Аляксей Глебаў. Услаўляючы чалавека

Аляксей Глебаў. Услаўляючы чалавека

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Выставачны корпус

16 чэрвеня 2023 года а 16-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (выставачны корпус, вул. К. Маркса, 24) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “Аляксей Глебаў. Услаўляючы чалавека”

У 2023 годзе споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння народнага мастака БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР (пасмяротна), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, скульптара і педагога Аляксея Канстанцінавіча Глебава (11[24].03.1908, с. Звéравічы Краснінскага павета Смаленскай губерні – 02.10.1968, Мінск).

Аляксей Глебаў належыць да плеяды мастакоў, творчасць якіх пачалася падчас фарміравання і станаўлення беларускай скульптурнай школы. Жыццёвы і творчы шлях майстра з’яўляецца адной з найбольш яскравых і непрацяглых старонак у гісторыі беларускага мастацтва сярэдзіны XX стагоддзя.

Выдатная творчая індывідуальнасць Аляксея Глебава выявілася ў мастацтве і педагогіцы. Пасля сябе ён пакінуў бясцэнную творчую спадчыну, якая ўвайшла ў скарбніцу айчыннай культуры. Гэта і манументальная пластыка, і сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі, і камерныя станковыя творы, і цэлая плеяда скульптараў наступнага пакалення, узгадаваная майстрам у сценах Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), дзе ён выкладаў больш за 10 гадоў. Характэрнай рысай творчага почырку і асноўным інтанацыйным складальнікам твораў мастака як у манументальнай, так і ў станковай скульптуры з’яўляецца героіка-грамадзянская змястоўнасць і лірыка-паэтычная трактоўка вобразаў, якім уласцівы мяккія формы, вытанчаныя контуры, адухоўленасць і эмацыйнасць. Талент і майстэрства Аляксея Глебава рэалізаваліся ў творах, дзе спалучаліся класічныя каноны мастацтва з ідэаламі савецкага светапогляду. Ён набыў славу і афіцыйнае прызнанне і па праве лічыцца класікам савецкай скульптуры. У памяць аб выдатным скульптары і педагогу ў 1969 годзе Мінскаму мастацкаму вучылішчу як пераемніку Віцебскага мастацкага вучылішча, у якім будучы народны мастак БССР вучыўся ў 1926–1930 гадах, было прысвоена імя Аляксея Глебава (Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава).

Выстава Аляксея Глебава ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь ахопіць перыяды творчага жыцця майстра з 1940-х па 1960-я гады, з ваенных да апошніх гадоў жыцця. Усе работы звязаны з асноўнымі этапамі шляху скульптара ў мастацтве і раскрываюць галоўныя напрамкі яго мастацкіх пошукаў. На выставе будуць экспанавацца творы скульптуры са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і фондаў Беларускага саюза мастакоў, а таксама дакументы і фатаграфіі з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, з асабістага архіва скульптара Аляксандра Міхайлавіча Каструкова і архіва сям’і Аляксея Канстанцінавіча Глебава. Дапоўняць экспазіцыйную прастору жывапісны, скульптурны і графічныя партрэты Аляксея Глебава, створаныя яго калегамі па творчым цэху, са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, а таксама відэафільм і радыёперадача аб скульптары з унікальнымі запісамі яго голасу з фондаў Белтэлерадыёкампаніі.

 

Куратар выставы – Анастасія Карнейка, старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XX–XXI стст., захавальнік калекцыі “Беларуская скульптура”

Работа выставы працягнецца 
да 21 жніўня 2023 года

  • 220030, Мінск
    вул. Леніна, 20

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 19:00

  • чацвер

    з 13:00 да 21:00

  • Каса і Музейная крама

  • панядзелак, аўторак, серада, пятніца - нядзеля

    з 11:00 да 18:30

  • чацвер

    з 13:00 да 20:30