Сацыяльная адаптацыя невідушчых ў краінах Еўропы – задача цэлага грамадства, а не асобных дзяржаўных структур. У замежных краінах назапашаны значны вопыт работы музеяў з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, і сёння практычна ўсе вядучыя музеі свету даступныя для дадзенай катэгорыі наведвальнікаў. Для невідушчых і слабавідушчых існуюць спецыялізаваныя музеі – тыфла-музеі або тактыльныя музеі, галерэі і асобныя выставы, а таксама спецыялізаваныя музейныя праграмы.
У Рэспубліцы Беларусь сацыялізацыяй займаюцца спецыялісты грамадскага аб’яднання Беларускага таварыства інвалідаў па зроку (БелТІЗ), настаўнікі спецыялізаваных школ. Вялікую ролю адыгрывае і служба сацыяльнай абароны. З мэтай выяўлення ступені зацікаўленасці дадзенай катэгорыі насельніцтва ў рэалізацыі тактыльных праектаў было праведзена анкетаванне сярод невідушчых і слабавідушчых, якія працуюць на прадпрыемстве «Святлопрыбор» г. Мінска. Усяго было апытана 124 чалавекі, што складае 16% ад агульнай колькасці працуючых інвалідаў па зроку на гэтым прадпрыемстве. На пытанне “Ці наведалі б вы падобны музей або выставу?” 89% адказалі станоўча. У сувязі з гэтым варта адзначыць, што ва ўмовах развіцця сацыякультурнай практыкі ў наяўнасці актуальнасць тактыльных музейных праектаў.
Відушчыя, здаровыя людзі прыходзяць у музей і адчуваюць сябе ўпэўнена, бо могуць бачыць, чуць і перамяшчацца, невідушчыя ж у людных месцах адчуваюць сябе ў небяспецы і насцярожана.
Большасць наведвальнікаў не прывыклі бачыць у музеі чалавека з інваліднасцю, а невідушчыя не прывыклі хадзіць у музей наогул. Часта яны самі становяцца прадметам для цікаўнасці і разгледжвання наведвальнікамі, што прымушае іх адчуваць сябе ў музейнай прасторы чужародна. Некарэктна і тое, што зона для інвалідаў часцяком знаходзіцца каля самага ўваходу, ды яшчэ і ў самым людным месцы: мяркуецца, што далей у іншыя экспазіцыі ісці ім няма чаго. Музеі робяць першыя крокі, і гэтыя дзеянні павінны быць цывілізаванымі, карэктнымі для кожнага чалавека Таму экспанаваць прадметы варта ў прасторы экспазіцыі, а дакладней, у кожнай экспазіцыйнай зале, дзе камерныя і камфортныя ўмовы і для наведвальнікаў, і для музейных прадметаў.
Праблема даступнасці прадметаў культуры для чалавека з інваліднасцю – праблема не толькі музея, але і ўсяго грамадства.
У сувязі з гэтым Нацыянальны мастацкі музей вырашыў зрабіць першы крок насустрач і пашырыў свае межы, каб стаць больш даступным для людзей з інваліднасцю па зроку.
Праект “Мастацтва на кончыках пальцаў” дае магчымасць дакрануцца да тактыльных інтэрпрэтацый твораў вядомых беларускіх мастакоў і скульптараў. Гэта дзве тактыльныя інтэрпрэтацыі жывапісу – нацюрморт І.Ф. Хруцкага “Садавіна” і пейзаж В.К. Бялыніцкага-Бірулі “Зімовы сон” (1911). Таксама са згоды аўтараў па прынцыпах прастаты сюжэту для славеснага апісання і бяспекі матэрыялу для тактыльнага вывучэння былі адабраны тры бронзавыя скульптуры з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – “Тая, што палохае” А. Асташова, “Выкраданне ў Еўропу” і “Адчуванне палёту” А. Фінскага.
Варта адзначыць, што праект “Мастацтва на кончыках пальцаў” з’яўляецца сумесным з творчай групай “Мівія” пад кіраўніцтвам Л. Скрадаль. Менавіта дзякуючы ініцыятыве гэтай групы былі створаны тактыльныя копіі жывапісных твораў. Ідэю ж пашырыць праект за кошт экспанавання двух камерных скульптур з фондаў музея ўнесла куратар праекта ад Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь М. Трафімава, дзякуючы чаму ў залах пастаяннай экспазіцыі з’явіліся дзве скульптуры для тактыльнага вывучэння.
Тактыльныя карціны і скульптуры дазваляюць мастацтву быць побач з тымі, хто не мае магчымасці гэта ўбачыць, пашырыць магчымасці ў зразуменні культуры, выйсці за рамкі традыцыйнага ўспрымання мастацтва невідушчымі.
Аказалася, што рукамі можна “ўбачыць” карціну або скульптуру пры дапамозе апісанняў значна глыбей. Не ўсе творы жывапісу могуць быць якасна перададзены для тактыльнага азнаямлення, а творы скульптуры павінны быць простымі па кампазіцыі і бяспечнымі (без вострых вуглоў). Таму ўсе экспанаты аснашчаны навушнікамі і аўдыягідамі з дэскрыптыўнымі тэкстамі, што, безумоўна, дае паўнату ўражання і глыбіню ўспрымання пры вывучэнні гэтых твораў.
Тэхналогія вырабу тактыльных карцін складаная і ўнікальная. Аўтары праекта вывучалі замежны вопыт падобных экспанатаў. Прапанаваныя для тактыльнага вывучэння пейзаж і нацюрморт выкананы з фаянса і пап’е-машэ. Тыя, хто слаба бачыць і невідушчыя дарослыя і дзеці спачатку вывучаюць карціну па контуры, а потым ад цэнтра да верху і паступова даследуюць аб’екты і аб’ёмы. Арыгінальнасць гэтага праекта яшчэ і ў тым, што слабавідушчыя наведвальнікі да або пасля вывучэння тактыльных копій могуць убачыць арыгіналы гэтых твораў на свае вочы. Многімі невідушчымі наведвальнікамі было адзначана, што скульптуру вывучаць значна прасцей, бо адразу складваецца поўнае ўражанне аб аб’екце, чаму, несумненна, вельмі дапамагае прадуманы тэкст аўдыягіда. Праект ужо дапоўнены новымі экспанатамі – тактыльнымі інтэрпрэтацыямі “карцін” беларускіх мастакоў ХIХ – пачатку ХХ стагоддзя, выкананых з фаянса:Язэпа Драздовіча “Космас” і “Касмаполіс”, “Партрэт Марка Шагала” Юрыя Пэна, а таксама “Хлопчык у саламяным капелюшы” мастака ХIХ стагоддзя Івана Хруцкага.
Праект “Мастацтва на кончыках пальцаў”стартаваў у лютым 2015 года і выклікаў вялікую цікавасць ва ўсіх наведвальнікаў музея. Ён стаў адным з прызёраў III Нацыянальнага музейнага форуму ў г. Магілёве.