Не толькі Волкаў
Да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
І калі заходзіць гаворка пра тыя падзеі, перад намі – сучаснымі людзьмі – часта паўстаюць вобразы, створаныя мастакамі. Амаль на ўсе важнейшыя гістарычныя падзеі мы глядзім праз прызму мастацтва. І верым таленавітым творам нават больш, чым сведчанням відавочцаў ці фотаздымку.
Мастацкая спадчына захоўвае велізарную колькасць работ, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны. Гэты страшны вопыт, адначасовае адчуванне і трагедыі, і трыумфу з неверагоднай сілай перажываліся мільёнамі грамадзян, у тым ліку і творцамі, многія з якіх былі непасрэднымі ўдзельнікамі ваенных падзей.
Валянцін Волкаў
На пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь асаблівае месца займае маштабнае палатно Валянціна Волкава “Мінск. 3 ліпеня 1944 года” – карціна, якая сталася своеасаблівым мастацкім сімвалам вызвалення сталіцы Беларусі з-пад акупацыі.
Амаль 10 гадоў спатрэбілася мастаку, перш чым канчатковы варыянт работы быў прадстаўлены публіцы.
Працуючы над карцінай, Валянцін Волкаў напісаў звыш 220 малюнкаў, 11 эскізаў кампазіцыі, каля 50 жывапісных эцюдаў. Усё на карціне напісана з натуры — дзясяткі людзей, архітэктура, ваенная тэхніка, амуніцыя, зброя, кветкі. Нават для персанажаў другога плана старанна шукалася натура. Майстар разумеў, што кожная дэталь карціны павінна быць пазнавальная, дакладная. В. Волкаў паставіў задачу стварыць гістарычную шматфігурную карціну «вялікага стылю», на якой былі б перададзены пачуцці радасці і шчасця жыхароў Мінска ў тую сонечную ліпеньскую раніцу.
Анатоль Волкаў
Вызваленне сталіцы Беларусі стала магчымым дзякуючы Мінскай наступальнай аперацыі – аднаму з ключавых этапаў Беларускай стратэгічнай аперацыі 1944 г. пад кодавым найменнем “Баграціён”, мэтамі якой былі разгром нямецкай групы армій “Цэнтр”.
Адзін з эпізодаў баёў пад Мінскам адлюстраваў на сваёй рабоце сын Валянціна Волкава, мастак Анатоль Волкаў.
Яўген Зайцаў
Яшчэ адным творцам, які не абмінуў тэму вызвалення Мінска, стаў вучань Валянціна Волкава, народны мастак Беларусі, прызнаны класік гістарычнага жывапісу Яўген Зайцаў.
На сваёй рабоце “Мінск вызвалены” майстар перадае надзвычай эмацыянальны момант сустрэчы савецкіх войскаў на галоўнай плошчы горада на фоне найбуйнейшага грамадскага будынка Беларусі – Дома Урада.
Віктар Хацкевіч
Мастакі пасляваеннага пакалення, якія сустрэлі вайну дзецьмі, у сваіх работах імкнуліся па-філасофску пераасэнсаваць падзеі гераічнага мінулага, выкарыстоўвалі новыя сродкі выразнасці, абагульнялі і ўзводзілі да ўзроўню сімвалаў рэальныя падзеі. Так, на рабоце Віктара Хацкевіча “Мінск. Свята 3 ліпеня” ў насычаным чырвоным колеры лунаючых сцягоў бачыцца не толькі трыумф жыцця, але і пакуты, выпрабаванні, напружанасць лёсу, што выпаў на долю роднай краіны.
Май Данцыг
Ваенная тэматыка была магістральнай у творчасці народнага мастака Беларусі Мая Данцыга. Яго работы вылучаліся неверагоднай сілай эмацыянальнага ўздзеяння, глыбінёй сэнсавай нагрузкі і арыгінальнасцю кампазіцыйнага рашэння. Шматпланавая, шматфігурная, шматсюжэтная карціна “Перамога. (Вызваленне)” – адзін з яркіх таму прыкладаў.
Падзеі Другой сусветнай вайны, нягледзячы на аддаленасць у часе, застаюцца ў полі культурнай памяці і становяцца прадметам усебаковага мастацкага асэнсавання. На сваіх карцінах беларускім мастакам удалося праўдзіва і шчымліва расказаць ваенную гісторыю краіны, перадаць глыбока асабістае перажыванне падзей таго часу.
Настасся Трафімчык – вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь