У 2024 годзе спаўняецца 170 гадоў з дня нараджэння мастака Ю.М. Пэна і 155 гадоў з дня нараджэння Я.М. Кругера, мастакоў-педагогаў, заснавальнікаў прафесійнай мастацкай адукацыі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, заснавальнікаў прыватных школ малюнка і жывапісу ў Віцебску і Мінску. Для многіх сваіх вучняў яны сталі першымі і найважнейшымі педагогамі ў іх жыцці.
Выстава “Ю. Пэн, Я. Кругер. Мастацкія школы Беларусі” створана на аснове жывапісных, графічных, скульптурных твораў са збораў установы “Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь” і ўстановы культуры “Віцебскі абласны краязнаўчы музей”.
Экспазіцыя ўяўляе сабой рэпрэзентацыю, у першай яе частцы, творчай спадчыны двух яркіх беларускіх жывапісцаў Юдэля Пэна і Якава Кругера, а ў другой частцы – творы цэлай плеяды іх вучняў: Марка Шагала, Восіпа Цадкіна, Давіда Якерсона, Алены Кабішчэр-Якерсон, Саламона Гершова, Яфіма Раяка, Льва Зевіна, Заіра Азгура, Саламона Юдовіна, Льва Лейтмана, Лазара Рана, Ісака Бароўскага, Пятра Явіча, Мішэля Кікоіна, Міхася Станюты, Ісака Мільчына і іншых – прадстаўнікоў самых розных мастацкіх плыняў і напрамкаў, якія стварылі “партрэт” нацыянальнай мастацкай школы Беларусі.
Выстава “Ю. Пэн, Я. Кругер. Мастацкія школы Беларусі” будзе экспанавацца з 5 чэрвеня па 18 жніўня 2024 г. у выставачным корпусе музея (вул. К. Маркса, 24, 3 паверх, залы 1 і 2).
Куратары выставы – Святлана Кот, загадчык аддзела беларускага мастацтва XX – пачатку XXI стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Кацярына Калянкевіч, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XX – пачатку XXI стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.