Мастацтвазнавец і мастак. Дыялог скрозь гады
Да 100-годдзя з дня нараджэння выбітнага беларускага мастацтвазнаўцы ХХ стагоддзя Леаніда Ніканоравіча Дробава
(1926–2002) у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася часовая экспазіцыя “Мастацтвазнавец і мастак. Дыялог скрозь гады”.
“Нячаста мы святкуем юбілеі мастацтвазнаўцаў. Але Дробаў з’яўляецца выключэннем. Ён стоўп беларускага мастацтвазнаўства, стваральнік савецкай школы гісторыкаў мастацтва Беларусі”, – адзначыў на адкрыцці выставы яго вучань, доктар мастацтвазнаўства В. І. Жук.
На фота адлюстраваны асноўныя этапы прафесійнага станаўлення беларускага мастацтвазнаўцы, доктара мастацтвазнаўства, прафесараі жывапісца, ураджэнца Гомельскай вобласці. У дзвюх вітрынах змешчаны некалькі асноватворных дакументаў, уключаючы выкананы алоўкам аўтапартрэт ваеннага часу, рэферат і аб’ёмны тэкст доктарскай дысертацыі, абароненай у Ленінградскім інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна.
Экспазіцыя заклікана прадэманстраваць не толькі эвалюцыю даследчай думкі вучонага, але і шырокі культурны кантэкст акадэмічнай школы, уключаючы кнігі па спадчыне беларускіх майстроў, персаналіях вядучых беларускіх жывапісцаў, манаграфіі пра А. Мазалёва (1976), А. Шаўчэнку (1980), А. Бархаткова (1988), А. Шыбнёва (1991).
Найбагацейшы архіў даследчыка, які ўдава Святлана Фёдараўна Дробава перадала пасля смерці Леаніда Ніканоравіча ў Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, дазваляе больш аб’ёмна акрэсліць шлях выбітнага даследчыка. І дагэтуль дакументы служаць навуковым супрацоўнікам музея, застаюцца сапраўднай скарбніцай інфармацыі, якую майстар па крупінках збіраў у архівах Масквы, Ленінграда, Кіева, Кракава, Варшавы і іншых гарадоў. Нямала цікавага, прысвечанага юнацтву Леаніда Ніканоравіча захавалася і ў сямейным архіве.
Леанід Дробаў нарадзіўся 6 жніўня 1926 года ў вёсцы Растоў на Гомельшчыне, каля пасёлка Акцябрскі (былы Рудабелка). Ён быў старэйшым з шасці дзяцей сельскіх настаўнікаў. Дзед Марк па мацярынскай лініі – іканапісец, які пазней стаў свяшчэннікам, што адыграла ў той антырэлігійны час сваю негатыўную ролю ў гісторыі сям’і. Калі бацькоў звольнілі з працы, Леанід праявіў кемлівасць. Дзесьці адшукаў швейную машынку, распароў старыя буркі ды пачаў па выкрыйцы шыць іх для вяскоўцаў. Тыя прыносілі ў якасці аплаты сала, яйкі, малако. Так 14-гадовы падлетак пракарміў сям’ю ў галодныя 1930-я гады.
“Бацька быў вельмі гаспадарлівым, рацыянальным чалавекам. Умельства шыць спатрэбілася яму і ў партызанскім лагеры, дзе ён шыў пілоткі байцам і рамантаваў іх адзенне, і пазней, калі ён пісаў кандыдацкую дысертацыю, падпрацоўваў шыццём. Цудоўна гатаваў, варыў халадзец, квасіў капусту, варыў найсмачнейшыя супы “з тапара”, смажыў бульбу па асаблівым рэцэпце з хрумсткай лупінкай, умеў ўсё рабіць сваімі рукамі, нават барэльеф на надмагільным помніку бацькам зляпіў сваімі рукамі… Сябраваў з пісьменнікамі і дачу меў у пісьменніцкім кааператыве на Лысай гары. Яны заўсёды збіраліся на ягоныя кулінарныя пасядзелкі”, – узгадваў старэйшы сын Дробава Канстанцін.
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны 16-гадовы падлетак Леанід Дробаў удзельнічаў у партызанскім руху ў складзе 752-га атрада 1-й Бабруйскай партызанскай брыгады. Са студзеня 1944 года мабілізаваны ў Чырвоную Армію, ваяваў у складзе 37-й гвардзейскай дывізіі 65-й арміі 2-га Беларускага фронта. Скончыў вайну на ўзбярэжжы Балтыкі, у горадзе Бірт. Яму прапаноўвалі працягнуць службу ў арміі, стаць прафесійным ваенным, але ён адмовіўся.