У майстэрню не вярнуліся... Абрам Жораў

Журавель з падрэзанымі крыламі. Памяці скульптара-лётчыка Абрама Жорава. 1910–1943

У гэтым годзе споўнілася 80 гадоў з дня гібелі на вайне беларускага скульптара Абрама Жорава, вядомага да гэтых трагічных падзей па шматлікіх публікацыях. Яму было крыху больш за 30 гадоў. Дакладная дата яго нараджэння ўстаноўлена нядаўна, раней у розных крыніцах падаваўся то 1907, то 1909 год. Гэта натуральна для людзей таго пакалення, якія маглі прыпісаць ці скасаваць сабе гады ў залежнасці ад неабходнасці.
Абрам Жораў
Абрам Жораў
  • канец 20-х гадоў
  • Фота. Архіў сям'і

Абрам Ільіч Жораў нарадзіўся 15 чэрвеня 1910 года ў Магілёве ў шматдзетнай сям’і шорніка і краўчыхі (у Жоравых было 4 сыны). Скульптурай зацікавіўся падлеткам у майстэрні суседа – скульптара Пятра Гаўрылавіча Яцыны, у якога бюсты і надмагільныя мармуровыя помнікі стаялі проста ў двары. Яцына, бачачы зацікаўленасць хлопца, параіў юнаку паступаць у Віцебскі мастацкі тэхнікум, дзе якраз адкрыўся факультэт скульптуры. У тэхнікум паступіў у 16 гадоў, у 1926 годзе, але “творчыя даныя яго праявіліся пазней”, – пісаў пра яго яго настаўнік, вядомы скульптар-акадэміст МіхаілКерзін. Нягледзячы на матэрыяльныя нягоды (працаваў грузчыкам у краме, пісаў партрэты з натуры) вучыўся з захапленнем. У гады вучобы ён звяртаў на сябе ўвагу жывым мастацкім тэмпераментам, хуткім засваеннем тэхнічных прыёмаў, кампазіцыйнымі задумамі класных эскізаў. Удзельнічаў ва ўсіх студэнцкіх выставах тэхнікума, уваходзіў у маладзёжнае аб’яднанне Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі. Жораў адносіцца да тых беларускіх скульптараў, што ўжо “вылучыліся” да вайны і мелі за сабой шэраг работ, якія складаюць фонд беларускай скульптуры. У 1937 годзе да выставы “БССР за 20 год” ён зрабіў эскізы “Плытагона” і “Качагара” (не захаваліся).

Плытагон
Плытагон
Абрам Жораў
  • 1937
  • Гіпс (Не захавалася)

Абрам Жораў быў не толькі таленавіты, але і па-галівудску прыгожы, блакітнавокі, абаяльны, таварыскі, іграў на гітары, спяваў, словам, быў рамантычным героем свайго часу. Усе таварышы і педагогі адзначалі яго няўрымслівасць, запал да змены месцаў, любоў да палёту. Ды і сам ён сваё прозвішча Жораў атаясамліваў з жураўлём, шануемай у Беларусі птушкай з баявым характарам.

 “Няўрымслівая натура яго ў раннім юнацтве не давала яму спакою”, – піша пра яго настаўнік, скульптар Керзін. 

У 1929 годзе Абрам быў прызваны ў армію з тэхнікума, за год да таго, як закрылі факультэт скульптуры і яго настаўнік пераехаў у Мінск. У 1930-я гады Жораў прыехаў у Мінск і пачаў творча працаваць. Але да гэтага апрабаваў шмат разнастайных прафесій: служыў лётчыкам першай авіябрыгады ў Гатчыне, пасяліўшыся ў старэйшага брата, працаваў начальнікам міліцыі ў Ленінградзе, быў нават настаўнікам у сяле ў горнай Абхазіі, мастаком-афарміцелем у Магілёўскім краязнаўчым музеі, але ніколі тым не менш не забываў аб скульптуры. У Магілёве ён зрабіў некалькі твораў, адзін з якіх, «Штурм Зімняга», выставіў у вітрыне музея, выклікаўшы ажыятаж наведвальнікаў. Пападанне бомбы ў будынак музея у пачатку вайны знішчыла ўсе яго экспанаты, у тым ліку і працы Жорава. Падчас службы ў Ленінградзе намаляваў графічныя партрэты паэтаў кола Мікалая Гумілёва – Мікалая Ціханава, Мікалая Браўна. Больш за тое, удзельнічаў у рэстаўрацыі пасмяротнай гіпсавай маскі Пушкіна.

“Я ўсё жыццё спрабаваў навучыць рабіць добра тое, да чаго сам толькі імкнуўся. Каля мяне прайшло вельмі шмат жадаючых стаць скульптарамі, але вучняў маіх было вельмі мала, не набярэш, мабыць, і дзясятка…”, – пісаў Керзін удаве Аляксея Глебава. 

Жораў мог, безумоўна, лічыць сябе вучнем Керзіна.

У 1935 годзе Жораў ажаніўся з Фаінай Плоткінай, студэнткай Магілёўскага медтэхнікума, у наступным годзе нарадзілася дачка Святлана. Сям’я фактычна жыла ў расстанні, Жораў працаваў у Мінску, дапамагаючы брыгадзе скульптараў Дома ўрада, а жонка з дачкой засталіся ў Магілёве. 

Абрам Жораў з жонкай Фаінай Плоткінай і дачкой Святланай
Абрам Жораў з жонкай Фаінай Плоткінай і дачкой Святланай
  • 1939
  • Фота. Архіў сям'і
Абрам Жораў і жывапісец Хаім Ліўшыц. За марожаным (Мінск, вул. К.Маркса)
Абрам Жораў і жывапісец Хаім Ліўшыц. За марожаным (Мінск, вул. К.Маркса)
  • сярэдзіна 1930-х
  • Архіў І.Бархаткова
Прайсці налева
Прайсці направа

Уз’яднайся яны толькі ў 1941 годзе ў маі, а ў чэрвені пачалася вайна. Жораў здолеў дамовіцца з суседам-міліцыянерам, які вывез жонку і дачку з горада, і яны дабраліся да Пензы. Сам ён на веласіпедзе даехаў да Магілёва, каб развітацца з бацькамі перад адыходам на фронт. Калі б не гэтае яго спантаннае і хуткае рашэнне, ён і яго сям’я загінулі б у гета, як скульптар Абрам Бразер. Дзякуючы жонцы захаваліся сямейныя легенды і фатаграфіі яго даваенных работ, а таксама дзве невялікія скульптурныя работы – попельніца “Журавель” (“Жораў”) і выразаная з дрэва скульптура “Сялянка”, а таксама графічны партрэт маленькай дачкі.

Журавель
Журавель
Абрам Жораў
  • 1930-я
  • Дрэва. Архіў сям'і
Святлана Жорава ў маленстве
Святлана Жорава ў маленстве
Абрам Жораў
  • 1936
  • Графічны партрэт. Архіў сям'і
Прайсці налева
Прайсці направа

Заслужаны мастак Расіі К. Юон адносіў яго да таленавітых скульптараў услед за Глебавым, Арловым, Бразерам. З гэтай чацвёркі маладых скульптараў – надзеі беларускай скульптуры – выжыў пасля вайны толькі Аляксей Глебаў. Жораву не пашанцавала: воляй выпадку ні адна з яго значных даваенных работ не ацалела ці не была ажыццёўлена.

Падарунак таварышу Сталіну ад беларускага народа. Разны куфэрак. 1936

Бясследна знік унікальны разны куфэрак для захоўвання ліста беларусаў тав. Сталіну, хаця ў прэсе тых гадоў захавалася яго падрабязнае апісанне. Пішуць, што менавіта Жораў зрабіў разны куфар для падарунка Сталіну ад беларускага народа. Насамрэч Жораў быў толькі адным з удзельнікаў вялікага калектыву аўтараў гэтага ўнікальнага экспаната. Над яго мастацкім афармленнем працавала аўтарская група ў складзе жывапісцаў і скульптараў М. Пашкевіча, Я. Ціхановіча, В. Волкава, М. Гусева, В. і А. Мурашовых, А. Каржанеўскага.

На пасяджэнні VIII Надзвычайнага Усесаюзнага з’езда Саветаў дэлегацыя БССР перадала ў прэзідыум для ўручэння таварышу Сталіну “ліст беларускага народа”, вышыты на шоўку 70-ю вышывальшчыцамі. Вырабленым па заданні партыі і БССР куфрам і сапраўды можна было ганарыцца. 

"Ён складаўся з кавалачкаў каляровага дрэва (каля 100 тысяч фрагментаў). На верхнім вечку быў малюнак, які выконваі на беларускім абрусе. Пасярэдзіне – ордэн Леніна, выразаны з кавалачкаў каляровага дрэва скульптарам Жоравым. Вокруг крышки идут орнаменты слуцких поясов… У сундука есть замок. На ключах выгравіравана слова “БССР”. Падчас адкрывання куфра замок шэсць разоў званіў. Гэты куфар зроблены па ініцыятыве М. Ф. Гікалы. Ён падбіраў малюнкі, цікавіўся кожнай дробяззю, паўсядзённа сачыў за гэтай адказнай работай".

 Калі куфар выставілі ў Музеі падарункаў Сталіну ў Маскве, сям’я Жорава спецыяльна ездзіла паглядзець на тварэнне бацькі і мужа.

Не быў увасоблены ў матэрыяле і праект помніка “Сярго Арджанікідзэ ў разведцы пад Барысавам”. 

Сярго Арджанікідзэ ў разведцы пад Барысавам
Сярго Арджанікідзэ ў разведцы пад Барысавам
Абрам Жораў
  • 1938–1939
  • Гіпс. Не захавалася

Гэтая скульптурная група рыхтавалася Жоравым для выставы “Ленін і Сталін – арганізатары беларускай дзяржаўнасці” 1939 года. Жораву быў прапанаваны гэты сюжэт, эскіз якога ён павінен быў прадставіць на мастацкую раду ў красавіку 1939 года.

Жоравутрэба было адлюстраваць вядомы гістарычны факт: у жніўні 1919 года правабярэжную Барысаўшчыну і Барысаў акупавалі польскія войскі. На гэтым участку Заходняга фронту склалася вельмі цяжкае становішча для чырвонаармейцаў. Член Рэўваенсавета 16-й Чырвонай арміі Арджанікідзэ, які прыбыў на станцыю Прыяміна, узначаліўшы атрад, хадзіў разам з байцамі ў Барысаў для збору разведданых, на аснове якіх было арганізавана контрнаступленне. Вядома, што ў памяць гэтай падзеі імем Арджанікідзэ была названая вуліца і ў 1934-м усталяваны на пастаменце яго бронзавы бюст.

Падчас абмену меркаваннямі В. Волкаў, Я. Зайцаў, З. Азгур і А. Пашкевіч – члены мастацкай рады – адзначылі сур’ёзныя адносіны маладога скульптара да пастаўленай ім мастацкай задачы, асабліва падкрэслілі ўдалую кампаноўку скульптуры Жорава і аднагалосна прынялі эскіз.

Жораў стварыў трохфігурны гіпсавы эскіз помніка на адным пастаменце, дзе пластычна перадаў напружанне і засяроджанасць воінаў у розных ракурсах, улічваючы агляд з усіх бакоў, неабходны для кругавой скульптуры. На выставе экспанаваўся гіпсавы эскіз памерам 69 см, але невядома, ці была адліта кампазіцыя ў маштабе.

Беларускі павільён. УСГВ. Масква. 1939

Жораў браў удзел і ў афармленні першага беларускага павільёна Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы ў Маскве. Адна са скульптур Жорава “Лён” была адзначана медалём УСГВ. Гэтая скульптура, якая паказвае не трыумфальнае прадстаянне, а цяжкую сялянскую працу, называлася “Дзяўчына трэпле лён” і была заклікана паказаць галоўнае багацце Беларусі – льнаводства. Для яе ў нацыянальным касцюме пазіравала маладая жонка Жорава Фаіна.

Трапальшчыца лёну. (Лён)
Трапальшчыца лёну. (Лён)
Абрам Жораў
  • 1939
  • Гіпс. Не захавалася

Конкурс на помнік дукорскім партызанам.1939

Вышэйшым дасягненнем таленту Жорава мог стаць помнік 11 партызанам, расстраляным і закатаваным у 1920 годзе белапольскімі акупантамі ў мястэчку Дукоры Ігуменскага павета (цяпер – Пухавіцкі раён) Мінскай вобласці.

Да 20-й гадавіны вызвалення Беларусі ад белапалякаў, 11 ліпеня 1939 года, Упраўленне па справах мастацтваў БССР аб’явіла конкурс на лепшы праект помніка-абеліска дукорскім партызанам. Разам са скульптарамі, якія будуць працаваць на дагаворных пачатках, маглі прыняць удзел усе ахвочыя.

Абрам Жораў сярод беларускіх скульптараў. У цэнтры А.Бембель. Справа –В.Рытэр, злева Г.Ізмайлаў
Абрам Жораў сярод беларускіх скульптараў. У цэнтры А.Бембель. Справа –В.Рытэр, злева Г.Ізмайлаў
У беларускім павільёне на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе ў Маскве
  • 1939
  • Фота

Гісторыя дукорскіх партызанаў была вядома ўсім. Партызаны дукорскай пушчы падчас савецка-польскай вайны 1920 года распрацавалі смелы план: пры надыходзе Чырвонай арміі яны меркавалі спаліць масты, пашкодзіць чыгуначныя пуці і тэлефонныя лініі і такім чынам спыніць сувязь акупантаў з фронтам. Адначасова планавалася граміць і раззбройваць варожыя часці, якія адступалі. Занепакоеныя дзеяннямі партызан польскія акупанты падаслалі ў атрад правакатараў. Каля 50 партызан разам з камандзірам і камісарам атрада патрапілі ў засаду ў вёсцы Харэвічы. Амаль два тыдні іх катавалі ў падвалах былога маёнтка Ашторпа. Суд спешна вынес прысуд для 11 партызанаў – расстрэл. Камандзір атрада Андрэй Блажко і яго дзесяць таварышаў – камісар Міхаіл Рудовіч, Сцяпан Камлюк, Андрэй Крывашчокі, Максім Маліноўскі, Ілья і Іван Камлюкі, Пётр Буры, Павел Пазняк, Андрэй Ахрамовіч, Рыгор Катлянік – пасля жорсткіх здзекаў былі расстраляны раніцай 17 мая 1920 года. 

“…Яны ішлі павольна, рэдкім ланцужком, звязаныя парамі тоўстай пяньковай вяроўкай. Па абочынах дарогі, цяжка ступаючы, неслі наперавес карабіны салдаты. Наперадзе гарцавалі афіцэры. Замыкаў сумнае шэсце ўзвод палявой жандармерыі. А ззаду гэтай жудаснай працэсіі ішлі сотні жыхароў навакольных вёсак – іх гналі на месца пакарання для запалохвання. Каля ўзлеску быў выкапаны глыбокі яр. Арыштаваных паставілі спіной да ямы, насупраць іх сталі салдаты. Усе замерлі ў трывожным чаканні, напружаныя погляды былі скіраваны на твары асуджаных”, – так апісаў тую раніцу відавочца трагічных падзей Васіль Гарбацэвіч, які ў той час працаваў настаўнікам у дукорскай школе.

 Адважныя партызаны сталі героямі яго п’есы “Чырвоныя кветкі Беларусі”. Яшчэ пяць партызан былі асуджаны на катаржныя працы і загінулі ў Польшчы.

Аўтару п’есы як аднавяскоўцу герояў хацелася данесці жывыя вобразы воінаў для новага пакалення. Тое ж трэба было зрабіць і Жорову, толькі пластычнымі сродкамі.

Конкурсны праект помніка дукорскім партызанам
Конкурсны праект помніка дукорскім партызанам
  • 1939
  • Архіў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь
Помнік дукорскім партызанам. Макет
Помнік дукорскім партызанам. Макет
Абрам Жораў, архітэктар Аскар Марыкс
  • 1939
  • Архіў мастацтвазнаўцы Ірыны Елатомцавай
Помнік дукорскім партызанам. Макет
Помнік дукорскім партызанам. Макет
Абрам Жораў, архітэктар Аскар Марыкс
  • 1939
  • Архіў мастацтвазнаўцы Ірыны Елатомцавай
Прайсці налева
Прайсці направа

У склад журы конкурсу ўвайшлі вядучыя скульптары рэспублікі, заслужаныя дзеячы мастацтваў БССР З. Азгур, М. Керзін, А. Грубе, начальнік выяўленчага сектара Д. Генін, жывапісец Я. Зайцаў. Галоўнае патрабаванне было ў сінтэзе архітэктурных і скульптурных форм манументальна вырашыць ідэю гераічнай барацьбы беларускага народа супраць белапольскіх акупантаў. Устанаўліваліся прэміі: за першае – тры тыс. рублёў, за другое і трэцяе, адпаведна, дзве і адна тысяча рублёў.

12 верасня 1939 года газета “Літаратура і мастацтва” паведамляла аб стварэнні спецыяльнай урадавай камісіі па ахове помнікаў гісторыі грамадзянскай вайны, рэвалюцыйнага руху мастацтва і старажытнасцей пад кіраўніцтвам А. Вінера. Камісія, у якую ўваходзілі акадэмік М. Нікольскі, архітэктар Г. Якушка, наркам асветы Е. Уралава, скульптар З. Азгур, дырэктар Музея рэвалюцыі М. Грэкаў, павінна была ў ліку многіх іншых помнікаў абследаваць брацкія магілы і пахаванні на месцы гераічнай гібелі партызанаў у Дукоры Мінскай вобласці. Да гэтага на спецыяльным пасяджэнні абмяркоўвалася, што многія помнікі былі ўстаноўлены ў раённых гарадах і сёлах стыхійна, без санкцыі Саўнаркама, і іх якасць вымушае жадаць лепшага. Такі сціплы абеліск быў устаноўлены на магілах партызан у 1923 годзе і ў Дукоры, і ўжо к 1939 году выглядаў састарэлым.

У 1939 годзе да 20-годдзя гібелі беларускіх партызанаў Жораў разам з іншымі скульптарамі прыняў удзел у конкурсе. У архівах музея знойдзены некалькі невядомых дагэтуль конкурсных фатаграфій. Частка скульптур на іх з іх, мяркуючы па подпісу на адвароце, аўтарства Абрама Жорава.

Праект помніка дукорскім партызанам. Першая прэмія
Праект помніка дукорскім партызанам. Першая прэмія
Абрам Жораў і Оскар Марыкс
  • 1939
  • ЛіМ 21 студзеня 1940

2 студзеня 1940 года газета “Літаратура і мастацтва” апублікавала вынікі конкурсу і фотарафіі трох праектаў, якія выйгралі. Скульптар Жораў і архітэктар, выпускнік Пражскай акадэміі мастацтваў Аскар Марыкс атрымалі ў конкурсе першую і другую прэміі, а скульптар Аляксей Глебаў з тым жа архітэктарам Марыксам – трэцюю.

Па захаваных эскізах бачна, што Жораў арыентаваўся на п’есу Васіля Гарбацэвіча, апублікаваную ў часопісе “Полымя” ў 1923 годзе. Цяжкасцю і выклікам для маладога аўтара стала неабходнасць адлюстраваць шматфігурную кампазіцыю з 11 чалавек у самы драматычны момант расстрэлу. З такой задачай не справіўся б і дасведчаны скульптар. Кампазіцыя павінна была паказаць мужнасць герояў перад абліччам смерці. Цэнтральную частку ў творы займае выява камандзіра партызан – былога балтыйскага матроса Андрэя Блажко. Кожны канкрэтны герой быў пластычна вырашаны індывідуальна, быў выкананы рытм стаячых і сядзячых фігур у розных позах, што адпавядала лепшым традыцыям сусветнай скультуры. Хтосьці падтрымліваў таварыша, хтосьці падняў руку ў знак праклёну карнікам.

Фрагмент помніка дукорскім партызанам
Фрагмент помніка дукорскім партызанам
Абрам Жораў
  • 1939
  • Цэнтральная частка. Архіў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Фігуры размясціліся вакол абеліска, што прадугледжвала кругавы агляд. Такога пластычна пераканаўчага помніка яшчэ не было ў беларускай скульптуры. Пафас п’есы, якую ў 1920-я гады ставілі ўсе аматарскія тэатральныя калектывы, перададзены і ў скульптурнай кампазіцыі. Асабліва ўражвае масіўны пастамент і класіцыстычнае арачнае завяршэнне помніка-абеліска ў выкананні архітэктара Пражскай акадэміі мастацтваў Аскара Марыкса. 

Прызавыя праекты помніка-абеліска на магіле дукорскіх партызан
Прызавыя праекты помніка-абеліска на магіле дукорскіх партызан
Злева направа: два праекты скульптара Абрама Жорава і архітэктара Оскара Марыкса, якія атрымалі першую і другую прэміі; праект скульптара Аляксея Глебава і архітэктара Оскара Марыкса, які атрымаў трэцюю прэмію
  • ЛіМ 21 студзеня 1940
Помнік партызанам і воінам-вызваліцелям у аграгарадку Дукора (Усталяваны па ініцыятыве А.Кіселя, старшыні калгаса імя 16 партызан)
Помнік партызанам і воінам-вызваліцелям у аграгарадку Дукора (Усталяваны па ініцыятыве А.Кіселя, старшыні калгаса імя 16 партызан)
  • 1994
  • Фотаэнцыклапедыя Беларусі
Прайсці налева
Прайсці направа

На жаль, і гэты помнік застаўся толькі ў праекце. Гэта быў “час нездзяйсненняў” у скульптуры, век гіпсавых скульптур быў кароткім. І гэта зразумела. Стылістыка шматфігурных кампазіцый, і самога пастамента, і абеліска была настолькі складаная, занадта эфектная і пышная, патрабавала столькіх намаганняў і грашовых затрат па фармоўцы і адліўцы, што ўстаноўка такога помніка ў вёсцы Дукоры была праблематычнай. Лепшым праектам гэтай серыі варта прызнаць трэці варыянт, які захаваўся ў фатаграфіі і застаўся без узнагарод, але сваёй лаканічнасцю і манументальнасцю быў больш набліжаны да рэальнага жыцця.

У 1938 годзе Жораў удзельнічаў у маладзёжнай выставе ў Мінску, а ў 1939 годзе – у выставе ў Маскве – “Сталін і людзі савецкай краіны ў выяўленчым мастацтве”. 

Ён падтрымлівае актыўную сувязь з Новабарысаўскай ганчарнай арцеллю “Чырвоны Кастрычнік”, працуе над дэкаратыўнымі вазамі, пісьмовымі прыборамі, насценнымі пано. Дачка ўспамінае пра керамічнае блюда “А.С. Пушкін з няняй Арынай Радзівонаўнай”.

Апошні твор, вядомы таксама па фатаграфічным здымку, – гэта медальён, прысвечаны паэту Міхаілу Лермантаву, створаны ў 1941 годзе.

Медальён да 100-годдзя з дня смерці М. Лермантава
Медальён да 100-годдзя з дня смерці М. Лермантава
Абрам Жораў
  • 1941
  • Гіпс. Архіў сям'і

Мікалай Машкаўцаў у артыкуле, прысвечаным аналізу беларускага выяўленчага мастацтва, паказваючы на віцебскую рэалістычную скульптурную школу Керзіна, адзначае Жорава як самага маладога і таленавітага вучня Керзіна, “усе творы якога пакуль застаюцца ў эскізах”. Так яны і засталіся ў эскізах.

Абрам Жораў – лейтэнант аэрафотаслужбы
Абрам Жораў – лейтэнант аэрафотаслужбы
  • 1942
  • Фота. Архіў сям'і

У 1941 годзе лейтэнант Жораў быў прызваны ў армію, ён, былы лётчык, ірваўся на фронт. На фронце займаўся аэрафотаслужбай, фатаграфуючы з самалёта тыл ворага. У 1942 годзе Абрама выклікалі ў Маскву, у штаб партызанскага руху, прапанаваўшы працу і браню. У Маскве ён пазнаёміўся з Кукрыніксамі, пачаў працаваць над скульптурнай кампазіцыяй на партызанскую тэму. Калі б ён застаўся ў Маскве, магчыма, беларускае выяўленчае мастацтва мела б шэдэўр падобна бембелеўскаму бюсту Гастэлы.

Абрам Жораў за працай. У рэдкія хвіліны паміж баявымі заданнямі
Абрам Жораў за працай. У рэдкія хвіліны паміж баявымі заданнямі
  • 1942
  • Фота. Архіў сям'і

Але як ён мог не вярнуцца ў лётны полк, да таварышаў? Гэта было не ў характары Жорава. 

“Калі б вы маглі ведаць маіх сяброў! Гэта героі, якія заслугоўваюць лепшага твора мастацтва. Якія цудоўныя вобразы! Я раблю замалёўкі, галоўным чынам, партрэты”, – пісаў ён сябрам.

Аднойчы самалёт збілі, лётчыкі здолелі выскачыць з парашутам і знішчыць дакументы. Як радавыя патрапілі ў нямецкі палон і былі адпраўленыя на таварняку на працы ў шахты ў Германію. Атрымалася з таварышам уцякчы, выскачыўшы на хаду з вагона. Прабіліся, ідучы пешшу па ўкраінскіх лясах, да партызанаў, у брыгаду Сідара Каўпака. Там Жораў меў мянушку “Партызан Саша”. 

Ва ўліковай картцы вайскоўца значыцца, што ён “адбыў са службы” 2 лютага 1943 года з 30-й Іванаўскай запасной стралковай брыгады, якая дыслакавалася на тэрыторыі Гарахавецкага раёна Іванаўскай вобласці і больш вядомая як “Гарахавецкія лагеры”. Далей пра яго доўга не было вестак.

За тыдзень да Новага года, 23 снежня 1943 года, сям’я атрымала ад Абрама Жорава апошні ліст. Ён прапаў без вестак ва Украіне. Яму было ўсяго 33 гады.

“Абрам меў дар таленавітага мастака, да таго ж у яго была неверагодная працаздольнасць… Яго працы пасля заканчэння тэхнікума былі больш значныя, чым нашы. Яго адразу заўважылі, працы часцей траплялі на выставы, і беларускія, і ўсесаюзныя, адзначаліся прэміямі… ён падаваў вялікія спадзяванні. На жаль, вайна перашкодзіла”, – казаў пра яго пасля народны мастак СССР Заір Азгур.

Сялянка ў хустцы
Сялянка ў хустцы
Абрам Жораў
  • 1930-я
  • Дрэва. Архіў сям'і

У сям’і Жорава як сямейная рэліквія захоўваецца драўляная скульптура сялянкі і невялікі драўляны жураўлік. Усе астатнія нешматлікія яго творы (крыху больш за дзесяць) можна ўбачыць толькі на фатаграфіях. Але нават гэтую віртуальную спадчыну дае той “культурны пласт”, без якога нельга зразумець мастацтва Беларусі трагічнага ХХ стагоддзя.

 

Аўтар – Надзея Усава, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Афармленне – Кацярына Шыцікава, малодшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

  • Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні