Мікалай Залозны. Палітра жыцця

Мікалай Залозны. Палітра жыцця

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Выставачны корпус

Мастацкі музей пачынае экспанаванне выставы “Мікалай Залозны. Палітра жыцця”. Персанальная выстава мастака і педагога, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Рыгоравіча Залознага (1925–1982) арганізавана з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння майстра.

Мікалай Залозны нарадзіўся ва Украіне, вучыўся ў Беларусі. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, потым выкладаў у сваіх альма-матэр, дзе ўзгадаваў некалькі пакаленняў мастакоў. Са зброяй у руках юнаком прайшоў па дарогах завяршальнага этапа Вялікай Айчыннай вайны. Дыпломная работа “Капітуляцыя”, расказаная з такой шчырасцю і пранікнёнай сілай на аснове асабістых уражанняў аб адным з драматычных эпізодаў напрыканцы вайны, атрымала пахвалу выдатных майстроў савецкага мастацтва Барыса Уладзіміравіча Іагансона і Віктара Міхайлавіча Арэшнікава.

Палітра стала сэнсам жыцця Мікалая Залознага. Гэта і інструмент для змешвання фарбаў, і люстэрка ўнутранага свету мастака, і жыццёвы шлях бліскучага каларыста і цудоўнага педагога. Праз палітру ён піша свой лёс і расказвае лёс сваіх сучаснікаў, дзеліцца ўспамінамі і ўражаннямі, змешваючы на палатне фарбы радасці, выпрабаванняў, адкрыццяў, стварае шэдэўр, злучаючы колеры. Палітра майстра складаецца з мноства ўнікальных мазкоў, дзе кожнае адценне непаўторнае, дзе самыя цёмныя тоны ствараюць глыбіню і кантраст, а кожны пражыты дзень, выпрабаваная эмоцыя, падзея, якая адбылася, ператвараюцца ў яркую карціну жыцця. Мастак, нібы скульптар, лепіць свет з маляўнічай матэрыі. Ён стварае колеравае, жывое асяроддзе, якое дыхае, пульсуе. У дасканаласці валодаючы колерам, па-майстэрску іграе з разнастайнымі адценнямі.

Кожны твор Мікалая Залознага нібы акорд, уверцюра да сімфоніі фарбаў. Колеры яго карцін утвараюць грандыёзную сімфонію жыцця над смерцю, даюць пачуццё радасці, здабытай у выпрабаваннях, у пакутах. Мажорныя і мінорныя ноты ў яго палотнах прыцягваюць адчуваннем шчасця самога існавання. І ўсё гэта перадаецца сродкамі самога жывапісу – колерамі, іх спалучэннямі, адценнямі, тонамі, характарам мазка – смелым, буйным, напорыстым, поўным любові, страсці, шаленства. Мастак піша шырока, магутна, натхнёна, яго жывапіс пастозны, адчувальны.

Юбілейная выстава “Мікалай Залозны. Палітра жыцця” ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь ахоплівае перыяд творчасці з 1965 па 1982 год – ад маладога мастака, што падаваў вялікія надзеі, да сталага майстра, якім ён стаў. Жанравы дыяпазон прадстаўленай творчай спадчыны ўключае сюжэтна-тэматычную карціну, пейзаж, нацюрморт, партрэт.

На выставе экспануюцца творы са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, з фондаў Беларускага саюза мастакоў, з калекцыі сям’і і прыватнага збору, а таксама фотакопіі і фотаздымкі з архіва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, бібліятэкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, сямейнага архіва. Дапаўняюць экспазіцыйную прастору графічныя партрэты Мікалая Залознага, створаныя яго калегам па творчым цэху Міхаілам Якаўлевічам Лісоўскім, з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і палітра майстра, захаваная спадчыннікамі яго сябра-мастака Аляксандра Фёдаравіча Семілетава.

Выстава “Мікалай Залозны. Палітра жыцця” будзе экспанавацца з 27 чэрвеня па 9 жніўня  2026 г. у выставачным корпусе (вул. К. Маркса, 24), паверх 3, зала 1.

іншыя выставы
«Паэзія звычайнага. Прыгажосць простых рэчаў»
«Паэзія звычайнага. Прыгажосць простых рэчаў»

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі

Выстава жывапісу Лізаветы Аўчынікавай «Момант нейтральны»
Выстава жывапісу Лізаветы Аўчынікавай «Момант нейтральны»

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі

Дух і прыгажосць керамікі раўнін Чжун’юань: выстава мастацтва правінцыі Хэнань
Дух і прыгажосць керамікі раўнін Чжун’юань: выстава мастацтва правінцыі Хэнань

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Барыс Аракчэеў. Да 100-годдзя з дня нараджэння мастака
Барыс Аракчэеў. Да 100-годдзя з дня нараджэння мастака

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь