Рэквіем. Серыя афортаў і літаграфій “Мінскае гета” Лазара Рана

Да Міждународнага дня памяці ахвяр Халакоста

Лазар Ран, ураджэнец Дзвінска (цяпер Даўгаўпілс, Латвія), у маленсве жыў у Полацку. Мастацкую адукацыю атрымаў у Віцебскім мастацкім вучылішчы (1928—1932), дзе ён дзе навучаўся ў Я. С. Мініна, Ф. А. Фогта, М. Г. Эндэ.
Лазар Ран
Лазар Ран
Невядомы аўтар
  • канец 1960-х
  • Архіў Беларускага саюза мастакоў

Аднак асновы мастацтва будучы мастак спасцігаў пад кіраўніцтвам Віцебскага майстра Юдэля (Юрыя) Пэна, чым вельмі ганарыўся. Як і настаўнік, Лазар Ран стаў абсалютным рэалістам. Пасля заканчэння вучобы ён пераехаў у Мінск і працаваў ілюстратарам дзіцячых кніг у Дзяржвыдавецтве БССР. З сярэдзіны 1930-х працаваў не толькі ў беларускай сталіцы, але і ў Маскве, удзельнічаў у мінскіх мастацкіх выставах, у асноўным як жывапісец-партрэтыст, выконваў замовы на гістарычныя кампазіцыі. Стаў сябрам Саюза мастакоў БССР у 1940 годзе.

З надыходам Вялікай Айчыннай вайны ў жыццё Лазара Рана ўварвалася трагедыя. Уся сям’я мастака – маці, жонка, трое дзяцей, сястра – загінула ў Мінскім гета. Сам ён ацалеў толькі таму, што пачатак вайны заспеў яго ў Маскве, дзе майстар працаваў у доўгатэрміновай творчай камандзіроўцы. Ад знаёмых Ран даведаўся аб жудасным лёсе сваіх родных толькі пасля вызвалення Мінска ў 1944 годзе, калі змог вярнуцца ў горад. “Гэта мучыла яго ўсё жыццё, прымушала адчуваць падспуднае пачуццё віны, і ён увесь час думкамі вяртаўся да гэтай трагедыі”, – успамінаў Станіслаў, сын Л. Рана ад другога шлюбу.

Мінскае гета
Мінскае гета
Невядомы аўтар
  • 1942

У 1950-х графік пачаў серыю афортаў “Мінскае гета” і працаваў над ёй на працягу 20 гадоў. Кожны ліст нараджаўся ў пакутах. Мастак успамінаў: “Гэта афорт… Вытруціш, усё зробіш, некалькі месяцаў займаешся… А потым глядзіш – трэба адну фігуру пасунуць, іншую…”. Ён па міліметры выдрапваў па метале праз вогнетрывалы лак жудасныя сцэны жыцця ў гета, якія ён не бачыў сам, але дзіўным чынам адчуваў праз эмацыйныя сувязі з загінуўшымі людзьмі., графік выдрапваў міліметр за міліметрам на метале па мяккім лаку. Ран ствараў усё новыя і новыя варыянты, неаднаразова вяртаючыся да адной і той жа кампазіцыі, імкнучыся дамагчыся максімальнай выразнасці і тэхнічнай дасканаласці. Гэты цыкл з’яўляецца адным з самых пранізлівых і эмацыйных твораў, прысвечаных трагедыі Халакоста.

Магчыма, гэта партрэты самых блізкіх яму людзей – сына Соліка (Саўла), дачкі і яе малога, які нарадзіўся і загінуў ужо ў гета. Смерць, вар’яцтва, каханне, адчай, неразуменне, нязломленасць, страх – кожная з работ прысвечана адной з плоскасцей таго шматграннага цяжкага свету. У цыкле 19 аркушаў, і кожны з іх – асобная чорна-белая гісторыя пра жыццё, а дакладней – пра смерць яўрэяў Мінскага гета. Яны ўражваюць душэўным болем і драматызмам. Творы Лазара Рана з’яўляюцца мастацкім помнікам тысячам загінуўшым вязням Мінскага гета і страшным напамінам аб тым, што генацыд не павінен паўтарыцца. Па ўнутраным напрузе і трагізму, эмацыйнаму ўздзеянню яны нагадваюць «Бедствы вайны» Франсіска Гойі, пад уражаннем афортаў якога безумоўна, знаходзіўся мастак.

Вокладка альбома "Мінскае гета"
Вокладка альбома "Мінскае гета"
Лазар Ран
  • 1970-1980-я
  • Папера, літаграфія

У 1979 годзе пры садзейнічанні нямецкай мастачкі, старшыні Саюза мастакоў ГДР, камуністкі Леа Грундзіг (1906–1977), якая набыла цыкл у 1970-я, альбом Рана з 17 эстампаў паступіў у фонды Дрэздэнскай карціннай галерэі. 

Пасля гэтага майстар пераклаў малюнкі ў літаграфіі, што дазваліла даць большы тыраж. У якасці мастацкага элемента Лазар Ран уводзіць у літаграфіях надпісы на ідыш – “Гавары, слухай, памятай”, “Фашысцкія забойцы” і “Рэквіем”, якімі даносіць да гледача свае думкі і пачуцці. У адрозненне ад афортаў, дзе пераважае маляўнічае спалучэнне цёмных і светлых тонаў, літаграфіі выглядаюць як скульптурныя рэльефы. Дзве літаграфіі – “Мадонна з гета” і “Прысвячэнне Абраму Бразеру” – выкананы ў стылістыцы яўрэйскіх надмагілляў. Заслужаны дзеяч БССР Абрам Бразер (1892–1942), вядомы беларускі скульптар, жывапісец і графік, быў сябрам мастака і загінуў у Мінскім гета разам з сынам. Мастака не пакідала гэтая тэма ўсё жыцце.

Рэквіем. Графічны ліст з серыі "Мінскае гета"
Рэквіем. Графічны ліст з серыі "Мінскае гета"
Лазар Ран
  • 1970-1980-я
  • Папера, літаграфія
Мастак. Графічны ліст з серыі "Мінскае гета"
Мастак. Графічны ліст з серыі "Мінскае гета"
Лазар Ран
  • 1970-1980-я
  • Папера, літаграфія
Прайсці налева
Прайсці направа

Лазар Ран таксама вядомы як жывапісец і скульптар. У яго бронзавых рэльефах “Загінулым у гета прысвячаецца”, “Музыка”, “Памяці Януша Корчака”(1978), выкарыстаны сімвалы яўрэйскіх святыняў і тэксты на мове ідыш. Бронзавая скульптура задумвалася мастаком як помнік загінулым у Мінскім гета. (Такі помнік “Яма” быў усталяваны архітэктарам Л. Левіным і скульптарамі А. Фінскім і Э. Полак у Мінску ў 2000 годзе). 

Хворая маці. Графічны ліст з серыі "Мінскае гета"
Хворая маці. Графічны ліст з серыі "Мінскае гета"
Лазар Ран
  • 1970-1980-е
  • Папера, літаграфія
Птушачкі. Графічны ліст з серыі "Мінскае гета"
Птушачкі. Графічны ліст з серыі "Мінскае гета"
Лазар Ран
  • 1962-1972
  • Папера, літаграфія (Прыватная калекцыя М.І. Рана)
Выгнанне з роднага гнязда. Графічны ліст з серыі "Мінскае гета"
Выгнанне з роднага гнязда. Графічны ліст з серыі "Мінскае гета"
Лазар Ран
  • 1962-1972
  • Папера, літаграфія (Прыватная калекцыя М.І. Рана)
Пекла. Графічны ліст з серыі "Мінскае гета"
Пекла. Графічны ліст з серыі "Мінскае гета"
Лазар Ран
  • 1962-1972
  • Папера, літаграфія (Прыватная калекцыя М.І. Рана)
Каля ямы. Графічны ліст з серыі "Мінскае гета"
Каля ямы. Графічны ліст з серыі "Мінскае гета"
Лазар Ран
  • 1962-1972
  • Папера, літаграфія (Прыватная калекцыя М.І. Рана)
Ідуць. Графічны ліст з серыі "Мінскае гета"
Ідуць. Графічны ліст з серыі "Мінскае гета"
Лазар Ран
  • 1962-1972
  • Папера, літаграфія (Прыватная калекцыя М.І. Рана)
Вар'ятка. Графічны ліст з серыі "Мінскае гета"
Вар'ятка. Графічны ліст з серыі "Мінскае гета"
Лазар Ран
  • 1955-1975
  • Папера, афорт
Музыкант. Графічны ліст з серыі "Мінскае гета"
Музыкант. Графічны ліст з серыі "Мінскае гета"
Лазар Ран
  • 1962-1972
  • Папера, афорт
Прайсці налева
Прайсці направа

Упершыню альбом афортаў Рана быў паказаны ў 1991 годзе на выставе ў мінскім Палацы культуры тонкасуконнага камбіната імя Ц. Я. Кісялёва праз тры гады пасля смерці мастака. У 2014 годзе ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь прайшла найбольш прадстаўнічая выстава з 19 твораў з прыватнай калекцыі Андрэя Філатава. 

Нажаль, у нашым музеі няма поўнай калекцыі гэтага цыклу, які мастак папаўняў на працягу ўсяго жыцця; у музеі захоўваецца ўсяго 5 гравюр: па 5 адбіткаў з афортаў "Вар'ятка" і "Музыкант" (1955–1975) і тры лісты – "Рэквіем", "Мастак" і "Хворая маці" (1970–1980-я) позні літаграфічны цыкл . Афорты былі набыты ў аўтара ў 1980 г., а апошнія літаграфіі атрыманы ў 2010 г. ад прыватнай асобы.

 

Складальнік: Надзея Усава, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Пры ўдзеле: Кацярыны Шыцікавай і Святланы Ржэуцкай, навуковых супрацоўнікаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

 

Выказваем падзяку ўнучатай пляменніцы мастака Глорыі Ран

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • 223054, Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні