Да Дня маці “Я слаўлю мамы светлае імя…”
Калі б была мая воля на тое – пачаў бы я азбуку менавіта з літары М: як і ўсё на зямлі, усё ў нас пачынаецца з Маці (Рыгор Барадулін)
У выяўленчым мастацтве вобраз маці – гэта перш за ўсё Мадонна, Багародзіца. Вечная паэзія мацярынства, духоўная і фізічная дасканаласць, ідэал жаноцкасці ўвасоблены на работах сусветнавядомых мастакоў, сярод якіх Леанарда да Вінчы, Рафаэль.
Калекцыя Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь таксама можа пахваліцца цэлым шэрагам работ, прысвечаных тэме мацярынства. У першую чаргу гэта, вядома, абразы – найстаражытнейшы мастацкі гімн Маці Божай. Ва ўсе часы для Багародзіцы, Заступніцы перад Айцом Нябесным, мастакі шукалі найлепшыя і найпрыгажэйшыя фарбы. Вобраз Дзевы Марыі мог быць сумным, нават суровым (як на іконе Маці Божай Адзігітрыі Смаленскай, напісанай у візантыйскай традыцыі), падкрэсліваючы цяжкія пачуцці Багародзіцы, якая ведае, што яе дзіця будзе забіта – як вытрываць такое? А мог, як на іконе Маці Божая Замілаванне, раскрываць трапяткое пачуццё радаснага гонару, узаемнай пяшчоты і любові Маці і Дзіцяці.
На палотнах еўрапейскіх мастакоў XVII–XVIII са збору нашага музея Дзева Марыя прадстае як звычайная жанчына, што цешыцца радасцямі мацярынства. У гэтых работах высокае, духоўнае і зямное, пачуццёвае аб’яднаны ў адзін гарманічны вобраз прыгажосці і пяшчоты.
Душэўная цеплыня, любоў, замілаванне характарызуюць цэлы шэраг партрэтаў маці і дачок XIX ст. На іх жанчыны мякка абдымаюць сваіх дзяцей, якія ў адказ прытуляюцца да маці, выказваючы шчырыя пачуцці пяшчоты і асаблівай душэўнай блізкасці.
Многія мастакі ў сваіх работах звярталіся да шчырых праяўленняў эмоцый паміж блізкімі людзьмі. Прыцягваюць увагу сцэны, на якіх адлюстроўваюцца штодзённыя радасці, шчырыя ўзаемаадносіны мамы і дзіцяці, задавальненне ад праведзенага разам часу.
ХХ стагоддзе прапануе як зварот да спрадвечнага вобраза маці з дзіцем (мадонна на карціне Міхаіла Сеўрука “Жніво”, дзе вобраз мацеры-карміцелькі атаясамліваецца з зямлёй-карміцелькай), так і адлюстраванне ціхіх радасцей мацярынства: чаканне дзіцяці (Сяргей Тутуноў “Мацярынства”), захаплення і гордасці за сваё дзіця (Натан Воранаў “Цікавая кніга”), штодзённага сумеснага баўлення часу, якое, можа, і не напоўнена неякай асаблівай паэтычнасцю, але пры гэтым зіхаціць душэўнай знітаванасцю і ўзаемнай пяшчотай (Леў Зевін “Лета. Сям’я”, Леанід Шчамялёў “Мацярынства”).
Падзеі Другой сусветнай вайны ўнеслі свае змены ў трактоўку вобраза маці, бо і сама вайна змяніла лёсы людзей. Цяпер жанчына не проста пяшчотная, ласкавая маці, але ў першую чаргу абаронца, абагульнены вобраз чысціні і стойкасці беларускага народа, поўны веры ў жыццё.
На работах народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага вобраз маці, якая нараджае і гадуе дзяцей, трансфармуецца ў вобраз Маці-Радзімы, што заклікае бараніць яе і сама гатова змагацца да апошняга за будучыню і лёс сваіх нашчадкаў. Маці ў творчасці мастака – гэта ўвасабленне мацярынскай любові і самаадданасці, самаахвярнасці, гатоўнасці выкарыстоўваць любыя сродкі для абароны сваіх дзяцей.
Пасляваеннае аднаўленне, здабыццё спакою і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні нараджае светлыя, цёплыя, пяшчотныя вобразы мацярынства на работах такіх беларускіх мастакоў, як Альгерд Малішэўскі, Адольф Гугель, Пётр Крохалеў, Васіль Сумараў.
І ўсё ж трэба адзначыць, што большасць тых мастацкіх вобразаў, што ўзнікаюць у нашай памяці пры ўзгадванні тэмы мацярынства, створаны мужчынамі-мастакамі. Гэта, так бы мовіць, мужчынскі погляд, які часта адрозніваецца ад вобраза мацярынства, створанага жанчынамі, дзе ёсць месца не толькі замілаванню, спакою і бязмежнаму шчасцю, але і страху, трывозе, хваляванню за сваё дзіця, перажыванням за яго лёс.
Вобраз маці, адзінства маці і дзіцяці – вечная тэма, якая заўсёды будзе хваляваць творцаў і натхняць іх у любую эпоху на стварэнне непаўторных мастацкіх работ, што знойдуць водгук у сэрцах гледачоў.
Настасся Трафімчык – вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь