Віды прадмесцяў і ваколіц Вільні ў творчасці Івана Хруцкага

Аўтар прыдзенага ніжэй паведамлення зрабіў спробу пазнаёміцца бліжэй з краявідамі, якія пісаў Іван Хруцкі ў віленскі перыяд сваёй творчасці. Усе мясціны, пра якія пойдзе гаворка, былі ім наведаны. Было ўдакладнена месца напісання некаторых твораў, параўнаны колішні і цяперашні стан мясцовасці.

Віленскі перыяд у творчасці Івана Хруцкага цягнуўся з 1846 па 1854 гады. Раней праца мастака ў Вільні была звязана з замовамі праваслаўнага мітрапаліта Іосіфа Сямашкі (1798–1868), які ў 1845 г. перавёў літоўскае епархіяльнае ўпраўленне і семінарыю з Жыровіцаў у Вільню, дзе і пасяліўся сам.

Размова ніжэй пойдзе пра мясціны, якія на цяперашні момант знаходзяцца ў складзе горада Вільні. У сярэдзіне ХІХ ст. Кальварыя, Трынопаль, Балтупы былі прыгараднымі мясцовасцямі. Варта заўважыць, што размешчаны яны паблізу адна ад адной. Сніпішкі былі гарадской ускраінай, прадмесцем. Тут пачыналася (і пачынаецца) вуліца Кальварыйская, якая вядзе да Балтупаў, а затым да Кальварыйскага касцёла.

Біскуп Канстанты К. Бжастоўскі (1687–1722) у 1695 г. фундаваў трынітарыям землі пад касцёл з кляштарам паблізу сваёй рэзідэнцыі ў Вярках. З таго часу месца над берагам Віліі атрымала, згодна з віленскім барокавым звычаем, лацінскую назву, звязаную з ордэнам – Трынопаль (Trinopolis). Трынопальскі касцёл св. Тройцы быў пабудаваны ў 1709 г., але завяршэнні вежаў, будаўніцтва кляштара і аздабленне інтэр’ера працягваліся да сярэдзіны XVIII ст. Касцёл знаходзіўся пры крыжовай дарозе віленскай Кальварыі, і хоць станцыі ля яго не было, пілігрымы не маглі яго абмінуць. Плыня, якая ў Трынопалі ўпадае ў Вілію, атрымала назву Кедрон па назве плыні ў Ерусаліме [8, s. 167].

У 1832 г. касцёл быў адабраны расійскімі ўладамі ў казну за дапамогу трынітарыяў паўстанцам. Архіепіскап (пазней мітрапаліт) Іосіф Сямашка доўга клапатаў, канкурыруючы з магутнымі суседзямі – уладальнікамі Вяркоў – князямі Вітгенштэйнамі [3, т. 2, с. 319], каб Трынопаль з навакольнымі землямі быў перададзены ведамству праваслаўнай царквы пад размяшчэнне рэзідэнцыі архіепіскапа, што і адбылося ў 1846 г. Асабліва Сямашку цікавіў Трынопаль з ідэалагічнага пункту гледжання – блізкасць Кальварыі стварала сытуацыю, калі каталікі прыходзілі маліцца да цяпер ужо праваслаўных святынь [3, т. 2, с. 401–402]. Кляштар быў прыстасаваны пад загарадны дом архіепіскапа. У 1849 г. касцёл перарабілі на праваслаўную царкву, і 29 мая яго асвяціў сам Сямашка [3, т. 2, с. 391]. Летам 1850 г. на Трынопальскіх землях пачалі дзейнічаць праваслаўныя могілкі, адна з каталіцкіх капліц была перароблена на праваслаўную царкву пры могілках.

Пасля першай сусветнай вайны касцёл і кляштар былі вернуты трынітарыям, але пасля другой сусветнай вайны ізноў адабраны – цяпер ужо савецкімі ўладамі. У будынку касцёла было размешчана прамысловае прадпрыемства, а ў былым кляштары – турыстычная база [8, s. 169]. Цяпер комплекс зноў належыць каталіцкай царкве. Былы кляштар служыць домам рэкалекцыі.

У першую чаргу, І. Хруцкі быў запрошаны ў Вільню дзеля напісання палотнаў рэлігійнага зместу. За некалькі гадоў працы мастак выканаў наступныя іканастасы: у 1847 г. для Ковенскага Аляксандра-Неўскага сабора [3, т. 1, с. 192], у 1849 г. для царквы св. Іосіфа Абручніка ў Трынопалі [4, с. 11], у 1850 г. для пячорнай царквы св. Віленскіх пакутнікаў Антонія, Яна і Яўстаха [3, т. 1, с. 198]. Верагодна, што Хруцкі мог пісаць абразы для іканастасаў іншых цэркваў і сабораў. На жаль, на сёння лёс абразоў са згаданых вышэй іканастасаў невядомы. Хутчэй за ўсё, большасць іх загінула.

Таксама для архірэйскага дома І. Хруцкім была выканана серыя з 32 партрэтаў асоб духоўнага звання. Архіепіскап замаўляў партрэты аднолькавага памеру – 45х35 см. Большая частка іх – копіі, бо многіх з тых, каго трэба было напісаць, ужо не было ў жывых. Апрача 32 партрэтаў іерархаў розных часоў, у галерэі архірэйскага дома захоўваліся тры партрэты самога Іосіфа Сямашкі работы Хруцкага.

Высокіх творчых задач, хутчэй за ўсё, перад І. Хруцкім не ставілася. За даволі сціслы час ён мусіў напісаць вялікую колькасьць карцін. Калі ўлічваць, што мастак знаходзіўся ў Вільні не пастаянна, а час ад часу наведваў Захарнічы, што адначасова ён выконваў шмат іншых замоў, то тэмпы і, адпаведна, якасць выканання былі “канвеерныя”. І. Сямашка асабіста маляваў схемы размяшчэння карцін у іканастасах [3, т. 1, с. 198], кантраляваў ход работ і наогул празмерна апякаў Хруцкага, што не спрыяла палёту думкі творцы.

Але не толькі палотны рэлігійнага зместу ствараліся ў час знаходжання ў Вільні І. Хруцкім. Ён пісаў свецкія партрэты, пейзажы і, верагодна, нацюрморты.

Замовы свецкага характару Сямашка даваў не ў меншай колькасці, чым замовы для царквы. Вось што ён сам пісаў пра сваё стаўленне да выяўленчага мастацтва: “Артистические произведения доставляли мне всегда большое наслаждение, особенно живописные. Я на них издержал по крайней мере десять тысяч рублей серебром, и украсил ими все комнаты и в Вильне и в Тринополе. Меня, кажется, обвиняли за этот артистический вкус к картинам, я же не мог понять, как другие могут довольствоваться образами, и то еще безобразными. Вы, господа, обращаетесь с живым миром, говорил я иным; не удивляйтесь, что я любуюсь им хотя в картинах. Я наслаждался вдвойне, когда присутствовал лично по целым часам при живописании академика Хруцкаго, иконостасных ли, или картинных произведений. Как бы разделял его работу и даже участвовал в ней предостережениями, часто небесполезными и удачными. Обыкновенно я сам избирал сюжеты для видов, образов и картин и часто доставлял сам натурщиков. Обыкновенно я отводил Хруцкому у себя и помещение” [3, т. 1, с. 270–271].

Для Сямашкі І. Хруцкі выканаў палатно “Да святой мясціны” (1850, Дзяржаўная Траццякоўская галерэя), на якім выяўлена драўляная каплічка над ручаём. Ручай – гэта Кедрон, а каплічка – адна са станцый (пятая) крыжовай дарогі на Кальварыю. Пятая станцыя кальварыйскага крыжовага шляху называецца «Ісуса ў кайданах пераводзяць праз плыню Кедрон». Ля яе, як і каля кожнай іншай станцыі, пілігрымы спыняліся для кароткага богаслужэння (калі паломніцтва было калектыўным) ці чытання малітваў (калі гэта былі асобныя паломнікі).

Вось як дадзенае месца апісваецца ў тэксце Новага запавету: «Сказаўшы гэта, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за паток Кедрон, дзе быў сад... Тады воіны і тысячнік і служкі Юдэйскія ўзялі Ісуса, і звязалі Яго, і завялі Яго...» (Ян. 18, 1 і 12–13).

У канцы ХІХ ст. краявід у той мясцовасці змяніўся: былі выраўнены схілы пагоркаў і збудаваны невысокі масток замест таго, які мы бачым на пейзажы Хруцкага [16; 21]. Калі ў 1990-я гг. крыжовы шлях Віленскай Кальварыі аднаўляўся, рэканструкцыя была зроблена бліжэй да стану канца XIX – пачатку ХХ ст.

Цікава, што Канут Русецкі (1800–1860), які жыў у Вільні, стварыў у другой палове 1840-х гадоў твор на падобны сюжэт – «Тройца на Кальварыі». На жаль, сучаснае месцазнаходжанне гэтага твора невядома [6, p. 168]. У аддзеле рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук Літвы захоўваецца альбом з падрыхтоўчымі малюнкамі і акварэлямі [Lietuvos mokslų akademijos biblioteka, rankraščių skyrius. F 320–55, alb. nr. 30, p. 68–84]. На карціне К. Русецкага была паказана ўрачыстая працэсія, якая пераходзіць па мастку праз Кедрон. Русецкі, у адрозненне ад Хруцкага, выбраў вертыкальны фармат для сваёй карціны, а каплічка на мосце паказана з тылу, а не з фронту. Супаставіўшы два творы, мы можам атрымаць дастаткова поўнае ўяўленне як пра выгляд капліцы над Кедронам у сярэдзіне XIX ст., так і пра пілігрымаў, якія наведвалі Віленскую Кальварыю.

У Трынопалі быў напісаны і “Від у маёнтку” (1847, Дзяржаўны Рускі музей). Карціна не падпісаная. Не ведаючы геаграфіі ваколіц Вільні, мастацтвазнаўцы дагэтуль не маглі цалкам атрыбутаваць гэтае палатно, нават надпіс на ім быў прачытаны не зусім правільна. Можна прапанаваць наступнае прачытанне часткі подпісу, дзе вызначаецца месца: Bołtupie v Nowe Zyrowice замест ранейшага Bóttupic – v nowe zyrowisci. Уважлівае вывучэнне планаў Вільні і ваколіц падказвае, што пейзаж быў напісаны ў Балтупах – вёсцы, што знаходзілася бліжэй да Трынопаля; па пераездзе архіепіскапа ў Трынопаль Балтупы атрымалі другую назву – мыза Новыя Жыровіцы [3, т. 1, с. 189], чаму некаторыя аўтары раней і называлі карціну “Від у маёнтку Жыровіцы”. На пейзажы раскрываецца від на невялікі фальварак, што складаецца з панскага дома, свірна, іншых гаспадарчых пабудоў. На заднім плане можна пазнаць камяніцы тагачасных ускраін Вільні, адпаведна, від раскрываецца з поўначы на поўдзень.

Даволі прэстыжнай і, відаць, прыбытковай была замова ад выдаўца “Віленскага альбома” Я. Вільчынскага. “Віленскі альбом” уяўляў сабой серыю каляровых літаграфаваных відаў старажытнага горада і прадмесцяў. Літаграфаванне выконвалася ў Парыжы Л.П. Бішэбуа і В. Адамам з алейных арыгіналаў такіх мастакоў, як А. Жамет, М. Залескі, К. Русецкі. Як паведамляе “Слоўнік польскіх мастакоў”, у альбом увайшлі тры гарадскія пейзажы пэндзля І. Хруцкага: “Віленская Кальварыя”, “Сніпішкі, прадмесце Вільні”, “Касцёл св. Рафала з фігурай Хрыста” [12, s. 340]. Два алейныя першатворы – “Кальварыя” і “Сніпішкі” – знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага музея ў Варшаве і паходзяць з калекцыі ардынацыі Красіньскіх. Нам жа існаванне трэцяга здаецца праблематычным, бо на вядомым пейзажы “Сніпішкі” акурат і паказаны касцёл св. Рафала і капліца з фігурай Хрыста. Наўрад ці, каб Вільчынскі замовіў Хруцкаму дзве карціны з выглядам хаця і вядомага і прыгожага, але далёка не самага знакамітага ці старажытнага віленскага касцёла. Магчыма, блытаніна ўзнікла з-за таго, што паводле твора Хруцкага былі зроблены некалькі гравюр. Апрача танаванай літаграфіі Альфонса Бішэбуа і Віктора Адама, пазней былі надрукаваны яшчэ дзве гравюры на сталі меншых памераў аўтарства Эдварда Фіндэна, у «Віленскім альбоме» [7, p. 19] і ў малітоўніку «Ołtarzyk Ostrobramski» [10].

Касцёл св. Рафала быў збудаваны для езуітаў у 1702–1709 гг., дабудоўваўся ў сярэдзіне і другой палове XVIII ст. У 1773 г. касцёл і кляштар былі перададзены піярам [9, p. 587–588].

Віленская Кальварыя была створана ў XVII ст. віленскім біскупам Юрыем Белазорам. Яна складаецца з 35 станцый, якія сімвалізуюць крыжовы шлях Хрыста, аднаўляючы тапаграфію Ерусаліма. Цэнтрам шляху быў касцёл св. Крыжа і кляштар дамініканаў. Новы мураваны касцёл быў асвечаны ў 1772 г. У XVIII ст. былі збудаваны 20 мураваных капліц, мост праз Кедрон, 8 драўляных і мураваных брам [17, p. 528].

Як Кальварыйскі касцёл, так і бажніца св. Рафала захаваліся да нашых дзён. Але амаль усе капліцы крыжовага шляху (за выключэннем чатырох каля Кальварыйскага касцёла) узарвалі ваенныя ў 1962 г. і канчаткова разбурылі вясной 1963 г. Таксама ў 1963 г. знішчылі капліцу са скульптурай Хрыста, які нясе крыж, на Сніпішках [16, p. 42]. Калі ўсе капліцы крыжовага шляху пасля здабыцця Літвой незалежнасці былі адбудаваны, то капліцы на Сніпішках няма і сёння.

Крыжовы шлях Віленскай Кальварыі быў адлюстраваны І. Хруцкім і як фон на адным з партрэтаў.

Мітрапаліт Сямашка вельмі цёпла ставіўся да сваёй сястры Алены Гамаліцкай, жонкі кафедральнага протаіерэя. Відаць, на просьбу мітрапаліта і былі напісаны два сямейныя партрэты.

Твор са збораў Харкаўскага мастацкага музея атрыбутаваны як партрэт Гамаліцкіх; верагодна, ён зроблены ў інтэр’еры Трынопальскага архірэйскага дому.

Другі партрэт, які захоўваецца ў Дзяржаўным Рускім музеі, пакуль што дакладна не атрыбутаваны і носіць назву “Сямейны партрэт”. Напісаны ён у 1850 (1854?) г. Партрэт выклікае аналогіі з ангельскім тыпам “conversation piece” («гутарковая сцэна»), распрацаваным Уільямам Хогартам у канцы 1720-х гг. Карціны такога тыпу ўяўлялі нешта сярэдняе паміж групавым партрэтам і жанравай сцэнай. Фонам для “conversation pieces” часта служылі канкрэтныя мясціны ці інтэр’еры, звязаныя з людзьмі на партрэце. На палатне не дужа вялікіх памераў (90х71,5) перад намі сямейства, якое размясцілася ў парку: маці левай рукой трымае малодшага сына, злева на камяні – старэйшы сын з раскладзенай на каленях кнігай, далей ад гледача амаль у профіль адлюстравана дзяўчынка за чытаннем. Пейзажны фон паказвае нам узгорыстую паркавую мясцовасць. На траве ў глыбіні карціны знаходзіцца яшчэ адна сям’я. На даляглядзе справа бачна пабудова, хутчэй за ўсё, культавага характару – царква ці касцёл (а магчыма, адна з капліц Кальварыйскага крыжовага шляху). Удалечыні злева лёгка заўважыць дзве капліцы крыжовага шляху, трэцяя ж ледзь прыкметная сярод дрэў. У капліцах пазнаюцца другая, трэцяя і чацвёртая станцыі на гары Аліве. Гэта дакладна паказвае нам месца, з якога глядзіць жывапісец (ізноў від раскрываецца на поўдзень). Сцежка вядзе да памятнага камня, на якім можна прачытаць надпіс “Іосифъ 1847”. На камні выбіта імя архіепіскапа і дата добраўпарадкавання мясцовасці, цягам пятнаццаці гадоў да таго закінутай. Камень быў усталяваны перад асвячэннем загараднага архірэйскага дому ў Трынопалі і царквы пры ім, якое адбылося 29 мая 1849 г. [2, с. 299]. Пры злічэнні з дакладна атрыбутаваным партрэтам сям’і Гамаліцкіх, які знаходзіцца ў Харкаўскім мастацкім музеі, мы можам адзначыць пэўнае падабенства паміж людзьмі на партрэтах. Такім чынам, можна папярэдне прапанаваць наступную версію атрыбуцыі карціны: партрэт Алены Гамаліцкай з дзецьмі ў Трынопальскім парку. Безумоўна, пацвярджэнне такой версіі патрабуе далейшых архіўных росшукаў і больш глыбокага вывучэння саміх выяў.

Вось што піша пра сваякоў І. Сямашкі яго біёграф Г. Кіпрыяновіч: “Ежегодно, по приглашению митрополита, приезжало в Тринополь летом на жительство, на более или менее продолжительное время, семейство кафедрального протоиерея В.И. Гомолицкого, который был женат на любимой сестре митрополита – Елене Осиповне. В этом семействе владыка всегда находил для себя истинную отраду и отдохновение от мучительных забот и постоянных трудов. За одним столом с семейством Гомолицкого, занимавшим отдельное помещение в Тринополе, владыка ежедневно пил чай, обедал и ужинал. Вместе с хорошо воспитанными детьми своей сестры он совершал прогулки по обширному саду, помогал им собирать там грибы и плоды, смотрел на их резвости и детские шалости, а иногда слушал их пение и чтение. Известно, что владыка всегда отличался любовию к детям, особенно малым. Для детей иногда устраивались так называемые тринопольские балы. Все домашние собирались пить чай в глубоком, уединенном овраге, вблизи пруда. После чаю сестра Елена Осиповна готовила ужин из тех блюд, которые некогда любил владыка в доме родителей, а дети в это время прыгали и резвились около пруда” [2, с. 519].

На карціне Хруцкага “Мітрапаліт Іосіф Сямашка слухае ў сваім кабінеце даклад сакратара” (1854, Дзяржаўны Рускі музей) можна бачыць выявы 15 палотнаў ці іх фрагментаў: сярод іх можна адрозніць віды Вільні і ваколіц, копію “Дзяўчынкі з тамбурынам” Тыранава, партрэт бацькоў мітрапаліта. Аб апошнім мы сустракаем згадку ў кароткай біяграфіі Сямашкі, напісанай Кіпрыяновічам [1, с. 86]. Агульная колькасьць твораў жывапісу ў Віленскім і Трынопальскім архірэйскіх дамах дасягала 200 адзінак [1, с. 137]. У кантэксце паведамлення нам цікавы краявіды: два з іх, што вісяць у куце, падобны на капійныя. Затое тыя два, што знаходзяцца каля дзвярэй, здаюцца выявамі капліц Кальварыйскага крыжовага шляху. На правай сцяне, падобна, краявіды з віленскімі храмамі, вызначыць якія з-за малога памеру выяў немагчыма. Верагодна, што краявіды гэтыя напісаны І. Хруцкім.

Апошнія з вядомых нам работ Хруцкага для мітрапаліта Сямашкі датуюцца 1854 г. Невядомы таксама партрэты на замову і віленскія пейзажы пазнейшага часу. Відаць, тады Хруцкі і пакінуў Вільню, каб канчаткова пасяліцца ў сваім маёнтку Захарнічы. Але ў зборы Мастацкага музея Літвы знаходзіцца малюнак “Вуліца Басановіча (Вялікая Пагулянка) ў Вільні”, які прыпісваецца І. Хруцкаму і датуецца 1856 г. Калі атрыбуцыя слушная (трэба адзначыць, што Уладас Дрэма яе адводзіў [5, p. 371]), то і пасля заканчэння работы на мітрапаліта па крайняй меры яшчэ два гады Хруцкі прыязджаў у Вільню і ствараў тут.

Характэрна, што і Кальварыя, і Сніпішкі размешчаны ў тым жа кірунку ад Вільні, што і Трынопаль, толькі Сніпішкі бліжэй да горада за Трынопаль, а Кальварыя – далей. Такім чынам, Іван Хруцкі стварыў амаль поўную іканаграфію ваколіц Вільні ў кірунку Вяркоў (Сніпішкі, Балтупы, Трынопаль, Кальварыя).

Ёсць спадзяванне, што атрымаецца выявіць іншыя віленскія краявіды, напісаныя І. Хруцкім. Але і тыя, пра якія нам вядома, з’яўляюцца каштоўнымі крыніцамі па гісторыі архітэктуры і горадабудаўніцтва, якія можна выкарыстоўваць пры распрацоўцы планаў рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў, пры стварэнні музейных экспазіцый ці выданні альбомаў з відамі памятных ваколіц старой Вільні.

 

Літаратура:

1.                     Киприанович, Г.Я. Высокопреосвященный Иосиф Семашко, митрополит Литовский и Виленский. Очерк его жизни и деятельности по воссоединению западно-русских униатов с правоcлавной церковью в 1839 г. / Г. Киприанович. – Вильно, 1894. – 132 с.

2.                     Киприанович, Г.Я. Жизнь Иосифа Семашки – митрополита Литовского и Виленского и воссоединение западнорусских униатов с православною церковью. 2-е изд., испр. и доп. / Г. Киприанович. – Вильно, 1897. – 613 с.

3.                     Семашко, И. Записки Иосифа митрополита Литовского, изданные Императорской Академией Наук по завещанию автора. В трех томах / И. Семашко. – Санкт-Петербург, 1883. Т. 1. – 745 с.; т. 2. – 786 с.; т. 3. – 1284 стлб.

4.                     Іван Хруцкі. 1810–1885. (Альбом-каталог) [Аўтары-складальнікі І.М. Паньшына, А.К. Рэсіна]. – Мінск, 1990. – 120 с.

5.                     Drėma, Vladas. Dingės Vilnius = Lost Vilnius / Vladas Drėma. –Vilnius, 1991. – 407 p.

6.                     Drėma, Vladas. Kanutas Ruseckas / Vladas Drėma. – Vilnius, 1996. – 288 p.

7.                     Jonas Kazimieras Vilčinskis (1806–1885) ir jo leidiniai = Jonas Kazimieras Vilčinskis (1806–1885) and his publications. Parodos katalogas = Exhibition catalogue [Katalogo sudarytojas ir straipsnio autorius Vladas Gasiunas]. – Vilnius, 1996. – 32 p.

8.                     Małachowicz, Edmund. Wilno: dzieje, architektura, cmentarze/ Edmund Małachowicz. – Wroclaw, 1991. – 603 s.

9.                     Misius, Kazys, Šinkūnas, Romualdas. Lietuvos katalikų bažničios (žinynas)/ Kazys Misius, Romualdas Šinkūnas. – Vilnius, 1993. – 624 p.

10.                Ołtarzyk Ostrobramski… / Przez ks. kanonika L. G. ułożony. – Paryż, 1871. – XVIII, 1066 s.; 24 ark. il.

11.                Petrulis, Algis. Kristaus kraujas ideologų taurėje // Gimtasis kraštas. Nr. 36 (1173)/ Algis Petrulis. – Vilnius, 1989, m. rugsėjo 7–13 d.

12.                Słownik artystów polskich i obcych w Polsce dzialających. Malarze, rzezbiarze, graficy. – Wroclaw – Warszawa – Kraków – Gdańsk, 1971. T. I. A–C. – 418 s.

13.                Streikus, Arūnas. Sovietų valdžios antibažnytinė politika Lietuvoje (1944–1990)/ Arūnas Streikus. – Vilnius, 2002. – 374 p.

14.                Vilniaus albumas: iš Jono Kazimiero Vilčinskio leidinių = Вильнюсский альбом. Из изданий Йонаса Казимераса Вильчинскиса / Leidini parengė: Zofija Budrytė; dailinkas: Bronius Leonavičius. – Vilnius, 1987. – 12 с., [24] л. ил.

15.                Vilniaus fotografai: tarptautinė Lietuvos fotografijos istorijos konferencija / [sudarytoja Vitalija Jočytė]. – Vilnius, 2005. – 315 p.

16.                Vilniaus Kalvarijos = Kalwaria Wileńska = Calvary of Vilnius. – Vilnius, 2002. – 168 p.

17.                Vilniaus vaizdu atvirukai. 1897–1915 / Parengė Dalia Keršytė. – Vilnius, 2005. – 560 p.

18.                Vilniaus Verkių Kalvarijos [Teksto autoriai: Mons. Kęstutis Latoža, Vida Laurukėnienė, Jurgita Mažiūnaitė, Prof. Habil. dr. Alfonsas Motuzas]. –Vilnius, 2004. – 48 p.

19.                http://www.pavilniai-verkiai.lt

20.                Lietuvos mokslų akademijos biblioteka, аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў. А.11352. Виды г. Вильны [Фото Ю. Чеховича]. – Вильна, 187- ?

21.                LMAB. Fg. I–2212. Vilniaus Kalvariju koplyčios [Foto S. Fleury ir J. Bulhako]. – Vilnius, 1910, 1929. 18 fotogr. 11,5x16,5.

Валодзін У.У.

друкуецца па матэрыялах “Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”, выпуск 7. Мн., “Белпрынт”, 2008, стр. 254–263

Пры выкарыстоўванні матэрыялаў спасылка на сайт і выданне АБАВЯЗКОВА

частыя пытанні

Дзе я магу прыпаркаваць аўтамабіль?

Бліжэйшыя парковачныя месцы знаходзяцца ўздоўж вул. Карла Маркса (паркоўка платная)

Ці можна знаходзіцца ў музеі ў верхнім адзенні?

Правілы наведвання музея не прадугледжваюць наведванне экспазіцыі ў верхнім адзенні. Яго неабходна пакінуць у гардэробе.

З якімі рэчамі знаходзіцца ў музейных залах нельга?

Усе сумкі, заплечнікі і пакеты памерам больш за 30х40х20 см, а таксама, парасоны неабходна здаць у гардэроб ці пакінуць у камеры захоўвання. Бутэлькі з вадой праносіць на экспазіцыю нельга, піць ваду можна ў вестыбюлі ці музейным кафэ на першым паверсе.

Ці можна наведваць экспазіцыю музея з дзіцячай каляскай?

Так, мы рады наведвальнікам узроставай катэгорыі 0+. 

Ці ёсць зніжкі на набыццё ўваходнага білета для пенсіянераў?

Ільготы (зніжка 50% на ўваходныя білеты) для людзей пенсійнага ўзросту ў музеі прадугледжаны ў першы панядзелак кожнага месяца.

Якія ўмовы створаны для наведвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі?

Для бесперашкоднага вывучэння экспазіцыі на верхніх паверхах у музеі ёсць спецыяльны пад’ёмнік. Калі ён неабходны для Вашага візіту ў музей, калі ласка, патэлефануйце адміністратару экскурсійнага бюро: +375 17 397 01 63,  +375 25 667 78 19.

У экспазіцыі новага корпуса знаходзяцца спецыяльныя карціны і скульптуры для тактыльнага вывучэння, абсталяваныя гукавым запісам з падрабязным апісаннем твораў.

Ці існуе ў музеі дзень бясплатнага наведвання?

Першы панядзелак месяца – дзень ільготнага наведвання (зніжка 50% на ўваходныя білеты).

Ці ёсць у музеі аўдыягід?

Паслуга аўдыягіда аплачваецца пры наведванні ў сувенірным кіёску музея. Аўдыягіды па пастаяннай экспазіцыі музея даступныя на беларускай, рускай, англійскай і кітайскай мовах.

Як мне трапіць на экскурсію?

У экскурсійным бюро адбываецца запіс арганізаваных груп ад пяці чалавек і індывідуальных экскурсій (груп да пяці чалавек).

Запісвацца неабходна як мінімум за тыдзень да меркаванага візіту па  тэлефонах: +375 17 397 01 63,  +375 25 667 78 19

У рамках акцый і спецыяльных мерапрыемстваў музей нярэдка наладжвае зборныя экскурсіі па ўваходным білеце ў музей.

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30