“Свет жывёл і раслін цудоўны, велізарны, моцны і ў той жа час ён далікатны і ўразлівы. Ні адзін іншы матэрыял не раскажа пра гэта так поўна і так дакладна як шкло. Часам нам хапае аднаго руху, каб шкло ператварылася ў асколкі, таксама адным рухам мы зрываем першыя вясновыя кветкі ў лесе…”, – куратар выставы “Запаведны напеў”, старшы навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Шугалей Марыя Вітальеўна.
19 лістапада ў Мастацкім музеі адбылося ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі мастацкага шкла “Запаведны напеў”, прысвечанай расліннаму і жывёльнаму свету Рэспублікі Беларусь.
“Вельмі здзіўляе і ўраджвае, як майстры ў такім далікатным матэрыяле здолелі перадаць пластыку расліны, характар і рух жывёл”, – першы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Казакевіч Марыя Міраславаўна.
Часовую экспазіцыю дапоўніла серыя лясных пахаў. “Я спадзяюся, што водары дазволяць вам адчуць гэтую выставу ў 5D”, – парфумер, ароматэрапеўт, стваральнік унікальнай інтэрактыўнай прасторы Галерэя пахаў “НОС” Філіпава Ксенія Валер’еўна.