“Паркавы мастак” Міхаіл Станюта і яго цыкл “Парк Чалюскінцаў”

У мінулым годзе выставай і публікацыямі быў адзначаны юбілей Міхаіла Станюты (1881–1974) – 140-годдзе з дня нараджэння беларускага мастака, ураджэнца Ігумена (Чэрвеня).

Яго можна назваць мастаком адной карціны “Партрэт дачкі” Стэфаніі Станюты, у той час 18-гадовай студыйкі беларускай драматычнай студыі ў Маскве, у будучым – народнай артысткі БССР і СССР. Гэты партрэт шырока вядомы, яго часта друкуюць у альбомах па мастацтве ХХ стагоддзя. Пасля выхаду на пенсію, ужо ў пасляваенныя гады,Станюта перастаў займацца жывапісам, аддаючы перавагу графіцы. Зусім невядомы гледачу малюнкі, зробленыя ўжо 70-гадовым майстрам у канцы 1940-х – пачатку 1970-х гадоў у Парку Чалюскінцаў. Сотні такіх малюнкаў захаваліся ў зборы сына мастака Уладзіміра Міхайлавіча Станюты, няшмат у дзяржаўных музеях. 

Фота. М. Станюта за працай у парку Чалюскінцаў
Фота. М. Станюта за працай у парку Чалюскінцаў
  • 1960-я
М. Станюта за працай
М. Станюта за працай
  • 1950-я
Ваза ў Парку Чалюскінцаў  (Збор У. Станюты)
Ваза ў Парку Чалюскінцаў (Збор У. Станюты)
Міхаіл Станюта
  • 1950-я
  • Папера, аловак
Прайсці налева
Прайсці направа

Парк культуры і адпачынку, які атрымаў сваю назву ў гонар подзвігу паўночнай экспедыцыі “чалюскінцаў” у 1930-я, як вядома, быў створаны як лесапарк у 1932 годзе на месцы былога “лесу Ваньковічаў”, што быў добра знаёмы мастаку яшчэ з 1910-х гадоў па сямейных пікніках на размешчаных там малочных фермах.

Мастаку былі дарагія гэтыя ўспаміны. Акрамя таго, з вокнаў яго кватэры ў новым доме па вуліцы Камсамольскай, насупраць клуба імя Дзяржынскага, ніколі не было бачна неба. Працаваць там было цяжка, але мастак знайшоў выйсце. Некалькі прыпынкаў – і ён ужо на ўскраіне Мінска, у сасновым лесе ў межах горада. Міхаіл Станюта амаль штодня, седзячы на лаўцы побач з драўляным кінатэатрам “Вясёлка”, маляваў парк і прахожых. Тут была фактычна яго майстэрня. У гэтым выяўлялася не толькі яго запатрабаванне ў зносінах і сталай працы над натурай, але і магчымасці прыносіць камусьці радасць, што часам расцэньвалася як дзівацтва старога чалавека, але было праявай вышэйшай мудрасці. 

Станюта стаў своеасаблівай “славутасцю” парка. Шмат людзей заўсёдыяго шчыльна акружалі і сачылі, як з рысак нараджаецца “падобны” партрэт. Гэтыя сотні малюнкаў каляровымі алоўкамі, акварэллю, колерам якой ён напаўняўгэтыя малюнкі ўжо дома, створаныя часта за адзін сеанс, адрозніваюцца асаблівай шчырасцю і цеплынёй да людзей, выпрацаванай ім эстэтыкай “свядомай наіўнасці”. Гэта калейдаскоп розных тыпаў людзей – ад прафесараў да прадаўшчыц марожанага, ад дзяцей да барадатых старцаў. Яны тыпажныя і вострахарактарныя.

Стары ў паліто (Збор У. Станюты)
Стары ў паліто (Збор У. Станюты)
Міхаіл Станюта
  • Папера, акварэль
Мужчына ў кажусе (Нацыянальны мастацки музей Рэспублики Беларусь))
Мужчына ў кажусе (Нацыянальны мастацки музей Рэспублики Беларусь))
Міхаіл Станюта
  • 1972 г.
  • Папера, акварэль
Салдацік з Мачулішчаў (Збор У. Станюты)
Салдацік з Мачулішчаў (Збор У. Станюты)
Міхаіл Станюта
  • 1950 г.
  • Папера, акварэль, каляровыя алоўкі
Прайсці налева
Прайсці направа

Мастак не пакідаў іх ананімнымі, падпісваў імя і прозвішча, нават адрас, пісаў і час стварэння. Часта на аркушы стаіць некалькі дат, значыць, мастак дамаўляўся з мадэллю на некалькі сеансаў. Гэта звычайныя мінчане і прыезджыя, якіх прыцягваў парк сваімі атракцыёнамі і Дзіцячай чыгункай, адкрытай у 1955 годзе. У парк з яго няхітрымі забаўкамі – шахматамі, арэлямі, танцпляцоўкай – сцякалася публіка: увечары – моладзь, днём – старыя і дзеці. Адсюль так шмат дзіцячых партрэтаў, якія мастаку асабліва ўдаваліся, нягледзячы на няўрымслівасць мадэляў. Дзеці ў Станюты ідэалізаваныя, казачныя, намаляваныя з пяшчотай, часам перабольшанай (з жадання спадабацца замоўцу). Са Станюты выйшаў бы цудоўны дзіцячы ілюстратар часопісаў і кніг, але гэтая яго здольнасць аказалася незапатрабаванай.

Хлопчык Віця (Збор У. Станюты)
Хлопчык Віця (Збор У. Станюты)
Міхаіл Станюта
  • 1960-я
  • Папера, каляровыя алоўкі
Іра (Збор У. Станюты)
Іра (Збор У. Станюты)
Міхаіл Станюта
  • 1957 г.
  • Папера, акварэль
Прыгажуня (Збор У. Станюты)
Прыгажуня (Збор У. Станюты)
Міхаіл Станюта
  • 1960-я
  • Папера, аловак
Прайсці налева
Прайсці направа

У гэтых немудрагелістых партрэтах адбілася атмасфера не толькі пасляваеннага Мінска 1950–1960-х гадоў, але і дзіўным чынам адчуваецца графічны востра характэрны рэалізм маскоўскай графічнай школы 1920-х, знакамітага “ВХУТЕМАСа”, дзе Станюта вучыўся пару гадоў у пачатку 1920-х. Партрэтаванне не было сродкам заробку для мастака, хаця былі выпадкі, калі за партрэты плацілі. Звычайна за іхдавалі 1-2 рублі, і толькі аднойчы студэнт-індус ацаніў яго працу ў 10 рублёў, немалыя для таго часу грошы для мастака, сям’я якога “жыла па-спартанску” на яго пенсію ў 52 рублі. Цікава, што з узростам якасць малюнкаў і майстэрства не гублялася, а манера пісьма рабілася ўсё больш раскаванай, стаўленне да мадэлі – рамантычным і больш чулым. З часам малюнак станавіўся ўсё больш разнастайным, рыскі маляўнічымі, а выявы вострахарактарнымі аж да гратэску.

Міхаіл Пятровіч, патрыярх беларускага жывапісу, сябра Саюза мастакоў, у 1921 годзе – арганізатар першай мастацкай выставы ў сталіцы Савецкай Беларусі, не рабіў спробы ні выставіць свае новыя і ацалелыя даваенныя творы, ні прапанаваць іх для закупкі музеям. Асноўная частка яго карцін 1930-х, закупленая музеем, была вывезена ў Германію ў 1941 годзе і не вярнулася. Ацалелыя былі складаваны ў яго кватэры. Ён не зрабіў нічога для сваёй прыжыццёвай вядомасці (толькі напісаў падрабязную аўтабіяграфію), але лёс распарадзіўся інакш.

У 1971 г. у маладых мастакоў узнікла ідэя арганізаваць персанальную выставу Станюты да яго 90-годдзя ў залах Беларускага саюза мастакоў. Мастацтвазнавец Барыс Крэпак і мастак Яўген Кулік дапамаглі адабраць працы і аформіць іх у рамы. Малады дырэктар Баранавіцкага раённага музея Валерый Палікарпаў паклапаціўся і выдаў невялікі, але інфарматыўны каталог1, дзе найбольш поўна зафіксавана творчая спадчына Станюты, што захавалася на той час: 54 творы – жывапісныя, акварэльныя, пастэлі, малюнкі алоўкам, усе 11 выстаў з удзелам майстра, указаны месцы захоўвання работ. Для Станюты каталог стаў найвялікшай каштоўнасцю, дакументальным пацвярджэннем рэальнасці яго творчага лёсу. Становішча старога майстра стала не такім безнадзейным: ён набыў “творчую спадчыну”. Гэтая юбілейная выніковая выстава вызначыла і лёс яго карцін. Выставу ў Саюзе мастакоў наведала дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея Алена Аладава, якая і адкрыла для сябе “дзівоснага Станюту”. Вядомы музыказнаўца Радаслава Мікалаеўна, яе дачка, расказвала, што імя Станюты часта гучала ў іх доме.

Праз год пасля выставы ў Станюты былі закуплены дзве жывапісныя работы – “Аўтапартрэт” і “Партрэт мастака Міхася Філіповіча” – і 9 графічных работ. Мастак у 90 гадоў, за год да смерці, атрымаў самы значны ганарар у сваім жыцці, на працэнты ад якога сям’я жыла некалькі гадоў.

У розныя гады ў экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь знаходзіліся тры яго карціны “Партрэт дачкі” (1923), “Партрэт М. Філіповіча” (1925) і “Аўтапартрэт” (1935). Дзякуючы гэтым работам ён і ўвайшоў у гісторыю беларускага мастацтва першай паловы ХХ стагоддзя.

Графіка Станюты, якая, па словах унука, “напаўняла сотнямі намаляваных твараў” яго кватэру, успрымалася як нешта прыкладнае, службовае, лічылася своеасаблівымі тэхнічнымі экзерсісамі для трэніроўкі рукі. Аднак зараз стаўленне да гэтага малавядомага этапа яго творчасці зусім іншае. Партрэты людзей, што “праходзяць міма” і праводзяць свой вольны час у парку, якіх мастак маляваў з дня ў дзень на працягу 20 гадоў, адрозніваюцца прывабнасцю і цеплынёй, імгненна схопленай канкрэтнасцю вобраза і шчырай цікавасцю да кожнага. Цяпер бы гэту серыю назвалі доўгачасовым канцэптуальным праектам. Мастак рабіў сваю справу натуральна і прастадушна. Пры вонкавай немудрагелістасці тэхнічных сродкаў ёсць у гэтай рознааблічнай галерэі партрэтаў пасляваеннага пакалення мінчан і гасцей Мінска нешта прыцягальнае, дакладнае, мастацкая інтэрпрэтацыя гісторыі паўсядзённасці. У гэтым і заключаецца феномен яго графікі.

Прадаўшчыца марожанага (Збор У. Станюты)
Прадаўшчыца марожанага (Збор У. Станюты)
Міхаіл Станюта
  • 1957 г.
  • Папера, каляровыя алоўкі
Індус (Збор У. Станюты)
Індус (Збор У. Станюты)
Міхаіл Станюта
  • 1968 г.
  • Папера, аловак
Аўтапартрэт (Збор У. Станюты )
Аўтапартрэт (Збор У. Станюты )
Міхаіл Станюта
  • 1968 г.
  • Папера, аловак
Прайсці налева
Прайсці направа
  • Мінск
    вул. Інтэрнацыянальная, 33А

  • аўторак - субота:

    з 10:00 да 18:00

  • нядзеля - панядзелак:

    выходныя дні

  • Мінскі раён
    Астрашыцкі Гарадок, ск «Раўбічы»

  • серада - нядзеля

    10:00 - 17:00

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні

  • Магілёў
    вул. Ленінская, 37

  • серада - нядзеля:

    11:00 - 18:00

  • панядзелак - аўторак:

    выходныя дні