сельскае жыццё – ключавыя тэмы, якія хвалююць мастака. Работы Мікалая Апіока адрозніваюцца складанасцю кампазіцый, аўтарскім бачаннем, яскравым каларытам, філасофскім аналізам адлюстраванага, вобразнасцю мыслення на палатне.
Галоўнае месца ў творчасці майстра займае лёс чалавека ў гістарычным летапісе Радзімы. Героямі яго работ з’яўляюцца выдатныя дзеячы беларускай гісторыі і культуры: Усяслаў Чарадзей, Еўфрасіння Полацкая, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Максім Багдановіч. Вобразы герояў Мікалай Апіок знаходзіць не толькі ў мінулым, але і сярод сучаснікаў. У сваіх партрэтах ён увекавечыў вядомых прадстаўнікоў творчых прафесій: народнага мастака Івана Міско і скульптара Уладзіміра Церабуна, выдатных акцёраў беларускай сцэны Стэфанію Станюту, Валерыя Раеўскага і Генадзя Аўсяннікава, таленавітых музыкантаў Ігара Лучанка і Уладзіміра Мулявіна, героя спорта Аляксандра Мядзведзя.
Тэматыка прадстаўленых твораў таксама разнастайная: цяжкія будні Вялікай Айчыннай вайны суседнічаюць з жыццём сучаснай беларускай арміі, пакарэнне космасу – з бытавымі замалёўкамі і філасофска-сімвалічнымі кампазіцыямі.
На выставе будзе прадстаўлена больш за 90 работ са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Студыі ваенных мастакоў пры Цэнтральным Доме афіцэраў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Музея гісторыі горада Мінска, Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальнага гісторыка-культурнага
музея-запаведніка “Нясвіж”, Дзяржаўнага музея беларускай літаратуры, а таксама з майстэрні мастака.
Выстава працуе па 11 мая 2026 года.