Мэта праекта “Ажыўшыя карціны”:
Стварэнне планшэтнай экскурсіі па экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея на мове жэстаў з удзелам глухіх студэнтаў мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Апісанне праекта:
Гэты праект прадугледжвае свабоднае наведванне глухіх і людзей са слабым слыхам экспазіцый і выстаў музея з экскурсіяй на мове жэстаў, знятай на відэакамеру і размешчанай на планшэтах, якія выдаюцца па патрабаванні бясплатна. Экскурсію, напісаную музейнымі супрацоўнікамі, праводзяць людзі з парушэннем слыху на мове жэстаў, што значна палягчае разуменне матэрыялу. У далейшым мяркуецца размясціць экскурсію ў выглядзе відэафайлаў на сайце музея для дасягнення большага ахопу аўдыторыі. Пасля падпісання Дамовы аб супрацоўніцтве паміж Інстытутам інклюзіўнай адукацыі і Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь на вучэбна-вытворчых практыках студэнтаў-сурдаперакладчыкаў мяркуецца дадаваць па 15 твораў штогод.
Удзельнікі праекта
1. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь (Н. М. Усава, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея, Д. М. Казлоў, загадчык фоталабараторыі).
2. Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка, Інстытут інклюзіўнай адукацыі, кафедра сурдапедагогікі (дацэнт кафедры сурдапедагогікі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ І. К. Русаковіч і А. В. Кісялёва, выкладчыка-стажора кафедры сурдапедагогікі Інстытута інклюзіўны адукацыі БДПУ Д. А. Шпакава).
3. Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, факультэт жывапісу (студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў з парушэннем слыху).
4. Беларускае абласное таварыства глухіх (старшыня А. У. Лосік).
5. ГА “Цэнтр маладзёжных інавацый” (куратар Ю. М. Сафонава).
Мяркуемая аўдыторыя праекта:
Наведвальнікі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, глухія і са слабым слыхам, з рознымі парушэннямі слыху. Такіх людзей толькі ў Мінску зафіксавана 11 тысяч чалавек.
Тэрмін рэалізацыі праекта – 2019 год
Мэта праекта:
Стварэнне безбар’ернага асяроддзя. Праект дазволіць пашырыць доступ да інфармацыі аб творах сусветнага і айчыннага мастацтва для людзей з парушэннем слыху, забяспечыць спрыяльныя ўмовы для іх удзелу ў якасці раўнапраўных партнёраў у культурным і адукацыйным жыцці.
Чаканыя вынікі:
Праект дазволіць пашырыць доступ да інфармацыі аб творах беларускага і сусветнага мастацтва для людзей з парушэннем слыху, забяспечыць спрыяльныя ўмовы для іх удзелу ў якасці раўнапраўных партнёраў у культурным і адукацыйным жыцці грамадства. Музей абавязуецца прадастаўляць метадычную дапамогу, творы мастацтва і пляцоўку для здымкі відэасюжэтаў і правядзення рэальных і віртуальных выстаў твораў глухіх мастакоў на сайце музея.
Фінансаванне:
Бюджэтнае (закупка 4 планшэтаў, відэаздымка, мантаж). Валанцёрская дапамога (запіс экскурсіі, мантаж відэафайлаў; пашырэнне прасторы файлаў).
У рамках праекта “Ажыўшыя карціны”
былі запісаны наступныя відэаэкскурсіі
на мове жэстаў
Жывапіс
В. Волкаў "Мінск 3 ліпеня 1944 г." М. Данцыг "Мой горад старажытны, малады" М. Савіцкі "Партызанская Мадонна (Мінская)" Г. Скрыпнічэнка "Сёння свята" І. Айвазоўскі "Бура" В. Васняцоў "Тры царэўны падземнага царства" В. Пукіраў "Няроўны шлюб" А. Задорын "Падарожнік" Г. Сямірадскі "Давер Аляксандра Македонскага да лекара Піліпа" І. Шышкін "У запаведнай дубровай пушчы Пятра Вялікага"Скульптура
А. Обер "Баба Яга"