Мастакі, улюбëныя ў зіму

Зімовыя “гісторыі” беларускіх мастакоў

У апошнія гады беларуская зіма не перастае здзіўляць. Мяккая, пахмурная, туманная – менавіта такой мы прывыклі яе ўспрымаць. Але зімовы сезон 2025–2026 змог здзівіць нават самых скептычна настроеных беларусаў, пабіўшы ўсе рэкорды снежнасці! У гэтым годзе, як ніколі, стужка сацыяльных сетак напоўнілася фотаздымкамі казачных, марозных, белых ландшафтаў таксама імкліва, як рос узровень снежнага покрыва за акном. Гэта зіма стала адной з самых маляўнічых і фотагенічных за апошнія дзесяцігоддзі, нагадаўшы нам аб тым, як неверагодна можа змяніцца свет вакол, прымераўшы белае марознае паліто. Здаецца, менавіта такія снежныя зімы захаваліся ў візуальных успамінах беларускіх мастакоў. Гэта віртуальная выстава знаёміць вас з зімовымі пейзажамі з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Мы пагаварылі з аўтарамі твораў і даведаліся аб тым, як ствараліся карціны і якія эмоцыі адчувалі мастакі ў момант працы над імі.

Кастусь Качан
Кастусь Качан
Мастак-жывапісец

Кастусь Качан – мастак, улюбёны ў зіму. Як прызнаецца сам майстар, палова з намаляваных ім 600–700 пейзажаў – зімовыя. І асабліва шмат зімовых краявідаў Навагрудка, дзе апошнім часам жыве мастак. Ён расказаў свае зімовыя “местачковыя” гісторыі.

“Гэту тэму я ўжо за сабой аслупаваў, і мала хто з мастакоў адважыцца пасля мяне яе ўздымаць, – кажа Кастусь Качан. – Местачковы побыт, людзі, якія там жывуць, як яны рухаюцца, як апранаюцца... Гэта зусім іншыя рытмы жыцця. Тут асаблівая аўра. Гэта маё і больш нічыё”. Першай з 17 карцін Кастуся Качана, якія паступілі ў музей, стаў зімовы навагрудскі краявід – строгі, нават суровы, манументальны і лаканічны.

Зіма ў Навагрудку
Зіма ў Навагрудку
Кастусь Качан
  • 1987
  • 95х140

Вось што расказаў аб стварэнні пейзажа сам майстар:

“Навагрудак – гэта мая радзіма. Вядома, не сам горад, але недалёка ад яго – вёска Лаўрышава, дзе зараз адраджаецца адзін з першых праваслаўных манастыроў Вялікага Княства Літоўскага, у якім манахам быў будучы вялікі князь Войшалк.

Навагрудак вабіць, перш за ўсё, незвычайным ландшафтам. Для мастака не маляваць Навагрудак – гэта проста грэх. Тым больш што гэта мой горад, хоцьу 1987 годзе, калі быў створаны пейзаж, яшчэ не было маëй сядзібы.

Я вельмі добра памятаю наша першае падарожжа ў Навагрудак з мамай, калі мне было ўсяго 4 гады. Падзеі пачалі адкладвацца ў маёй памяці. Мы ехалі ў Навагрудак у маленькім цесным аўтобусе.

Гэта былі незабыўныя ўражанні. Там, дзе мы жылі ў Лаўрышава, было роўнае, як стол, месца, нібы ў Галандыі. А тут на аўтобусе едзем пад гару, і я, маленькі, хвалююся, што мы звалімся з гэтай гары і не даедзем, нават нагамі ўпіраўся, каб дапамагчы аўтобусу... Гэтыя ўражанні так заселі ў маёй памяці, што я даволі часта вяртаюся да іх у сваіх успамінах. А калі мы прайшліся вакол руін замка, для мяне гэта была проста неверагодная падзея. Да гэтага часу я памятаю яго.

Навагрудак для мяне – сакральны горад. І асабліва я люблю яго зімой. І не толькі Навагрудак, але і ўвогуле ўсе іншыя мястэчкі. Зімой – асаблівы стан, зусім іншая філасофія, прырода зусім па-іншаму раскрываецца, становіцца чыстая, вымытая. Мне зіма вельмі падабаецца.

Я радуюся зіме. Бываюць зімы слотныя, бясснежныя, сумныя, але, калі багатыя на снег і марозныя, – гэта так прыгожа, такая чысціня на вуліцы, такі настрой і хочацца гэта намаляваць.

Я не малюю класічны пейзаж “поле–рэчка–луг”. У мяне часта дамінуе помнік архітэктуры, вакол якога ўсё канцэнтруецца – мястэчка, людзі, вуліцы. Я хачу, каб у пейзажы было відаць, у якім месцы і ў які час гэта адбываецца, якому Богу моляцца людзі.

“Зіма ў Навагрудку” – гэта адна з першых навагрудскіх работ. Я прыязджаў у Навагрудак яшчэ як госць – з Лаўрышава, з Мінска. Мяне прыцягнуў Фарны касцёл, пабудаваны на сродкі Вітаўта. Карціна намалявана, вядома ж, з натуры, на падставе натурных эцюдаў. Я заўжды малюю карціны з натуры, без яе прыдумаць кампазіцыю карціны вельмі складана. Толькі натура мне падказвае настрой і стан прыроды, якія менавіта колеры трэба выбіраць.

І калі я ўпершыню паказаў гэту карціну на выставе, яна адразу была заўважана і набыта музеем.

Уначы выпаў снег
Уначы выпаў снег
Кастусь Качан
  • 2006
  • 92х135

А вось гэта карціна намалявана ў Ракаве. Ракаў, як і Навагрудак, – мая аблюбаваная тэма. У Ракаве жыве мой сябар – жывапісец Фелікс Янушкевіч, які адкрыў там своеасаблівы ракаўскі музей – мастацкае падвор’е. Я ў Навагрудак часам езджу праз Ракаў, наведваю сябра. Але часта да яго нават не заходжу, каб не затрымацца надоўга (усім вядома яго гасціннасць). Ён першы збудаваў гэту сядзібу, і я натхніўся яго прыкладам. У 2005 годзе я выкупіў стары дом у Навагрудку. Гэта быў помнік архітэктуры ў аварыйным стане, і трэба было яго дакладна адрэстаўрыраваць. Будаўніцтва расцягнулася на некалькі гадоў. Мая персанальная галерэя “Сядзіба Кастуся Качана” адкрылася ў 2014 годзе, а ў гэтым я дабудаваў яшчэ адзін дом, па суседстве з сядзібай, там пяць пакояў. Гэта жылы, сямейны дом. Там ёсць прыгожая камінная зала ў стылі XIX стагоддзя.

Бываю ў Ракаве часта наездамі, застаюся на дзень і малюю мястэчка. Звычайна мне часу хапае, 2–3 гадзіны для эцюда, а заканчваю я ў майстэрні. У мяне заўсёды ў кішэні блакноцік і вугальны аловак, якім я раблю замалёўкі, і эцюднік на месцы. Эцюднік і маленькія палотны заўсёды са мной у машыне. Без гэтага я не магу. Некаторыя эцюды застаюцца проста самадастатковымі творамі малога фармату, а некаторыя перарастаюць у вялікія карціны.

Ракаў я лічу адным з нямногіх мястэчак, дзе захавалася аўра 1930-х гадоў. Там уцалеў гэты местачковы дух. І калі я першы раз туды патрапіў, то адчуў, што апынуўся ў 1920–1930-х гадах даваеннага часу. Малайцы ракаўцы, што захавалі гэтыя свае будынкі, а не пабудавалі нейкія сучасныя катэджы. Мяне там усё натхняе. Напрыклад, такая падзея – ноччу выпаў першы снег. Змяніў звыклы каларыт мястэчка. Выгляд мястэчка стаў яшчэ больш паэтычным.

Я абышоў сваімі нагамі ўвесь Ракаў і ўвесь Навагрудак, амаль усе мястэчкі ў Заходняй Беларусі, ня кажучы ўжо пра Лаўрышава, маю вёску, дзе сваімі рукамі пабудаваў двухпавярховы дом з майстэрняй і заклаў парк – клёны, ясені, бярозы, – амаль цэлы гектар. Гэты дом я перадаў сыну.

Цяпер мой дом – Навагрудак. У Мінску я не магу быць доўга, цягне ў майстэрню ў Навагрудак. Асабліва зімой. Пасля працы так прыемна пасядзець ля каміна!”.

“Цяпер мой дом – Навагрудак”
“Цяпер мой дом – Навагрудак”
Кастусь Качан
Васіль Сумараў
Васіль Сумараў
Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь

У заслужанага мастака Васіля Фëдаравіча Сумарава некалькі выдатных зімовых пейзажаў, якія сталі шырока вядомымі. Адным з іх з’яўляецца “Зіма ў Трактарным пасёлку”. У калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея знаходзіцца яго эпічнае палатно ‘Зямля маёй маці’. 

Зямля маëй маці
Зямля маëй маці
Васіль Сумараў
  • 1978
  • Палатно, алей

Вось што расказаў пра гісторыю яго стварэння майстар:

“Гэта маё ранняе палатно, даволі вялікае па памеры, з навагрудскім замкам. Гісторыя яго такая. Мне было каля 40 гадоў, калі я атрымаў заказ ад мастацкага камбіната намаляваць два краявіды Навагрудка. Я, вядома, ведаў, што гэта горад Міцкевіча. У выніку вырашыў намаляваць касцёл, дзе яго хрысцілі, і Курган неўміручасці Міцкевіча, які быў насыпаны ў 1924–1931 гадах.

Я з задавальненнем прыняў гэты заказ, таму што на навагрудскай зямлі ў невялікім мястэчку, недзе там, дзе праходзіць чыгунка, нарадзілася мая маці – Марфа Васільеўна Фëдарава. Яе брат быў начальнікам станцыі. Потым яна паехала пад Смаленск, але часта расказвала пра сваю радзіму, пра сваё дзяцінства. Я тады ў 1976 годзе ўпершыню наведаў Навагрудак. Ехаў туды зімой на аўтобусе і, пад’язджаючы да мястэчка, усё пытаўся, дзе ж сам Навагрудак, дзе ж сам замак? Мне паказалі на нейкія невялікія руіны, якія мяне спачатку расчаравалі сваім сціплым памерам. Драўляныя дамы на першым плане перашкаджалі ўспрыманню. Калі я выйшаў з аўтобуса, перш за ўсё падняўся на Курган неўміручасці, і гэты від на дзясяткі кіламетраў мяне літаральна ўразіў.

Замак адтуль аказаўся велічным. Я зразумеў, што яго маштаб трэба павялічваць як мінімум у два разы на карціне, каб падкрэсліць велічнасць замка. З Кургана неўміручасці стаў рабіць накіды. Я зрабіў алоўкавы эскіз, шмат фотаздымкаў, замалёвак.

Справа было відаць вуліцу, якая вяла ўніз каля касцёла і навагрудскай замкавай гары. Я не меў магчымасці прайсціся па ўсіх вулачках, толькі па асноўных, бо мне трэба было ў той самы дзень вяртацца назад. Мяне больш уразіла, калі я пачаў падыходзіць да самага замка. З аўтобуса ён здаваўся мне нейкім маленькім, але тут раскрываўся незвычайны выгляд. Была зіма, вельмі холадна. З гары дзеці кідалі снежныя шарыкі, іх было вельмі шмат, і я спачатку іх намаляваў, а потым падумаў, што яны не патрэбныя, хоць у рэальнасці былі вельмі эфектныя. І я задумаў тады карціну менавіта зімовую, бо мяне ўразіла, што ўвесь Навагрудак быў нібы ў нейкай яме, асаблівы клімат назіраўся ў горадзе. Там была побач воданапорная вежа, я яе прыбраў – наклаў так, што яе не было відаць. Галоўным стала Шчытавая вежа, яе руіны пачатку XV стагоддзя. Гэта дэталёва зроблена з натуры, там акно было разбіта, вельмі дакладна я яго адлюстраваў.

Потым намаляваў па заказе карціну, дзе ля падножжа кургана сядзяць піянеры, а важаты нешта ім расказвае, адлюстраваў і касцёл, дзе хрысцілі Міцкевіча. Тады ж прыйшло рашэнне, што трэба стварыць вялікую карціну, якую я вырашыў прысвяціць маёй маме і назваць яе “Зямля маёй маці”. Мая мама тады яшчэ была жывая…

Я ўвогуле люблю зіму, і ўжо з 14-ці гадоў у мастацкай школе імкнуўся маляваць менавіта зімовыя пейзажы. Настолькі захапляўся, што аднойчы нават адмарозіў сабе вушы. Прахожы заўважыў, што яны чырвоныя, загадаў ісці дадому, але я ўсё ж закончыў свой эцюд у парку Горкага. Калі прыйшоў дадому, маці пляснула рукамі і павяла мяне да старой, якая нацëрла вушы гусіным тлушчам. Таму вушы ў мяне заўсёды мëрзнуць зімой, да гэтага часу я іх хаваю пад шапкай. Я запомніў, што ў Навагрудку апранаў футра і вушы шапкі апускаў... Мёрз, але ўсё ж маляваў на марозе... Да выставы я прадставіў не толькі заказаныя карціны, але і гэту. Яна была прынята вельмі добра, надрукавана ў колеры ў часопісе “Творчасць”, не раз выстаўлялася, яе купіў Мастацкі музей. Я потым вярнуўся да гэтай тэмы – напісаў яшчэ адну зімовую карціну “Зіма ў Навагрудку” (1998).

Віктар Грамыка, тады старшыня Саюза мастакоў, напісаў у “Советской Белоруссии”, што гэта карціна адкрыла новы тып беларускага пейзажа – “гістарычны пейзаж”, што сказана новае слова пра беларускі краявід.

Памятаю, што Міхась Савіцкі тады на закупачнай камісіі сказаў, што ў кожнага мастака ёсць сваё “спрыяльнае дзесяцігоддзе”, калі ўсё атрымоўваецца. Верагодна, з 30 гадоў у мяне пачалося такое дзесяцігоддзе, калі былі створаны мае галоўныя карціны.

Мікалай Ісаёнак
Мікалай Ісаёнак
Мастак-жывапісец

Мікалая Ісаëнка без перабольшвання можна назваць мастаком, улюбëным у зіму. Толькі гэтай зімой ён стварыў каля 20 зімовых краявідаў ускраіны Мінска – Калодзішчаў, апаэтызаваўшы і стварыўшы мастацкі вобраз сучаснага катэджнага пасёлка. У калекцыі музея знаходзіцца некалькі яго зімовых пейзажаў, якія сталі класічнымі. Адным з іх з’яўляецца карціна “Дэльтапланерысты”.

Дэльтапланерысты
Дэльтапланерысты
Мікалай Ісаёнак
  • 1979
  • Палатно, алей

“Гісторыя яе стварэння такая, – расказвае мастак. – Я ў маладосці быў спартсменам, займаўся боксам. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча. Працаваў па сумяшчальніцтве пры Спорткамітэце ў Раўбічах. Сіл было шмат… Тады гэта было “залатое стагоддзе” для спартсменаў і мастакоў. Фарбаў шмат выдавалі, спартсменам талоны давалі на харчаванне. У Раўбічах у мяне была майстэрня, акрамя той, якую я займаў у Мінску пры Палацы воднага спорту. У той час я шмат намаляваў краявідаў Раўбіч. І займаўся там скачкамі на лыжах з трампліна.

“Дэльтапланерыстаў” я стварыў па заказе Камітэта фізкультуры і спорту для выставы “Фізкультура і спорт”.

Вядома, я бачыў, як трэніруюцца спартсмены, рабіў эскізы і малюначкі, а потым у майстэрні ўжо маляваў па эцюдах. Нават сам жадаў паляцець на дэльтаплане, каб выпрабаваць адчуванне лунання, але мне сказалі: “Не, хлопец, ты яшчэ малады, гэта не так проста стаць дэльтапланерыстам”.

Але я вельмі доўга назіраў, як яны лятаюць, лунаюць над старым касцёлам, як птушкі. Пасля таго, як намаляваў першую карціну, мне захацелася зрабіць другі варыянт. У выніку атрымаліся дзве работы, адну з якіх з выставы купіў Дзяржаўны мастацкі музей, а другая патрапіла ў Маскву.

Такога плана работ у мяне няшмат. Я ўсё ж такі мастак малога камернага душэўнага пейзажа. У іх ёсць энергія і мая душа, і людзі гэта адчуваюць. Я думаю, што ў трэці перыяд майго жыцця вярнуся ў вёску (чаму я не прадаю бацькоўскі дом у Чарневічах), і думаю там працягнуць ствараць менавіта вясковыя пейзажы.

“Спрадвечнае” – любімая філасофская назва Мікалая Ісаёнка. Толькі ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея захоўваюцца тры карціны пад такім імем – 1998, 2000 і 2016 года. Адна з іх, 2000 года, доўга знаходзілася ў экспазіцыі музея.

Спрадвечнае
Спрадвечнае
Мікалай Ісаёнак
  • 2000
  • Палатно, алей

“Як я знайшоў гэты матыў? Можна сказаць, выпадкова, – расказвае мастак.

У пачатку 2000-х мы з маім сябрам Кастусём Качаном доўга малявалі разам у Заходняй Беларусі і менавіта зімой. Аднойчы мы ехалі на машыне і спыніліся на дарозе. Ён заўсёды мяне кідаў і ішоў шукаць свае цэрквы і вуліцы, сваю правінцыю. У яго – свая тэма, свой свет.

А я заставаўся стаяць на дарозе і думаў: “Божа мой, куды ён мяне завёз”. І раптам я сыходжу з дарогі і бачу, што стаіць вельмі стары свіран. Помнік эпохі. Я прыгадаў сваё дзяцінства, як каля такіх свірнаў мяшкі выгружалі, снапы малацілі, захоўвалі там збожжа. Мы ж родам адтуль, з вёскі. А там яшчэ віднелася царква – такая “саўрасаўская”, якая крышку асацыіруецца з яго карцінай “Гракі прыляцелі”.

Я намаляваў тады вельмі хутка два маленькія эцюды. А потым зразумеў, што гэта тэма заслугоўвае большфарматнага твора. Намаляваў таксама дзве работы. Але яны зусім розныя.

Адзін твор – з травой сухой, з возам, з якога разгружаюць мяшкі са збожжам. Ëн – у Маскве. А ў гэтым творы – такая цішыня, забыццё.

Свіран – гэта вечнасць. Прытча пра жыццë. У гэтыя ж гады Барыс Забораў ствараў кожны год сваё “Гумно”, цэлы цыкл, і ўсе пачалі маляваць услед за ім… Цяпер ужо гэтых свірнаў няма, яны ўжо зніклі. Чаму яны выклікаюць настальгію? Мы ўсе родам з дзяцінства. Нам патрэбны такія карціны для душы, як успаміны дзяцінства. Таму што хочацца зноў вярнуцца ў тыя часы.

Беларускую вёску можна маляваць бясконца. Асабліва зімой. Узімку маляваць не так проста. Я працаваў пры 25° марозе, рукі мëрзнуць, кашмарны вецер. Я зімой стварыў шмат пейзажаў. Мы з жонкай Марынай Ісаёнак бралі мяшочак з мясам і ішлі маляваць у завею. Бабы вясковыя казалі: “Куды вас чорт гоніць”. А потым мы вярталіся і ў снег кідалі эцюды. Калі яны ў цяпле адтайвалі, там усё прыгожа “плыло”. Вельмі арыгінальныя эфэкты атрымліваліся.

Гэта ўжо не паўторыцца. Цяпер я малюю карціны з тых эцюдаў, выкарыстоўваю акрыл, ён любіць, калі адразу трапляеш у тон, без перамалёўвання, тады эцюд становіцца брудны. Таму я малюю адзін прыём, а калі не атрымалася, – дамалëўваю алеем. Розная тэхніка, розны памер, і кампазіцыю мяняю.

З натуры я ствараў скрупулёзна… Калі я не бачыў кампазіцыі ў пейзажы, значыць, не маляваў. А ў мяне ёсць такія работы, якія я перакладаю на вялікае палатно па клетках, і калі крыху памыліўся ў фармаце, – усё, кампазіцыя не атрымліваецца. Карціну трэба рэжысіраваць: нешта запаліць, нешта прыгасіць. Мастак выступае як дырыжор аркестра. Пейзаж трэба “сабраць”. Часам трэба дамаляваць адну кропку, якая свеціцца, ці фігурку, каб яна была цэнтрам кампазіцыі. Але такія фігуркі я перастаў любіць. Чалавек – гэта здабытчык, варвар. Часам толькі я ўводжу іх як стафаж для маштабу. Але цяпер усё больш прытрымліваюся пазіцыі Валерыя Шкарубы – ніколі не ўводзіць чалавека ў пейзаж. Пейзаж самадастатковы.

Вячаслаў Паўлавец
Вячаслаў Паўлавец
Графік, акварэліст

Вячаслаў Паўлавец – прызнаны майстар і прапагандыст акварэлі, тонкі лірык. Акварэль “Першы снег” некалькі гадоў была ў экспазіцыі музея, стала яго візітнай карткай.

Першы снег
Першы снег
Вячаслаў Паўлавец
  • 2004
  • Папера, акварэль

“Гэта, вядома, не выява канкрэтнай мясціны і напісана не з натуры. Але за ёй стаяць рэальныя ўражанні ад зім майго дзяцінства, якое прайшло ў вёсцы пад Смалявічамі, калі я жыў у бабулі ў вёсцы Пліса. Там такая рэчка праз вёску працякае. Ідзеш уздоўж рачулкі са школы ў зімовым паліто з партфельчыкам. І ўсплывае гэты шлях перад чыстым лістом паперы праз гады, нібы бачыш гэта. А, магчыма, гэта рэчка Вяча – такая рачулка ёсць у наваколлі дома майго дзеда.

Але я добра запомніў гісторыю стварэння гэтай акварэлі. Пачаў яе маляваць, намачыў ліст паперы, нанёс першыя штрыхі.

А потым нешта мяне адцягнула, нейкая тэрміновая праца, нешта трэба было зрабіць. Папера стала амаль сухой, і гэта дазволіла мне нанесці выразныя контуры, светлавыя плямы. Гэта неяк вельмі хутка ўсё склалася.

Для мяне характэрна вось што: чым менш стараюся, чым менш прыкладаю нейкіх намаганняў, а больш працую на падсвядомасці, на інтуіцыі, тым лепш атрымліваецца. Звычайна ў мяне ў галаве – матыў і папярэдні эскіз самага агульнага плана. Гэта не рэцэпт для ўсіх, але ў мяне часта так. Гэта не тое, каб увогуле малюю несвядома ці ў трансе. Эскіз і агульная кампазіцыйная схема – у галаве, а вось нейкія асаблівасці, нейкія дэталі вырашаюцца ў працэсе.

Гавораць, малюеш паўгадзіны і ўсё жыццё. Потым ёсць памяць мануальных дзеянняў, выпрацаваны рытм рухаў пэндзля, як працягу кісці рукі. Вось так лёгка і правільна атрымліваецца, калі менш старацца.

Больш за ўсё люблю маляваць зімовыя краявіды. Пейзаж у жыцці і пейзаж на паперы, вядома, не тоесныя. Стварэнне пейзажа – гэта павольная размова, якую я вяду з прыродай. Заўсёды імкнуся ўлавіць настрой раніцы ці вечара, не люблю агрэсіі ні ў якім выглядзе. Да акварэлі мяне больш за ўсё схіляе шэры дзень, – працягвае аўтар. – На самой справе ён, зразумела, не шэры. Пазбаўлены святла, сонца, ён нібыта спыняецца, завісае ў Сусвеце. Часу няма. І я думаю: вось выпадак пачаць жыццё з нуля, з самага пачатку. З белага ліста – у прамым і пераносным сэнсах. Нехта скажа: гэта момант ісціны. Я сваімі акварэлямі кажу: гэта момант неўміручасці чалавека, неўміручасці яго душы.

 Марыя Ісаёнак
Марыя Ісаёнак
Мастак-жывапісец

Гарадскіх пейзажаў у Марыі Ісаёнак няшмат. Чалавек па нараджэнні вясковы, яна лепш адчувае і любіць маляваць сельскія краявіды і ўтульныя двары з квітнеючымі садамі. Але ёсць адно выключэнне. Гэта зімовая серыя з васьмі карцін – краявідаў цэнтра Мінска. Яна з цвëрдай сталасцю адлюстроўвае адно і тое ж месца – дом з вежкай на вуліцы Камуністычнай. І пераважна зімой. Як заўзяты імпрэсіяніст, Марыя Ісаёнак упарта вяртаецца да звыклага матыву. Вось яе “зімовая гісторыя”.

Мінск узімку
Мінск узімку
Марыя Ісаёнак
  • 2008
  • Палатно, алей
Плошча Перамогі. Від на вуліцу Камуністычную
Плошча Перамогі. Від на вуліцу Камуністычную
Марыя Ісаёнак
  • 2016
  • Палатно, алей
Прайсці налева
Прайсці направа

“Я патрапіла ў гэту прастору, калі ў 1965 годзе прыехала з Віцебска і паступіла 16-гадовай дзяўчынай у Мінскае мастацкае вучылішча.

Асобнага будынка вучылішча яшчэ не было, агульнаадукацыйныя прадметы ў нас праходзілі ў самым цэнтры, у Оперным тэатры. Нам чыталі там лекцыі па гісторыі мастацтва, матэматыцы, фізіцы, літаратуры, а праз вялікія вокны ў Оперным тэатры было відаць балетныя класы, дзе рэпеціравалі балерыны. А навучальныя майстэрні былі ў
архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме на вуліцы Захарава. Там жа на верхніх паверхах размяшчаўся і наш інтэрнат.

Даводзілася бегаць увесь час туды і назад. Я падчас вучобы пастаянна дзень пры дні перасякала гэту гарадскую прастору, яна была для мяне цёплая, родная.

Дом з флюгерам на вежы сярэдзіны 1950-х гадоў быў яшчэ зусім новы. Вядома, тады я паняцця не мела, што дом гэты гістарычны, таму што ў ім у пачатку 1960-х жыў Лі Харві Освальд, які забіў амерыканскага прэзідэнта Кенэдзі. Для мяне гэта быў проста вельмі прыгожы дом.

Калі я прыходзіла ў майстэрню з Опернага тэатра, дзе знаходзілася мастацкае вучылішча, часам ішла міма гэтага дома па вуліцы Камуністычнай, міма плошчы Перамогі, а часцей – па парку Янкі Купалы і парку Горкага, але дом гэты заўсёды быў перад вачыма. І так кожны дзень, кожны год. Гэта вуліца для мяне стала звыклай і вельмі дарагой. У мяне і пасля заканчэння вучылішча была майстэрня ў гэтых мясцінах – былая майстэрня Віталя Цвіркі на вуліцы Першамайскай. Усё па-ранейшаму круцілася вакол плошчы, перасадка транспарту была на плошчы Перамогі.

І заўсёды было пачуццё асаблівай прыгажосці гэтага кутка. Мне і зараз здаецца, што мясціны вакол плошчы Перамогі – самыя прыгожыя ў свеце.

Я проста хачу падкрэсліць выключнасць гэтага раëна для мяне асабіста. Парк Горкага, дзе мы гулялі ў юнацтве з Мікалаем Ісаёнкам, набярэжная Свіслачы, нават дом РСДРП, з’яўляюцца для мяне настальгічнымі. Дзіўна, што я стала іх маляваць толькі пасля таго, як пакінула майстэрню ў 2008 годзе, пасяліўшыся ў сваім доме ў Калодзішчах. Відаць, тады пачаліся ўспаміны, асэнсаванне дзён маладосці, настальгія.

Усяго восем зімовых пейзажаў: два знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, адзін, самы лепшы, купіў прыватны калекцыянер, яшчэ адзін – у прыватнай калекцыі.

Мне заўсёды хацелася маляваць гэтыя мясціны ў розных станах і памерах.

Я малявала з натуры, рабіла вельмі шмат фотаздымкаў, асабліва ў зімовы час. Зіма ў цэнтры Мінска рабіла на мяне вельмі моцнае ўражанне сваёй суровай прыгажосцю. Мне больш па душы манахромная лаканічная прыгажосць. Я сама трошачкі “зімовая”, вясна з яе настроем цвіцення чамусьці заўсёды ў мяне праходзіць безнадзейна хутка.

Першы эцюд я намалявала з натуры, ён захоўваецца на нашых складах, на паліцах. Потым ад гэтага эцюда ўжо намалявалася першая карціна, вясновая, а потым – вуліца Камуністычная зімой. Адну карціну я назвала “Мінск зімой”. Яна ў мяне ёсць у розных станах: з хаткай РСДРП і без, з ліхтарамі і перспектывай вуліцы, і навагодняя, з завірухай, у туманнай смузе, у шэры адліжны дзень, проста адзінокі дом...

Мне хацелася паўтараць гэты матыў, але паўтарыць як у першы раз – для мяне гэта нерэальна... І не факт, што я не вярнуся ў будучыні да гэтага матыву, таму што ён увесь час нараджае і стварае адчуванне цяпла.

Апавяданні мастакоў запісала вядучы навуковы супрацоўнік Надзея Усава. Асаблівая падзяка Арцёму Лапіцкаму і Кацярыне Анціпавай за дапамогу і творчую рэдактуру.