Таццяна Іванаўна нарадзілася ў Мінску ў сям'і чыгуначніка Івана Дзмітрыевіча Варганава, які загінуў на фронце пад Растовам у 1943 годзе, і Зялькевіч Веры Іванаўны, рабочай вагонарамонтнага завода. У 1953 годзе скончыла чыгуначную школу № 20 у Мінску.
Таццяна Іванаўна прапрацавала ў музеі без малога 45 гадоў, пачынаючы з лістапада 1958 года, калі пасля заканчэння гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прыйшла ў аддзел навуковай прапаганды мастацтва, дзе была экскурсаводам тры гады. У лютым 1961 года быў створаны аддзел прыкладнога мастацтва, і з гэтага моманту Таццяна Іванаўна пачала спецыялізавацца на народным мастацтве. З адкрыццём у 1978 годзе філіяла “Музей беларускага народнага мастацтва” ў Раўбічах Таццяна Іванаўна стала нязменным яго дырэктарам да 2005 года, калі з-за хваробы яна ўжо не магла ў любое надвор’е паднімацца на гару, дзе у будынку Крыжагорскага храма стаяў любімы музей, якому, без перабольшвання, было прысвечана ўсё жыццё. Нават дачы найбліжэйшыя сяброўкі, Таццяна Іванаўна і Ірына Мікалаеўна Паньшына – намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, набылі ў Раўбічах.
Разам яны задумалі і стварылі гэты музей – адзін з першых і лепшых музеяў СССР, прысвечаных традыцыйнаму мастацтву беларускага народа. Ён стаў упрыгожаннем алімпійскага спартыўнага комплексу “Раўбічы”, а Таццяна Іванаўна – упрыгожваннем музея ва ўсіх сэнсах. Яна адрознівалася асаблівай царскай прыгажосцю і постаццю: гэтая прыгожая, іранічная, вострая на язык. з ганарлівай паставай жанчына, якая ведала сабе цану – жонка прафесара БДУ В. А. Сцёпіна, запрошанага ў 1980-я на пасаду дырэктара Інстытута гісторыі прыродазнаўства і тэхнікі АН СССР у Маскву, магла прыняць любога госця – ад Валянціны Церашковай, міністра культуры да народнай артысткі СССР спявачкі Алены Абразцовай, якая, па ўспамінах, спявала ў гэтым музеі на хорах.
Гісторыя рэстаўрацыі і стварэння Музея беларускага народнага мастацтва – асобная эпапея, якая захавалася ва ўспамінах Ірыны Мікалаеўны Паньшынай, архітэктара Вальмена Мікалаевіча Аладава, найстарэйшых супрацоўнікаў першага пакалення Алены Уладзіміраўны Сянькевіч, Валянціны Рыгораўны Пісарэнкі, Наталлі Мікалаеўны Калашнік, якія шмат гадоў прысвяцілі працы ў мастацкім музеі. За гады працы ў рэгулярных экспедыцыях былі сабраны вялізныя фонды. Супрацоўнікі музея летам адпраўляліся ў аддаленыя вёскі для пошуку народных касцюмаў і тканін, бытавых прадметаў з дрэва, гліны, саломкі і інш. Гэта дзякуючы ім у музеі зараз некалькі тысяч адзінак захоўвання жаночага адзення, посцілак і ручнікоў, керамікі, драўлянай разьбы і інш.
Экспазіцыя гэтага музея ўзорная і ўражвае наведвальнікаў да гэтага часу. У ёй выявіўся мастацтвазнаўчы густ і чуццё яе стваральнікаў. Тады яна была на ўзроўні прыбалтыйскіх музеяў, а ў нечым нават пераўзыходзіла іх. За доўгія гады працы Таццяна Іванаўна выпусціла каталог беларускіх народных тканін (1979), выступала на канферэнцыях па розных пытаннях народнага мастацтва. Але больш яна была, дакладней, ёй даводзілася быць, музейшчыкам-практыкам. Музей у Раўбічах штодня прымаў сотні наведвальнікаў, якія ехалі аўтобусамі па маршруце Курган Славы–Раўбічы–Хатынь. 1980-я гады былі залатым часам гэтага музея, а яго каманда – згуртаваным калектывам, які рабіў яркія цікавыя выставы з многіх рэспублік і краін. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 лістапада 1999 г. № 658 Таццяна Іванаўна за шматгадовую працу была ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны.
Да апошніх гадоў жыцця Таццяны Іванаўны, якая кіравала музеем 26 гадоў, супрацоўнікі музея, вучні-паплечнікі не пакідалі яе сваёй увагай, асабліва пасля смерці ў 2018 годзе яе мужа. Т. І. Сцёпіна пахавана на Козыраўскіх могілках побач з маці. Памяць аб ёй назаўжды ўвойдзе ў гісторыю Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Публікацыі Т. І. Сцёпінай:
Веснавая выстаўка твораў мастакоў : жывапіс, скульптура, графіка : каталог / склад.: А. А. Баравік, З. Г. Казлова, Т. І. Сцёпіна. – Мінск : [б. в.], друк, 1961. – 32 c.
Рэспублiканская мастацкая выстаўка, прысвечаная XXII з’езду КПСС i XXV з’езду КП Беларусi : жывапіс, скульптура, графіка, работы мастакоў тэатра і кіно, прыкладное мастацтва : каталог / склад.: В. А. Баравік, Т. І. Сцёпіна, В. М. Чуркіна. – Мінск : [б. ст.], 1962. – 39 с.
Мой горад : Мастацкая выстава, прысвечаная 900-годдзю Мінска : жывапiс, графiка, скульптура, прыкладное мастацтва / склад.: Э. I. Вецер, Т. I. Сцепiна ; М-ва культуры БССР, Саюз мастакоў БССР, Дзяржаўны мастацкi музей БССР. – Мн., 1967 – 16 с.
Беларускае выяўленчае і прыкладное мастацтва : каталог выставы / склад.: П. М. Герасімовіч, Т. І. Сцёпіна ; Міністэрства культуры БССР ; Саюз мастакоў БССР. – Мінск : Полымя, 1968. – 30 с.
Мастакi Беларусi XXIV з’езду КПСС i XXVII з’езду КПБ : каталог / склад.: П. М. Герасімовіч, С. І. Кітаніна, Т. І. Сцёпіна [і інш.]. – Мінск : [б. в.], 1971. – 31с.
Трэцяя рэспубліканская выстаўка твораў маладых мастакоў : каталог / склад.: П. М. Герасімовіч, С. І. Кітаніна, Т. І. Сцёпіна [і інш.]. – Мінск : Полымя, 1973. – 19 с.
Беларускія народныя тканіны ў зборы Дзяржаўнага мастацкага музея БССР : каталог / аўтар артык. І. М. Паньшына ; склад. Т. І. Сцёпіна ; Дзяржаўны мастацкі музей БССР. – Мінск : Беларусь, 1979. – 254 с.
Майстры культуры – за мір : рэспубліканская мастацкая выстава (6–3 лістапада 1986 г.) : каталог /, 1987. – 31 с склад.: В. У. Вайцэхоўская, Л. Ф. Вараб’ёва, Т. І. Сцёпіна [і інш.]. – Мінск : Беларусь.
Сцёпіна, Т. І. Народнае адзенне Маларыты і Моталя / Т. І. Сцёпіна // Допісы Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. – Мінск : Навука і тэхніка, 1994. – Вып. 1. – С. 161–172.