Палескі волат. Жывапісныя творы народнага мастака Беларусі Г. Х. Вашчанкі

Палескі волат. Жывапісныя творы народнага мастака Беларусі Г. Х. Вашчанкі

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Галоўны корпус

21 снежня 2023 года а 18-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20, галерэя) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы жывапісных твораў народнага мастака Беларусі Гаўрыіла Харытонавіча Вашчанкі (1928–2014) “Палескі волат”, прысвечанай 95-годдзю з дня нараджэння мастака.

У экспазіцыі будзе прадстаўлена каля 60 жывапісных твораў мастака з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і сям’і майстра.

2023 год стаў юбілейным для народнага мастака Беларусі Гаўрыіла Харытонавіча Вашчанкі – выбітнага дзеяча беларускага выяўленчага мастацтва. Пачатак года азнаменаваўся адкрыццём у Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтваў” экспазіцыі “Дынастыя”, дзе былі паказаны знакавыя работы Г. Х. Вашчанкі з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, з калекцыі сям’і мастака, а таксама творы яго сына Канстанціна Вашчанкі і ўнучкі Ангеліны Вашчанка. У сакавіку ў Мастацкай галерэі Полацка (філіяле Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка) адбыўся праект “КРЫЛЫ”, які складаўся з жывапісных і графічных работ Г. Х. Вашчанкі з калекцыі сям’і мастака. У дзень нараджэння майстра 20 чэрвеня была адкрыта маштабная выстава яго творчасці ў гомельскай Карціннай галерэі, якая носіць імя мастака.

Выставачны праект “Палескі волат” у сценах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь з’яўляецца прыгожым завяршальным акордам юбілейнага года маэстра. Перад куратарамі праекта стаяла цікавая задача. Рабіць рэтраспектыўную выставу мастака адначасова і складана, і проста. Заўсёды ёсць верагоднасць адназначнасці і прамалінейнасці ў прачытанні тэмы… Аднак багацце і шматграннасць творчай спадчыны Гаўрыіла Вашчанкі дазваляе пазбегнуць такіх падводных камянёў. У праекце “Палескі волат” робіцца акцэнт на дэманстраванні яго жывапісных твораў з фондаў музея.

Палессе для народнага мастака Беларусі Гаўрыіла Харытонавіча Вашчанкі – не проста ўвасабленне паняцця “малой радзімы”. У кантэксце гэтага выставачнага праекта азначэнне “родны край” разглядаецца не толькі як месца, дзе прайшло дзяцінства чалавека. Тут Палессе гучыць магутным гімнам чалавеку і прыродзе. Гаўрыіл Вашчанка ў свой час адкрыў для беларускага выяўленчага мастацтва Палессе, месца, дзе захавалася аўтэнтыка, якая сыходзіць каранямі ў мінулыя стагоддзі. Яго эпічныя і адначасова пранізліва лірычныя пейзажы розных гадоў параўнальныя з манументальнымі роспісамі і габеленамі. У прадстаўленых карцінах вельмі ясна прачытваецца манера пісьма Гаўрыіла Вашчанкі, якая стала “візітнай карткай” мастака. Яго творчы почырк спалучае ў сабе традыцыі беларускага іканапісу і фрэскавага жывапісу з сучасным манументальным мастацтвам, заснавальнікам і першапраходцам якога, уласна, і з’яўляўся Гаўрыіл Вашчанка.

Гаўрыіл Вашчанка сапраўды быў волатам у выяўленчым мастацтве. Ён думаў маштабна, жыў маштабна, адчуваў пульсуючы нерв самога быцця… Лепшыя яго творы (няхай гэта будзе сюжэтна-тэматычная карціна ці партрэт, пейзаж або нацюрморт) увасобілі цэлую эпоху з яе пошукамі ідэалаў і балючымі расчараваннямі, складанымі грамадскімі зменамі і чалавечымі трагедыямі. Звяртаючыся да актуальных тэм свайго часу і таго, што асабіста яго хвалявала (трагедыя Вялікай Айчыннай вайны, чарнобыльская катастрофа, міфалагічная і хрысціянская тэматыка і інш.), Гаўрыіл Вашчанка пазбягаў іх прамалінейнага прачытання, штучных сцэн, залішняй апавядальнасці. Майстар заўсёды ўвасабляў гэта праз іншасказальныя, алегарычныя, умоўна-міфалагічныя вобразы, у аснову якіх пакладзены філасофскі сэнс, аналітычнае ўспрыманне рэчаіснасці, стварэнне абагульненай і сімвалічнай карціны.

“Прызнанне дае толькі адну перавагу: яно забараняе працаваць горш, чым можаш. І наадварот: змушае працаваць лепш, чым можаш”, – так казаў маэстра… і кожны раз даказваў гэта свету, але найперш сабе...

Работа выставы працягнецца да 4 лютага 2024 года.
 

Куратары: Святлана Васільеўна Кот, загадчык аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХI стст., Наталля Леанідаўна Сяліцкая, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХI ст.

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30