Прыйшлi з вайны мы на твае руiны

Разбураны Мінск у творчасці беларускіх мастакоў

Гэтая выстава прысвечана нашаму гораду Мінску. А дакладней – некалькім гадам трагічнай гісторыі, калі ён фактычна перастаў існаваць. Другая палова 1940-х.

У гэты прамежак часу пасля разбуральнай вайны горад уяўляў сабой суцэльныя руіны. 80 працэнтаў жылога фонду было знішчана, у горадзе заставалася крыху больш за 40 тысяч жыхароў, цяжка нават было знайсці сваю вуліцу, свой дом. Пасля нямецкай акупацыі ў цэнтры горада неразбуранымі засталіся ўсяго семдзесят будынкаў. Кожная вуліца і кожны дом былі літаральна нашпігаваны ўзрыўчаткай. Пазней мінёры абясшкодзілі каля трох тысяч авіябомб, трохсот фугасаў, тысячу мін.

Зранены горад ляжаў на папялішчы. Толькі асобнымі астраўкамі высіліся ацалелыя будынкі. Нават абмяркоўвалася пытанне, ці варта разграбаць горы руінаў, каб аднаўляць горад на ранейшым месцы або яго прасцей узвесці на новым месцы

 

Вось як апісаў гэта паэт Аляксандр Твардоўскі, які ўвайшоў у Мінск разам з Чырвонай арміяй.

“Дымится крошево щебёнки,

Торчит стена с пустым окном.

И от воронки до воронки – 

Трава, сожжённая живьём.

 Железной гари едкий запах,

 Горелых трупов древний чад.

 В пыли, багровых дымах запад...

Здесь немцы были день назад…”

 Руіны Мінска. Няміга
Руіны Мінска. Няміга
Анатоль Тычына
  • 1944
  • Папера, аловак
Разбураны Менск
Разбураны Менск
Анатоль Тычына
  • 1946
  • Папера, каляровая лінагравюра
Прайсці налева
Прайсці направа

Балюча сціскалася сэрца, калі яго жыхары, вяртаючыся дадому, бачылі жах і маштаб разбурэнняў. У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь захоўваюцца карціны мастакоў: Валянціна Волкава, Мікалая Дучыца, Мая Данцыга, Анатоля Тычыны, Абрама Кроля, Віталя Цвіркі, Міхася Філіповіча, якія паказваюць Мінск у першыя пасляваенныя гады. Гэта не проста карціны, а сведчанні бесчалавечнасці вайны.

Марозны дзень
Марозны дзень
Валянцін Волкаў
  • Палатно, алей
Ля Казьмадзем’янаўскага завулка
Ля Казьмадзем’янаўскага завулка
Мікалай Дучыц
  • 1944
  • Кардон, пастэль
Разбураны Менск. Вуліца Энгельса
Разбураны Менск. Вуліца Энгельса
Абрам Кроль
  • 1947
  • Палатно, алей
Купалаўская таполя
Купалаўская таполя
Абрам Кроль
  • 1961
  • Палатно, алей
За ракой
За ракой
Віталь Цвірка
  • 1944
  • Кардон, алей
Прайсці налева
Прайсці направа

Патрэбны былі вялікія сродкі, каб аднавіць горад. Многае вырашыў кароткі візіт у Мінск Сталіна, які 15 ліпеня 1945 года накіроўваўся на спеццягніку на Патсдамскую канферэнцыю. Гэтаму эпізоду прысвечана карціна Фёдара Мадорава “Сталін на руінах Мінска” 1950-х гадоў. З успамінаў Старшыні Вярхоўнага савета БССР Панцеляймона Панамарэнкі«Сталін, Молатаў і Берыя выйшлі з вагона і прайшлі з канца ў канец доўгага перона, разглядаючы па дарозе разваліны горада. “Разбурэнні ў Беларусі пераўзыходзяць усе ўяўленні. Гэта можна зразумець і ацаніць, толькі ўбачыўшы”, – вымавіў уражаны ўбачаным Сталін».

І.В. Сталін у Мінску ў 1945 годзе
І.В. Сталін у Мінску ў 1945 годзе
Яўген Зайцаў
  • 1952
  • Палатно, алей

У Ротэрдаме ёсць помнік “Разбураны горад” віцябчаніна Восіпа Цадкіна – “крык агіды ад нечалавечай жорсткасці ката”. Мінск больш варты такога помніка. Бо паступова старэйшае пакаленне забірае з сабой памяць пра гэта амаль сюррэалістычнае відовішча: мёртвы горад без птушак, амаль без людзей і аўтамабіляў. Неўзабаве з Масквы былі вылучаныя велізарныя сродкі на аднаўленне Мінска, горад ператварыўся ў маштабную будоўлю, змяняўся літаральна на вачах.  

Некалькі мінскіх мастакоў адлюстравалі гэты перыяд яго існавання, што працягваўся каля дзесяці гадоў. Іх карціны – своеасаблівы дакумент як абвінавачванне вайны і фашызму. Першымі пачалі паказваць Мінск тыя мастакі, што засталіся ў акупіраваным горадзе, – Мікалай Дучыц, Анатоль Тычына, Валянцін Волкаў, Міхаіл Станюта. Фатаграфаваць і пісаць горад у 1944 годзе без ўзгаднення з уладай было строга забаронена, мастакам трэба было браць дазвол і абгрунтаванне – баяліся дыверсантаў, якія засталіся ў тыле немцаў; многія дамы былі замініраваны, на дахах ляжалі фугасныя бомбы, што не ўзарваліся.  

Радасць перамогі была настолькі моцнай, што ў гэтых руінах мастакі змаглі ўбачыць не толькі трагізм, але і асаблівую маляўнічасць. Яны дакументальна захавалі “пейзаж пасля бітвы”. Кожны пісаў той куток горада, дзе жыў, які ведаў і любіў як месца, дзе прайшла яго маладосць. Эцюды Мікалая Дучыца, напісаныя на старой Нямізе, безумоўна, прызначаліся для памяці, для сябе, магчыма, для будучай карціны. Гэта даніна любві да скалечанага горада. Напаўразбураныя дамы, працятыя цёплым сонечным святлом, ужо бяспечныя, з іх ужо не страляюць ва ўпор, яны сталі вольнымі ад мін і неразарваных снарадаў.

Руіны на Інтэрнацыянальнай вуліцы
Руіны на Інтэрнацыянальнай вуліцы
Мікалай Дучыц
  • 1944
  • Кардон, алей
Мінск
Мінск
Мікалай Дучыц
  • 1944
  • Палатно, алей
Руіны Мінска
Руіны Мінска
Мікалай Дучыц
  • 1945
  • Палатно, алей
Прайсці налева
Прайсці направа

Валянцін Волкаў з 1944-га шмат увагі надае цэнтру горада ля Кафедральнага сабора – некалькі дзясяткаў эцюдаў паслужылі для стварэння манументальнага палатна “Мінск. 3 ліпеня 1944 года”, замоўленага яму для фае Дома ўрада. Гэты ж матыў – “Руіны на плошчы Леніна” і “Плошча Свабоды” (1945) – адлюстроўвае і Віталь Цвірка, які вярнуўся ў 1944 годзе з эвакуацыі ў Самаркандзе. Анатоль Тычына ў знакамітай лінагравюры паказвае надпісы на разбуранай сцяне, на якой ацалелыя жыхары, звяртаючыся да родных, пісалі, дзе яны знаходзяцца. Так на сцяне напаўразбуранага будынка ля Кафедральнага сабора надпіс дзіцячым почыркам: “Мама, мы жывыя. Шукай нас у бабулі. Жорык”. Гэта 1946 год. Сцены гарадскіх дамоў сталі адраснай кнігай... Абрам Кроль адлюстроўвае знявечаную таполю, якая расла каля згарэлага дома Янкі Купалы ля берагоў Свіслачы. 

Руіны Мінска
Руіны Мінска
Валянцін Волкаў
  • 1945
  • Палатно, фанера, алей (эцюд да карціны "Мінск 3 ліпеня 1944 года")

Эпіграфам да гэтай асаблівай тэмы можа служыць карціна Мая Данцыга “Мінск. Вясна. 1944”. Яна напісана майстрам у 1974 годзе па ўражаннях ад убачанага. Данцыгі вярнуліся ў Мінск з эвакуацыі восенню 1944 года, іх дом ацалеў, захаваўся нават малюнак бацькі на сцяне! Аднак вакол быў жах разбурэння, дыханне смерці, навіны пра блізкіх і знаёмых, што загінулі ў гета. Горад глядзеў на тых, хто вярнуўся, пустымі вокнамі, напаўразбуранымі брандмаўэрамі сцен. На гэтым сімвалічным вогненным пейзажы, на зямлі, якая ўстала на дыбкі вострай арматурай, цэглай і бетонам, Данцыг адлюстраваў толькі аднаго чалавека, што самотна плёўся. Гэтай карціне папярэднічала іншая, выкананая з натуры па эскізах 1944 года, – “Мінск. Папялішча Нямігі. Тут было гета” (1955). Яна засталася ўласнасцю сям’і мастака.

Мінск. Вясна 1944-га
Мінск. Вясна 1944-га
Май Данциг
  • 1974
  • Палатно, алей

Але больш за ўсё ў калекцыі музея знаходзіцца эцюдаў ускраінных куткоў драўлянага Мінска, якія здаюцца цёплымі ачагамі чалавечага жылля на фоне далёкіх руін. Яны сонечныя, аптымістычныя, працятыя верай у хуткае адраджэнне горада.

Мінчане адразу ўзяліся за аднаўленне беларускай сталіцы, усе працавалі на суботніках па разборы завалаў, і ўжо праз 5 гадоў горад падняўся некалькімі новымі праспектамі і вуліцамі. Подзвіг пасляваеннага адраджэння горада – гэта наступная, асаблівая старонка беларускага савецкага мастацтва.

Надзея Усава – вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкга музея Рэспублікі Беларусь