“Ён – Купала…”

Да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы

7 ліпеня спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы (сапр. Іван Дамінікавіч Луцэвіч, 1882–1942).

Асоба Янкі Купалы – адна з самых натхняльных, прывабных для мастакоў. Трыбун нацыянальнага адраджэння, ён стаў менавіта той гістарычнай фігурай, якая ці не найярчэй адлюстравала душу, характар і спадзяванні беларусаў. Факты біяграфіі паэта, героі яго твораў і ў першую чаргу сама постаць песняра неаднаразова з’яўляліся на жывапісных палотнах.

Сярод жывапісных выяў Янкі Купалы асаблівую каштоўнасць і цікавасць уяўляюць работы, створаныя мастакамі, якія асабіста ведалі паэта ці сустракаліся з ім, а значыць, маглі абапірацца на ўласныя ўспаміны. 

Адным з такіх майстроў быў Сцяпан Андруховіч, які пазнаёміўся з Купалам у 1938 годзе і часта гасціў у мінскім доме паэта. Партрэт Янкі Купалы раскрывае нам характар песняра – чалавека вялікага сэрца, чулай душы, сумленнага і праўдзівага ад прыроды, якому былі ўласцівы сціпласць і тонкі гумар, штодзённы клопат аб развіцці беларускай культуры.

Партрэт Янкі Купалы
Партрэт Янкі Купалы
Сцяпан Андруховіч
  • 1963
  • Палатно, алей

У 1972 годзе Натан Воранаў стварыў партрэт да 90-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы. Мастак і паэт пры жыцці ніколі не сустракаліся, але асабістае захапленне творчасцю песняра, любоў да яго спадчыны дапамаглі Н. Воранаву стварыць запамінальны вобраз, максімальна дакладна перадаць няпросты псіхалагічны стан народнага паэта. Нягледзячы на знешні спакой, вочы Янкі Купалы на партрэце выдаюць самотны жаль, расказваюць нам пра няпросты і пакручасты лёс.

Партрэт Янкі Купалы
Партрэт Янкі Купалы
Натан Воранаў
  • 1972
  • Палатно, алей

Маладога паэта ў росквіце жыццёвай і творчай энергіі пішуць на сваіх палотнах народныя мастакі Беларусі Гаўрыіл Вашчанка і Міхаіл Савіцкі. У рабоце “Нараджэнне Купалы” Г. Вашчанка звяртаецца да сімвалічных асацыяцый, адлюстроўваючы будучага песняра каля купальскага вогнішча, якое напаўняе яго сіламі і натхненнем. На партрэце Янкі Купалы работы М. Савіцкага перад намі паўстае рамантычны вобраз паэта, паглыбленага ў творчы роздум.

Нараджэнне Купалы
Нараджэнне Купалы
Гаўрыіл Вашчанка
  • 2007
  • Палатно, алей
Янка Купала
Янка Купала
Міхаіл Савіцкі
  • 1981
  • Палатно, алей
Прайсці налева
Прайсці направа

Сюжэтамі тэматычных карцін неаднаразова станавіліся яскравыя эпізоды з жыцця Янкі Купалы. Жывапісцы часта адлюстроўвалі паэта ў кантэксце часу поруч з яго сучаснікамі, сябрамі, паплечнікамі.

На рабоце Абрама Кроля “Янка Купала і Цётка ў Пецярбургу” мы пераносімся на кватэру вядомага дзеяча беларускай культуры, выдаўца, фалькларыста, літаратуразнаўцы Браніслава Эпімаха-Шыпілы, дзе пэўны час жыў Янка Купала. 

Паэт чытае свае вершы сярод сяброў і аднадумцаў – паэтэсы Алаізы Пашкевіч (Цёткі), бібліёграфа, літаратуразнаўцы Яўгена Хлябцэвіча, а таксама Б. Эпімаха-Шыпілы. На карціне звяртае на сябе ўвагу расчыненае акно, праз якое ў пакой пранікае сонца, нібы ўказваючы на асаблівую азоранасць гэтай сустрэчы геніем вялікага песняра, яе выключнасць.

Янка Купала і Цётка ў Пецярбургу
Янка Купала і Цётка ў Пецярбургу
Абрам Кроль
  • 1954
  • Палатно, алей

Яшчэ адной сустрэчы з Цёткай прысвечана работа Леаніда Дударэнкі “Янка Купала і Цётка ў Вільні”. Карціна прадстаўляе нам двух творцаў на фоне горада, які сыграў вялікую ролю ў іх біяграфіях. Строгая выява Цёткі ў профіль колерава вылучаецца на палатне, прыцягвае да сябе ўвагу. Купала, што сядзіць побач, наадварот, як быццам зліваецца з гарадскімі мурамі, становіцца арганічнай часткай Вільні, увасабленнем яе беларускага духу. 

 Янка Купала і Цётка ў Вільні
Янка Купала і Цётка ў Вільні
Леанід Дударэнка
  • 1976
  • Палатно, алей

Знакавую старонку з гісторыі нацыянальнага тэатра – прэм’еру камедыі Янкі Купалы “Паўлінка” ў сталіцы Расійскай імперыі ў 1913 годзе – узнаўляе на сваёй карціне “9 лютага. Пецярбургская прэм’ера” народны мастак Беларусі Уладзімір Тоўсцік. Жывапісец прадстаўляе заключны, надзвычай эмацыянальны момант – выхад аўтара п’есы на паклон разам з артыстамі і блізкімі Купалу людзьмі: П. Мядзёлкай, У. Эпімахам-Шыпілам, Я. Хлябцэвічам, Б. Эпімахам-Шыпілам, А. Ярэмічам.

9 лютага. Пецярбургская прэм’ера
9 лютага. Пецярбургская прэм’ера
Уладзімір Тоўсцік
  • 1982
  • Палатно, алей

Кола кантактаў Купалы давала магчымасць мастакам аддаць даніну павагі не толькі паэту, але і іншым выбітным дзеячам беларускай культуры, вобразы якіх па тых ці іншых прычынах не так часта з’яўляюцца на жывапісных палотнах. На карціне жывапісца Фелікса Янушкевіча “Янка Купала і Браніслаў Тарашкевіч” мы быццам прысутнічаем пры дыялогу песняра і стваральніка першай беларускай граматыкі, назіраем за іх сустрэчай у варшаўскіх Лазенках, якая адбылася, па ўсім відаць, у кастрычніку 1925 года падчас замежнай камандзіроўкі Купалы ў Чэхаславакію і Германію. Пэўнае падабенства двух суразмоўцаў, якое праглядаецца не толькі ў адзенні, але і ў знешнім вобліку, наводзіць на думку аб духоўнай еднасці Купалы і Тарашкевіча, падтрымцы адзін аднаго.

Янка Купала і Браніслаў Тарашкевіч
Янка Купала і Браніслаў Тарашкевіч
Фелікс Янушкевіч
  • 1982
  • Палатно, алей

Сярод блізкіх Янку Купалу па духу людзей быў пісьменнік Кузьма Чорны, якога народны пясняр вельмі любіў і шанаваў. Шчырае сяброўства творцаў працягвалася да смерці Купалы. Мастак Хаім Ліўшыц у рабоце “Янка Купала і Кузьма Чорны ў Пячышчах у 1942 годзе” прадстаўляе эпізод з апошняга году жыцця Купалы. Перад намі – невялікі пакой, дзе правёў апошнія месяцы свайго жыцця народны паэт. Х. Ліўшыцу ўдалося перадаць не толькі цяжкую атмасферу ваеннага часу, подых драматычнага 1942 года, але таксама адзінства псіхалагічнага стану пісьменнікаў – смутак, боль і асаблівую трывогу за будучыню.

Янка Купала і Кузьма Чорны ў Пячышчах у 1942 годзе
Янка Купала і Кузьма Чорны ў Пячышчах у 1942 годзе
Хаім Ліўшыц
  • 1963
  • Палатно, алей

Вобраз Янкі Купалы, адной з цэнтральных постацей нацыянальнага адраджэння, неаднаразова інтэрпрэтаваўся шэрагам мастакоў з пункту гледжання своеасаблівага сімвала нацыі, яе сумлення.

У трыпціху “Сыны Радзімы” народны мастак Беларусі Уладзімір Стэльмашонак праз выявы нашых суайчыннікаў – М. Менчукова, А. Салаўя, К. Арлоўскага, М. Шмырова, А. Чарвякова – імкнецца паказаць нацыянальны характар беларусаў, іх жыццёвую пазіцыю. Сімвалам творчай моцы народа, яго запаветных мар і надзей выступае ў рабоце вобраз Янкі Купалы. 

Купала прысутнічае і яшчэ ў адной карціне У. Стэльмашонка з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея – “Слова аб Беларусі”. Пры стварэнні гэтага своеасаблівага групавога партрэта выдатных беларускіх асветнікаў, пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў жывапісец звяртаецца да багатай спадчыны народнага мастацтва. Янка Купала ў вышыванай кашулі, са зборнікамі “Жалейка” і “Спадчына” ў руках адлюстраваны побач з народным паэтам Беларусі Якубам Коласам. Пісьменнікі амаль у адзін час выйшлі на літаратурную ніву, дэкларуючы права свайго народа на годнае жыццё, скіроўваючы яго на шлях свабоды і незалежнасці, умацоўваючы яго сілы. 

Роўнавялікасць класікаў беларускай літаратуры дэманструе на карціне “Сейбіты” народны мастак Беларусі Міхаіл Савіцкі. Натхняючыся традыцыямі старажытнарускага іканапісу, аўтар выкарыстоўвае матыў прадстаяння, узводзячы вобразы Янкі Купалы і Якуба Коласа да ўзроўню святых. Паэты выступаюць як два найвялікшыя прарокі роднай зямлі, сейбіты беларускай мовы і літаратуры. Насычаны чырвоны колер палатна сімвалізуе сабой творчую энергію, але разам з тым і пакуты, напружанасць і складанасць як пісьменніцкага шляху, так і лёсу, што выпаў на долю Беларусі.

Сыны Радзімы
Сыны Радзімы
Уладзімір Стэльмашонак
  • 1970
  • Палатно, алей
Слова аб Беларусі
Слова аб Беларусі
Уладзімір Стэльмашонак
  • 1972
  • Палатно, алей
Сейбіты
Сейбіты
Міхаіл Савіцкі
  • 1972
  • Палатно, алей
Прайсці налева
Прайсці направа

Імя Янкі Купалы, яго творчасць, яго мастацкі вобраз працягваюць хваляваць кожнае новае пакаленне, нягледзячы на аддаленасць у часе. Маем надзею, што мастацкая купаліяна будзе мець дастойны працяг, які знойдзе сваё пачэснае месца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея.

 

Больш падрабязна пра вобраз народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ў жывапісных творах са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь чытайце ў ліпеньскім нумары часопіса 

Настасся Трафімчык – вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

 

 

 

“Роднае слова”
  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30