У цішыні перад світаннем

У цішыні перад світаннем

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Выставачны корпус

З 21 чэрвеня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пачне працу выстава беларускага жывапісу, графікі і скульптуры “У цішыні перад світаннем” з фондаў музея, прымеркаваная да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

На выставе будуць прадстаўлены творы 1940 – пачатку 1950-х беларускіх мастакоў Л. Зевіна, В. Цвіркі, І. Ахрэмчыка, М. Дучыца, М. Данцыга, В. Волкава і іншых.

Творы беларускага мастацтва 1940-х гадоў спалучылі ў сабе дакументальнасць і дакладнасць з вобласцю асабістых перажыванняў, адчуванняў і ўспамінаў, пачуццяў і эмоцый. Партрэты артыстаў, якія прымалі ўдзел у франтавых канцэртах, эцюды, ваенныя замалёўкі, малюнак з натуры – гэтыя дакументы эпохі ўяўляюць асаблівую мастацкую каштоўнасць, паказваюць эвалюцыю творчасці многіх беларускіх мастакоў, якія з першых дзён вайны пайшлі на фронт і ў партызанскія атрады.

Звязаныя з вайной змены ўмоў жыцця адбіліся і на самім характары выяўленчага мастацтва. У прыярытэце апынуліся аператыўныя віды мастацтва, перш за ўсё, графіка малых форм – гэткага выяўленчага рэпартажу з месца ваенных падзей. Адмысловую ролю набывае “партрэтная франтавая замалёўка”, калі выявы вайскоўцаў ствараліся не пасля бітваў, а непасрэдна на перадавой паміж баямі: у партызанскіх пунктах, медсанбатах і т.д.

Адной з цэнтральных тэм у мастацтве ваенных гадоў з'яўляецца тэма горада. Тыя нямногія, якія дайшлі да нас, працы, што перадаюць атмасферу Мінска ваеннага часу – мастацкія дакументы вялізнай сілы. Ключавое значэнне для гісторыі гарадскога пейзажу гэтага перыяду маюць работы Мікалая Дучыца. Мастак адным з першых бярэцца за аловак і адлюстроўвае акупаваны і пасляваенны горад з яго пустэльнымі вуліцамі і нейкім неўласцівым здранцвеннем.

Акрамя твораў 1940-х гадоў асобную частку экспазіцыі складуць творы ранняга пасляваеннага перыяду, якія расказваюць пра дні вызвалення г. Мінска і адраджэнне краіны пасля Вялікай Айчыннай вайны. 

 

Куратары выставы – Калянкевіч Кацярына, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XX – пачатку XXI стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь; Кот Святлана, загадчык аддзела беларускага мастацтва XX – пачатку XXI стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Выстава будзе працаваць
 да 23 ліпеня 2023 года

іншыя выставы
СЯМЁН ГЕРУС. ДА 100-ГОДДЗЯ МАСТАКА
СЯМЁН ГЕРУС. ДА 100-ГОДДЗЯ МАСТАКА

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Шчасцю – быць!
Шчасцю – быць!

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Перад красой тваёй маўчаць
Перад красой тваёй маўчаць

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Богаяўленне (Хрышчэнне)
Богаяўленне (Хрышчэнне)

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь