Для аматараў і знаўцаў мастацтва імя прадстаўніка віцебскай школы акварэлі з’яўляецца сінонімам пачуццёвага ўспрымання гармоніі колеру і прывабнай гульні форм і фактур. Прыродныя і сацыяльныя з’явы матэрыяльнага свету, асэнсаванне рэчаіснасці, духоўныя пошукі сталі зыходным пунктам для вобразных мастацкіх рашэнняў у творах мастака.
Уладзімір Іванавіч Рынкевіч скончыў у 1974 годзе мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава (зараз – Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава), вучань выдатнага акварэліста і педагога Фелікса Фёдаравіча Гумена. Ён удала спалучаў творчую, навуковую і педагагічную работу, стаў аўтарам некалькіх кніг па мастацтве, выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.
Творчая спадчына Уладзіміра Іванавіча Рынкевіча заслужана займае дастойнае месца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, у фондах Беларускага саюза мастакоў, а таксама прадстаўлена ў шэрагу абласных і раённых мастацкіх музеяў краіны, у прыватных зборах Беларусі і за мяжой.
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь выказвае спачуванне родным і блізкім, сябрам і калегам Уладзіміра Іванавіча Рынкевіча.