Мерапрыемства

Мерапрыемства “Мастацтвазнавец і мастак. Дыялог праз час” да 100-годдзя з дня нараджэння Леаніда Ніканаровіча Дробава

Мерапрыемства “Мастацтвазнавец і мастак. Дыялог праз час” да 100-годдзя з дня нараджэння Леаніда Ніканаровіча Дробава

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

6 жніўня а 16-й гадзіне ў Нацыянальнам мастацкім музее Рэспублікі Беларусь адбудзецца мерапрыемства, прымеркаванае да 100-годдзя з дня нараджэння выдатнага мастацтвазнаўцы ХХ стагоддзя Леаніда Ніканаровіча Дробава.

У межах мерапрыемства будзе прадстаўлена часовая экспазіцыя “Мастацтвазнаўца і мастак. Дыялог скрозь час”, прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння выдатнага мастацтвазнаўцы ХХ стагоддзя Леаніда Ніканаровіча Дробава (1926–2002). Гэта невялікая, але комплексная дакументальная і мастацкая прэзентацыя жыцця, якая адлюстроўвае этапы прафесійнага станаўлення беларускага мастацтвазнаўцы, доктара мастацтвазнаўства (1984), прафесара (1987) і жывапісца, ураджэнца Гомельскай вобласці, ад абароны кандыдацкай дысертацыі ў сценах ленінградскага Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна да апошніх манаграфій, прысвечаных беларускай графіцы XIX стагоддзя і сучаснікам – айчынным мастакам. Экспазіцыя заклікана прадэманстраваць не толькі эвалюцыю даследчай думкі вучонага, але і шырокі культурны кантэкст акадэмічнай школы, уключаючы кнігі аб творчай спадчыне беларускіх майстроў, персаналіях знакавых жывапісцаў – Аляксандра Мазалёва, Акіма Шаўчэнкі, Анатоля Шыбнёва і інш.

Найбагацейшы архіў даследчыка пасля яго смерці перадала ў Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь удава Святлана Фёдараўна Дробава. Да гэтага часу ён служыць для навуковых супрацоўнікаў музея скарбніцай інфармацыі, крапатліва сабранай Леанідам Ніканаровічам у архівах Масквы, Ленінграда, Кіева, Кракава, Варшавы і іншых гарадоў. Неверагодна, што такую вялізную працу мог зрабіць адзін чалавек за адносна кароткі прамежак часу. 

Працу даследчыка-летапісца беларускай гісторыі мастацтваў Леанід Ніканаровіч арганічна спалучаў з жывапісам. Па першай адукацыі ён быў журналістам, які скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, па другой – жывапісцам, выпускніком вячэрняга аддзялення жывапісу Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Гэтая фундаментальная адукацыя дала яму той шырокі далягляд, які дазволіў сабраць асэнсаваць і прааналізаваць велізарны матэрыял. Манаграфіі, напісаныя ім у 1970–1980 гады, не страцілі сваёй актуальнасці да гэтага часу. З 1964 года і да канца жыцця (2002) вучоны ўзначальваў аддзел выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Усяго Леанід Ніканаровіч прысвяціў рабоце ў НАН 38 гадоў. 

Пад яго кіраўніцтвам калектыў даследчыкаў Інстытута мастацтвазнаўства, фальклору і этнаграфіі імя К. Крапівы Нацыянальна Акадэміі навук Беларусі напісаў 6-томную “Гісторыю беларускага мастацтва” (1987–1994). Тытанічная праца была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі (1996). 

Больш за 100 жывапісных палотнаў і графічных лістоў вучоны падараваў Карціннай галерэі імя Л. М. Дробава ў пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці. Творчыя работы майстра арганічна дапаўняюць дакументальную частку выстаўкі, дэманструючы непарыўную сувязь тэарэтычнага даследавання і мастацкай практыкі. 

Жывапіс і графіка Л. Н. Дробава, дзе індывідуальнасць аўтара выяўлена асаблівай душэўнай інтанацыяй, збліжае яго мастацтва з традыцыямі ленінградскай акадэмічнай школы. 

Спадчына Леаніда Ніканоравіча Дробава шматгранная. Яго вучні і калегі – мастацтвазнаўцы Віктар Шматаў, Уладзімір Пракапцоў, Барыс Лазука, Яўген Сахута, Мікалай Гугнін, Аляксандр Лісаў, Вячаслаў Шамшур, Міхаіл Цыбульскі і іншыя прадоўжылі пачатую ім справу.

іншыя выставы
Іван Фяцісаў. Маляўнічыя навелы
Іван Фяцісаў. Маляўнічыя навелы

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Празрыстасць
Празрыстасць

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Выстава графічных прац Леаніда Медведскага і Уладзіміра Макаркова «Рэзкафокусны рэалізм»
Выстава графічных прац Леаніда Медведскага і Уладзіміра Макаркова «Рэзкафокусны рэалізм»

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі

Пасланнікі веры. Іканапіс і алтарны жывапіс са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь
Пасланнікі веры. Іканапіс і алтарны жывапіс са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь