БЕЛАРУСКАЕ МАСТАЦТВА ПЕРШАЙ ПАЛОВЫ XX СТ. ВОПЫТ АРХІЎНЫХ ПОШУКАЎ

Гісторыя беларускага мастацтва ХХ ст., як і мастацкае жыццё ўвогуле, складаецца з трох асноўных кампанентаў: творы, асобы, падзеі. Тое, што застаецца да нашых дзён, вельмі падобна на разбітае люстэрка, якое навукоўцы збіраюць па крупіцах.

Вывучэнне і даследаванне дакументаў і матэрыялаў, што суправаджаюць некаторыя факты гісторыі, дае магчымасць уявіць мастацкія з’явы занава, убачыць нейкія дробязі сваімі вачыма і тым самым аднавіць карціну падзей.

Работа над навуковым каталогам беларускага жывапісу вялася даўно,  гэтай справай займалася шмат супрацоўнікаў, але шлях у кожнага даследчыка свой. Менавіта асобы і падзеі абумовілі “шлях” маіх пошукаў, дзе даследчым фронтам сталі біяграфіі мастакоў і звесткі аб партрэтаваных асобах.

Першае, з чаго ўсё пачалося – нявысветленыя звесткі аб партрэтананых. За гэты час (2002–2005 гг.) удалося ўдакладніць каля 40 асоб. Храналагічныя межы ахапілі ў асноўным першую палову ХХ ст. У мастацкіх творах гэтага часу – свае “героі”, якіх таксама неабходна было адшукаць: ваенныя, партызаны, рабочыя, калгаснікі, акцёры, кампазітары, музыканты, вучоныя, спартсмены і ўсе тыя, аб кім распавядае беларускі жывапіс. Для гэтага звестак з кніг і кансультацый было недастаткова, і, зразумела, пачаўся пошук архіўных матэрыялаў.

Першым архівам, у якім давялося працаваць, быў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ), дзе знаходзіліся біяграфічныя і творчыя матэрыялы і дакументы з асабістых фондаў мастакоў Беларусі (В. Волкава, І. Ахрэмчыка, М. Тарасікава, Я. Красоўскага і інш.).

Потым – шматлікія фонды Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (НА РБ): ад аддзела народнай асветы выканкома Заходняй Камуны 1918–1919 гг., Народнага Камісарыята Унутраных спраў БССР, Народнага Камісарыята асветы БССР (1919–1941), партызанскіх спраў ваенных часоў да фондаў Упраўлення па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў 1940-х гг. і Міністэрства культуры БССР 1950-х гг.

У архіве Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва (былога Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута) адначасова можна ўбачыць і вучнёўскую і выкладчыцкую справу аднаго і таго ж мастака, бо некаторыя з выхаванцаў прыходзілі выкладаць у інстытут.

У 2003–2004 гг. давялося пазнаёміцца са спецыфічным архівам Камітэта дзяржаўнай бяспекі. У 2005 – з багацейшым Расійскім дзяржаўным архівам літаратуры і мастацтва ў Маскве (РГАЛИ), дзе было знойдзена шмат беларускіх імён і матэрыялаў, якія мелі непасрэднае дачыненне да беларускай культуры.

Было прагледзена каля 500 спраў з розных архіваў, і хацелася б спыніцца на цікавейшых з іх.

Што датычыцца матэрыялаў па гісторыі беларускага мастацтва першай чвэрці ХХ ст. – іх вельмі мала, і таму любыя звесткі вызначальныя. Галоўнай крыніцай інфармацыі з’яўляюцца ўспаміны і аўтабіяграфіі мастакоў. Аўтабіяграфія мастака – цікавы літаратурны жанр, асабліва, калі вельмі падрабязна распавядаецца аб творчым шляху і жыцці. Ужо даўно я мару аб тым, каб была выдадзена кніга “Аўтабіяграфіі беларускіх мастакоў”. Калі чытаеш некаторыя з іх, як, напрыклад, аўтабіяграфіі Міхася Пятровіча Станюты1 (1881–1974), Гаўрыіла Сямёнавіча Віера2 (1890–1964), Міхася Мацвеевіча Філіповіча3 (1896–1947) і іншых, мінулае ажывае, напаўняецца дэталямі, вобразамі, сваёй непаўторнай атмасферай. Але ад некаторых фактаў мастацкага жыцця, акрамя ўспамінаў, на жаль, нічога не засталося (іканапісная майстэрня Курбатава, творчыя сустрэчы па аўторках ў Пальміры Мрачкоўскай у Мінску), а іншыя дасканала вывучаюцца і маюць шмат даследаванняў у сучаснасці (мастацкія выстаўкі 1910-х гг. і мастацкія школы Я.М. Кругера ў Мінску і Ю.М. Пэна ў Віцебску).

Цікавыя малюнкі і дакументы пачатку стагоддзя знаходзяцца ў асабістым фондзе Мікалая Георгіевіча Бонч-Асмалоўскага4 (1883–1968), які вучыўся ў Мінскім рэальным вучылішчы (1893–1901) і жыў у Мінску да 1915 г.

Мікалай Бонч-Асмалоўскі
Мікалай Бонч-Асмалоўскі

Дакументы па гісторыі мастацтва 1920-х гг. класіфікуюцца па некалькіх тэматычных напрамках. Першы – вучнёўскія справы мастакоў – дакладная крыніца біяграфічных звестак. Дзякуючы Маскоўскаму архіву (РДАЛіМ), дзе знаходзіцца шмат спраў і беларускіх мастакоў, што вучыліся ў Маскоўскіх мастацкіх навучальных установах, толькі ў 2005 г. нам стала вядома поўная дата нараджэння Міхася Філіповіча5 (27 мая 1896 г.), у якой царкве ён быў хрышчоны, якія адзнакі атрымліваў у рэальным вучылішчы, як выглядаў мастак (фотаздымак 1924 г.). Для даследчыка гэта сапраўднае “свята”, калі ўдаецца знайсці такія дакументы.

Другі – матэрыялы да выставак 1920-х гг. Падрабязныя даклады6 аб правядзенні Першай Усебеларускай мастацкай выстаўкі (1925) Язэпа Дылы і Міколы Шчакаціхіна ў Савет народных камісараў БССР і даклад7 1928 г. старшыні Усебеларускага аб’яднання мастакоў Аляксандра Грубэ аб Другой Усебеларускай мастацкай выстаўцы (1927). Дакладныя звесткі аб тым, як праходзілі выстаўкі, хто іх наведваў і колькі было экскурсій, чым былі не задаволены мастакі ў выніку гэтых выставак – яскравыя замалёўкі мастацкага працэсу ў 1920-я гг. на Беларусі, новых маштабных падзей у культуры.

Трэці – матэрыялы аб мастацкіх аб’яднаннях Беларусі тых часоў, якія, на жаль, захаваліся ўрыўкамі, не паслядоўна (калі б гэтыя арганізацыі не рэгістраваліся ў Камітэце ўнутраных спраў, то магчыма, захаваліся б толькі каталогі выставак і успаміны аб іх); унікальныя справы аб зацвярджэнні 24 лютага 1927 г. статута Усебеларускага аб’яднання мастакоў (УАМ)8 і 26 ліпеня 1928 г. дэкларацыі Беларускага мастацкага Таварыства з дэвізам “Прамень”9.

Кожная старонка справы НА РБ10 – старонка гісторыі. Тут сабраны разам і анкеты заснавальнікаў УАМа, і 10 заяў ад мастакоў у сябры УАМа, і пратакол пасяджэння праўлення УАМ ад 1 красавіка 1929 г. Вось змест гэтага пасяджэння: “Прысутнічалі: А. Грубэ, М. Станюта, А. Касталянскі, В. Кудрэвіч, Я. Кругер і М. Касьпяровіч (старшыня: А. Грубэ, сакратар: М. Станюта). Слухалі: Аб перадачы спраў УАМ Галоўмастацтву Беларусі, у звязку з уходам кіруючай групы ў Аб’яднаньне “Ромб” (Рэвалюцыйная арганізацыя мастакоў Беларусі). Пастанавілі: Згодна статуту УАМ, ліквідацыя памянога магчыма толькі Усебеларускім з’ездам мастакоў і знаходзячыся перад фактам адказу з боку застаўшыхся таварышаў Аб’яднаньня ад увахода ў сябры праўленьня, старое праўленьне парашыла самаліквідавацца – справы перадаць Галоўмастацтву і аб гэтым паведаміць усе філіі. Подпісы старшыні: А. Грубэ і сакратара: М. Станюты”11. Заслугоўвае увагі і аб’яднанае пасяджэнне УАМа і РАМБа ў сувязі з 60-годдзем Я.М. Кругера (1869–1940). Знойдзеная інфармацыя не заўсёды супадае з ужо вядомай і патрабуе дадатковых даследаванняў. Напрыклад, мастак А.М. Бразер у 1927 г. лічыцца заснавальнікам УАМа, а ў каталозе Трэцяй Усебеларускай мастацкай выстаўкі 1929 г. ён прадстаўлены як мастак, які не ўваходзіць у аб’яднанні. Супастаўленне архіўных матэрыялаў з іншымі крыніцамі (каталогамі, артыкуламі, біяграфіямі) дае магчымасць разгледзець адну і тую ж падзею з розных бакоў і знайсці “залатую” сярэдзіну.

Матэрыялы 1920-х і 1930-х гг. вельмі адрозніваюцца па свайму характару і зместу – зусім іншая мова, іншыя сістэмы і логіка апавядання. Неабходна яшчэ раз падкрэсліць, што асаблівасці часу адлюстроўваюцца ў любой рэчы, у любой з’яве, падзеі і нават у дакуменце.

Сярод спраў, якія даводзілася бачыць, цікавасць выклікалі  хадайніцтвы аб мастацкіх майстэрнях, аб адкрыцці студый, дакладныя запіскі аб ідэалагічнай перабудове мастацтва, абмеркаванні афармлення толькі пабудаванага Дома Урада ў Мінску, аб ліквідацыі РАМБа, аб арганізацыі Саюза савецкіх мастакоў. Дакументы гэтыя складаліся з мэтай прыцягнення ўвагі да мастацтва і яго праблем.

Новая “сацыялістычна-рэвалюцыйная” ідэалогія мастацва, метад сацыялістычнага рэалізму прапаноўваюць і новыя фармуліроўкі: “…аб фармалістычнай і жывапіснай культуры загніваючага захаду”, або “…Былі на выстаўцы і клясава варожыя выступленьні, ідэалізуючыя паньскае мінулае Беларусі” – гэта аб экслібрысах Мініна з дакладной запіскі 1933 г.12. За гэтымі словамі стаіць цэлае жыццё, бо як вядома, улады гэта “разглядалі” па-свойму – Яфім Сямёнавіч Мінін быў расстраляны ў 1937 г. як “вораг народа”.

Сведкі часу другой паловы 1930-х гг. – угалоўныя справы з архіва Камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ). Падзеі сталінскіх рэпрэсій 1930-х гг. дакрануліся і да мастацкага асяроддзя. Звяртаючыся ў архіў КДБ, мы спадзяваліся адтрымаць адказы на шмат пытанняў, але на самой справе  змаглі пазнаёміцца там толькі з ўгалоўнымі справамі рэабілітаваных.

У выніку з запрошаных мною 35 імён адказ быў адтрыманы толькі на 8, і то на некаторыя – толькі ўскосна. Матэрыялы гэтых спраў вельмі цяжка ўспрымаць, бо гэта – следчыя допыты, і мастацтвазнаўства там ніякага няма, але, безумоўна, такіх звесткак больш нідзе не знайсці.

Самая ранняя па храналогіі справа ў архіве КДБ – справа Беларускага дзяржаўнага выдавецтва 1936 г.13, у якой 8 супрацоўнікаў былі абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці (трацкізме), сярод якіх і Марк Саламонавіч Жытніцкі (1903–1993), чые творы знаходзяцца ў калекцыі беларускай графікі. Гэты мастак правёў каля дваццаці гадоў ў лагерах, быў двойчы абвінавачаны за адно і тое ж (першы раз у 1936, другі – у 1949), у гады Вялікай Айчыннай вайны ён страціў першую сям’ю (яго жонка загінула ў гета ў 1942 г., а дзіця ўдачарыла сям’я Петруся Глебкі). У 1956 г. Жытніцкі быў апраўданы за адсутнасць саставу злачынства, нейкі час працаваў у Мінску, а ў 1970-я гг. пакінуў Савецкі Саюз.

Марк Жытніцкі
Марк Жытніцкі

Беларускі графік і жывапісец 1920–1930-х гг. Генадзь Яўгенавіч Змудзінскі (1897–1938), які таксама працаваў у беларускіх часопісах і газетах тых гадоў, быў расстраляны за ўдзел у шпіёнскай арганізацыі як агент польскай разведкі. У 1957 г. па запыту жонкі мастака ў КДБ аб лёсе мужа было праведзена дадатковае расследаванне абставін угалоўнай справы 1938 г.14 і высветлена, што Змудзінскі быў расстраляны па лжываму даносу. Захаваліся два розныя дакументы, у якіх адны і тыя ж факты біяграфіі мастака трактуюцца з супрацьлеглага пункту гледжання. У біяграфіі 1931 г. Змудзінскі падрабязна распавядае аб сваёй рэвалюцыйна-бальшавісцкай падпольнай дзейнасці з 1914 г., а ў пратаколе допыту 1938 г. мастак “прызнае”, што на працягу некалькіх гадоў вёў актыўную контррэвалюцыйную шпіёнскую дзейнасць. Жыццёвы шлях Змудзінскага прайшоў праз крутыя павароты гісторыі – першая сусветная вайна, Кастрычніцкая рэвалюцыя, польская інтэрвенцыя, Рыжскі мір і палітычныя рэпрэсіі. Цяжка ўявіць сабе, праз якія выпрабаванні можа прайсці чалавек, кошт якіх – жыццё.

Угалоўная справа – заўсёды неверагоднае крушэнне лёсу чалавека. Генадзь Яўгенавіч Змудзінскі, Яфім Сямёнавіч Мінін, Раман Мацвеевіч Семашкевіч, браты Даркевічы – Пётр Яўгенавіч і Хрыстафор Яўгенавіч і іншыя мастакі, жыццё якіх было зломлена таталітарным часам, зараз увайшлі ў гісторыю беларускага мастацтва і занялі сваё асобнае месца.

Матэрыялы 1940-х гг. займаюць амаль палову знойдзеных дакументаў (каля 200). Гэта самы разнастайны перыяд па накірунках пошуку звестак сярод партызанскіх атрадаў і ў справах ваеннаслужачых (звесткі знаходзяцца ў НА РБ і архіве Падольска Маскоўскай вобл.).

Гэта і гістарычныя, і дзяржаўныя падзеі, што вельмі часта станавіліся тэмамі шматфігурных манументальных палоцен. Напрыклад, твор Івана Ахрэмчыка “Пасяджэнне ЦК КП(б)Б у Лёзна пасля трансляцыі па радыё выступлення І.В. Сталіна 3 ліпеня 1941 г.” (1943–1944) паказвае 18 асоб, умоўна сабраных аўтарам на карціне, дзе неабходна было суаднесці рэальныя падзеі з мастакоўскім рашэннем. У высвятленні персанажаў твора значную дапамогу аказалі супрацоўнікі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе захоўваецца аўтарскі паўтор 1949 г.

І. Ахрэмчык “Пасяджэнне ЦК КП(б)Б у Лёзна пасля трансляцыі па радыё выступлення І.В. Сталіна 3 ліпеня 1941 г.” (1943–1944)
І. Ахрэмчык “Пасяджэнне ЦК КП(б)Б у Лёзна пасля трансляцыі па радыё выступлення І.В. Сталіна 3 ліпеня 1941 г.” (1943–1944)

Матэрыялы аб дзейнасці мастакоў у гады Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі, у акупіраваным Мінску, знаходзяцца і ў архіве КДБ, і ў некаторых аўтабіяграфіях. У архіве КДБ ёсць угалоўныя справы на мастакоў, асуджаных за супрацоўніцтва з фашыстамі падчас акупацыі. Павел Макаравіч Гуткоўскі15 ў гэты час працаваў гравёрам у рэдакцыі нямецкіх газет, што друкаваліся ў Мінску. За гэта быў асуджаны на 10 гадоў. У 1956 г. справа была перагледжана і высветлілася, што прыгавор быў не правамерным, бо Гуткоўскі пайшоў на супрацоўніцтва з мэтай выратавання свайго сына Мікалая, арыштаванага за дапамогу яўрэям (займаўся падробкай пашпарта і дакументаў). Сын быў расстраляны ў 1942 г., але Гуткоўскі аб гэтым не ведаў і спадзяваўся неяк аблягчыць яго лёс. Справа Валерыя Васільевіча Алтуф’ева – вядомага мастака 1930-х гг. на Беларусі – і па сённяшні дзень закрыта для даследчыкаў, бо мастак не рэабілітаваны, але са справы Гуткоўскага вядома, што ён прымаў удзел у афармленні нямецкага парада ў Мінску ў 1944 г. за два месяцы да вызвалення Мінска.

У БДАМЛіМе і НА РБ знаходзяцца падрабязныя справаздачы аб дзейнасці мастакоў у эвакуацыі. Сярод гэтых матэрыялаў ёсць цікавы факт – менавіта Уладзімір Мікалаевіч Кудрэвіч падчас эвакуацыі быў арганізатарам Кемераўскага аддзялення Саюза савецкіх мастакоў СССР, а ў 1942–1944 гг. –яго старшынёй. Актыўная работа праводзілася беларускімі мастакамі ў Маскве, куды яны былі вызваны для работы ў Штаб партызанскага руху і адначасова прымалі ўдзел у арганізацыі мастацкіх выставак.

Захоўваюцца справы і матэрыялы пасяджэнняў Саюза савецкіх мастакоў БССР з 1944 г., калі была адноўлена дзейнасць Саюза на Беларусі16. Падобныя справы можна знайсці і ў НА РБ, у фондах Упраўлення па справах мастацтва17 і Упраўлення па справах архітэктуры18, дзе даецца падрабязная ацэнка мастацкім выстаўкам 1944–1947 гг. Дакументы першых пасляваенных часоў ўражваюць неверагоднай актыўнасцю мастацкага жыцця на Беларусі. На мастакоў і мастацтва, нягледзячы на тое, што ў 1945 г. у саставе Саюза мастакоў было каля 80 чалавек19, былі ўскладзены самыя сур’ёзныя спадзяванні наконт аднаўлення і прапаганды новага шчаслівага жыцця і дзяржаўнай ідэалогіі. Дагаворы на выкананне твораў у сувязі з правядзеннем мастацкіх, прамысловых, сельскагаспадарчых выставак, новая сістэма ўзаемадзення мастака і дзяржавы на шмат дзесяцігоддзяў вызначылі характар мастацкага жыцця краіны – “госзаказ”.

Цэнтралізацыя вялікай дзяржавы – Савецкага Саюза – аказвала ўплыў і на мастацтва. Менавіта Масква ўстанаўлівала і вызначала галоўныя мэты і задачы ва ўсіх сферах дзейнасці. Нават рэдакцыя часопіса “Искусство” высылала рэпрадукцыі твораў беларускіх мастакоў на зацвярджэнне ў ЦК Усесаюзнай Камуністычнай партыі20. Знаёмства з падобнымі афіцыйнымі матэрыяламі дапамагае адчуць зусім іншы свет, вельмі не падобны на сучасны. Безумоўна, неабходна памятаць, што і сучасныя афіцыйныя дакументы надта адрозніваюцца ад падзей, і, улічваючы гэтую папраўку, рэальна адчуваць дух эпохі 1940-х гг.

Гістарычна склалася так, што першая палова ХХ ст. завяршаецца, і новы этап не толькі ў гісторыі мастацтва, а і ў дзяржавы пачынаецца ў 1953 г. Канец “сталінскай” эпохі абумовіў фарміраванне “адлігі” – больш камфортных абставін для творчасці і развіцця. У гісторыі беларускага мастацтва гэта супадае з адкрыццём пры Тэатральным інстытуце мастацкага аддзялення сваёй прафесійнай школы. У дзяржаўнай структуры таксама адбываюцца змены: у 1953 г. было створана Міністэрства культуры БССР21. Вынікам мастацкай дзейнасці 1940–1950-х гг. была выстаўка выяўленчага мастацтва і народнай творчасці БССР у межах дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве ў 1955 г. З гэтага перыяду пачынаецца мясцовая канцэнтрацыя інфармацыі ўжо на Беларусі – рэгіянальна, што аблягчае архіўныя пошукі даследчыкам.

Інтарэсы даследаванняў мастацкай культуры першай паловы ХХ ст. кожны раз могуць змяняцца, але тыя факты, якія адбываліся ў мінулым, змяніць немагчыма; да іх можна зусім інакш адносіцца, інакш трактаваць, але закрэсліць нельга. Дзякуючы архіўным матэрыялам, інфармацыя захоўваецца для нашчадкаў і дае магчымасць нагадаць пра мінулыя часы.

 

1 БДАМЛіМ, ф. 82 (Саюза мастакоў БССР), воп. 2, спр. 97.

2 БДАМЛіМ, ф. 82, воп. 2, спр. 13.

3 БДАМЛіМ, ф. 82, воп. 1, спр. 1,  с. 65–66.

4 РГАЛИ, ф. 2685 – асабісты фонд Асмалоўскіх.

5 РГАЛИ, ф. 681 (ВХУТЕМАС/ВХУТЕИН), воп. 1, спр. 2625, усяго 19 старонак.

6 НА РБ, ф. 42 (Народны Камісарыят асветы БССР, 1919–1941), воп. 1, спр. 1700, с.16-17.

7 НА РБ, ф. 307 (Цэнтральнае праўленне прафсаюзаў работнікаў мастацтва БССР/Белрабис), воп. 1, спр. 118, с. 344-345.

8 НА РБ, ф. 34 (Нацыянальны Камітэт Унутраных Спраў БССР), воп. 1, спр. 722, усяго 9 старонак.

9 НА РБ, ф. 42, воп. 1, спр. 300, с. 28-43.

10 НА РБ, ф. 34, воп. 1, спр. 721, усяго 42 старонкі.

11 Там жа, с. 9.

12 НА РБ, ф. 307, воп. 1, спр. 228, с. 106-108.

13 Архіў КДБ, спр. 17387-с.

14 Архіў КДБ, спр. 11015-с.

15 Архіў КДБ, спр. 20898-с, том 1, 2.

16 БДАМЛіМ, ф. 82, воп. 1.

17 НА РБ ф. 799, воп. 1, усяго 480 спраў.

18 НА РБ ф. 903, воп. 1, усяго 500 спраў.

19 БДАМЛіМ, ф. 82, воп. 1, спр. 1.

20 РГАЛИ, ф. 2305, воп. 1, спр. 128, с. 18, 60.

21 НА РБ, фонд 974.

Архіпава В.А.

друкуецца па матэрыялах “Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”, выпуск 6, 2005. Мн., “Белпрынт”, 2007, стр.125-132

Пры выкарыстоўванні матэрыялаў спасылка на сайт і выданне АБАВЯЗКОВА

частыя пытанні

Дзе я магу прыпаркаваць аўтамабіль?

Бліжэйшыя парковачныя месцы знаходзяцца ўздоўж вул. Карла Маркса (паркоўка платная)

Ці можна знаходзіцца ў музеі ў верхнім адзенні?

Правілы наведвання музея не прадугледжваюць наведванне экспазіцыі ў верхнім адзенні. Яго неабходна пакінуць у гардэробе.

З якімі рэчамі знаходзіцца ў музейных залах нельга?

Усе сумкі, заплечнікі і пакеты памерам больш за 30х40х20 см, а таксама, парасоны неабходна здаць у гардэроб ці пакінуць у камеры захоўвання. Бутэлькі з вадой праносіць на экспазіцыю нельга, піць ваду можна ў вестыбюлі ці музейным кафэ на першым паверсе.

Ці можна наведваць экспазіцыю музея з дзіцячай каляскай?

Так, мы рады наведвальнікам узроставай катэгорыі 0+. 

Ці ёсць зніжкі на набыццё ўваходнага білета для пенсіянераў?

Ільготы (зніжка 50% на ўваходныя білеты) для людзей пенсійнага ўзросту ў музеі прадугледжаны ў першы панядзелак кожнага месяца.

Якія ўмовы створаны для наведвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі?

Для бесперашкоднага вывучэння экспазіцыі на верхніх паверхах у музеі ёсць спецыяльны пад’ёмнік. Калі ён неабходны для Вашага візіту ў музей, калі ласка, патэлефануйце адміністратару экскурсійнага бюро: +375 17 397 01 63,  +375 25 667 78 19.

У экспазіцыі новага корпуса знаходзяцца спецыяльныя карціны і скульптуры для тактыльнага вывучэння, абсталяваныя гукавым запісам з падрабязным апісаннем твораў.

Ці існуе ў музеі дзень бясплатнага наведвання?

Першы панядзелак месяца – дзень ільготнага наведвання (зніжка 50% на ўваходныя білеты).

Ці ёсць у музеі аўдыягід?

Паслуга аўдыягіда аплачваецца пры наведванні ў сувенірным кіёску музея. Аўдыягіды па пастаяннай экспазіцыі музея даступныя на беларускай, рускай, англійскай і кітайскай мовах.

Як мне трапіць на экскурсію?

У экскурсійным бюро адбываецца запіс арганізаваных груп ад пяці чалавек і індывідуальных экскурсій (груп да пяці чалавек).

Запісвацца неабходна як мінімум за тыдзень да меркаванага візіту па  тэлефонах: +375 17 397 01 63,  +375 25 667 78 19

У рамках акцый і спецыяльных мерапрыемстваў музей нярэдка наладжвае зборныя экскурсіі па ўваходным білеце ў музей.

  • Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • аўторак

    выходны дзень

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30

  • аўторак

    выходны дзень

  • Мінская вобласць, Мінскі раён, Астрашыцка-Гарадоцкі в/с, в. Аколіца
    вул. Іванаўская, 17Б

  • серада - нядзеля

    з 10:00 да 17:00

  • Каса

    з 10:00 да 16:30

  • панядзелак - аўторак

    выходныя дні