Надзея Фёдараўна прыйшла ў Дзяржаўны мастацкі музей БССР у 1964 годзе, працавала на пасадзе навуковага супрацоўніка. Заўсёды цікавілася беларускімі абразамі, скульптурай, старадрукамі. У той час яны практычна не былі вядомы наведвальнікам музеяў. У пачатку 1970-х гг. у музеі па ініцыятыве Н. Ф. Высоцкай пачалася сістэматычная работа па выяўленні і пастаноўцы на ўлік рухомых помнікаў старажытнабеларускага мастацтва, якія знаходзяцца ў дзейных і знятых з рэгістрацыі храмах Беларусі. Навуковыя экспедыцыі музея збіралі, ратуючы ад знішчэння, кінутыя іконы, царкоўныя рэчы, кнігі, адзенне. На працягу 20 гадоў музейны фонд папоўніўся многімі сотнямі твораў, якія былі рэстаўрыраваны, апублікаваны, паказаны на шматлікіх выставах у краіне і за мяжой.
У 1971 г. Н. Ф. Высоцкая скончыла Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна (Ленінград), у 1976 г. абараніла кандыдацкую, а ў 1994 г. – доктарскую дысертацыю па тэмах старажытнабеларускага мастацтва.
У 1980 г. у музеі быў створаны аддзел старажытнабеларускага мастацтва, які Н. Ф. Высоцкая ўзначальвала да 2006 года, пасля канчаткова перайшла на выкладчыцкую работу.
Н. Ф. Высоцкая з’яўляецца аўтарам больш за 500 навуковых каталогаў, манаграфій, брашур, артыкулаў, праграм і метадычных рэкамендацый. Кола навуковых інтарэсаў даследчыка – выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII–XVIII стст., праблемы ўсеагульнай гісторыі мастацтваў, праваслаўная, каталіцкая агіяграфія, іканаграфія, сувязі мастацтва Беларусі з рускай і еўрапейскай культурамі, пытанні рэстаўрацыі і кансервацыі, атрыбуцыі, экспертызы і ацэнкі помнікаў XII–XVIII стст.
Яе аўтарству належаць першыя сістэматычныя публікацыі твораў старажытнабеларускага мастацтва: альбомы “Жывапіс Беларусі ХII–XVIII стст. Фрэска. Абраз. Партрэт” (1980, у суаўтарстве з Т. Карповіч), “Пластыка Беларусі XII–XVIII ст.” (1983), “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII–XVIII ст.” (1984), “Жывапіс барока Беларусі XVI–XVIII ст.” (2003), шматлікія выданні “Іканапіс Беларусі XV–XVIII ст.” і інш.
Цяжка пераацаніць унёсак Н. Ф. Высоцкай у вывучэнне, сістэматызацыю і папулярызацыю сакральнага мастацтва Беларусі. Станаўленне яе навуковай дзейнасці ў свой час заўважылі і падтрымалі такія буйныя расійскія спецыялісты, як Ц. Р. Несельштраўс, Г. К. Вагнер, Д. С. Ліхачоў, С. В. Ямшчыкоў, В. В. Філатаў. Высокі ўзровень, зададзены гэтымі выдатнымі вучонымі, вызначыў маштаб даследаванняў Н. Ф. Высоцкай, прынёс ёй шэраг дзяржаўных узнагарод і заслужаную павагу калег.
Калектыў Нацыянальнага мастацкага музея віншуе Надзею Фёдараўну з юбілеем, жадае добрага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.