Станіслаў Жукоўскі (1875–1944) – тонкі жывапісец, аўтар лірычных, з лёгкім адценнем настальгіі пейзажаў і інтэр’ераў. Ён адзін з нямногіх мастакоў мяжы стагоддзя, якія працавалі з тэмай сядзібы. Сядзібныя краявіды, але яшчэ больш інтэр’еры сталі яго візітнай карткай.
Выстава паглыбляе ў атмасферу сядзібнага жыцця пачатку ХХ стагоддзя з яе павольнымі буднямі, цеснай сувяззю з прыродай не толькі дзякуючы віртуознаму жывапісу Станіслава Жукоўскага, але і за кошт інсталяцый з мэблі, гадзіннікаў, фарфору, скульптуры і іншых прадметаў сядзібнага побыту. Прадметы з карцін “выходзяць” у прастору, ствараючы адчуванне прысутнасці.
У экспазіцыі, акрамя карцін Станіслава Жукоўскага, будуць прадстаўлены работы мастакоў яго акружэння – творы Ісака Левітана, у якога Жукоўскі вучыўся, і сяброў мастака – Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Аляксандра Маравава, Канстанціна Каровіна і інш.
Экспазіцыя ўключае больш за 100 твораў жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, а таксама адзін твор з карпаратыўнай калекцыі ААТ “Белгазпрамбанк”.