Заходняя Беларусь у мастацтве
(17 верасня – Дзень народнага адзінства)
Культура і мастацтва, якія сфарміраваліся ў беларускім асяроддзі, прасякнуты нацыянальнымі традыцыямі і складаюць унікальны, самабытны мастацкі пласт. Асаблівая ўвага да гісторыі, роднай прыроды і народнага тыпажу спарадзіла характэрны светапогляд мастакоў гэтага круга. Шмат у чым яго вызначала імкненне захаваць нацыянальную і індывідуальную ідэнтычнасць.
Найбольш вядомыя мастакі Заходняй Беларусі Язэп Драздовіч, Пётра Сергіевіч, Міхась Сеўрук, як і Павел Южык, Бэр Залкінд, Сяргей Вішнеўскі і Зміцер Крачкоўскі, звязаны ў той ці іншай ступені з Віленскай мастацкай школай, для якой характэрны традыцыі акадэмічнага і неарэалістычнага мастацтва. Створаная імі галерэя вобразаў вельмі рэальна перадае атмасферу часу, стаўленне да навакольнага свету, ідэалы прыгажосці. Творчасць гэтых мастакоў, нягледзячы на яркую індывідуальнасць кожнага з іх, адлюстроўвае асноўныя тэндэнцыі развіцця рэалістычнага мастацтва 1920–1930-х гадоў.
Драздовіч Язэп Нарцызавіч
Нарадзіўся 1.10.1888 г. у засценку Пунькі Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці), памёр 15.08.1954 г. у в. Ліпляны Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.
Вучыўся ў Віленскай школе малявання (1906–1910) у Івана Трутнёва, Івана Рыбакова, на настаўніцкіх курсах у Мінску (1940). Выкладаў малюнак у беларускай гімназіі і жаночай прагімназіі ў Мінску (1919–1920), Глыбоцкай польскай школе (1924–1926), Віленскай беларускай гімназіі (1926–1927), Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны, беларускай гімназіі ў Навагрудку (1927–1929), Глыбокім і Лужках (1940–1941). У 1919 арганізаваў культурна-асветніцкае таварыства “Заранка” (Мінск). У 1927 заснаваў мастацкую студыю пры Віленскай беларускай гімназіі. Супрацоўнічаў з Віленскім беларускім музеем імя Івана Луцкевіча. Сябра Таварыства беларускага мастацтва (1919), Таварыства беларускай школы (1921–1930), Віленскага таварыства мастакоў (1930-я). Удзельнік выставак з 1921. Жыў у Вільні, Мінску, на Дзісеншчыне.
Сергіевіч Пётра (Пётр) Аляксандравіч
Нарадзіўся 27.06.1900 г. у в. Стаўрова Віленскай губерні (цяпер Браслаўскі раён Віцебскай вобласці), памёр 1.11.1984 г. у г. Вільнюсе, Літоўскай ССР. Вучыўся на мастацкіх курсах (Петраград, 1917–1919) у Аляксандра Андрэева; вольнай школе малюнка і жывапісу Адомаса Варнаса (Вільня, 1920); Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя (1920–1924, 1926–1929, факультэт прыгожых мастацтваў) у Фэрдынанда Рушчыца, Людаміра Сляндзінскага, Бенедзікта Кубіцкага; Кракаўскай акадэміі мастацтваў (1924–1925) у Юзафа Панкевіча. Працаваў у Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча ў Вільнюсе (1944–1946). Выкладаў малюнак у Дзяржаўным літоўскім мастацкім інстытуце (Вільнюс, 1946–1953). Сябра Віленскага таварыства незалежных мастакоў з 1932, Саюза мастакоў Літоўскай ССР з 1945. Заслужаны дзеяч мастацтваў Літоўскай ССР (1960). Удзельнік выставак з 1927. Жыў у Вільні з 1919.
Сеўрук Міхась (Міхаіл) Канстанцінавіч
Нарадзіўся 14.02.1905 г. у г. Варшаве, Польшча, памёр 14.03.1979 г. у Нясвіжы Мінскай вобласці. Вучыўся ў Нясвіжскай гімназіі (1919–1926), Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя (1927–1932, факультэт прыгожых мастацтваў) у Фэрдынанда Рушчыца, Аляксандра Штурмана, Людаміра Сляндзінскага. Выкладаў маляванне і чарчэнне ў школах і быў мастацкім кіраўніком студыі пры гарадскім клубе (Нясвіж, 1944–1952). Сябра Саюза савецкіх мастакоў БССР з 1946. Удзельнік выставак з 1933. Жыў у Нясвіжы з 1939.
Южык Павел Фаміч (Тамашавіч)
Нарадзіўся 4.03.1874 г. у в. Новааляксандраўка Віленскай губерні (цяпер в. Вётхава Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці), памёр 16.03.1944 г. у в. Вётхава Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыў настаўніцкую семінарыю ў Маладзечне ў 1895 і Віленскую школу малявання ў 1901 г. у Івана Трутнёва. Вучыўся ў вольных дзяржаўных мастацкіх майстэрнях у Пензе (1917–1918). Выкладаў на Вілейшчыне, у Пензе (1918–1920), у Дзісне (1920), у Віленскай беларускай гімназіі (1922–1935), у Залессі (1939–1944). Жыў у Вётхава.
Залкінд Барыс (Бэр) Якаўлевіч
Нарадзіўся ў 1878 у г. Беластоку, Польшча, памёр 3.01.1944 г. у г. Бухара, Узбекістан. Вучыўся ў Віленскім малявальным вучылішчы, Акадэміі Жюльена і Школе заахвочвання мастацтваў у Парыжы (да 1909). Выкладаў у малявальных класах Віленскага мастацка-прамысловага аб’яднання ў памяць Марка Антакольскага. Сябра Віленскага мастацкага таварыства (сакратар) (1908–1915), Таварыства заахвочвання кустарнага промыслу і мастацкіх твораў народнага промыслу (Вільня, 1912–1913), “Незалежных мастакоў” (Варшава, 1924), яўрэйскіх мастакоў (1929). Удзельнік выставак з 1909. Жыў у Беластоку, Вільні.
Семашкевіч Раман Мацвеевіч
Нарадзіўся 1.10.1900 г. у в. Лебедзева Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Маладзечанскі раён Мінскай вобласці), расстраляны 22.12.1937 г. у Маскве, СССР. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі (1919–1924) у мастацкай студыі Язэпа Драздовіча, Віцебскім мастацкім тэхнікуме (1924–1927) у Міхаіла Керзіна, Вышэйшым мастацка-тэхнічным інстытуце (ВХУТЕИН) (Масква, 1927–1930, жывапіснае аддзяленне) у Дзмітрыя Кардоўскага, Сяргея Герасімава, Аляксандра Дрэвіна. Удзельнік камуністычнага падполля Заходняй Беларусі. Сябра мастацкай секцыі Віцебскага філіяла аб’яднання “Маладняк” (1925), Маскоўскага філіяла Усебеларускага аб’яднання мастакоў (1927–1929), групы “13” (1930–1931), Маскоўскага аддзялення Саюза савецкіх мастакоў з 1932. Удзельнік выставак з 1924. Жыў у Вільні, Маскве з 1927.
Крачкоўскі Дзмітрый Мікалаевіч
Нарадзіўся ў 1910 г. на хутары Чаркасы (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці), памёр у 1991 г. у г. Маладзечна Мінскай вобласці. Вучыўся ў Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя (1934–1941, факультэт прыгожых мастацтваў). Працаваў настаўнікам у Ашмянах, Букатах (Літва), Маладзечне. Удзельнік выставак з 1940-х. Жыў у Маладзечне з 1947.
Вішнеўскі Сяргей Антонавіч
Нарадзіўся 18.08.1909 г. у Докшыцах Віленскай губерні (цяпер Віцебская вобласць), памёр у 1992 г. у Докшыцах Віцебскай вобласці. Вучыўся ў Віленскай малявальнай школе (1930-я) у Яна Булгака. Жыў у Докшыцах.
Гулецкі Уладзімір Васільевіч
Нарадзіўся 25.03.1895 г. у Вілейцы Віленскай губерні (цяпер г. Вілейка Мінскай вобласці), памёр у 1948 г. у г. Растоў-на-Доне, СССР. Вучыўся ў Разанскіх мастацкіх майстэрнях (1919–1920) у Якаба Калінічэнкі і Філіпа Малявіна, Омскім мастацка-прамысловым тэхнікуме імя Міхаіла Урубеля (1921–1925). Удзельнік выставак з 1921. Сябра Саюза мастакоў СССР з 1936. Жыў у Іркуцку да 1944, Растове-на-Доне.
Вальштэйн Леў Ізраілевіч
Нарадзіўся 22.04.1908 у г. Мінску, памёр у 1984 г. у Ленінградзе, СССР. Вучыўся ў ленінградскім Вышэйшым мастацка-тэхнічным інстытуце (ВХУТЕИН) (1925–1930) у Восіпа Браза, Кузьмы Пятрова-Водкіна, Аркадзя Рылова. Удзельнік выставак з 1930. Сябра і экспанент аб’яднання “Круг мастакоў” (1929–1932). Сябра Ленінградскага Саюза мастакоў з 1947. Жыў у Ленінградзе (цяпер Санкт-Пецярбург, Расія).
У калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея знаходзяцца творы мастакоў, якія былі звязаны з Беластокам і Варшавай. Юліуш Краеўскі, Хаім Тыбер, Ісак Кжэчаноўскі і Уладзімір Закрэўскі пасля 1939 года былі ненадоўга звязаны з Беларуссю, таму іх працы ў калекцыі музея нешматлікія. Творчасць Ядвігі Раздзялоўскай, якая вучылася ў Варшаве, але большую частку жыцця правяла ў Беларусі, прадстаўлена ў нашым музеі досыць поўна.
Краеўскі Юліуш Аляксандравіч
Нарадзіўся 3.09.1905 г. у маёнтку Жолква, Украіна, памёр у 1992 г. у Варшаве, Польшча. Вучыўся ў Варшаўскай акадэміі мастацтваў (1929–1935) у Мечыслава Катарбінскага, Тадэвуша Прушкоўскага. Сябра аб’яднанняў “Варшаўская група”, “Фрыгійская шапка”, Саюза польскіх мастакоў (віцэ-старшыня 1944–1949, старшыня 1949–1952). Прафесар Вышэйшай школы мастацтваў у Варшаве. Удзельнік выставак з 1934. Жыў у Беластоку (1939–1945), Варшаве.
Кжэчаноўскі (Кшэчаноўскі) Ісаак Яфімавіч
Нарадзіўся 16.08.1910 у г. Добжынь, Польшча, памёр у 1941 г. у Беластоку, Польшча. Вучыўся ў школе прыкладнога і выяўленчага мастацтва (Варшава, 1929–1933) і Варшаўскай акадэміі прыгожых мастацтваў (1933–1939) у Феліцыяна Каварскага, Станіслава Храстоўскага, Леана Вычулкоўскага. Сябра аб’яднання “Варшаўская група”, “Фрыгійская шапка”. Удзельнік выставак з 1938. Жыў у Беластоку.
Тыбер Хаім Зелікавіч
Нарадзіўся ў 1917 г. у мястэчку Кутна, Польшча, памёр у 1943 г. у Беластоку, Польшча. Вучыўся ў майстэрні Фінкельштэйна (Лодзь), скончыў Варшаўскую акадэмію прыгожых мастацтваў у 1938. Удзельнік выставак з 1938. Жыў у Беластоку.
Закрэўскі Уладзімір Уладзіміравіч
Нарадзіўся 16.06.1916 г. у г. Бельску Беластоцкага ваяводства, Польшча, памёр у 1992 г. у Варшаве, Польшча. Вучыўся ў школе мастацтваў у Варшаве ў Эдварда Бутрымовіча да 1939. Выкладаў у Варшаўскай акадэміі прыгожых мастацтваў. Жыў у Варшаве.
Раздзялоўская Ядвіга Іосіфаўна
Нарадзілася 1.03.1902 г. у г. Бяла-Падляска, Польшча, памерла 26.08.1992 г. у Маладзечне Мінскай вобласці. Вучылася ў мастацкай школе імя Юзафа Мехофера (Люблін, 1929–1931), мастацкай школе імя Б’янкі Мерсер (Варшава, 1939). Выкладала ў студыі выяўленчага мастацтва ў Маладзечне (1959–1977). Сябра Саюза савецкіх мастакоў БССР з 1948. Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1982). Удзельніца выставак з 1938. Жыла ў Маладзечне.
Тэма аб’яднання Беларусі ў 1939 годзе была шырока адлюстравана ў савецкім мастацтве. Працы Аляксандра Дэблера, Фёдара Мадорава, Монаса Манасзона паказваюць уз’яднанне як значную і радасную гістарычную падзею, дэманструюць погляд на гэтыя падзеі з пункту гледжання мастацтва сацыялістычнага рэалізму.
Мадораў Фёдар Аляксандравіч
Нарадзіўся 28.02.1890 г. у Мсцёры Вязнікаўскага павета Уладзімірскай губерні, Расія, памёр 4.03.1967 г. у Маскве, СССР. Вучыўся ў Мсцёрскай іканапіснай школе (1901–1905), у мастацкіх студыях Анатоля Бальшакова (1907–1908), Фёдара Рэрберга (1908) у Маскве, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1909–1910) у Сяргея Іванова, Казанскай мастацкай школе (1910–1914) у Мікалая Фешына, у Вышэйшым мастацкім вучылішчы пры Акадэміі мастацтваў (1914–1918) у Уладзіміра Макоўскага, Васіля Бяляева, Івана Тварожнікава. Выкладаў у Віцебску на курсах павышэння кваліфікацыі мастакоў (1938–1941), ва Усерасійскім дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі (1939–1941), Маскоўскім дзяржаўным мастацкім інстытуце імя Васіля Сурыкава (рэктар, 1948–1962), Маскоўскім дзяржаўным завочным педагагічным інстытуце (1964–1967). Прафесар з 1949. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1944), член-карэспандэнт Акадэміі мастацтваў СССР (1950). Народны мастак РСФСР (1966). Удзельнік выставак з 1910. Жыў у Мсцёры (1918–1923), Маскве, на Беларусі (1938–1941).
Манасзон Монас Ісаакавіч
Нарадзіўся 13.12.1907 г. у г. Магілёве, памёр 30.11.1980 у г. Мінску. Вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме (1925–1929) у Валянціна Волкава, Уладзіміра Хрусталёва, Міхаіла Эндэ. Выкладаў маляванне ў школах Койданава, Магілёва, Мінска. Удзельнік выставак з 1927. Сябра Саюза мастакоў БССР з 1940. Жыў у Мінску.