Выставачны аддзел

Выставачны аддзел Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь быў арганізаваны ў 2008 годзе.

Асноўная функцыя аддзела – забеспячэнне выставачнай дзейнасці ў музеі ў адпаведнасці з гадавым планам, а таксама ўдзел установы ў выставах як у рэспубліцы, так і за мяжой. У задачы аддзела ўваходзіць пабудова новых экспазіцый і часовых выстаў у музеі і за яго межамі, захоўванне музейных экспанатаў і выставачнага абсталявання. Супрацоўнікі аддзела прадстаўляюць адну з музейных прафесій, што нядаўна сфарміравалася, звязаную з выкананнем адказных функцый па дакументаванні, менеджменце, лагістыцы ў выставачнай справе.

Выставачны аддзел ажыццяўляе:
 

  • абслугоўванне пастаянных выстаў (мантаж/дэмантаж, падрыхтоўка экспанатаў для транспарціроўкі, упакоўка і распакоўка экспанатаў, мастацкае афармленне графічных твораў);
  • абслугоўванне часовых выстаў (заключэнне дагавораў на правядзенне выстаў з аўтарамі і арганізацыямі, афармленне дакументацыі прыёму і вяртання экспанатаў, упакоўка/распакоўка і пагрузка/разгрузка экспанатаў, агляд стану захаванасці музейных прадметаў і прадметаў музейнага значэння перад экспанаваннем на выставах, мантаж і дэмантаж выстаў, мастацкае афармленне графічных твораў; мантаж і дэмантаж знадворнай рэкламы);
  • абслугоўванне спецыялізаваных акцый, прэзентацый і іншых мерапрыемстваў, звязаных з дзейнасцю музея.

Акрамя таго, супрацоўнікі аддзела вядуць навукова-даследчую і навукова-асветніцкую работу. Яе вынікі прэзентуюцца на семінарах, навукова-практычных канферэнцыях музея і іншых устаноў.

Выставачны аддзел узначальвалі Марына Леанідаўна Мальгіна (2008–2010; 2013–2018), Мікалай Яўгенавіч Мішчанка (2010–2013), Яўгенія Аляксандраўна Сабалеўская (з 2018  – 2022). У 2013 годзе ў структуры аддзела быў створаны сектар па абслугоўванні выстаў пад кіраўніцтвам Мікалая Яўгенавіча Мішчанкі. У розныя гады ў аддзеле працавалі А. А. Зіменка, Д. Г. Шантар, К. А. Доўгая, В. Л. Наскова, А. М. Гаўрылава, В. С. Клецкіна.

За час свайго існавання выставачным аддзелам быў арганізаваны шэраг праектаў, якія з поспехам прайшлі ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь:

“Вынаходствы да Вінчы” (2015),

“Гоя… Пікаса” (2016),

“Скарбы Старажытнага Егіпта” (2017),

“Вялікі Рэмбрант” (2017),

“Дотары, Шагал, Суцін, Хадасевіч-Лежэ. Энергія, экспрэсія, сімволіка і сны. Погляд на мастацтва Італіі і Беларусі першай паловы XX стагоддзя” (2017),

“Выстава твораў рускага жывапісу XIX–XX стагоддзяў са збору расійскага калекцыянера Аляксандра Валадчынскага” (2017),

“Сальвадор Далі” (2019),

“Іаган Людвіг Блойлер (1792–1850). Падарожжа па Рэйне” (2019),

“Літаратурны пейзаж. Графіка з ФДБУК “Дзяржаўны мемарыяльны гісторыка-літаратурны і прыродна-ландшафтны музей-запаведнік А. С. Пушкіна “Міхайлаўскае” (Пушкінскі Запаведнік)” (2021).

Супрацоўнікі выставачнага аддзела займаюцца таксама арганізацыяй выстаў з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея за межамі музея:

“Памяць народа. Вялікая Айчынная вайна ў мастацтве” (Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, 2022);

“Выстава графікі Н. Орды са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” (Музей-запаведнік А. С. Пушкіна “Міхайлаўскае”, 2022).

Мацюшонак Аляксей Яўгенавіч
Мацюшонак Аляксей Яўгенавіч
Загадчык аддзела

 У 1997 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (гістарычны факультэт, аддзяленне музеязнаўства, спецыяльнасць “музеязнаўства, спецыяліст па ахове помнікаў культуры”). Працаваў у аддзеле выстаў Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (1997–1999 – навуковы супрацоўнік, 1999–2007 – старшы навуковы супрацоўнік). У 2007–2019 гадах працаваў у Пасольстве Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь – Польскім Інстытуце ў Мінску на пасадзе “каардынатар мастацкіх праектаў”. З 2019 года – навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

За час працы арганізаваў больш за 350 мастацкіх, гістарычных і літаратурных выстаў, у тым ліку: “Фердынанд Рушчыц. Да 150-годдзя з дня нараджэння мастака” (2020–2021), “Акім Шаўчэнка (1902–1980). Жывапіс. Да 120-годдзя з дня нараджэння” (2022), “Штодзённасці чароўнае імгненне”. Да 120-годдзя з дня нараджэння Я. І. Раздзялоўскай (2022), “Ступені майстэрства. Да 75-годдзя Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава і 120-годдзя з дня нараджэння А. К. Глебава” (2022).

Выступае з дакладамі на навуковых канферэнцыях: “Графічны дызайн у творчасці Фердынанда Рушчыца” (навукова-практычная канферэнцыя “Творчасць Фердынанда Рушчыца ў кантэксце еўрапейскай мастацкай культуры”, прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння мастака; Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, 9–10 снежня 2020 года); “Невядомы партрэт Уладзіслава Міцкевіча пэндзля Мечаслава Вайткевіча з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” (Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя памяці М. В. Дабраклонскага “Мастацтва і навука. Актуальныя пытанні адукацыі, даследаванняў і тэхналогій”; Санкт-Пецярбургская акадэмія мастацтваў імя І. Я. Рэпіна, 11–13 лістапада 2021 года); “Вядомы і невядомы Тадэвуш Нартоўскі” (XX Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Аладаўскія чытанні – 2022”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння народнага мастака Беларусі М. А. Савіцкага; Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, 26 мая 2022 года).

Займаецца арганізацыяй творчых сустрэч, музычных фестываляў і канцэртаў.

Мішчанка Мікалай Яўгенавіч
Мішчанка Мікалай Яўгенавіч
загадчык сектара па абслугоўванні выстаў выставачнага аддзела

Скончыў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут. Працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь з 2009 года: навуковы супрацоўнік выставачнага аддзела (2009–2010), загадчык выставачнага аддзела (2010–2013). 

Кірунак дзейнасці – абслугоўванне выставачных праектаў. Быў куратарам выставы І. М. Сталярова “Настаўнік і вучні” (2015).

М. Я. Мішчанка – член Беларускага саюза мастакоў з 2005 года. Удзельнік рэспубліканскіх, групавых і міжнародных выстаў, міжнародных пленэраў. Персанальныя выставы М. Я. Мішчанкі праводзіліся ў Мінску, раённых і абласных гарадах Беларусі. Неаднаразова ўдзельнічаў у якасці аўтара ў выставачных праектах Нацыянальнага мастацкага музея; персанальная выстава М. Я. Мішчанкі “Шляхам творчасці” адбылася ў 2019 годзе.

Місючэнка Юлія Вячаславаўна
Місючэнка Юлія Вячаславаўна
старшы навуковы супрацоўнік

Скончыла Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава. Працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь з 1992 года: лабарант аддзела рэстаўрацыі (1992–1993), мастак-рэстаўратар III катэгорыі (1993–2003), мастак-рэстаўратар II катэгорыі (2003–2006), загадчык сектара навукова-рэстаўрацыйнага аддзела –2008), мастак-рэстаўратар I катэгорыі (2008).

Кірунак дзейнасці – агляд стану захаванасці музейных прадметаў і прадметаў музейнага значэння для часовых выставачных праектаў. Удзельнічае ў падрыхтоўцы заключэнняў аб магчымасці выдачы ў часовае карыстанне музейных прадметаў на выставы за межамі музея.

Выконвае работы рознай ступені складанасці па рэстаўрацыі і кансервацыі твораў мастацтва высокай мастацкай і гістарычнай каштоўнасці: І. К. Айвазоўскі “Бура на Азоўскім моры ў красавіку 1886 года” (1887; твор быў упершыню прадстаўлены на выставе “Айвазаўскі і марыністы” ў 2017–2018 гадах і з’яўляўся ключавой працай выставы); А. І. Куінджы “Туман” (1905–1908; праца ўдзельнічала ў выставе “Архіп Куінджы” ў Траццякоўскай галерэі (Масква) у 2018–2019 гадах); У. Я. Макоўскі “Маці і дачка” (1893); А.-Ф. Дэпорт “Сабака з паляўнічымі трафеямі” (2021).

Запека Кацярына Генадзеўна
Запека Кацярына Генадзеўна
навуковы супрацоўнік, захавальнік часовых паступленняў

Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “культуралогія. Тэорыя і гісторыя культуры” (2012). У музеі працуе з 2018 года.

Займаецца распрацоўкай і заключэннем дагавораў аб часовых выставах, прыёмам і вяртаннем экспанатаў часовага захоўвання.

З’яўлялася куратарам персанальных выстаў сучасных беларускіх мастакоў (М. Я. Мішчанка, Ю. У. Платонаў, М. І. Ісаёнак і інш.), а таксама міжнародных выставачных праектаў: “Зачараваны цудам. Графіка В. М. Званцова” (2018), “Літаратурны пейзаж. Графіка з Дзяржаўнага мемарыяльнага гісторыка-літаратурнага і прыродна-ландшафтнага музея-запаведніка А. С. Пушкіна “Міхайлаўскае” (Пушкінскі Запаведнік)” (2021), “Выстава графікі Н. Орды са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” у Музеі-запаведніку А. С. Пушкіна “Міхайлаўскае” (2022).

Корзун Франц Валер’евіч
Корзун Франц Валер’евіч
навуковы супрацоўнік (з 2015 года)

Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “музейная справа і ахова помнікаў гісторыі і культуры” (1996), Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт па спецыяльнасці “культуралогія” (2005), магістратуру гэтага ўніверсітэта (2007). Працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь з 2009 года: малодшы навуковы супрацоўнік выставачнага аддзела (2009–2015).

Ажыццяўляе куратарства выстаў: “Паэтыка пейзажаў Сямёна Дамарада” (2018), “Графіка Германа Штрука” (2019), “Іаган Людвіг Блойлер (1792–1850). Падарожжа па Рэйне” (2019), “Радзімай зачараваны. Кастусь Качан. Жывапіс” (2020), “Мастакі Маладзечанскага края” (2020–2021), “Вялікія мары маленькіх людзей. Жывапіс Валянціна Губарава” (2021), “Мова рэчаў. Жывапіс Паўла Хадаровіча” (2021), “Памяць народа. Вялікая Айчынная вайна ў мастацтве” (2022; выстава экспанавалася таксама ў Мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”); “Уладзімір Савіч. Жывапіс. Да 70-годдзя з дня нараджэння” (2022); “Пачуццяў светлых прыгажосць. Да 75-годдзя Віктара Барабанцава” (2022).

Займаецца арганізацыяй аўтарскіх і куратарскіх экскурсій, творчых сустрэч у рамках выстаў.

Манцюкевіч Анатоль Мікалаевіч
Манцюкевіч Анатоль Мікалаевіч
мастак (з 2020 года)

Скончыў Народны ўніверсітэт агітацыйна-афарміцельскага мастацтва пры саюзе мастакоў БССР. Працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь з 2000 года: мастак І катэгорыі (2000–2003), мастак-афарміцель вышэйшай катэгорыі (2003–2008), вядучы мастак выставачнага аддзела (2008–2020).

Кірунак дзейнасці – мастацкае афармленне графічных твораў для выставачных праектаў і пастаяннай экспазіцыі музея. Ажыццяўляе своечасовае і якаснае выкананне мастацка-афарміцельскіх работ выставачнай прасторы (афармленне вітрын, стэндаў, уваходнай зоны выстаў, інфармацыйныя таблічкі, навукова-дапаможныя матэрыялы).

Тэхнічным абслугоўваннем выставачных праектаў (мантаж, дэмантаж, перанос і падрыхтоўка экспанатаў для транспарціроўкі, упакоўка/распакоўка экспанатаў) і абслугоўваннем спецыялізаваных акцый, прэзентацый і іншых мерапрыемстваў музея, якія звязаны з выставачнай дзейнасцю музея займаецца каманда высокакваліфікаваных спецыялістаў, якая ўключае В. У. Мішчанку, Д. Г. Місючэнку, А. В. Цыганчука, В. А. Умінскага, В. М. Захарава, Н. А. Варыводу.

частыя пытанні

Дзе я магу прыпаркаваць аўтамабіль?

Бліжэйшыя парковачныя месцы знаходзяцца ўздоўж вул. Карла Маркса (паркоўка платная)

Ці можна знаходзіцца ў музеі ў верхнім адзенні?

Правілы наведвання музея не прадугледжваюць наведванне экспазіцыі ў верхнім адзенні. Яго неабходна пакінуць у гардэробе.

З якімі рэчамі знаходзіцца ў музейных залах нельга?

Усе сумкі, заплечнікі і пакеты памерам больш за 30х40х20 см, а таксама, парасоны неабходна здаць у гардэроб ці пакінуць у камеры захоўвання. Бутэлькі з вадой праносіць на экспазіцыю нельга, піць ваду можна ў вестыбюлі ці музейным кафэ на першым паверсе.

Ці можна наведваць экспазіцыю музея з дзіцячай каляскай?

Так, мы рады наведвальнікам узроставай катэгорыі 0+. 

Ці ёсць зніжкі на набыццё ўваходнага білета для пенсіянераў?

Ільготы (зніжка 50% на ўваходныя білеты) для людзей пенсійнага ўзросту ў музеі прадугледжаны ў першы панядзелак кожнага месяца.

Якія ўмовы створаны для наведвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі?

Для бесперашкоднага вывучэння экспазіцыі на верхніх паверхах у музеі ёсць спецыяльны пад’ёмнік. Калі ён неабходны для Вашага візіту ў музей, калі ласка, патэлефануйце адміністратару экскурсійнага бюро: +375 17 397 01 63,  +375 25 667 78 19.

У экспазіцыі новага корпуса знаходзяцца спецыяльныя карціны і скульптуры для тактыльнага вывучэння, абсталяваныя гукавым запісам з падрабязным апісаннем твораў.

Ці існуе ў музеі дзень бясплатнага наведвання?

Першы панядзелак месяца – дзень ільготнага наведвання (зніжка 50% на ўваходныя білеты).

Ці ёсць у музеі аўдыягід?

Паслуга аўдыягіда аплачваецца пры наведванні ў сувенірным кіёску музея. Аўдыягіды па пастаяннай экспазіцыі музея даступныя на беларускай, рускай, англійскай і кітайскай мовах.

Як мне трапіць на экскурсію?

У экскурсійным бюро адбываецца запіс арганізаваных груп ад пяці чалавек і індывідуальных экскурсій (груп да пяці чалавек).

Запісвацца неабходна як мінімум за тыдзень да меркаванага візіту па  тэлефонах: +375 17 397 01 63,  +375 25 667 78 19

У рамках акцый і спецыяльных мерапрыемстваў музей нярэдка наладжвае зборныя экскурсіі па ўваходным білеце ў музей.

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень